Кароткая граматыка беларускай мовы
Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
3 фармальна-граматычнага пункту гледжання генітыўныя сказы нельга прызнаць двухсастаўнымі, бо родны склон імя не можа быць дзейнікам. Але відавочна і тое, што родны склон тут усётакі «прадмет думкі», зыходны тэматычны пункт («тэматычны дзейнік»), на які арыентуецца выказнік. Сінтаксічнае значэнне такіх сказаў адназначна акрэсленае: яны выражаюць колькасную, прасторавую або часавую меру таго, што называецца ў родным склоне: Снегу па пояс. Клопатаў безліч. Дзяцей двое.
Сфера выкарыстання генітыўных сказаў даволі шырокая. Яны выкарыстоўваюцца ў мове мастацкай літаратуры ў асноўным у дыялагічнай і маналагічнай, эмацыянальна афарбаванай мове, у публіцыстычным і размоўным стылях.
Нячленныя сказы
Як асобны тып сказаў вылучаюцца сказы нячленныя (нерасчлянёныя, словы-сказы). У адрозненне ад двухсастаўных сказаў (што маюць састаў дзейніка і састаў выказніка) і аднасастаўных (што маюць састаў галоўнага члена), нячленныя сказы — бессастаўныя. Яны прадстаўлены аднаслоўнымі марфалагічна нязменнымі кампанентамі, якія не могуць быць ні галоўнымі, ні даданымі членамі сказа, бо не выражаюць сінтаксічных адносін. Аднактакія канструкцыі інтанацыйна аформлены і перадаюць закончаную думку (у межах пэўнага кантэксту), што і дазваляе называць іх сказамі: «У звярынцы служыш?» — «Ага!» — «То добра...» (А. Карпюк).
Выконваючы ў мове толькі камунікатыўную функцыю (сродку зносін), нячленныя сказы з’яўляюцца неад’емнай часткай дыялогу, чаму садзейнічае іх лаканічнасць, экспрэсіўнасць і ўзаемаабумоўленасць. Менавіта ў дыялогу кантэкст і інтанацыя надаюць ім закончанасць: «Мікола!» — «Ну!» — «Хадзі сюды» (К. Чорны).
Тое, што нячленныя сказы выражаюць толькі эмацыянальную, валявую, экспрэсіўна-ацэначную рэакцыю таго, хто гаворыць, на сітуацыю, але не называюць пры гэтым ні характару гэтай рэакцыі, ні самой сітуацыі, абумоўлена марфалагічнымі асаблівасцямі кампанентаў, што выступаюць у якасці такіх сказаў. Гэта словы, якія не маюць намінатыўнай функцыі: выклічнікі (эй, эге, ого, фі, ай, вон і пад.), часціцы (так, не, ну, хіба, няўжо і інш.), мадальныя словы (вядома, праўда, безумоўна, канечне і пад.), формулы ветлівасці (дзякуй, калі ласка, бывай, выбачай, здароўў непадзельныя спалучэнні (Ды ўжо ж! Нічога падобнага! Вось табе і на.'ў
Нячленныя сказы могуць быць сцвярджальнымі: «Забраў курыва?» — «Ага» (А. Карпкж); адмоўнымі: «Так жа можна прастудзіцца». — «Нічога, нічога, я не прамокла» (А. Макаёнак); эмацыянальна-ацэначныя: «Го, каго я бачу!» — усклікнуў ён, пераступаючы парог каліткі (М. Ткачоў); пытальныя: Дык што? Загарэлася вока на апошнія яліны? (В. Карамазаў); пабуджальныя: «Толькі — ша!» — Ігнат Андрэевіч прылажыў палец да вуснаў (I. Шамякін).
Няпоўныя сказы
Няпоўнымі з’яўляюцца сказы, у якіх адсутнічае адзін або некалькі членаў сказа, што неабходны для выражэння закончанай думкі. Няпоўнымі лічацца сказы з пункту погляду іх структурнай арганізацыі пры супастаўленні з поўнымі мадэлямі, у сэнсе ж перадачы інфармацыі яны паўнацэнныя і камунікатыўна дастатковыя адзінкі (калі абапіраюцца на кантэкст ці моўную сітуацыю): За дуброваю на Панскім возеры жаласна енчылі кнігаўкі. Лёталі і плакалі (В. Карамазаў). «Дакумент!» — кінуў чырвонаармеец (Я. Колас). Апушчаныя члены сказа лёгка ўзнаўляюцца з кантэксту, але ў большасці выпадкаў пастаноўка іх на свае пазіцыі ў структуры сказа парушае яго лаканічнасць і выразнасць, а ў некаторых выпадках выяўляе ненатуральнасць маўлення: Быў поўдзень. Ззяла сонца. Па небе між дубовых, з зялёнага каракуля, шапак плавалі нерухомыя аблачыны. I белыя, і шэрыя. 3 тых шэрых і пырснуў дождж. Нечакана. Пад сонцам. Сляпы. Пырскнуў і хуценька суняўся. А потым зноў разахвоціўся. I сонца ззяла, і залаты дождж імжыў (В. Карамазаў).
Апускацца могуць як даданыя, так і галоўныя члены ў двухсастаўных і аднасастаўных сказах. Самымі разнастайнымі паводле граматычнага саставу з’яўляюцца няпоўныя сказы ў дыялагічнай мове, бо тут вельмі істотныя і пазамоўныя фактары: міміка, жэсты, сітуацыя. Таму ў склад няпоўных сказаў уваходзяць толькі тыя кампаненты, якія падтрымліваюць і развіваюць далейшае паведамленне: «А ты куды на сваім драндулеце?» — «На работу. Куды ж яшчэ?» — «Па чаравіках — як да дзевак» (В. Карамазаў).
Эліптычныя сказы
Эліптычнымі прынята называць такія канструкцыі, структура якіх мае незамешчаную сінтаксічную пазіцыю выказніка. Эліптычныя сказы характарызуюцца семантычнай неадназначнасцю, і таму для кампенсацыі апушчанага члена патрабуюцца або ўласныя лексіка-граматычныя сродкі, або іншыя паказчыкі значэння эліптычнага сказа. Названыя сказы характэрны пераважна для твораў мастацкай літаратуры і інфармацыйна-публіцыстычных тэкстаў, а таксама для гутарковай мовы.
Паводле значэння эліптычныя сказы падзяляюцца на некалькі відаў. Найбольш пашыранымі з’яўляюцца сказы са значэннем статальнай лакалізацыі. У такіх сказах акалічнасці ўказваюць месца знаходжання аб’екта адносна пэўнага арыенціра: Зноўку ў ліпавых начоўках — дзіця і песня. Толькі гайдані (Т. Бондар). Твае салдаты — тут, у акопах (X. Дудараў). Знекуль выскачыў газік, пабег сургунём. На ім — дзядзька Тамаш з велічэзным снапом (П. Броўка). На вуліцы — радасны спеў птушак (X. Бачыла). Наперадзе — стары драўляны млын (А. Машара). За беражком — чыстая вада (I. Мележ). За лугам — магільнік, хмызняк і багна (3. Бядуля). Там, за сінім ціхім борам, — шмат засмучаных суніц (А. Куляшоў). За дзеравянаю канцавою вуліцаю — мураваны грымучы горад (К. Чорны). Прычым акалічнасць месца ў большасці выпадкаў з’яўляецца дэтэрмінаванай і размяшчаецца ў пачатку сказа.
Таксама шматлікую групу складаюць эліптычныя канструкцыі са значэннем актыўнага дзеяння суб’екта. Названыя сказы звычайна ўключаюць адначасова акалічнасці і дапаўненні, якія і канкрэтызуюць значэнне апушчанага дзеяслова. Прычым падобныя эліптычныя конструкцыі паводле структуры могуць суадносіцца як з двухсастаўнымі, так і аднасастаўнымі сказамі: Усіх — у горад! (Звязда). Сыночак, куды ж гэта цябе (I. Мележ). Раптам наш маленькі Уладзік — за начальніка руку (П. Броўка). Убегла ў пакой. Кнігі, сшыткі са стала — на падаконнік. Спюл — ад сцяны. На стол — чысты настольнік (I. Мележ). Глядзі за ім... А Гузу — паранку. Зіма надыходзіць — у лес трэба будзе (I. Мележ). А ён задумаў — басейн на пяцьдзесят метраў! Палац з садам (А. Дзялендзік). Эліптычныя сказы са значэннем уздзеяння або ўзаемадзеяння маюць у сваёй структуры акалічнасці і дапаўненні, якія канкрэтызуюць значэнне апушчанага дзеяслова: Усё от думаю: каб Хадоська была, каб з Канапляначкаю полечку ці кадрыліцу — на васемнаццаць кален (I. Мележ). He, спаць няма калі! Трэба — за сшыткі (I. Мележ). Аратаму — яго сявенькі, стральцу — рог, музыку — бубен ці жалейку, а кавалю — гвозд ці падкову (М. Танк).
Эліптычныя сказы са значэннем маўленчых працэсаў уключаюць абавязкова суб’ект, адрасат або аб’ект маўлення. Суб’ектам маўленчага працэсу звычайна выступае асоба, якая ажыццяўляе маўленчы працэс, а адрасатам — той, да каго звяртаюцца. Аб’ект маўленчых працэсаў змяшчае «прадмет» гаворкі, тое, што паведамляецца адрасату: Чаму ты думаеш, што я жартую? Я — сур’ёзна (М. Матукоўскі). — Ты — пра каго?— Япра — Мар’яну... (Н. Гілевіч). Адзін — пра перагрэў планеты і сусветны патоп, другі — пра амярцвенне сусветнага акіяну, трэці — аб апустыньванні кантынентаў (М. Матукоўскі). Сябе — за найгоркі з грахоў, дарогу — за ўпартасць і муку... (Т. Бондар). Пра Аўласа, відаць, нехта — са зла (А. Макаёнак).
Значную группу складаюць эліптычныя сказы са значэннем перамяшчэння ў прасторы. Такія сказы ўключаюць суб’ект і абавязкова акалічнасць са значэннем прасторавага арыенціра: А мы — цераз поле і ў лес (В. Быкаў). Я лепш — на паляванне. Прырода, Прастор... (А. Дзялендзік). Я лепш — на вакзал. Пакуль лаўкі не занялі (В. Быкаў). Я цябе магу і сілай — у паліцыю. У парадку мабілізацыі (В. Быкаў). Усіх — сюды, у ланцуг (В. Быкаў). Сяржанта Ягорава — да мяне (I. Мележ). Ну што ж, да Кацярыны, лепшай даяркі, — ахвотна (А. Дзялендзік). Дык глядзі, пасля абеду забаранаваць — раз! А вечарам на заняткі — два! (А. Макаёнак). Пад такім агнём немагчыма нават і па-пластунску (В. Быкаў).
Эліптычныя сказы маюць неадназначны характар, і таму абавязкова павінны мець у сваім складзе паказчык значэння. Ролю ўнутрысказавых паказчыкаў значэння эліптычных канструкцый выконваюць дапаўненні, акалічнасці, аднародныя або адасобленыя члены, а таксама парцэляваныя канструкцыі. Дапаўненні ў якасці паказчыка значэння выкарыстоўваюцца ў эліптычных сказах, у якіх колькасны склад з’яўляецца дастатковым для функцыянавання названай адзінкі: Т а б е найперш — аўтамат. Далей — правіцельственная ўзнагарода. Ну і ў атрад, вядома, сходу (В. Быкаў). Аўласавым коням — двайную порцыю аўса (А. Макаёнак). Лепш паслухай. Вершы гэтыя — табе (А. Макаёнак). Пяшчотна — в а м, a в а м — бяда, a в а м — дакука (Р. Баравікова).
Акалічнасці ў эліптычных сказах, як правіла, указваюць на розныя абставіны працэсу і таму дакладна канкрэтызуюць значэнне апушчанага дзеяслова: Я — на гарышча, — адразу сагнаўшы ўсмешку сказала Марыя (В. Быкаў). Хай хто-небудзь спачатку — адзін, як бы ў разведку (В. Быкаў). У Вільню б хоць на міг (Р. Баравікова). Пад такім агнём немагчыма нават і па-пластунску (В. Быкаў).
Удакладняць значэнне сказа могуць і аднародныя ў дачыненні да эліпсаванага выказнікі. У сказах выразна фарміруецца семантыка апушчанага дзеяслова на аснове ўзаемадзеяння матэрыяльна выражанага выказніка і акалічнасці пры эліпсаваным выказніку. Канкрэтызацыя значэння адбываецца тут дзякуючы ўзаемадзеянню кампанентаў сказа: Рабочыя закончылі засыпаць кар’ер і — дахаты (Полымя). Паміж эліпсаваным і матэрыяльна выражаным паказчыкам могуць усталёўвацца і прьгчыннавыніковыя адносіны: Убачыў Піліп у вёсцы немцаў — і назад, у лес, да партызан (А. Кулакоўскі). Аднародныя выказнікі — матэрыяльна выражаны і эліпсаваны — могуць выражаць неадпаведнасць падзей: Салдат доўга — у начную цемру, аднак нічога не заўважыў (В. Быкаў). Паміж эліпсаваным і выражаным дзеясловамі сувязь можа быць злучнікавай і бяззлучнікавай: Мусіць, пералез цераз плот і — у двор