Кароткая граматыка беларускай мовы
Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
Істотнай структурнай прыметай безасабовых сказаў з’яўляецца наяўнасць аднаго асноўнага прэдыкатыўнага кампанента, які падпарадкоўвае сабе астатнія кампаненты (калі яны ёсць у сказе). Структурна-граматычны цэнтр безасабовых сказаў не дапускае ўвядзення ў структурную схему другога палярнага кампанента, параўн.: Марозіць — Мароз марозіць. Спроба ператварыць безасабовыя сказы ў асабовыя шляхам увядзення дзейніка прыводзіць да стылістычнай таўталогіі або да бессэнсоўнасці. Значэнне безасабовых сказаў абумоўлівае адсутнасць або наяўнасць кампанентаў, што развіваюць і пашыраюць яго граматычную аснову. Так, сказы са значэннем з’яў прыроды могуць быць неразвітымі: Пагодзіцца (Р. Барадулін). Задажджыла (Т. Бондар). Пачынае шарэць (I. Пташнікаў). Бралася на дзень (М. Гіль). Пачынала брацца на адлігу (М. Лынькоў). Стала халаднавата (М. Лынькоў); развітымі: За ноч падкінула сняжку (Я. Колас). Ранак завалакло туманам (А. Звонак). Ад ракі павеяла халадком (1. Шамякін). Усе лужыны ўночы зацягнула шклістым лёдам (М. Машара). Як правіла, развітымі ўжываюцца сказы са значэннем стану ці працэсаў, бо даданыя члены або дэтэрмінанты канкрэтызуюць ці звужаюць іх змест. Такім сказам уласцівы дэтэрмінуючыя дапаўненні: Лабановічу не спалася (Я. Колас). Яўмену сціснула сэрца (М. Зарэцкі). У яго перахапіла дыханне (У. Караткевіч) і сітуанты са значэннем месца ці часу: У лесе пахла прэлым лісцем, грыбніцай (М. Гамолка). Уначы мяне ліхаманіла (1. Шамякін). Прыемна было адчуваць пяшчоту вясенняга сонца (Я. Колас). Хочацца Алесю выйсці на двор з хаты (Я. Колас).
Папаўненне і пашырэнне безасабовых сказаў у беларускай мове адбываецца за кошт метафарычнага ўжывання лексем: Зноў паказвала на пагоду (I. Пташнікаў). Бралася на трэцюю гадзіну дня (У. Ягоўдзік); за кошт аўтарскіх аказіяналізмаў: Адвечарэла. Ціша — быццам шкло (Г. Бураўкін). Лілі дажджы. Заасяніла, як перад самым снегам (А. Жук). Вечарам, на заходзе сонца, яму стала горай (I. Пташнікаў). Пачатак мая. Затравела (Л. Галубовіч).
Семантыка безасабовых сказаў вельмі разнастайная. Яна абумоўлівае суіснаванне структурна-семантычных разнавіднасцей безасабовых сказаў, сярод якіх выдзяляюцца: безасабовыя сказы дзеяслоўнага тыпу: Надзьмула гурбы снегу, безасабовыя сказы прыслоў-
нага тыпу: На душы неспакойна. У пакоі душна; безасабовыя сказы іменнага тыпу: Мне не да іх. Яму не да свята.
У залежнасці ад марфалагічнай прыроды галоўнага члена вылучаюцца наступныя семантыка-граматычныя разнавіднасці дзеяслоўных безасабовых сказаў.
1. Безасабовыя сказы з галоўным членам, выражаным безасабовым дзеясловам. Галоўны член такіх сказаў можа быць выражаны як зваротнымі, так і незваротнымі дзеясловамі, якія абазначаюць з’явы прыроды, стан навакольнага асяроддзя, псіхічны і фізічны стан жывых арганізмаў, магчымаснь, неабходнасць: Марозіць, а сняжку няма (I. Шамякін). Зусім ужо развіднела (В. Быкаў). Зосі не маўчалася (Ц. Гартны). Яму шанцавала: кулі міналі яго, за ўсю вайну толькі аднойчы яго злёгку кантузіла (I. Шамякін). Зосі стала крыўдна (К. Чорны). Пара не толькі зразумець, але і выправіць свае памылкі (Б. Мікуліч). Красавіцкім ранкам можна пачуць у пушчы глушца (В. Вольскі). Лёгка лічыць сябе храбрым (К. Кірэенка). Дзеяслоўныя безасабовыя сказы перадаюць дынамічны стан: Яму пашчаслівілася наспіраляць іх [качак] штук пяць (Я. Колас). Шыковічу расхацелася расказаць пра Савіча і Зосю (I. Шамякін).
Некаторыя з безасабовых дзеясловаў на-ся (-цца) абавязкова патрабуюць якаснай характарыстыкі стану з дапамогай акалічнасцей спосабу дзеяння тыпу добра, дрэнна, лёгка, цяжка і пад.: У той вечар мне захацелася быць такім харошым, праўдзівым, шчырым (А. Асіпенка). I хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося, добра працавалася / слаўна дыхалася цудоўным скіп’ёўскім паветрам (К. Чорны). Ціха зрабілася ў наваколлі (Р. Барадулін). Лёгка ўстаецца, спорна працуецца (М. Лужанін).
Сказы з галоўным членам, які ўтвораны на аснове ўстойлівых спалучэнняў дзеясловаў тыпу брацца, збірацца, хіліць, ісці, ужываюцца з прыназоўнікава-склонавымі формамі назоўнікаў: Ішло на восень (В. Іпатава). Бралася пад поўню... (1. Пташнікаў).
2. Безасабовыя сказы з галоўным членам, выражаным асабовым дзеясловам у безасабовым значэнні. Асабовыя дзеясловы ў безасабовым ужыванні страчваюць формы змянення і застываюць у форме 3-й асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу ці ў форме ніякага роду прошлага часу: 3 неба ліло лета і восень (В. Карамазаў). Пад вечар трохі падмарозіла. Згрудзіла стыласцю раллю (Л. Галубовіч). Пякло нясцерпна. Млела ўсё навокал. Нібы зямлю хпю варам абварыў (Н. Гілевіч). Ад напружання вочы завалакло (I. Мележ).
Асабовых дзеясловаў, якія могуць ужывацца ў безасабовым значэнні, значна больш, чым дзеясловаў уласна безасабовых, таму вельмі разнастайныя і багатыя па значэнні сказы з такімі дзеясловамі ў якасці галоўнага члена. Яны могуць выражаць стан прыроды, на-
вакольнага асяроддзя, жывой істоты, з’явы, дзеянні, што прыпісваюцца міфічным сілам: Вецер, аднак, аж шалеў ад лютасці, навокал, бы ў нябачнай гіганцкай трубе, гуло, стагнала, звінела, магчыма, у вушах (В. Быкаў). Па разбітай дарозе машыну кідала з аднае ямы ў другую (М. Лобан). Ноччу, недзе ўжо, мусіць, пад раніцу, яго адпусціла (I. Пташнікаў). Міцечку гадок быў. Кінула яго ў жар звечара. Мігам сыночак мой звяў (В. Карамазаў).
Сказы, якія выражаюць уздзеянне стыхійных сіл на які-небудзь аб’ект, маюць у сваім саставе прамое дапаўненне. Часта выкарыстоўваецца творны склон ускоснага дапаўнення з агульным значэннем сродку дзеяння: Неба заслала хмарамі (1. Шамякін). Усе лужыны ўночы зацягнула шклістым лёдам (М. Машара). Ранак завалакло туманам (А. Звонак).
Дзеясловы са значэннем распаўсюджвання нейкай з’явы і ўспрымання яе адначасова органамі пачуцця, што выкарыстоўваюцца ў якасці семантычнага прэдыката безасабовых сказаў, аб’ядноўваюцца ў дзве лексіка-семантычныя групы. 3 дапамогай дзеясловаў тут абазначаецца працэс стыхійнага распаўсюджання ў паветраным асяроддзі пахаў, цяпла, холаду і — адначасова — працэс успрыняцця іх органамі пачуццяў. Абавязковым для такіх канструкцый з’яўляецца творны склон дапаўнення.
1) Дзеясловы паху з базавым значэннем пахнуць: пахла, запахла, смярдзела, несла, аддавала, патыхала: Пахне яблыкамі пад восень (Р. Барадулін). Пахне маладой травіцай (I. Мележ). Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём (I. Шамякін). Вясною тут прытарна пахла чаромхавым цветам (А. Кудравец). Пахне скошанай травой і сухім, пажоўклым лісцем (В. Вольскі).
2) Дзеясловы веяння з базавым значэннем веяць: веяла, павеяла, пацягнула, дыхнула: Павеяла ранішнім халадком (Я. Колас). Знадворку цягнула свежым, лёгкім і апойным паветрам (Ц. Гартны). Мятаю цягне з нізін {X. Жаўрук). Моцна, духавіта пацягнула спелым жытам і адразу ж — мятай (В. Іпатава). Знізу, ад балота, цягне вільгаццю (В. Вольскі).
3. Безасабовыя сказы з галоўным члена.м, выражаным дзеепрыметнікам залежнага стану прошлага часу, якія не толькі абазначаюць дзеянне, але і паказваюць на яго вынік. Часцей за ўсё яны бываюць развітымі: у іх састаў, як правіла, уваходзяць дапаўненні і акалічнасці. Пераважае ў іх вінавальны ці давальны склон дапаўнення, якое ўказвае на прадмет ці асобу, на якія накіравана дзеянне. Да дзеепрыметніка можа адносіцца інфінітыў, які канкрэтызуе дзеянне: У невялікім дворыку каля хаты было чыста вымецена і пасыпана жоўтым нясочкам (Б. Мікуліч). У валасы наўтыкана розных кветак (К. Чорны). Шмат страчана, разгублена сяброў (Я. Колас). Умаленькім пакойчыку было моцна накурана (Л. Арабей). Было загада-
на правесці ў санчасць для праверкі аднаго старшага сяржанта — ён быў паранены ў плячо (А. Кулакоўскі).
У безасабовым сказе дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ўтвараюнца, як правіла, ад дзеясловаў са значэннем волевыяўлення (вырашана, даручана, прыказана і пад.).
4. Безасабовыя сказы з безасабова-прэдыкатыўнымі словамі ў ролі галоўнага члена. Значэнне такіх слоў — ацэнка стану чалавека, асяроддзя, дзеяння (у інфінітыве), цэлай думкі (у даданай частцы). Безасабова-прэдыкатыўныя словы ў спалучэнні з інфінітывам могуць выражаць розныя мадальныя значэнні, у прыватнасці магчымасць, немагчымасць ці неабходнасць ажыццяўлення дзеяння: Добра ў лузе ў час палудны! (Я. Колас). Шкада мне дзён загубленых маіх (М. Багдановіч). Калі не падвядзе лепш з надвор'ем, дык можна спадзявацца на добры ўраджаа (Т. Хадкевіч). Сумна без смеху дзяцей (А. Пысін). За шумам нічога нельга было разабраць (I. Гурскі). Ганне ніяк не ўдавалася пабачыцца з Васілём (I. Мележ).
У сказах. якія выражаюць фізічны ці псіхічны стан асобы, безасабова-прэдыкатыўныя словы, як правіла, спалучаюцца з давальным склонам: Апейку было лёгка, радасна (I. Мележ). Шкада мне зялёнай нівы, што шуміць у полі (Я. Колас). Самотна аднаму ў хаце вечарам (I. Пташнікаў). Лукашу прыемна было ступаць на прабіты дажджамі пясок (П. Кавалёў). Паводле семантыкі падобныя аднасастаўныя сказы заўсёды абазначаюць душэўны стан якойнебудзь асобы, але па структуры яны не могуць мець незалежнага назоўнага склону ў ролі дзейніка — другога арганізуючага цэнтра сказа.
Сказы з безасабова-прэдыкатыўнымі словамі ў якасці галоўнага члена могуць выражаць фізічныя і атмасферна-метэаралагічныя з’явы нрыроды: Ветру не было (К. Чорны). Было цёмна, сцюдзёна і ветрана (В. Быкаў).
Многія безасабова-прэдыкатыўныя словы ў спалучэнні з інфінітывам даюць ацэнку дзеянню, выражанаму інфінітывам: Час рыхтавацца да сяўбы (А. Кулакоўскі). Добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш! (Я. Колас). Цяпер мне ўжо не было як заставацца ў хаце (А. Асіпенка). Нам няма куды спяшацца {X. Кудравец). Даючы ацэнку цэлай думцы, безасабова-прэдыкатыўныя словы ў якасці галоўных членаў безасабовых сказаў могуць выступаць у саставе складаназалежных сказаў: Самаму пакута не страшна. Страшна, калі хто блізкі пакутуе (К. Чорны). Яму шкада, што няма бацькі, шкада і таго бесклапотнага дзяцінства, якога ўжо не вернеш (П. Броўка).
Безасабовыя сказы з галоўным членам, выражаным безасабова-прэдыкатыўнымі словамі, з’яўляюцца універсальнымі паводле сваіх семантычных магчымасцей. Яны ў аднолькавай ступені могуць выкарыстоўвацца як для паведамлення пра стан навакольна-