Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Кароткая граматыка беларускай мовы

Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
77.91 МБ
Відавочна, што эліптычныя сказы пры наяўнасці неабходных умоў функцыянавання шырока выкарыстоўваюцца ў творах мастацкай літаратуры і ў публіцыстычна-інфармацыйных тэкстах.
Складаны сказ
Агульная характарыстыка
Складаны сказ — гэта сінтаксічная канструкцыя, арганізаваная лінейнай паслядоўнасцю прэдыкатыўных адзінак, якія ў сваім аб’яднанні ўтвараюць структурнае, сэнсавае і інтанацыйнае адзінства.
Прэдыкатыўныя адзінкі ў межах складанага сказа па сваёй форме суадносяцца з простымі сказамі (могуць быць неразвітыя і развітыя, аднасастаўныя і двухсастаўныя, поўныя і няпоўныя і г. д.). Уласцівая гэтым адзінкам катэгорыя прэдыкатыўнасці рэалізуецца такім жа спосабам, як і ў простых сказах. Але разам з тым яны істотна адрозніваюцца ад простых сказаў, таму што не маюць граматычнай, сэнсавай і інтанацыйнай самастойнасці і заўсёды функцыянуюць у цесным адзінстве, дзе ўзаемна абумоўлены і адна без другой не ўжываюцца. Такія прэдыкатыўныя адзінкі называюцца састаўнымі або прэдыкатыўнымі часткамі складанага сказа.
Значэнне складанага сказа ў цэлым не выводзіцца з простай сумы значэнняў яго прэдыкатыўных частак, а заўсёды ўлічвае тыя адносіны, у якія ўступаюць прэдыкатыўныя часткі паміж сабой. Адносіны паміж прэдыкатыўнымі часткамі складанага сказа могуць быць разнастайныя: спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя, часавыя, прычынныя, уступальныя і інш. Гэтыя адносіны маюць абагульнены характар і лічацца граматычным значэннем складанага сказа.
Асабліва важную ролю ў афармленні камунікатыўнай цэласнасці складанага сказа адыгрываюць інтанацыя і парадак слоў. Прэдыкатыўныя часткі не маюць закончанай інтанацыі, таму што такой інтанацыяй валодае ўвесь складаны сказ. Парадак слоў у адной прэдыкатыўнай частцы звычайна залежыць ад парадку слоў у другой прэдыкатыўнай частцы і тых адносін, у якія ўступаюць гэтыя часткі ў складаным сказе. Для складанага сказа важны таксама парадак размяшчэння саміх прэдыкатыўных частак. Гэты парадак вызначаецца моўнай сітуацыяй або камунікатыўным заданнем складанага сказа і выражае яго актуальнае чляненне, пры якім актуальна больш значная частка звычайна займае пазіцыю пасля менш значнай часткі, параўн.: Што аднаму з цяжкасцю даецца, тое калектывам лёгка бярэцца (Прыказка). — Тое, што аднаму з цяжкасцю даецца, калектывам лёгка бярэцца. — Тое калектывам лёгка бярэцца, што аднаму з цяжкасцю даецца.
Агульная класіфікацыя складаных сказаў грунтуецца на аснове адзінства формы сінтаксічнай сувязі прэдыкатыўных частак і характару семантыка-сінтаксічных адносін паміж імі.
Прэдыкатыўныя часткі ў складаным сказе могунь аб’ядноўвацца пры дапамозе злучнікаў і злучальных слоў або бяззлучнікавым
спосабам. Паводле гэтага складаныя сказы падзяляюцца на з л у ч нікавыя і бяззлучнікавыя:Яа шыбах снег ляжыць іскрыстым пухам, а ў хаце пахне грэчкай чысты мёд (С. Грахоўскі). Заставалася яшчэ кіламетраў з шэсць, каб выйсці на Гудароў Лог (Я. Колас). Сонца ўсходзіць над ракой — хоць вазьмі яго рукой (К. Кірэенка). Хто не бачыў палескіх паводак вясной, той ніколі прыгожай не знаў панарамы (П. Глебка). Тое, што Брыль піша для дзяцей, з асаблівай асалодай чытаюць дарослыя (В. Вітка). Сапраўдная духоўная еднасць там, дзе настаўнік становіцца сябрам дзіцяці (В. Вітка). Зарыпелі вароты хлявоў, загрукалі, заляскаталі весніцы, брамкі (В. Казько). Я хуценька падняўся: трэба ж да заходу сонца разнесці газеты і пісьмы (Я. Сіпакоў). Незвычайны чалавек Косця, незвычайныя ў яго рукі (А. Варановіч).
У залежнасці ад характару злучнікаў або злучальных слоў і аформленых імі адносін паміж прэдыкатыўнымі часткамі сярод злучнікавых складаных сказаў вылучаюцца складаназлучаныя: У вёсцы ўрачыстая цішыня, і толькі ярка і спакойна высвечваюць вокны (А. Жук). Смяюцца з сонцам побач людзі, а сонца — госць штодзённы іх (Я. Купала). Перад сябрамі то распасціралася шырокае поле з парыжэлым іржэўнікам, то раптам зелянеў луг і маленькая рэчка пятляла на ім, як быццам выбіраючы лепшае месца; а мясцінамі, як пад вялізны бухматы шацёр, поезд узлятаў у лес (П. Броўка) і с к л a даназалежныя:^ слухаў, як хвалі калоссяў шумяць (П. Панчанка). Мне здаецца, кожнаму балюча бачыць некалі ўтаптаную, уезджаную сцежку ці дарогу, па якой хадзіла столькі ног, утравелаю, зарослаю (Я. Сіпакоў). Ім здавалася, што можна так і застацца ў той маладосці, вярнуць назад, перайначыць, паправіць пюе, што было не так зроблена (У. Дамашэвіч). Складаназлучаныя і складаназалежныя сказы адрозніваюцца паміж сабой не толькі злучнікамі або злучальнымі словамі, але і характарам сінтаксічных адносін паміж прэдыкатыўнымі часткамі. Акрамя таго, адрозненне паміж гэтымі тыпамі сказаў заключаецца ў тым, што злучнікі ў складаназлучаным сказе займаюць аўтаномную пазіцыю, не ўваходзячы ў склад прэдыкатыўных частак, тады як злучнікі складаназалежнага сказа з’яўляюцца прыналежнасцю структуры даданай часткі. У складаназлучаных сказах няма антэцэдэнтаў — спецыяльных суадносных або ўказальных слоў, якія могуць быць у галоўнай частцы складаназалежнага сказа і служыць адным са сродкаў яе сувязі з даданай часткай. У складаназалежных сказах адна частка можа знаходзіцца ў сярэдзіне другой часткі, чаго не можа быць у складаназлучаных сказах. Складаназалежныя сказы заўсёды маюць закрытую структуру, тады як у складаназлучаных сказах структура можа быць як закрытая, так і адкрытая. У складаназлучаных сказах няпоўнай звычайна бывае другая прэдыкатыўная частка, тады як у склада-
назалежных сказах няпоўнай часта бывае першая прэдыкатыўная частка, калі яна з’яўляецца галоўнай, а даданая частка кампенсуе недастатковасць змешчанай у ёй інфармацыі.
Некаторыя злучнікавыя складаныя сказы сумяшчаюць у сабе адзнакі складаназлучаных і складаназалежных сказаў, утвараючы такім чынам прамежкавую або пераходную з’яву паміж складаназлучанымі і складаназалежнымі сказамі. Да іх адносяцца складаныя сказы, якія з’яўляюцца складаназлучанымі па форме і складаназалежнымі па значэнні; складаныя сказы, якія з’яўляюцца складаназалежнымі па форме і складаназлучанымі па значэнні; складаныя сказы, у якіх форма і значэнне змяшчаюць элементы злучэння і залежнасці.
Злучальныя сродкі сувязі і падпарадкавальныя адносіны рэалізуюцца ў складаных сказах, у якіх прэдыкатыўныя часткі аб’яднаны пры дапамозе злучніка і, а паміж гэтымі часткамі выражаны прычынна-выніковыя або ўмоўна-выніковыя адносіны: Усё мацней прыгравала сонца, і з гаю павявала на поле душнаватым водарам бярозавага лісця (А. Жук). Дажджоў яшчэ не было, і цераз падсохлую за лета дарогу прабраліся без асаблівага страху (1. Мележ). Вада ў вядры калышацца, і піць яе нязручна (Я. Брыль).
У лінгвістычнай літаратуры такія складаныя сказы звычайна разглядаюцца як складаназлучаныя. Аднак у складаназлучаных сказах са злучнікам і выражаюцца адносіны адначасовасці або паслядоўнасці, пры якіх прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна раўназначныя. У складаных сказах, дзе злучнікам z аформлены прычынна-выніковыя або ўмоўна-выніковыя адносіны, прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна нераўназначныя: адна мае прычыннае або ўмоўнае значэнне, а другая — выніковае, што характэрна для складаназалежных сказаў. Але ў складаназалежных сказах прэдыкатыўныя часткі знаходзяцца ў аднабаковай залежнасці, тады як у складаных сказах са злучнікам і яны знаходзяцца ў двухбаковай залежнасці, што абумоўлена характарам іх сродкаў сувязі.
Падпарадкавальныя сродкі сувязі і злучальныя адносіны рэалізуюцца ў складаных сказах, у якіх прэдыкатыўныя часткі аб’яднаны пры дапамозе злучнікаў калі — пю, тады як, у той час як, як — так, а паміж гэтымі часткамі выражаны супастаўляльныя адносіны: Калі раней час цягнуўся вельмі марудна, то цяпер ён бег праз меру шпарка (I. Мележ). Учора ішоў дождж, тады як сёння свеціць сонца (X. Шынклер). На полі бушавала завіруха, у той час як у лесе было шмат зацішней (К. Чорны). Як ворану вышэй арла не лятаць, так ворагу нашай зямлі не таптаць (К. Крапіва).
У лінгвістычнай літаратуры складаныя сказы са злучнікам калі — то адносяцца да складаназалежных сказаў з даданымі ўмовы. Аднак гэты злучнік можа афармляць і супастаўляльныя ад-
носіны: Калі стары Бязручка скупы на словы, то сын гаворыць і за сябе, і за бацьку (Я. Колас). Калі нядаўна дзявочая песня валодала наваколлем, то цяпер яе замяніў баян (Т. Хадкевіч). У такіх сказах наўрад ці можна вызначыць, якая з частак з’яўляецца галоўнай, а якая — даданай. Адметнай адзнакай даданай часткі лічыцца злучнік калі, але ў дадзеным выпадку ён ужываецца не ва ўмоўным значэнні. У падобных сказах увогуле знікае ўмоўнае значэнне і застаецца толькі супастаўляльнае.
Складаныя сказы са злучнікамі тады як, у той час як разглядаюцца як складаназалежныя з даданымі часу або даданымі супастаўляльнымі: Халявы ботаў былі шэрымі ад пылу, у той час як знізу боты намоклі ад расы (П. Пестрак). Учора ён адчуваў сябе абяссіленым і бездапаможным, тады як сёння настрой палепшыўся (У Шыцік). У гэтых сказах падпарадкавальныя злучнікі аб’ядноўваюць прэдыкатыўныя часткі, паміж якімі выражаны супастаўляльныя адносіны. Вызначыць галоўную і даданую часткі ў такіх сказах можна толькі фармальна — па наяўнасці злучніка.
Складаныя сказы, у якіх прэдыкатыўныя часткі аб’яднаны пры дапамозе злучніка як — так (і), разглядаюцца як складаназалежныя з даданымі параўнальнымі: Як Косцік адносіўся да Антошкі, так і Антошка адносіўся да Косціка (М. Гамолка). Як цяжка там было нам плакаць, так лёгка зараз тут смяяцца (У Хадыка). Аб злучальным характары выражаных адносін паміж прэдыкатыўнымі часткамі такіх сказаў выразна сведчыць іх роўнавялікая двухбаковая залежнасць у структуры складанага сказа.
Да складаных сказаў, у якіх форма і значэнне змяшчаюць элементы злучэння і залежнасці, адносяцца сказы, у якіх прэдыкатыўныя часткі аб’яднаны пры дапамозе злучнікаў хоць — а, хоць — але, хоць — ды, а паміж гэтымі часткамі выражаны ўступальна-супраціўныя адносіны: Хоць прайшоў спорны дождж, а зямля выглядала сухой (П. Пестрак). Хоць ты не заўсёды як след дагледжаны, але твае маладыя дні ціхія і радасныя (Э. Самуйлёнак). Хоць лясок быў невялічкі, ды шмат грыбоў расло ў ім (Я. Колас). У лінгвістычнай літаратуры такія сказы адносяцца да складаназалежных з даданымі ўступкі.