Кароткая граматыка беларускай мовы
Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
Далучальныя члены сказа таксама адасабляюцца ў сказе, калі ўводзяцца ў сказ пры дапамозе злучнікаў але, ды, і, і то, ды і то, а таксама слоў асабліва, нават, напрыклад, у тым ліку, у прыватнасці
і інш.: У вокнах ясней заблішчэлі агні, але ненадоўга (К. Чорны). Далей, за ракой, хлопчык быў усяго адзін раз, ды і то з бацькам (ЛіМ). Настала раніца, прычым халодная і росная (X. Шынклер).
Акрамя асноўнай умовы адасаблення даданых членаў — сэнсавай нагрузкі, трэба назваць сінтаксічныя: адваротны парадак слоў, ступень развітасці адасобленага члена і яго колькасны склад, удакладняльны, паясняльны ці далучальны характар; марфалагічнай умовай лічыцца наяўнасць прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц і мадальных слоў пры адасабленні.
Параўнальныя звароты — гэта словы і словазлучэнні, якія шляхам параўнання раскрываюць і ўдакладняюць змест асноўнай часткі сказа ці яго кампанентаў: Магазіншчыца сыпала словамі як гарохам (У. Ягоўдзік) і Грукатаў гром глуха, як пад зямлёю (1. Пташнікаў). Параўнальныя члены, што служаць канструкцыйнымі элементамі простага сказа, могуць выступаць у складзе выказніка: Вада ў рацэ нібы набрыняла свінцом (Т. Хадкевіч), як акалічнасць або дапаўненне: Срэбнаю стужкаю вывіваўся Нёман (Я. Колас), як прыдатак: Лапко прыглядаўся да работы як гаспадар (Я. Колас). Адасобленыя параўнальныя звароты ж выступаюць як кампаненты ўскладненага сказа, як дапаможная адзінка, што змяшчае дадатковую інфармацыю адносна зместу сказа ці яго асобных кампанентаў. Адасобленыя параўнальныя звароты ўводзяцца ў сказ з дапамогай злучнікаў як, нібы, бы, быццам, што, чым і маюць пры гэтым неразвітую або развітую структуру. Размяшчацца яны могуць у сярэдзіне, у пачатку ui ў канцы сказа: Быццам тысячы крэпка нацягнутых струн, танкаствольныя сосны звіняць (М. Багдановіч). Дзявочыя бровы ўзляцелі, што крылы (П Броўка). Раней, як праз два дні, яны тут быць не могуць (К. Крапіва).
Нярэдка параўнальныя звароты адносяцца да ўказальных слоў так, такі ці спалучэнняў гэтых слоў з прыслоўем або прэдыкатывам; у якасці параўнальнага злучніка ў такім разе выступаюць як, што, быццам: Даліна выглядала чыстай, выкашанай так, як быццам падмеценай (П. Пестрак). Тут піак цёпла, што ў лазні (М. Гарэцкі). Пах травы быў не такі, як у сярэдзіне лета (1. Мележ).
Паводле значэння вылучаюцца вобразныя і параўнальна-раўналежныя звароты. Вобразныя параўнальныя звароты характарызуюць тое, што паведамляецца ў сказе, і вызначаюцца насычанай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай: Вісела ноч, чорная, як пераараная ўвосень зямля (I. Пташнікаў). Садзіцца пыл, бы шэрань, на малады асіннік (М. Калачынскі). Паведамленне ў такіх выпадках набывае вобразны характар, а нярэдка — і пераносны сэнс, што спрыяе іх сумяшчэнню з іншымі тропамі (метафарай, метаніміяй): Язык, як брытва, матляецца спрытна (К. Крапіва). Грудзі, як звон, плечы, як прыпечкі, сам чорны, нібы крумкач (А. Чарнышэвіч).
Параўнальна-раўналежныя звароты служаць для вызначэння адпаведнасці ці тоеснасці паміж тым, што параўноўваецца ў сказе: Гушчар быў цёмны, непраходны, зусім як у пушчы (П. Пестрак). У гарадоў, як і ў людзей, свой лёс, характары, свае біяграфіі (Полымя).
Пры асаблівай актуалізацыі параўнальныя звароты могуць падвяргацца парцэляцыі: Язі во якія ходзяць. Як засланкі (К. Крапіва).
Адасобленыя нараўнальныя звароты варта адрозніваць ад параўнальных канструкцый, што з’яўляюцца даданымі часткамі (няітоўнымі) складаназалежнага сказа. Пры адсутнасці ў такой канструкцыі самога выказніка, у ёй ёсць даданыя члены не толькі з групы дзейніка, а і з групы выказніка: 3-пад доўгага брылька ружовашчокі малы глядзеў, як яблык з-пад лістка (Р. Барадулін).
Зваротак — слова або спалучэнне слоў, што называе асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з выказваннем: Ты, сыночак, будзеш з дзедам. Хату пасцеражэш (I. Мележ).
Спецыфічнай рысай зваротка з’яўляецца тое, што маючы цесную сэнсавую сувязь са зместам сказа, уваходзячы ў яго інтанацыйную структуру, ён не з’яўляецца членам сказа. Аб граматычнай незалежнасці зваротка сведчыць і тое, што ён можа выносіцца за межы сказа, прычым яго сэнсавая нагрузка ад гэтага толькі ўзмацняецца: Радзіма мая дарагая! Красуйся і ў шчасці жыві (А. Бачыла).
Трэба не блытаць такога роду зваротак з вакатыўным сказам, які афармляецца як закончанае выказванне асобай інтанацыяй, што перадае радасць, дакор, жах, перасцярогу і г. д.: «Ма-а-ма!» — са слязьмі на вачах прагаварыла дачка (Т. Хадкевіч); а таксама з «назоўным тэмы», які хоць не мае закончанага сэнсу і патрабуе канкрэтызацыі ў кантэксце, але называе прадмет, асобу ці з’яву, каб даць штуршок для разважанняў. уяўленняў, успамінаў: Радасць і вясна! А ці ва ўсіх яна ёсць? (В. Каваль).
Як кампанент, які ўскладняе сказ, зваротак нясе ў сабе дадатковую інфарманыю, што заключаецца ў называнні прадмета, асобы, з’явы, да якіх звернута паведамленне. Таму асноўная яго функцыя — намінатыўна-звяртальная, якая можа набываць і ацэначны характар (пры пераносным значэнні): «Раздайся, машкара!» — загадаў Ларывон, рассоўваючы ў бакі хлопцаў (I. Мележ). Уласціва звароткам і ўдакладняльная функцыя пры займенніках ты, вы: Што ты маеш да маіх вачэй, Мартын? (Я. Колас). 1 ўпершыню ад сэрца, птахі, я пазайздросціў шчыра вам (А. Бачыла).
У сучаснай беларускай мове зваротак можа выражацца не толькі назоўным склонам назоўніка ці субстантыва, але і формай старажытнага клічнага склону (пераважна ў мастацкіх творах і гутарцы), якая ўтвараецца ад назоўнікаў мужчынскага роду: Углядайся, мой сы-
не, пільней углядайся ў святыя абрысы бацькоўскай зямлі (Н. Гілевіч). Шумі, шумі, зялёны гаю, хоць трошкі сэрца супакой (М. Зарэцкі).
Структура зваротка — неразвітая або развітая — залежыць ад самога паведамлення, роўна як і яго размяшчэнне ў сказе: адносіцца ён да ўсяго сказа ці толькі да асобнага кампанента: He праспі вясну, суседзе (П. Глебка). Мой родны Мінск, пад небам жураўліным жыві, квітней пад зоркай залапюіі (П. Панчанка).
Зваротак як сінтаксічная адзінка неабходны для наладжвання кантакту з субяседнікам: па-першае, з мэтай прыцягнення яго ўвагі, інфармавання, што менавіта да яго звяртаюцца: Дзед, а дзед! Зрабі мне свісток (3. Бядуля); па-другое, з мэтай выражэння ветлівых ці сяброўскіх адносін да субяседніка: «А дзе ж, голубе, след гэтай дзічы?» — запытаў дзед Талаш (Я. Колас). Выбар пэўнай формы зваротка амаль заўсёды прама ці ўскосна ўказвае на адносіны з субяседнікам, якія абумоўлены самымі рознымі фактарамі — узроставай і сацыяльнай іерархіей, што звязвае тых, хто гаворыць, асабістымі адносінамі, эмацыянальным станам на момант гутаркі, ступенню этычнай культуры субяседнікаў і г. д. Таму зваротак з’яўляецца важным кампанентам моўнага этыкету ў дыялогу. Нярэдка ў падобнай функцыі ўжываюцца выразы тыпу «Гэй, ты!», «Мужчына з торбай!», «Жанчына ў капелюшы!» або «прабачце», «калі ласка, скажыце», што сведчыць не толькі аб агульнай моўнай культуры, але і аб тым, што ў беларускай мове адсутнічае агульнае слова-зваротак, якое мела б нейтральны характар і ў роўнай ступені падыходзіла б для любой сітуацыі.
Пабочныя канструкцыі — гэта словы, словазлучэнні і сказы, якія выражаюць адносіны таго, хто гаворыць, да зместу выказвання. Сінтаксічнай асаблівасцю пабочных канструкцый з’яўляецца іх граматычная незалежнасць ад асноўнага саставу сказа (яны не члены сказа); сувязь са сказам ажыццяўляецца па сэнсу, з дапамогай інтанацыі і парадку слоў, а зрэдку — і падпарадкавальных злучнікаў (як, што, калі, хоць), якія ў такім выпадку выконваюць функцыю часціц: Бясспрэчна, гарады цяпер не такія, як да рэвалюцыі (А. Бачыла). Яшчэ, як moil сказаў, не ўсё кончана (Я. Брыль).
Пазіцыя пабочных канструкцый у сказе вызначаецца іх значэннем: калі яны адносяцца да ўсяго саставу сказа, то размяшчаюцца ў яго пачатку ці (радзей) у канцы: Шмат вады ўцякло, як кажуць (П. Галавач); калі яны адносяцца да асобных членаў, то, як правіла, знаходзяцца побач з імі: Салдат зычным голасам закрычаў да камандзіра батальёна так, быццам быў, прынамсі, палкоўнікам (А. Карпюк).
Пабочныя канструкцыі ўключаюцца ў сказ як спадарожныя кампаненты, што змяшчаюць суб’ектыўную ацэнку выказвання.
Згодна са сваім значэннем яны могуць абазначаць: а) ступень верагоднасці (безумоўна, вядома, несумненна, праўда, напэўна, магчыма, здаеццаў б) крыніцу паведамлення (па-мойму, на ваш погляд, паводле слоў, на думку аўтара, як кажуць, як вядомаў, в) эмацыянальную ацэнку (на жаль, на шчасце, як на бяду, дзіўная справа, чаго добрага, само сабой); г) паслядоўнасць думак у выказванні (з аднаго боку, па-першае, такім чынам, у першую чаргу, перш-наперш, адным словам, у прыватнасціў д) зварот да субяседніка (звярніце ўвагу, разумееце, прыміце пад увагу, заўважце, прабачце, калі ласка, уяві сабе, ці верышў ж) спасылкі на звычайнасць або незвычайнасць фактаў (здараецца, бывала, як заўсёды, часам здараецца) і інш.
Паводле структуры сярод пабочных канструкцый вылучаюцца словы, словазлучэнні і сказы. У якасці слоў і словазлучэнняў могуць быць або мадальныя словы, што страцілі сувязь з пэўнай часцінай мовы (канечне, мабыць, магчыма, напэўна), або словы, што ў залежнасці ад сваёй функцыі выступаюць ці як член сказа, ці як пабочнае слова (галоўнае, праўда, ва ўсякім разе, адным словам). Неабходна памятаць, што члены сказа звязваюцца ў сказе з іншымі кампанентамі, а часціны мовы, што выступаюць у іх якасці, захоўваюць сваё намінатыўнае значэнне. Выступаючы як пабочнае, слова страчвае сваё намінатыўнае значэнне і выражае агульную ацэнку паведамлення; яно выдзяляецца характэрнай інтанацыяй пабочнасці: паніжэннем голасу і больш хуткім вымаўленнем слоў.
Так, слова аднак у сярэдзіне і ў канцы сказа выступае як пабочнае, а ў пачатку і сярэдзіне сказа са значэннем ‘але’ як злучнік, параўн.: Гэта, аднак, толькі здагадка і Аднак такі падыход можа выклікаць пярэчанне. Слова бадай са значэннем няпэўнасці з’яўляецца пабочным, а ў значэнні ‘амаль’, ‘чуць не’ — член сказа: Глушэц, бадай, самы стары жыхар лясоў і пушчаў (У Ягоўдзік) і Я думаў колісь — вы бадай што бог... (А. Зарыцкі). Слова нарэшце, калі абазначае парадак выкладу, паслядоўнасць, выступае як пабочнае, а ў часавым значэнні ‘пасля ўсяго, пад канец’ — акалічнасць: Слова г в ал т вядома ў беларускай мове з даўняга часу. Найболый часта яно выступала ў значэнні ‘насілле, беззаконне’, а таксама ў значэннях ‘сіла, моц’, ‘крык абратунку’, ‘згвалтаванне’. Нарэшце, на беларускай глебе семантыка слова г в а л т папоўнілася значэннямі ‘працоўная павіннасць’, ‘плата, штраф’ (Беларуская лінгвістыка) і Нарэшце мы выбіраемся на ўзвышша, якое густа зарасло лесам (В. Вольскі). Слова праўда ў значэнні несумненнасці, адпаведнасці зместу рэальнасці — пабочнае, а ў значэнні ‘на самой сгіраве’ — не пабочнае: Праўда, нешта нактталт сімпатыі да гэтага хлопца ў яго засталося і тады, пры першай сустрэчы (П. Пестрак) і Паглядзеў я на грубку, а на ёй і праўда дзве кафліны пунсавеюць, як быццам шчокі ў дзяўчыны-прыгажуні (У. Ягоўдзік).