Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Кароткая граматыка беларускай мовы

Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
77.91 МБ
лыя замалёўкі, у якіх кожная дэталь выпісана асобна. Сустракаюцца апісанні амаль з адных уласна апісальных намінатыўных сказаў. Прыкладам можа служыць верш Я. Коласа «Палескія вобразы»: Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз і дубняку, рэчкі, купіны, чароты, мора траў і хмызняку; мосцік, зложаны з бярвенняў, брод і грэбля... Выкарыстоўваюцца намінатыўныя сказы і ў размоўным стылі.
Канструкцыі,
якія прымыкаюць да намінатыўных сказаў
3 намінатыўнымі сказамі могуць фармальна супадаць некаторыя сінтаксічныя канструкцыі. Гэта такія канструкцыі, якія або не заключаюць у сабе значэння быцця, існавання і не здольны да самастойнага функцыянавання, або з’яўляюцца няпоўнымі двухсастаўнымі сказамі.
Да намінатыўных сказаў не адносяцца:
1.	Назвы кніг, устаноў, надпісы на вывесках, загалоўкі і пад., асноўная функцыя якіх — называнне без значэння быцця: камедыя «Хто смяецца апошнім». «На ростанях». Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Педагагічны універсітэт. Часопіс «Полымя». Напрамак «Брэст — Масква».
2.	Назвы асоб па імені, прозвішчу, пасадзе, спецыяльнасці, становішчу і пад.: Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Кандрат Кандратавіч Крапіва. Старшы навуковы супрацоўнік. Доктар навук.
3.	Канструкцыі, якія сведчаць аб наяўнасці ў каго-небудзь пэўных прадметаў: Т р э ц і. Кашулі, спадніцы, ручнікі вышываныя! М а л ь в і н а. Міскі, талеркі, гаршкі маляваныя! (В. Вольскі).
4.	Канструкцыі, якія заключаюць характарыстыку таго, што было ў папярэднім сказе ці ясна з кантэксту. Гэта няпоўныя двухсастаўныя сказы з выказнікам у форме назоўнага склону. Яны цесна звязаны з папярэднім кантэкстам: — «Вы хто ж будзеце?» — лагодна запытаў селянін. — «Настаўнік», — адказаў Лабановіч (Я. Колас). Такія канструкцыі з’яўляюцца своеасаблівым прэдыкатам да папярэдняга сказа ці да дзейніка, які падразумяваецца. Прэдыкатыўнасць гэтых сказаў — адметная рыса, што адрознівае іх ад намінатыўных сказаў.
5.	Сказы, якія называюць характэрную прымету таго, аб чым гаварылася раней: Ён быў падобны на мерцвяка. Белыя шчокі, пустыя вочы, пасінелыя губы (А. Чарнышэвіч).
6.	Сказы, якія ўказваюць на прычыну таго, аб чым гаворыцца ў папярэдніх сказах. Такія канструкцыі цесна звязаны з кантэкстам: «Я гуляю... пасля навальніцы... Азон. Paca...» (I. Шамякін).
7.	Двухсастаўныя сказы з пропускам дзеяслова быцця. Пры наяўнасці хоць аднаго слова з саставу выказніка сказ нельга лічыць намінатыўным: Пад вярбой зялёнай — луг мурожны (А. Вялюгін).
Словазлучэнне пад вярбой — адзіны прадстаўнік групы выказніка, што не дазваляе адносіць такі сказ да намінатыўных.
8.	Словы і словазлучэнні этыкету: Добры дзень! Хлеб-соль! Маё шанаванне! Дзякую! Прывітанне!
9.	Канструкцыі з назоўным уяўлення, ці назоўным тэмы, — аднасастаўныя канструкцыя, якія арганізаваны з назоўніка ў форме назоўнага склону і абазначаюць прадмет ці з’яву, уяўленне пра якія ўзнікла ў таго, хто гаворыць. Такія канструкцыі адрозніваюцца ад намінатыўных сказаў тым, што не маюць закончанага сэнсу і патрабуюць канкрэтызацыі і ўдакладнення ў далейшым кантэксце. Яны не з’яўляюцца самастойнай адзінкай зносін, а функцыяніруюць у цеснай сувязі з іншымі адзінкамі ў тэксце: Спадчына. Якое простае слова, і які няпросты яго сэнс! Сапраўды, цяжка ўявіць сабе чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў, без памяці, без душы, без роду і племені (В. Вітка). Кветкі? У полі іх зараз няма (В. Каваль).
Своеасаблівасць такіх канструкцый у тым, што назоўнік у назоўным склоне ці іменнае словазлучэнне даюць назву ўяўленню, а не паняццю, і патрабуецца далейшая яго расшыфроўка: Іван Мележ... Ён быццам пасланы быў у жыццё, у свет той зямлёй, дзе нарадзіўся, каб расказаць людзям, што гэта край такі паляшуцкі, а шырэй — беларускі, расказаць усяму свету, хто мы, беларусы, і што нясём чалавецтву (А. Адамовіч).
Прызначэнне канструкцый з назоўным тэмы — падкрэсліць, выдзеліць той прадмет думкі, інфармацыя пра які будзе толькі ў наступным сказе ці сказах: Вялікая Айчынная... He ведаю, ці загояцца калі-небудзь раны, ці заціхне боль у народнай памяці аб еайне (Р. Смольскі); Жаваранак! Гэта ж ён — згустак майго болю і ўспамінаў (У. Аляхновіч). Назоўны тэмы, пазбаўлены прэдыкатыўнасці, толькі рыхтуе чытача да наступнага, асноўнага паведамлення. Назоўны тэмы цесна звязаны з наступным сказам, абапіраецца на яго. Менавіта гэта службовая функцыя, а таксама несамастойнасць назоўнага тэмы дазваляюць адмежаваць яго ад намінатыўнага сказа — самастойнага выказвання.
Сутнасць канструкцый, якія ўключаюць назоўны тэмы, удала ракрываецца з пазіцыі тэорыі актуальнага члянення сказа. Згодна з гэтай тэорыяй, у сказе можна выдзеліць два асноўныя сэнсавыя элементы: тое, аб чым гавораць (г. зн. аснову выказвання, зыходны пункт, тэму), і тое, што гавораць аб гэтай аснове (г. зн. ядро выказвання, новае, рэму). Папярэднічаючы тэме выказвання, назоўны тэмы падкрэслівае яе, выдзяляе, стварае асобае напружанне, настрой чакання. Сказ, які ідзе за назоўным тэмы, сам па сабе выдзяляе і тэму, і рэму, але тэма гэта абазначаецца двойчы: сваё першапачатковае абазначэнне яна атрымала ў папярэдняй кан-
струкцыі. У выніку двайнога абазначэння тэмы і ствараецца экспрэсія выказвання.
Назоўны тэмы вымаўляецца з асобай інтанацыяй фразавага тыпу, з дапамогай якой ён аддзяляецца ад наступнага сказа: «Мама!» — слова гэтае кранула самыя найлепшыя пачуцці ў душы (1. Шамякін). «Васіль... Васіль...» — уварвалася, пранізала ўсю яе, неяк асабліва, да болю дарагое — у горле зашчымела ад гордасці (I. Мележ).
Сказы са значэннем уяўлення ўжываюцца звычайна пры апісанні разважанняў, успамінаў пра каго-, што-небудзь.
10.	Вакатыўныя сказы. В а к а т ы ў н ы м і (ад лац. vocativus — клічны склон) называюцца аднасастаўныя сказы, якія арганізуе галоўны член, выражаны назоўнікам або займеннікам у форме назоўнага склону і аформлены асобай інтанацыяй, ускладненай выражэннем пачуцця гаворачага: «Вы?! — здзівіўся Вадзім, пазнаўшы ў жанчыне, якая стаяла каля матчынай магілы, сваю першую бальнічную сястрычку. — Вы?! Тут?! Я не разумею...» (Т. Бондар). «Раман Фаміч!» — з просьбай і перасцярогай працягнуў здаравяка і перасмыкнуў плячыма (М. Ракітны).
Вакатыўныя сказы, у адрозненне ад намінатыўных, перадаюць адносіны аўтара да асобы, а не сцвярджаюць яе існаванне: «Сцяпан?..» — Вось яно, матчына здзіўленне (Т. Бондар). «Валошка!» — грымнуў дырэктараў бас (В. Карамазаў). Прыведзеныя прыклады паказваюць, што вакатыўныя сказы па сваёй форме некалькі збліжаюцца са звароткам, але адрозніваюцца ад яго большай семантычнай і граматычнай самастойнасцю: зваротак не з’яўляецца самастойнай камунікатыўнай адзінкай, бо не ўяўляе сабой асобнага выказвання, а ўваходзіць у структуру сказа як адзін з яго кампанентаў; вакатыўныя ж сказы — гэта самастойныя адзінкі, якія не ўваходзяць у структуру іншых сказаў як іх асобныя кампаненты і выражаюць, хоць і не расчлянёна, думкі, пачуцці, волевыяўленне.
У структурна-граматычных адносінах вакатыўныя сказы характарызуюцца тым, што ў іх нельга выдзеліць ні дзейніка, ні выказніка, не бывае ў іх даданых членаў сказа, акрамя азначэння.
Па форме выражэння вакатыўныя сказы аднатыпныя, таму ў аснову іх класіфікацыі кладуцца не структурна-граматычныя, а функцыянальныя прыметы. Пры гэтым прымаюцца такія асаблівасці інтанацыі, ад якіх звычайна і залежаць іх сінтаксічныя функцыі. Усе вакатыўныя сказы можна падзяліць на тры групы з пункту гледжання іх функцый, складанасці зместу.
Да першай групы адносяцца вакатыўныя сказы, якія выражаюць заклік, просьбу ці патрабаванне адгукнуцца, адказаць: «lean Пятровіч!» — паклікалі з двара (У Краўчанка). «Бацька!» — пачуў ён устрывожаны шэпт і аглянуўся (Я. Колас).
Да другой групы адносяцца вакатыўныя сказы, якія выражаюць рэакцыю на словы ці дзеянні субяседніка. Падобныя сказы часта ўжываюцца з мэтай спыніць выказванне субяседніка. Яны суправаджаюцца рознымі пачуццямі: просьбы, папроку, спачування, гневу. Сказы гэтай групы могуць ужывацца з выклічнікамі эх, ах і інш. У іх часта двойчы паўтараецца галоўнае слова, што стварае асобую падкрэсленую экспрэсіўнасць: «Эх, Зося! — так Янка гаворыць бывала: — За што мяне шчасце такое спаткала!» (Я. Купала). Эх, Шапятовіч, Шапятовіч... (I. Шамякін). Ай малады! Малады! Брыдка! Праз тры дні вяселле, а ён расцягнуўся, як навой! (Я. Колас).
Да трэцяй групы належаць вакатыўныя сказы з выклічнікам, які выражае пачуцці, што ўзнікаюць у момант пазнавання, прыпамінання: — А, гэта ты, Аўгінька! (Я. Колас). — А, гэты! — прамовіў начальнік (Я. Колас).
Генітыўныя сказы
Генітыўнымі называюцца аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх выражаны назоўнікам у родным склоне (ад лац. genitivus — родны склон), які не толькі перадае значэнне наяўнасці, існавання прадмета, але і характарызуе яго ў колькасных адносінах: Грыбоў жа, грыбоў! Самі ў кош просяцца (В. Каваль). Кірмашовы дзень. Народу! (С. Баранавых). А дарог жа, дарог, ды прасторных якіх, што яснотай дышуць! (Я. Колас).
Назоўнікі ў родным склоне, якія з дапамогай інтанацыі ператварыліся ў сказ, набываюць у незалежнай пазіцыі сінтаксічнае значэнне быційнасці. Дзякуючы гэтаму сказ атрымлівае граматычную аформленасць і камунікатыўную значымасць, г. зн. заключае паведамленне. Сам генітыў тут мае суб’ектнае значэнне. Гэта форма выконвае функцыю называння прадмета (ці прадметаў) і сцвярджэння наяўнасці яго (ці іх) у вялікай колькасці, а значыць, функцыянальна генітыўныя сказы блізкія да намінатыўных. Тыповае значэнне такіх сказаў — ‘паведамленне пра колькасць названых прадметаў’ — перадаецца расчлянёна:
родны склон + колькаснае слова ці словазлучэнне.
Колькаснае значэнне ў генітыўных сказах можа быць выражана фразеалагічнымі спалучэннямі: Клопатаў — па горла! Ягад — хоць прыгаршчамі збірай!
Генітыўныя сказы маюць прызвязачную структуру выказніка: Кніжак (ёсць, было, будзе) многа. На месцы адсутнай звязкі ёсць можа ставіцца працяжнік: Адпачынку — дзве гадзіны. Працяжнік становіцца неабходным знакам, калі выказнік генітыўнага сказа мае нестандартную, «сказавую» форму выражэння: Кніжак — колькі
хочаш, паперы і сшыткаў — хоць заваліся, настаўнікі — усе з вышэйшай адукацыяй (М. Лужанін).