Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Кароткая граматыка беларускай мовы

Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
77.91 МБ
Складаназалежныя сказы
Агульная характарыстыка
Складаныя сказы, у якіх пры дапамозе падпарадкавальных злучнікаў або злучальных слоў аб’ядноўваюцца сінтаксічна нераўнапраўныя прэдыкатыўныя часткі, называюцца с кл ад а н а зал е ж н ы м і.
У складаназалежных сказах часцей за ўсё знаходзяцца дзве нераўнапраўныя прэдыкатыўныя часткі, адна з якіх паясняе другую і сінтаксічна падпарадкавана ёй. Прэдыкатыўная частка, ад якой залежыць другая частка, лічыцца галоўнай; прэдыкатыўная частка, якая залежыць ад другой часткі, з’яўляецца даданай.
Галоўнай частцы належыць асноўная роля ў структурнай арганізацыі складаназалежнага сказа. Яна сінтаксічна незалежная, але гэта незалежнасць толькі адносная, таму што галоўная частка заўсёды адрозніваецца ад самастойнага сказа інтанацыйна і семантычна. Яна функцыянуе не сама па сабе, змешчаная ў ёй інфармацыя няпоўная, у радзе выпадкаў недастатковая і кампенсуецца тым, пра што паведамляецца ўдаданай частцы. Структура даданай часткі залежыць ад семантыка-граматычных асаблівасцей галоўнай часткі. Гэта залежнасць знаходзіць сваё адлюстраванне ў аднабаковай семантыка-сінтаксічнай абумоўленасці галоўнай і даданай частак, у парадку размяшчэння і адсутнасці паралелізму іх структуры і іншых лексіка-граматычных сродках. Даданая частка маркіруецца падпарадкавальнымі злучнікамі і злучальнымі словамі, якія арганічна ўваходзяць у яе структуру і сведчаць аб яе сінсемантычнасці (падпарадкаванні). Аднак даданая частка можа быць носьбітам не толькі неістотнага, але і асабліва важнага або асноўнага сэнсу выказвання, напрыклад: Добра, калі ў хаце чысціня і парадак (С. Баранавых). Вядома, шпю працаваць весялей з песняіі (X. Шынклер). Чуваць, як на бярозе за акном пяе салавей (А. Васілевіч). Такім чынам, падпарадкаванне -гэта сінтаксічная, а не сэнсавая з’ява.
Паміж галоўнай і даданай частка.мі складаназалежнага сказа выражаюцца суб’ектныя, працэсуальныя, атрыбутыўныя, аб’ектныя і розныя віды акалічнасных адносін. Гэтыя адносіны афармляюцца пры дапамозе пэўных лексіка-граматычных сродкаў, якія знаходзяцца ў галоўнай і даданай частках. Найбольш важнымі сярод іх з’яўляюцца падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя (адносныя) словы, парадак прэдыкатыўных частак, суадносныя словы (карэляты) і суадносныя формы і значэнні выказнікаў прэдыкатыўных частак.
Самым важным сродкам сувязі паміж галоўнай і даданай часткамі ў складаназалежным сказе з’яўляюцца падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя (адносныя) словы. У ролі злучальных слоў выступаюць адносныя займеннікі хто, што, які, каіпоры, чый і займеннікавыя прыслоўі дзе, куды, адкуль, калі, як, пакуль і інш. Яны выконваюць функцыю пэўнага члена сказа ў даданай частцы: Кожны, х т о глядзеў з кабіны самалёта на родную зямлю, адчуваў біццё свайго сэрца (Э. Самуйлёнак) — дзейнік; Доўга людзі цешыліся з цудаў, ш т о рабіў быў Люцыян Таполя (М. Танк) — дапаўненне; Сябрам пра ўсё, ч ы м жыў салдат, пісьмо яго раскажа (М. Калачынскі) — дапаўненне; Я к і я самі, такія і сані (Прыказка) — выказнік; У хаце, к у д ы ўвайшоў Алёшка следам за лесніком, стаяў густы змрок (А. Якімовіч) — акалічнасць месца; Мне не забыць, я к нада мной сурова гром навальнічны раскалыхваў даль (П. Прыходзька) — акалічнасць спосабу дзеяння.
Злучнікі і злучальныя словы размяшчаюцца звычайна ў пачатку даданай часткі. Злучальныя словы хто, што, які, каторы, чый могуць ужывацца не толькі ў форме назоўнага склону, але і ў форме ўскосных склонаў з прыназоўнікамі і без іх: Той, каго так доўга чакалі, нарэшце прыйшоў (Б. Мікуліч). Лёгкі туманок хаваўся ў кустах, а д ч а г о глухлі гукі (П. Пестрак). Хораша і лёгка было ісці па мяккай мураве ўздоўж шашы, п а якой імчаліся машыны (А. Чарнышэвіч).
Злучальныя словы які, каторы могуць размяшчацца і ў сярэдзіне даданай часткі, калі яны выконваюць функцыю недапасаванага азначэння: Дзеду трэба знайсці тую часць Чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры (Я. Колас). Цякла тут з лесу невялічка травой абросшая крынічка, абодва берагі к a т о р а й лазняк, ракітнік абступалі (Я. Колас).
Іншыя злучнікі і злучалы-іыя словы не могуць размяшчацца ў сярэдзіне даданай часткі. Выпадкі такога ўжывання сустракаюцца вельмі рэдка ў вершаваных творах: Глухою начною парою, яны ўсе заснулі к а л і, вяскоўцы забралі ў іх зброю, а коні на хутар вялі (А. Куляшоў).
Парадак размяшчэння гфэдыкатыўных частак у складаназалежным сказе вызначаецца характарам сувязі і семантыка-сінтаксічнымі адносінамі паміж часткамі. Так, пры далучальнай сувязі даданая частка заўсёды знаходзіцца ў постпазіцыі да галоўнай часткі: Дзед Талаш цяпер проста шчаслівы чалавек, калі толькі ёсць на свеце шчаслівыя людзі (Я. Колас). Даданая частка прычыны таксама звычайна размяшчаецца пасля галоўнай часткі: Ужо сонца не відаць, бо за хмары легла спаць (М. Хведаровіч). Даданая ўступальная частка можа размяшчацца пасля галоўнай часткі і перад галоўнай часткай: He адкрасуюць кветкі, хоць сцелюцца на травы верасы (П. Трус). Куды ні глянь — усё бялютка (Я. Колас).
Суадносныя словы (карэляты) знаходзяцца ў галоўнай частцы і паясняюцца даданай часткай: Т а м красуе жыта і пшаніца, дзе была адвечная дрыгва (А. Русак). Брусніцы т а д ы смачныя, калі іх марозік кране (А. Чарнышэвіч). 3 іх дапамогай семантыка-сінтаксічныя адносіны выражаюцца найбольш дакладна: у першым прыкладзе паміж прэдыкатыўнымі часткамі складаназалежнага сказа адносіны акалічнасныя месна, у другім — акалічнасныя часу.
Суадносныя формы і значэнні выказнікаў прэдыкатыўных частак вызначаюцца характарам сэнсава-сінтаксічных адносін паміж прэдыкатыўнымі часткамі складаназалежнага сказа. Так, у складаназалежных сказах з даданай уступальнай часткай дзеясловы-выказнікі прэдыкатыўных частак ужываюцца звычайна ў формах аднаго і таго ж часу, паколькі дзеянні, адно з якіх супярэчыць другому, існуюць у плане аднаго часу: Ёсць непаўторная паэзія ў асеннім по-
лі, хоць на першы позірк здаецца яно пустое і панурае (I. Шамякін). Размова не ладзілася, як ні стараліся падтрымліваць яе (Ц. Гартны). У складаназалежных сказах з даданай часткай умовы дзеяслоў-выказнік даданай часткі не ўжываецца ў форме загаднага ладу, тады як для дзеяслова-выказніка галоўнай часткі гэта адна з тыповых форм выражэння: Ты не шкадуіі нічога людзям, калі што людзям на карысць (П. Броўка).
У складаназалежных сказах даданая частка звычайна паясняе ўсю галоўную частку або асобныя з яе кампанентаў: На дварэ было яшчэ цёмна, хоць світанне набліжалася (А. Чарнышэвіч). На полі, якое віднелася за вёскай, шумела важкімі каласамі высокае і густое жыта (У. Краўчанка). Складаназалежныя сказы, у якіхдаданая частка паясняе ўсю галоўную частку, маюць расчлянёную структуру, а складаназалежныя сказы, у якіх даданая частка паясняе асобныя кампаненты галоўнай часткі, — нерасчлянёную. Структура сказаў заўсёды закрытая.
Падпарадкавальная сувязь, якая існуе паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежнага сказа, можа мець злучальны і далучальны характар. Пры злучальнай сувязі даданая частка складаназалежнага сказа цесна звязана з галоўнай часткай, якая патрабуе абавязковага ўдакладнення з боку даданай часткі і структурна прадвызначае яе: Ліда была чамусьці ўпэўнена, што сёння да іх прыйдзе настаўнік (Я. Колас). Часам чыгуначнае палатно ўзбіраецца так высока, што вяршыні стромкіх кіпарысаў не дасягаюць узроўню колаў вагона (М. Лупсякоў). Паміж галоўнай і даданай часткамі няма працяглай раз’яднальнай паўзы, а самі часткі вызначаюцца больш-менш раўнамерным тэмпам маўлення. Гэта значыць, што структура складаназалежнага сказа можа быць толькі неперарывістай. Пры далучальнай сувязі даданая частка слаба звязана з галоўнай часткай складаназалежнага сказа, якая структурна і паводле сэнсу больш самастойная і не патрабуе абавязковага ўдакладнення з боку даданай часткі. У такой галоўнай частцы няма суадносных слоў (карэлятаў) і іншых фармальна-граматычных адзінак (за выключэннем інтанацыйнай незакончанасці), якія б патрабавалі абавязковага тлумачэння з боку даданай часткі. У выніку атрымліваецца, што даданая частка з’яўляецца не заканамерным, а спадарожным дадатковым паведамленнем адносна зместу галоўнай часткі: У дзедавай хаце кватараваў камандзір батальёна, чым дужа ганарыўся дзед Талаш (Я. Колас). Ноч водарам мядовым перапоўнена, ад чаго хмялее чалавек (М. Калачынскі). На стыку такіх галоўнай і даданай частак існуе працяглая раз’яднальная паўза, якая папярэджвае аб наяўнасці дадатковай інфармацыі і надае структуры складаназалежнага сказа перарывісты характар.
У лінгвістычнай літаратуры няма адзінай класіфікацыі даданых частак. Вядомы наступныя тыпы класіфікацыі: функцыянальна-семантычная, якая заснавана на функцыянальным прыпадабненні даданай часткі да адпаведных членаў сказа; фармальна-граматычная, якая грунтуецца на значэнні злучнікаў і злучальных слоў; структурна-семантычная, якая ўлічвае структуру прэдыкатыўных частак і характар адносін паміж імі. Паводле структурна-семантычнай класіфікацыі даданыя часткі падзяляюцца на прыслоўныя і прыфразныя. Прыслоўныя часткі вызначаюцца цеснай сувяззю з галоўнай часткай, таму што адносяцца да асобных слоў гэтай часткі і служаць для іх удакладнення і канкрэтызацыі. Сярод прыслоўных вылучаюцца даданыя дзейнікавыя, выказнікавыя, азначальныя, дапаўняльныя часткі, а таксама даданыя часткі спосабу дзеяння, меры і ступені, месца. Прыфразныя часткі валодаюць слабай сувяззю з галоўнай часткай, таму што адносяцца да ўсяго яе зместу і не прадвызначаюцца яе будовай. Прыфразнымі з’яўляюцца даданыя часткі часу, прычыны, мэты, умовы, уступкі, а таксама выніковыя, параўнальныя і далучальныя часткі.
Складаназалежныя сказы з даданымі дзейнікавымі часткамі
Даданай дзейнікавай з’яўляецца прэдыкатыўная частка складаназалежнага сказа, якая служыць для выражэння суб’ектных адносін з галоўнай часткай.
У складаназалежных сказах з суб’ектнымі адносінамі даданая частка кампенсуе адсутны дзейнік у галоўнай частцы або раскрывае канкрэтны змест дзейніка галоўнай часткі, выражанага ўказальнымі ці азначальнымі займеннікамі: Чуваць было, як шапаціць пад лёгкім ветрам трапяткая лістота асіны (М. Лынькоў). Хто не спадзяецца на сябе, той заўжды бывае слабы (Я. Колас). Усё, чым наша зямля багата, належыць майму дарагому народу (П. Панчанка). Сустракаюцца выпадкі, калі займеннік, да якога адносіцца даданая частка, у галоўнай частцы прапушчаны: Хто на печы сядзіць — нічога не мае (3. Бядуля). Што было — ужо сплыло (Прыказка). Суб’ектныя адносіны ў такіх сказах набываюць дадатковае адценне катэгарычнасці.