Кароткая граматыка беларускай мовы
Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
Даданая дзсйнікавая частка аб’ядноўваецца з галоўнай часткай складаназалежнага сказа пры дапамозе злучнікаў і злучальных слоў хто, што, як, каб, калі, нібы, быццам і інш.
Злучальнае слова хто звязвае прэдыкатыўныя часткі складаназалежнага сказа тады, калі ў даданай частцы паведамляецца пра дзеянне пэўнай асобы: Toil, хто падарожнічае па Беларусі, не
можа не наведаць слаўны горад Брэст (В. Вольскі). Той, хто дружбы шукае, — у нас знойдзе яе (М. Танк). У Навадворках той, хто не меў вакол хаты якой-небудзь зелені, лічыўся дрэнным гаспадаром (П. Кавалёў).
К.алі ў даданай частцы гаворыцца пра дзеянне, якое ўтвараюць неадушаўлёныя прадметы, для сувязі прэдыкатыўных частак ужываецца злучальнае слова што: Што аднаму з цяжкасцю даецца, тое калектывам лёгка бярэцца (Прыказка). Усё, аб чым нам марыцца, збываецца ў жыцці (М. Хведаровіч). Галоўная частка можа мець і поўную форму. У такім выпадку даданая частка паясняе дзейнік галоўнай часткі, выражаны ўказальным займеннікам тое, і прымацоўваецца да галоўнай часткі з дапамогай злучніка што\ Тое, што Васілька прыходзіўся ўнукам Манамаху, магло пэўным чынам абараніць яго ад высылкі з іншымі полацкімі князямі (М. Ермаловіч). Тое, што дачка мела стомлены выгляд, вельмі засмучала маці (Н. Маеўская).
Пры дапамозе злучніка шпю аб’ядноўваюцца прэдыкатыўныя часткі, калі галоўная частка мае няпоўную форму (у ёй прапушчаны дзейнік, выражаны ўказальным займеннікам тое) і знешне супадае з безасабовым сказам: Бывае, што малыя справы вялікую вартасць маюць (3. Бядуля). Добра, што мы неразлучныя сябры (Я. Маўр). 3 узгорка было відаць, што праз луг да вёскі нехта ідзе (М. Зарэцкі).
Галоўная частка мае няпоўную форму з адсутным дзейнікам і знешне супадае з безасабовым сказам і ў тых выпадках, калі ў даданай частцы падкрэсліваецца характар дзеяння або стану галоўнай часткі, яго неабходнасць ці пажаданасць, абумоўленасць ці прыблізнасць. Для сувязі прэдыкатыўных частак ужываюцца злучнікі каб, нібы, быццам, злучальныя словы як, калі і інш.: Рэдка калі бывае, каб Сёмка сумаваў (Ц. Гартны). Мне здалося, быццам нехта ўвайшоў у наш deop (В. Каваль). У цішыні чуваць, як шэпча на дубах лісце (I. Мележ). Невядома, калі мы сустрэнемся зноў (Б. Мікуліч).
Даданая дзейнікавая частка можа размяшчацца пасля галоўнай часткі: Той толькі адчуе ўсю слодыч спаткання, хпю горкасць разлукі спытаў (А. Звонак). Тое дорага, што нялёгка даецца (Прыказка). Здалёк было чуваць, як гудзяць патрывожаныя пчолы (I. Шамякін); перад галоўнай часткай: Што снілася некалі ў снах — праўдзіваю сталася явай (П. Глебка). Хто тут пабыў, той не забудзе густых гаёў асенні жар (Р. Няхай). Чаго так доўга чакалі, тое нарэшце сталася явай (X. Шынклер); у сярэдзіне галоўнай часткі: Усё, што было ў хаце, зроблена сваімі рукамі (К. Чорны). Толькі той, хто можа ўсе сілы накіраваць на дасягненне мэты, дабіваецца поспеху (Настаўніцкая газета). Кожны, хто стаяў на пуцях, нібы адчуваў біццё сэрца другога (М. Лынькоў).
Складаназалежныя сказы з даданымі выказнікавымі часткамі
Даданай выказнікавай з’яўляецца прэдыкатыўная частка складаназалежнага сказа, якая служыць для выражэння працэсуальных адносін з галоўнай часткай.
Працэсуальныя адносіны паміж галоўнай і даданай выказнікавай часткамі складаназалежнага сказа заўсёды суправаджаюцца дадатковым кваліфікацыйна-ацэначным адценнем. Пры такіх адносінах даданая частка раскрывае канкрэтны змест выказніка галоўнай часткі, выражанага займеннікамі той, такі (размоўны гэтакі), усё. У выніку ўстанаўліваецца або адмаўляецца тоеснасць ці падабенства паміж адпаведнымі з’явамі і паняццямі аб’ектыўнай рэчаіснасці: Мы не з тых, хто баіцца цяжкасцей (Я. Маўр). Музыка была такая, што хацелася стаяць і слухаць (Б. Мікуліч). Гэта ўсё, што я хацеў сказаць (Я. Колас).
Даданая выказнікавая частка аб’ядноўваецца з галоўнай часткай складаназалежнага сказа пры дапа.мозе злучнікаў і злучальных слоў хто, што, які, як, каб, быццам і інш.
Злучальнае слова хто, злучнік і злучальнае слова што ўжываюцца для сувязі частак галоўнай і даданай выказнікавай, у якой паведамляецца пра дзеянне (стан) пэўнай асобы ці прадмета: Таварыш той, хто дапаможа заўсёды ў бядзе (М. Гарэцкі). Туман быў такі, што людзі, ідучы, натыкаліся адзін на аднаго (П. Кавалёў). 1ншае слова такое, што рэха лясное ў яго глыбінях затоена Звонак). Недзе там, за родным Бугам сінім, вятры такія, што асушаць слёз паток (М. Танк).
Сувязь галоўнай і даданай выказнікавай частак, у якой характарызуецца дзеянне (стан) пэўнай асобы ці прадмета, адбываецца пры дапамозе злучальных слоў які, чый\ Які госць, такое і частаванне (Прыказка). Дзядзька не такі, чые словы на вецер ляцяць (С. Баранавых).
Злучнікі і злучальныя словы як, дзе, каб, быццам і іншыя аб’ядноўваюць з галоўнай такую даданую выказнікавую частку, у якой паказваецца спосаб ажыццяўлення дзеяння (стану), пажаданасць дзеяння, яго прыблізнасць і г. д.: Выгляд у яго быў такі, як быццам бы ён быў вялікі спецыяліст (К. Чорны). Яблыкі з тых, дзе соку шмат (Б. Мікуліч). Сцёпка не такі, каб адразу здацца (Я. Колас).
У складаназалежных сказах даданая выказнікавая частка звычайна размяшчаецца пасля галоўнай часткі: Надвор’е такое, што сэрца радуецца (Б. Мікуліч). Ён не такі, каб не сказаць праўды (С. Грахоўскі). Адчуванне такое, быццам крылы за спіной выраслі (Я. Брыль). Працоўная слава — гэта не тое, што даецца чалавеку адзін раз
і назаўсёды (У Краўчанка). У тых выпадках, калі прэдыкатыўныя часткі аб’ядноўваюцца злучальнымі словамі які, чый, даданая частка можа знаходзіцца перад галоўнай: Якое поле, такі і ўраджай (Прыказка). Якая сіла, такая і ніва (Прыказка). Як правіла, такія сказы маюць сталую структуру і надзелены яркай эмацыянальнаэкспрэсіўнай афарбоўкай.
Складаназалежныя сказы з даданымі азначальнымі часткамі
Даданай азначальнай з’яўляецца прэдыкатыўная частка складаназалежнага сказа, якая служыць для выражэння атрыбутыўных адносін з галоўнай часткай.
У складаназалежных сказах з атрыбутыўнымі адносінамі даданая частка характарызуе прадмет ці раскрывае прымету прадмета, аб якім паведамляецца ў галоўнай частцы. Пры гэтым сам прадмет абазначаецца назоўнікам (іншы раз асабовым займеннікам), а яго прымета — указальным займеннікам: На вішняку, што рос каля плота, абсыхала раса Чарнышэвіч). Мне, якому пайшоў ужо шосты дзясятак, прыемна з маладымі гаварыць (М. Машара). Грымоты даносіліся з таго боку, дзе зайшло сонца (К. Чорны).
Для сувязі даданай азначальнай і галоўнай частак складаназалежнага сказа служаць злучнікі і злучальныя словы які, каторы, чый, што, дзе, куды, адкуль, калі, каб, як, як бы, быццам і інш.
Злучальнае слова які аб’ядноўвае прэдыкатыўныя часткі складаназалежнага сказа, паміж якімі выражаюцца атрыбутыўныя адносіны з якасным адценнем: Клімат і расліннасць, якія ўласцівы Беларусі ў сучасныя дні, устанавіліся тут каля дваццаці тысяч год назад (В. Вольскі). Рака, якая бегла праз лясок, была невялікая, але імклівая (А. Чарнышэвіч). Шмат слоў, якія не астылі ні ад дажджоў, ні ад снягоў і не згубілі даўняй сілы і першага агню свайго (М. Танк). 3 падобным значэннем зрэдку ўжываецца злучальнае слова каторьг. Я кірую ўродны дом, каторы на чужыне мне часта сніўся (М. Клімовіч). Форма злучальных слоў які, каторы абумоўлена іх сінтаксічнай функцыяй у даданай частцы і формамі таго слова, якое характарызуецца ў галоўнай частцы: Хораша і лёгка было ісці па мяккай мураве ўздоўж шашы, па якоіі імчаліся машыны (А. Чарнышэвіч). Цётка Макрына, у якой яны спыніліся, не давала сумаваць гасцям (М. Ракітны). Ёсць нешта незвычайнае і нявыказанае ў тым хваляванні, з якім ты набліжаешся да помнікаў народнай славы — да месцаў, звязаных з найбольш вядомымі, найболый любімымі імёнамі (Я. Брыль). Злучальныя словы могуць размяшчацца не толькі ў пачатку, але і ў сярэдзіне даданай часткі: Цякла тут з лесу невялічка травой абросшая крынічка, абодва берагі каторай лазняк, ракітнік абступалі (Я. Колас). Яліны выдзяля-
ліся сваёй цёмнай зеленню, на фоне якой асабліва прыгожа выглядала сонечная жаўцізна дробнага бярозавага лісця (Я. Брыль).
Злучальнае слова чый надае атрыбутыўным адносінам адценне прыналежнасці. Гэта слова дапасуецца да назоўніка даданай часткі, які абазначае прадмет, што належыць асобе, названай у галоўнай частны: Здаецца, прыйшоў ляснік Максім Заруба, у чыім абходзе Андрэй высек дубок (Я. Колас). Настаўніца Алена Мікалаеўна, у чыім класе вучылася Алеся, не магла нарадавацца на дзяўчынку (Настаўніцкая газета).
Злучальнае слова што надае атрыбутыўным адносінам аб’ектнае адценне: Па-над рэчкай шум кляновы, што з маленства любы (П. Прыходзька). Гаворка, што нечакана так пачалася, нечакана і абарвалася (П. Кавалёў). He вытрымаўшы болый на сонцапёку, бярозы белыя, што зранку млелі, набухлыя саладкаватым сокам, раптоўна неяк выпырснулі зелень (М. Аўрамчык).
Пры ўскладненні атрыбутыўных адносін адценнем меры і ступені сувязь прэдыкатыўных частак звычайна ажыццяўляецца пры дапамозе злучніка што: У лесе такая цішыня, што трэск сухой галінкі чуцен ясна і звонка (П. Пестрак). У вачах чалавека такая роспач, што хочацца хоць чым-небудзь дапамагчы (У. Шыцік). Было такое раздарожжа, што па таёжных дарогах не хадзілі больш ніякія машыны (У Дубоўка).
Злучнікі і злучальныя словы дзе, куды, адкуль, калі, каб, як, як бы, быццам і іншыя аб’ядноўваюць прэдыкатыўныя часткі складаназалежнага сказа, паміж якімі выражаюцца атрыбутыўныя адносіны, ускладненыя дадатковымі акалічнаснымі адценнямі (месца, часу, параўнання і інш.). У большасці складаназалежных сказаў пры азначаемым назоўніку галоўнай часткі знаходзяцца ўказальныя займеннікі той, такі: На роднай зямлі ёсць такія крыніцы, адкуль выцякае гаючы бальзам (М. Машара). Ялюбіў такі час, калі блізіцца зіма (К. Чорны). Узнікла такое пачуццё, быццам гара з плячэй звалілася (X. Шынклер). Сіла такая яшчэ не радзілася, каб нашую сілу ў бойцы падолела (П. Глебка). Калі ўказальныя займеннікі ў галоўнай частцы адсутнічаюць, характар сэнсава-сінтаксічных адносін праяўляецца менш выразна. У такіх сказах даданыя азначальныя часткі не заўсёды выразна адрозніваюцца ад даданых акалічнасных частак: Had ракой, дзе млела ціша, раптоўна грукнуў гром (К. Кірэенка). Быў час, калі агню нідзе на свеце не было ў людзей (У Дубоўка).