Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Кароткая граматыка беларускай мовы

Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
77.91 МБ
У складаназлучаных сказах з названымі злучнікамі могуць супастаўляцца як асобныя кампаненты прэдыкатыўных частак, так і прэдыкатыўныя часткі ў цэлым. Асобныя кампаненты прэдыкатыўных частак звычайна супастаўляюцца ў складаназлучаных сказах з уласна супастаўляльнымі адносінамі: Граў Сымонка, а дзед слухаў (Я. Колас). Яноўская пайшла ў своіі пакой, а я ўсё глядзеў на маленькую фігурку ў старажытным убранні (У. Караткевіч). Першыя зоры ўжо замігцелі ў небе, а з-за лесу залатым пажарам узнімаўся блішчасты месяц (Я. Колас). Прэдыкатыўныя часткі ў цэлым супастаўляюцца ў складаназлучаных сказах з адносінамі неадпаведнасці і ў большасці складаназлучаных сказаў з супраціўнымі адносінамі: Пісаніны многа, але толку мала (1. Шамякін). Ноч была без месяца і зор, але дарога выразна вымалёўвалася сярод лесу (Т. Хадкевіч). Стоячы на краі хмызу, Рыбак хвіліну ўглядаўся-ўслухоўваўся, ды нічога падазронага быццам не было чуваць (В. Быкаў).
Суадносныя кампаненты прэдыкатыўных частак, якія супастаўляюцца ў складаназлучаным сказе, заўсёды маюць рознае лексічнае значэнне. Гэта значэнне дазваляе дакладна адрозніваць складаназлучаныя сказы з уласна супастаўляльнымі адносінамі ад складаназлучаных сказаў з супраціўнымі адносінамі. Адносіны неадпаведнасці звычайна вызначаюцца на аснове лексічнага зместу прэдыкатыўных частак і агульнага сэнсу складаназлучанага сказа.
У радзе выпадкаў важную ролю ў выражэнні разнавіднасцей супастаўляльных адносін адыгрывае парадак слоў у прэдыкатыўных частках складаназлучанага сказа. Так, калі ўзнікае патрэба выдзеліць і з большай сілай падкрэсліць супастаўленне аднаго кампанента першай прэдыкатыўнай часткі з адпаведным яму кампанентам другой часткі, то ў другой частцы гэты кампанент звычайна размяшчаецца за супастаўляльным злучнікам, незалежна ад таго, дзе размешчаны суадносны з ім кампанент у першай частцы: Белыя і ўтульныя стаялі гаі, а поле здавалася чыстым і сінім (Б. Мікуліч). Заснулі ўсе, а тэлефон звініць (М. Танк). У зелень апрануўся сад, а ў садзе яркі квецень мая (А. Астрэйка). Пчолкі гудуць пад вішняю, а пад яблынькаю Хведар Руцкі храпе на ўсе застаўкі (К. Чорны).
Трывальна-часавыя суадносіны выказнікаў супастаўляльных частак складаназлучаных сказаў канструктыўна не ўплываюць на характар выражаных паміж імі семантыка-сінтаксічных адносін. У большасці выпадкаў выказнікі прэдыкатыўных частак маюць аднолькавае значэнне, таму што супастаўленне з’яў і падзей звычайна рэалізуецца ў адным часавым плане.
Складаназлучаныя сказы з супастаўляльнымі часткамі заўсёды маюць закрытую структуру. У складаназлучаных сказах з супраціўнымі адносінамі і адносінамі неадпаведнасці аб’ядноўваюцца толькі дзве прэдыкатыўныя часткі рознай будовы: Вуліца ёсць, а рэчкі не
відаць (А. Васілевіч). Я не плачу, але на сэрцы цяжка (А. Васілевіч). Халімон гаварыў ціха, роўна, але Ганнна пачула яго незадаволенасць (I. Мележ). Лета закончылася, ды спёка ніяк не спадала (Т. Хадкевіч). У складаназлучаных сказах з уласна супастаўляльнымі адносінамі могуць аб’ядноўвацца дзве і больш прэдыкатыўныя часткі. Аднак супастаўляльны злучнік звычайна ставіцца толькі перад апошняй прэдыкатыўнай часткай, тады як папярэднія часткі аб’ядноўваюцца пры дапамозе бяззлучнікавай сувязі: Узмроку, у іле ляжаць карасі, у зеллі багністым жыруюць язі, у ціне лянівыя ходзяць ліні, а ў тонях пярэстыя спяць акуні (П. Глебка). Раніцай на траве ляжаў рэдкі іней, зляталіся да ляснога доміка сарокі і сойкі, а бэзавы куст ля ганка стаяў ненатуральна голы, закіданы ўнізе цёмна-зялёным блішчастым лісцем (М. Стральцоў).
Калі ж злучнік (у прыватнасці а) паўтараецца, то паміж прэдыкатыўнымі часткамі выражаюцца не столькі супастаўляльныя, колькі далучальныя адносіны: Мы сядзелі каля хаты, а воз стаяў у гумне, а бацька на рабоце ў пана, а маці памёрла (К. Чорны). Рыбак быў дзядзька наш Антоні, як і работнік, адмысловы; а Уладзік пасвіў дзесь каровы, травіў чужыя сенажаці; а дома з дзецьмі была маці (Я. Колас). Паўтарэнне ж злучніка і перад першай прэдыкатыўнай часткай збліжае яго з часціцамі: А груш які там выбар быў, а слуцкіх бэр гара, а белы-белы той наліў бы сонца ўсё забраў (П. Броўка).
Супастаўляльныя адносіны могуць ускладняцца рознымі адценнямі, якія ўносяць разнастайныя лексічныя канкрэтызатары. Так, спалучэнні ў той (гэты) момант, у той (гэты) час, тым часам надаюць указаным адносінам адценне адначасовасці: Узляцела ракета, а ў гэты момант загрымелі выстралы (Т. Хадкевіч). Сымон касіў куп’істую сенажаць, а ў той час вецер прыгнаў хмару і пайшоў дождж (3. Бядуля). Я пачаў думаць пра гэтыя дарогі, а тым часам вецер, заляцеўшы знадворку, пакрысе рабіў маю работу — гартаў старонкі (М. Лужанін); прыслоўі потым, затым, пасля, услед, спалучэнні праз міг, праз момант, праз хвіліну і іншыя — адценне паслядоўнасці: Яшчэ колькі хвілін чуўся хрумст галін ды шолах лісця, а потым прытаміўся, заціх насцярожана лес (Б. Мікуліч). Вучні малявалі прыгожыя лісточкі, яловыя галінкі, а затым усе хорам спявалі песню (А. Кулакоўскі). Салдаты праляжалі ў зямлі ўвесь гэты дзень і пачатак ночы, а пасля, не чакаючы германцаў, іх пагналі зноў у атаку (К. Чорны). / пад гэты шум трывожны думае старая, а ўслед думкам неспакойна вецер падпявае (Я. Колас). Кожны ў розны кут падаўся, а праз міг з усіх бакоў крык узбуджаны ўзняўся: «Я знайшоў!» (П. Броўка). Вельмі выразна адчуў Макарчук перапалох людзей вакол сябе, а праз момант усё стала нічым (К. Чорны). У Станіслававых вачах замітусіліся конскія крупы, а праз хвіліну ён убачыў зусім бліз-
ка бліскучае лязо шаблі... (Б. Мікуліч). Супастаўляльныя адносіны могуць суправаджацца адценнем супрацьпастаўлення, якое ствараецца лексічным напаўненнем супастаўляемых кампанентаў (пераважна дзеясловаў-выказнікаў). Дзеянні, пра якія паведамляецца ў аб’яднаных прэдыкатыўных частках, звычайна звязаны з адным і тым жа суб’ектам, які ў другім кампаненце абазначаецца азначальным займеннікам сам: Хлопцы спуталі буланчыка, а самі падаліся да рэчкі купацца (А. Якімовіч). Маці прыгатавала вячэру, а сама выйшла падаіць карову (М. Зарэцкі).
Адносіны неадпаведнасці ўскладняюцца ўступальным адценнем, калі пры злучніку ўжываюцца часціцы ўсё, усё ж, усё-такі, усё ж такі або спалучэнні між тым, тым не менш\ Звонім, просім, а ўсё без толку (Сельская праўда). Вецер лёгкі, слабы, а ўсё пушча азвалася... (Б. Мікуліч). Вада за намі была плыткая, а ўсё-такі і ад яе ішоў водар (К. Чорны). Мне страшна, а ўсё ж такі іду (Э. Самуйлёнак). На дварэ лета, але між тым вада ў рацэ халодная (Я. Маўр). Глебу апрацавалі добра, а тым не менш лён расце марудна (Звязда). Асабліва выразна праяўляецца ўступальна-ўзмацняльнае адценне, калі прыслоўі-часціцы ўтвараюць суадносныя пары яшчэ... а (але, ды) ужо, усяго... а (але, ды) ужо'. Яшчэ зялёны ліст дубовы і не падумаў медзянець, а ўжо шпакі вядуць размовы кудысьці ўдалеч адляцець (П. Броўка). Сляды гарачыні яшчэ на тварах носім, ды паплылі ўжо дні ў залатую восень (П. Панчанка). Усяго першы дзень жанаты, а ўжо хоць ідзі вон з хаты (Я. Купала).
Адносіны супастаўлення ўзмацняюцца і набываюць адценне нечаканасці, калі пры злучніку размешчана прыслоўе рапталг. Хацеў прымацаваць [падкову] да весніц, але раптам абудзілася мінулае ў агні і дыме (М. Танк). Мы думалі ўбачыць рабочы пасёлак, але раптам перад вачамі раскінуўся сучасны горад на беразе шырокай ракі (Звязда).
Кантрастнае супрацьпастаўленне ўскладняецца ўмоўна-аргументаваным адценнем, калі за злучнікам размяшчаецца прыслоўе інакш (іначай) або спалучэнне ў адваротным парадку: Трэба старацца, а іначай нічога не будзе (Я. Колас). Станок трэба адрамантаваць, а ў адваротным выпадку будзе шмат браку (С. Баранавых).
Пры абмежавальным супрацьпастаўленні пры злучніках ужываецца часціца толькі: Шмат хадзіла па нашых дарогах чужынцаў, а толькі назад мала хто з іх вяртаўся (I. Гурскі). He мог пярэчыць Фіму, ды толькі было крыўдна (С. Баранавых).
Замяшчальнае супрацьпастаўленне афармляецца з дапамогай злучніка затое або назоўніка (займенніка) у родным склоне з прыназоўнікам замест'. 3 выгляду возера невялікае, але затое дна ў ім не дастанеш (А. Вольскі). Акенцы зусім маленькія, а замест шкла ўстаўлена тоўстая, напалову празрыстая слюда (В. Вольскі).
Складаназлучаныя сказы з пералічальна-размеркавальнымі часткамі
Пералічальна-размеркавальнымі з’яўляюцца прэдыкатыўныя часткі складаназлучаных сказаў, паміж якімі выражаюцца розныя віды пералічальна-размеркавальных адносін.
У складаназлучаных сказах з пералічальна-размеркавальнымі адносінамі паведамляецца пра з’явы і падзеі, якія з’яўляюцца аднолькава магчымымі або немагчымымі, адбываюцца папераменна ці ўзаемна выключаюцца. Граматычным сродкам сувязі пералічальна-размеркавальных частак складаназлучаных сказаў служаць злучнікі і — і, ні — ні, то — то, або — або (альбо — альбд), ці то — ці то, не то — не то. Гэтым злучнікам належыць асноўная роля ў выражэнні пералічальна-размеркавальных адносін. Ніякім іншым спосабам нельга паказаць, што з’явы і падзеі, пра якія паведамляецца ў прэдыкатыўных частках складаназлучанага сказа, звязаны паміж сабой пералічальна-размеркавальнымі адносінамі.
Усе пералічальна-размеркавальныя злучнікі адназначныя і заўсёды афармляюць адну і тую ж разнавіднасць семантыка-сінтаксічных адносін. Так, злучнік і — і аб’ядноўвае прэдыкатыўныя часткі складаназлучанага сказа, у якіх паказваецца пералічэнне аднолькава магчымых з’яў і падзей: I хвалюецца пшаніца, і дрыжыць пяшчотна гай (П. Броўка). 1 рэк журчанне помню я, і хат станічных белы дым знаёмы мне (А. Бачыла). / шумуе наша глеба самай буйнай збажыной, і красуе наша неба самай сіняй глыбінёй (М. Лужанін). I спынілі гамонку лясы пад празрыстым святлом месяцовым, і аселі крупінкі расы на кустах і травах мядовых (А. Астрэйка).
Злучнік ні — ні ўжываецца для аб’яднання прэдыкатыўных частак складаназлучанага сказа, у якіх афармляецца пералічэнне аднолькава немагчымых (адмоўных) з’яў і падзей: Hi зоркі не свецяць, ні месяц не паказваецца (I. Гурскі). Hi колас на ніве не ўскалыхнецца, ні ліст на дрэве не ўзварухнецца (М. Багдановіч). Hi людзей на вуліцы не відаць, ні чалавечага голасу не чуваць (А. Якімовіч). Hi дрэвы не шумяць, ні птушкі не спяваюць такой ціхай ноччу (Я. Колас).