• Часопісы
  • Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

    Кароткая граматыка беларускай мовы

    Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 240с.
    Мінск 2009
    77.91 МБ
    Пабочныя сказы вызначаюцца адноснай сэнсавай закончанасцю і больш канкрэтным зместам, чым пабочныя словы і словазлучэнні. Яны нагадваюць часткі складанага сказа, аднак не звязваюцца з асноўнай часткай граматычна і не развіваюць, не пашыраюць паведамлення, змешчанага ў сказе, а суправаджаюць яго суб’ектыўна-ацэначнай інфармацыяй, а значыць, толькі ўскладняюць просты сказ: Лес цягнуўся вузкай паласою, ці, як тут гавораць мясцовыя людзі, «востравам» сярод багністага балота (П. Пестрак).
    Устаўныя канструкцыі — словы, словазлучэнні і сказы, якія ўносяць у выказванне дадатковую інфармацыю, тлумачэнне ці ўдакладненне. Яны прызначаны для павелічэння змястоўна-інфармацыйнага сэнсу сказа, што і адрознівае іх ад пабочных канструкцый, якія даюць толькі суб’ектыўную ацэнку выказанага ў сказе паведамлення і складаюць адносна абмежаваную колькасць сінтаксічных адзінак: Вядомы беларускі педагог і мовазнаўца Мікалай Іванавіч Гурскі нарадзіўся 4 чэрвеня 1905 г. у вёсцы Свінкі былога Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Капыльскі раён) у сялянскай сям’і (Роднае слова).
    Устаўныя канструкцыі граматычна не звязаны са сказам, а ўключаюцца ў яго па сэнсу і па асацыяцыі, што рэалізуецца праз інтанацыю, парадак слоў і фармальную суадноснасць адпаведных кампанентаў сказа. Яны афармляюцца паскораным тэмпам, нізкім тонам і працяглымі паўзамі на стыку з астатняй часткай сказа (гэтым паўзам на пісьме адпавядае пастаноўка дужак, радзей — працяжніка). Большасць устаўных канструкцый уключаецца ў сказ без злучнікаў, іншы раз выкарыстоўваюцца злучальныя (о, і, ці) і падпарадкавальныя (калі, хоць, як і інш.) злучнікі, што з’яўляюцца не граматычнымі сродкамі сувязі, а змястоўна-асацыятыўнымі: Маўчанне (а абодва змоўклі, сцішыліся) не зблізіла іх (Т. Бондар). Далібор нібы падслухаў думкі Сіверта ці (быццам мелася акенца ў чалавечую душу) падгледзеў іх (Л. Дайнека).
    Месца ўстаўной канструкцыі абумоўлена яе сэнсавай функцыяй: яна заўсёды размяшчаецца пасля таго кампанента, змест якога патрабуе ўдакладнення ці тлумачэння; калі ж яна суадносіцца з усім асноўным выказваннем, то размяшчаецца ў сярэдзіне ці ў канцы. Пачынаць сказ такія канструкцыі не могуць.
    Функцыю ўстаўной канструкцыі могуць выконваць разнастайныя паводле граматычнай аформленасці адзінкі: слова: На Беларусі ў свірнах (клецях) гаспадары захоўвалі збожжа, прадукты, адзенне і іншыя рэчы (Роднае слова); словазлучэнне: Паміж пачаткам / завяршэннем трылогіі Івана Сяркова — вялікі прамежак часу (больш за дваццаць гадоў) (Роднае слова); сказ: Невядома, хто ствараў да ягоных [скарынаўскіх] кніг гравюры. Некаторыя скарыназнаўцы лічаць, што першадрукар быў і выдатным мастаком (У. Арлоў).
    Рэалізуючы агульную аб’ектыўна-тлумачальную функцыю, устаўныя канструкцыі маюць рознае значэнне. Яны тлумачаць або раскрываюць асноўнае паведамленне: На змену готыцы прыйшоў рэнесанс (ад фр. renaissance — адраджэнне) (Роднае слова); удакладняюць яго: Другая палова Калядаў (з 1 па 6 студзеня) называлася «Вялесавымі днямі» (У. Арлоў). Менавіта гэтыя функцыі ўстаўных канструкцый шырока выкарыстоўваюцца ў афіцыйных паперах і навуковых працах, дзе даюць магчымасць дасягнуць выключнай дакладнасці выказвання: Левая валентнасць (суб’ект) — гэта чалавек (Веснік БДУ). Акрамя гэтага, устаўныя канструкцыі могуць дапаўняць або пашыраць змест паведамлення, мець даведачна-адсылачны характар, значэнне мімаходнай заўвагі ці эмацыянальна-ацэначнай характарыстыкі, паказваць на абставіны, што абумоўліваюць або суправаджаюць асноўнае паведамленне.
    Аднасастаўныя сказы
    Агульная характарыстыка
    Аднасастаўныя сказы — гэта асобы структурнасемантычны тып простага сказа з адным граматычным саставам дзейніка або выказніка. Па сваёй структурнай арганізацыі і інфармацыйным змесце аднасастаўныя сказы з’яўляюцца завершанымі сінтаксічнымі адзінкамі, аб чым сведчыць іх аўтаномнае ўжыванне па-за кантэкстам і сітуацыяй: Кастрычнік. Пагодлівая раніца. Пахне марозікам (Я. Брыль). У буднія дні ўставалі рана (Я. Колас). Паўліку сё'ння не да лыжаў і не да лясных гісторый (У. Краўчанка). Спецыфіка аднасастаўных сказаў абумоўлена іх лаканічнасцю, здольнасцю актуалізаваць што-небудзь адно, найболыл важнае для паведамлення (дзеянне, стан, прымету, прадмет ці з’яву). Прэдыкатыўнасць у аднасастаўных сказах выражаецца адным галоўным членам, які не толькі называе дзеянне, стан, прадмет, з’яву, але і выражае адносіны выказвання да рэчаіснасці: Табе складаю шчыры свой санет, прапрадзедаў маіх жывая мова... (Е. Лось). Адсутнасць другога галоўнага члена — не паказчык непаўнаты аднасастаўнага сказа, а яго характэрная структурная асаблівасць. У аднасастаўных сказах другога галоўнага члена няма і ён не падразумяваецца: Так бы сядзець, маўчаць і глядзець на зачараваны азёрны npacmop (С. Грахоўскі); у іншых — ён фармальна мог бы быць, але адпаведна спецыфіцы структуры сказа не патрэбны: Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай (Н. Гілевіч).
    Граматычная аснова, на базе якой фарміруецца сказ, не з’яўляецца ні дзейнікам, ні выказнікам, а галоўным членам аднасастаўнага сказа. Для такой кваліфікацыі ёсць пэўнае тлумачэнне:
    галоўны член арганізуе сказ і знаходзіцца ў незалежным сінтаксічным становішчы, хаця па граматычнай форме супадае з дзейнікам ці выказнікам двухсастаўнага сказа. Граматычнае значэнне галоўнага члена не дапускае граматычнага дзейніка: Зіма. Светлая ноч. Ускраіна лесу. (К. Крапіва). Эй, выйдзі ў поле, брат да свету: не будзеш каяцца ніколі (Я. Колас). Паміраць збірайся, а жыта сей (Прыказка).
    У залежнасці ад формы выражэння галоўнага члена аднасастаўныя сказы дзеляцца на два асноўныя тыпы: дзеяслоўныя і субстантыўныя. Кожны з тыпаў аднасастаўных сказаў мае свае структурныя і сэнсавыя асаблівасці, разнавіднасці, сваю сферу стылістычнага выкарыстання.
    Агульная ўласцівасць усіх дзеяслоўных аднасастаўных сказаў — бессуб’ектнасць. Суадноснасць суб’екта і дзеяння не выражана; дзеянне ўспрымаецца як незалежнае, самастойнае.
    Паводле адносін дзеяння да яго вытворцы дзеяслоўныя аднасастаўныя сказы дзеляцца на чатыры тыпы: пэўнаасабовыя, няпэўна-асабовыя, абагульнена-асабовыя, безасабовыя. Асобую разнавіднасць дзеяслоўных аднасастаўных сказаў складаюць інфінітыўныя сказы. У аснове выдзялення пэўна-асабовых, няпэўна-асабовых, абагульнена-асабовых, безасабовых сказаў ляжыць структурна-семантычны прынцып. Сутнасць яго ў тым, што пры вызначэнні тыпу аднасастаўных дзеяслоўных сказаў неабходна ўлічваць семантыку сказа па ступені пэўнасці дзеяння і суадносін гэтай семантыкі з формай выражэння галоўнага члена сказа.
    Галоўны член дзеяслоўных аднасастаўных сказаў паводле свайго сінтаксічнага значэння адрозніваецца ад залежнага галоўнага члена (выказніка) двухсастаўных сказаў. Асноўная рыса выказніка — суадноснасць з дзейнікам: граматычнае падпарадкаванне дзейніку, выражэнне прыметы, аднясенне да пэўнага суб’екта: Сонца ціха скацілася з горкі, месяц белы заплаканы свеціць, аглядае бухматыя зоркі, цягне з возера срэбныя сеці (М. Багдановіч). Галоўны член дзеяслоўнага аднасастаўнага сказа з’яўляецца незалежным, выражаная ў ім прымета не аднесена да суб’екта.
    Агульнае граматычнае значэнне субстантыўных а д н a састаўных сказаў — выражэнне быційнасці і прэдыкатыўнасці (мадальныя і часавыя значэнні). Быційнасць — спецыфічная рыса іменных аднасастаўных сказаў. Быційнасць, выражаная ў сказе, напр.: Цішыня, цяплынь, спакой (I. Мележ), з’яўляецца сінтаксічным, граматычным значэннем, звязаным з лексічным значэннем назоўнікаў. Значэнне быційнасці ўзнікае ў выніку ўжывання назоўнікаў у назоўным або родным склоне ў незалежнай пазіцыі. Выражэнне быційнасці — умова ператварэння слова ў сказ. Неабходным сродкам такога ператварэння з’яўляецца прэ-
    дыкатыўная інтанацыя, якая тым самым удзельнічае ў выражэнні быційнасці.
    У залежнасці ад формы выражэння галоўнага члена сярод субстантыўных аднасастаўных сказаў адрозніваюць два структурныя тыпы — намінатыўныя (галоўны член якіх выражаны назоўнікам у назоўным склоне) і генітыўныя (галоўны член выражаны назоўнікам у родным склоне).
    Аднасастаўныя сказы могуць быць развітымі і неразвітымі ў залежнасці ад таго, паясняецца галоўны член дадатковымі словамі ці не: Ціхі след. Зорны шлях. 1 ваколіца. Had рачулкай вярбіна мая ледзь трымціць, свавольніца (К. Кірэенка). У лесе і ў палях пачынала цямнець (Я. Колас). Люблю цябе, мая краіна! (Я. Колас).
    Найбольш ясна ўсе тыпы аднасастаўных сказаў выяўляюцца тады, калі яны выступаюць самастойна, а не ў складзе складанага сказа. Хаця аднасастаўныя сказы, за выключэннем слоў-сказаў, могуць, не змяняючы сваёй граматычнай структуры, уваходзіць і ў склад складаных сказаў: Добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш! (Я. Колас). Зіма. Снягі. Мароз. Завеі. Дарога звонкая, як сталь (П. Глебка). Дырэктар слухаў з захапленнем, дзівіўся розным тут здарэнням: як барсука ў Парэччы білі, як тут куніц, тхароў лавілі... (Я. Колас).
    Пэўна-асабовыя сказы
    Пэўна-асабовымі з’яўляюцца аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх абазначае дзеянне пэўнай асобы і выражаецца дзеясловам у асабовай форме, што ўказвае на пэўную дзеючую асобу: Казкай цудоўнаю, песняй вясновай вечна жыві, мая родная мова! (С. Дзядушка). Пайшлі, дзеці, дадому (А. Васілевіч). Эй, ідзіце сюды'(Я. Колас).
    Галоўны член пэўна-асабовых сказаў можа быць выражаны:
    1)	дзеясловамі 1-й і 2-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга і будучага часу абвеснага ладу, мае значэнне канкрэтнай асобы: Люблю цябе, мой Нёман родны, мая любімая рака (А. Русак). Даеш заданне дзецям, правярай яго (Я. Скрыган). Несправядлівасці ніводнай не пацерпім! (У Караткевіч). Марына паціснула плячыма, як бы сказаўшы: «А мне шпю да таго? Як хочаце, так і рабіце» (Я. Скрыган). Аснежаная Літва, як сум па табе, павязу часцінку твайго хараства — тваю сняжынку-слязу (А. Лойка).
    2)	дзеясловамі 2-й асобы адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу: Углядайся, мой сыне, пільней углядайся ў светлыя абрысы бацькоўскай зямлі (Н. Гілевіч). Куды ні зірні — усюды лес ды лес, — таемны, магутны, прыгожы (Р. Мурашка). — Што ж ты плачаш, ідзі ў хату... He плач, супакойся (Я. Колас). Давай з табою з узбярэжжа па зорнай сцежцы пабяжым! (С. Грахоўскі).