Кароткая граматыка беларускай мовы
Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
га асяроддзя, так і пра стан жывой істоты: Душна, ціха вечарэла (X. Жук). Стала цяжка гаварыць. Рабілася млосна (1. Шамякін); могуць выражаць фізічны і псіхічны стан: Хмурна было на душы ў Міндоўга (Л. Дайнека).
5. Безасабовыя сказы, галоўны член якіх — адмоўнае слова ці канструкцыя, што выражае адмаўленне. Галоўны член такіх безасабовых сказаў выражаецца адмоўным словам няма, дзеясловамі быць, стаць у безасабовым значэнні з адмоўем: Уздрадлівай душы няма месца сумленню (М. Лобан). Пастаянным кампанентам гэтых сказаў з’яўляецца родны склон ускоснага дапаўнення, якім абазначаецца прадмет ці з’ява, што адсутнічаюць. Самым ужывальным у такіх сказах з’яўляецца дзеяслоў быць'. Дзеда Талаша і сапраўды не было тут (Я. Колас). Без хлеба няма абеда (Прыказка). 3 адкладу няма ладу (Прыказка). Няма на свеце земляў непрыгожых (П. Панчанка). He было адбою ад назол камароў, ад дыму (I. Мележ). У безасабовых сказах адмоўнае слова няма можа адсутнічаць. У такіх выпадках перад назоўнікам у родным склоне ўжываецца часціца ні, якая ўзмацняе адмоўнае значэнне сказа: Які абсяг! Iў небе — ні хмурынкі (Я. Янішчыц). Добра Якубу! Hi згрызот, ні клопату (Я. Колас). Hi купіны — на сенажаці (С. Грахоўскі). Ужо расы ні следу анідзе (Н. Гілевіч).
Колькасць дзеясловаў, што ўжываюцца ў безасабовых адмоўных сказах, абмежаваная: быць, знаходзіцца, сустрэцца, з’яўляцца, паказвацца, даносіцца, віднецца, захавацца і інш., а таксама словы відаць, чуваць, якія выступаюць у той жа функцыі, што і безасабова-прэдыкатыўныя словы чутно, відно са значэннем успрыняцця: Зімняе неба сонейкам беліцца, вецер нямее, хмар не відаць (Я. Купала). Нідзе не відаць было ні агеньчыка (М. Лынькоў). Такія словы могуць выкарыстоўвацца ў адмоўных і сцвярджальных сказах: Чуваць здалёк дажынкавую песню (Я. Купала). He відно мае дарогі — горы, лес, балоты, гразь... (Я. Колас).
Да адмоўных безасабовых сказаў мэтазгодна адносіць разнастайныя адмоўныя канструкцыі, якія не ўключаюць у сваю структуру слова няма (не было), а толькі наступныя кампаненты, што выступаюць як галоўны член: формы роднага склону субстантыва з часціцай ні (ані): Паблізу ні душы (С. Грахоўскі). Сырое неба. Каляіны. / ні адной жывой душы (Р. Баравікова). Ані зыку (Я. Янішчыц); займеннік нікога / нічога'. Выйшаў з машыны, агледзеўся. Нідзе нікога. I нічога. Ціха (В. Карамазаў). У кішэні анічога (М. Гарэцкі); родны склон назоўніка з займеннікам ніякі'. Нідзе ніякага гуку! (Г. Далідовіч); спалучэнне не да і роднага склону назоўніка / займенніка: Сёння мне не да смеху (М. Гамолка).
Семантыка-стылістычныя магчымасці безасабовых сказаў розных тыпаў даволі шырокія. Простыя безасабовыя сказы ўжываюц-
ца ва ўсіх функцыянальных стылях сучаснай беларускай мовы. Аднак у залежнасці ад таго, якую сферу зносін стыль абслугоўвае, звужаецца ці пашыраецца колькасць магчымых мадэлей. Найбольш ярка і выразна безасабовыя сказы выяўляюць свае магчымасці ў мастацкім і размоўным стылях. Некаторыя разнавіднасці безасабовых сказаў ўжываюцца ў дзелавой мове, напрыклад у афіцыйных аб’явах, пастановах: Забараняецца з сумкамі ўваходзіць у гандлёвую залу. Прапануецца паглядзець новую выстаўку.
Інфінітыўныя сказы
I н ф і н і т ы ў н ы м і з’яўляюцца аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх выражаны незалежным інфінітывам: He злічыць у небе ясных зорак, не злічыць у сэрцы светлых дум (М. Багдановіч). Hi ў полі, ні ў лесе віхру не спыніцца (А. Русак). Маладому навучыцца, старому не забыцца (Прыказка). Бору пад ветрам гнуцца, поўні — дрыжаць слязою (Р. Барадулін). Агульным значэннем інфінітыўных сказаў з’яўляецца ўказанне на дзеянне, якое адбудзецца ў будучым. У інфінітыўных сказах называецца дзеянне, якое трэба або пажадана ажыццявіць нейкай асобе. У інфінітыўных сказах інфінітыў незалежны, ён адзін займае пазіцыю галоўнага члена і не залежыць ні ад якога слова, г. зн. пры ім не можа быць ні безасабовага дзеяслова, ні безасабова-прэдыкатыўнага слова. Характар дзеяча ў інфінітыўных сказах мае семантыка-стылістычнае значэнне: Прайсці б цяпер, брат, па парошы! (Я. Колас). Адшукаць пераправу! (1. Новікаў). Закрыць дарогу на суткі (В. Быкаў).
Інфінітыўныя сказы могуць быць развітымі і неразвітымі: Ісці, і верыць, і змагацца (П. Марціновіч). Маўчаць! (К. Чорны). Устаць! (Б. Мікуліч). Час рыхтавацца да сяўбы (А. Кулакоўскі). Яны характарызуюцца павышанай эмацыянальнасцю, экспрэсіўнасцю, катэгарычнасцю, перадаюць напружанасць дзеяння, якая падтрымліваецца адпаведнай інтанацыяй. Часта бываюць клічнымі, могуць мець форму рытарычнага пытання: He знайсці мне спакою ні цёмнаю ноччу, ні днём (М. Багдановіч). А як не ўспомніць цёплым, добрым словам выкладчыка старога роднай мовы! (П. Прыходзька). Зося, напэўна, даўно не бачыла лесу. Чаму не даць ёй гэтую маленькую радасць? (I. Шамякін).
Паводле значэння выдзяляюцца наступныя разнавіднасці інфінітыўных сказаў.
1. Сказы, якія выражаюць катэгарычныя загады і заклікі. Для іх характэрна асобая інтанацыя загаду: Атамана, атамана абраць! (Я. Колас). Узняць над крэпасцю высока сцяг чырвоны! (А. Бачыла).
2. Сказы, якія выражаюць неабходнасць ці немагчымасць дзеяння. Для такіх сказаў характэрна як апавядальная, так і клічная інтанацыя: Эх, быць бядзе, ну, быць бядзе... (Я. Колас). Нам разам
працаваць (I. Шамякін). He быць Радзіме безымяннай, зямлі бацькоў не анямець!(Н. Гілевіч).
3. Сказы з пытальнымі займеннікамі і прыслоўямі і пытальнай інтанацыяй, якія выражаюць пытанне аб магчымасці, абавязковасці ці дазволе: Але дзе ўзяць людзей? (А. Куляшоў). Зноў перад ёй ажыў вобраз Андрэя Віткоўскага. Як з ім звязацца? (1. Мележ).
Важную ролю ў структуры інфінітыўных сказаў адыгрывае наяўнасць або адсутнасць часціцы бы пры незалежным інфінітыве. У інфінітыўных сказах з часціцай бы выражаецца пажаданасць / непажаданасць дзеяння, яго мэтазгоднасць, меркаванне наконт яго ажыццяўлення: Даехаць бы хутчэй да свайго сяла (В. Каваль). Эх, братцы. Курнуць бы, эх, курнуць! (Я. Колас). Падыхаць бы водарам лугавых кветак (Т. Хадкевіч). Зноў насунуліся нізкія цёмна-сінія хмары... Прыдумаць бы мятлу такую, каб змесці ўсе хмары (А. Бялевіч). Некаторыя інфінітыўныя сказы з часціцай звязаны з выражэннем мэтанакіраванага жадання: Толькі б дажыць. Толькі б даплыць. Пры звароце да субяседніка інфінітыўныя сказы з часціцай бы (б) выражаюць параду: Вам бы пажыць асобна. Табе б палячыцца. У інфінітыўных сказах без часціцы бы выражаюцца мадальныя значэнні павіннасці, неабходнасці, немагчымасці, непазбежнасці: Квешцы завяўшай зноў не цвісці (Я. Купала). Агня агнём не загасіць (Прыказка). Нам не прайсці па ўзмежку паміж густых пшаніц у самым красаванні (В. Вітка). Без працы не есці калачы (Прыказка).
Актыўна выкарыстоўваюцца інфінітыўныя сказы ў мастацкіх творах: Там расці дубровам, сонцу палымнець, і лясам сасновым бронзаю звінець. На палях шырокіх жыту красаваць, на дубах высокіх буслам клекатаць (П. Прыходзька). Хопіць, Ліда, чаму быць — таго не мінаваць (П. Галавач). У публіцыстычным стылі часта ўжываюцца ў загалоўках артыкулаў, у закліках і лозунгах: Убраць ураджай без страт! Жыць і працаваць сумленна! Распаўсюджаны ў размоўным стылі: Толькі б дажыць да вясны. Памаўчаць бы табе! He размаўляць там на задніх радах! Для навуковага і афіныйна-дзелавога стыляў інфінітыўныя сказы не характэрны.
Своеасаблівасць інфінітыўных сказаў вызначаецца спецыфікай лексіка-граматычных уласцівасцей інфінітыва. Апошні спалучае ў сабе значэнне дзеяслова і назоўніка, з якім звязаны этымалагічна (паводле паходжання інфінітыў — форма назоўніка). Значыць, у інфінітыве спалучаецца значэнне прадметнасці са значэннем дзеяння, працэсу. Гэтым і вызначаенца асобае становішча інфі-нітыўных сказаў сярод аднасастаўных. Інфінітыўныя сказы з’яўляюцца пераходнай ступенню ад дзеяслоўных сказаў да іменных, у прыватнасці да намінатыўных.
Да сказаў, у якіх асноўную ролю адыгрывае група дзейніка, адносяцца намінатыўныя, генітыўныя і вакатыўныя.
Намінатыўныя сказы
Намінатыўнымі называюцца аднасастаўныя сказы, у якіх сцвярджаецца наяўнасць прадметаў, паняццяў, з’яў рэчаіснасці ў цяперашнім часе, аформленая інтанацыяй канстатацыі: Спякота. Празрыстасць неба. Ідэальнае лётнае надвор'е (I. Шамякін). Глыбокая сіняя чаша, поўная зор (У. Караткевіч). Круглае поле. Узгоркі, каменне. Лес па краях, як. сцяна (Я. Колас). Бурны рост. Цвёрды крок (Я. Купала).
Галоўны член такіх сказаў часцей за ўсё выражаецца формай назоўнага склону (адсюль і назва сказаў: ад лац. nominativus — назоўны склон), аднак яго пазіцыю могуць займаць займеннікі, спалучэнні слоў і колькасна-іменныя спалучэнні: Вось і ўсё (3. Бядуля). Вось яно, знаёмае мне скрыжаванне... (М. Ткачоў). Чырвоная плошча. Шмат народу (М. Зарэцкі). Восень сорак другога года. Цёмная мокрая ноч (Я. Брыль). Бясспрэчна, галоўны член намінатыўных сказаў сваёй марфалагічнай будовай і шэрагам сінтаксічных функцый нагадвае дзейнік двухсастаўнага сказа: ён выражаецца тым самым лексіка-граматычным разрадам слоў, што і дзейнік у двухсастаўным сказе, можа быць развіты тымі самымі даданымі членамі сказа. Аднак гэтыя фармальныя прыметы не могуць вызначыць сінтаксічнай прыроды галоўнага члена намінатыўных сказаў, значна багацейшага за дзейнік двухсастаўнага сказа, бо ў адным слове ён увасабляе два паняцці — паняцце прадмета і паняцце яго існавання ў рэчаіснасці, тады як дзейнік адпавядае толькі аднаму паняццю — называе прадмет думкі. Асноўным значэннем намінатыўных сказаў з’яўляецца сцвярджэнне наяўнасці прадметаў ці з’яў: А укруг ляжала поле... Цемень, ноч... Загінуў след (Я. Колас). Пагодлівая раніца. Пахне марозікам (Я. Брыль). Гэта значэнне можа ўскладняцца значэннем указання, эмацыянальнай якаснай ацэнкі: Вось ціхі бярозавы шлях, абвязаны задуменнымі вятрамі, абвеяны бязмежна-цягучымі думкамі самотных падарожнікаў (М. Зарэцкі).
Намінатыўныя сказы могуць знаходзіцца ў акружэнні сказаў з розным часавым значэннем і, нягледзячы на гэта, успры.мацца са значэннем цяперашняга часу. Болыл таго, самі яны ўносяць у кантэкст значэнне цяперашняга часу: наяўнасць намінатыўных сказаў у апісанні, якое перадае падзеі даўно мінулыя, спрыяе нагляднасці апісання. Падзеі ўспрымаюцца так, нібы яны адбываюцца ў момант апавядання. Спецыфіка намінатыўных сказаў абумоўлівае іх ужыванне ў акружэнні сказаў з дзеясловамі-выказнікамі цяперашняга часу: Надвячорак. Мар'яна стаіць каля акна (Я. Колас). Ноч. Цішыня і пусты пакой... Ціха шапочуць клёны, звоняць падковамі коні (М. Хведаровіч). Сустракаюцца ў літаратурнай мове прыклады, дзе