Кароткая граматыка беларускай мовы
Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
Далучальна-заключальныя часткі афармляюць выніковае заключэнне адносна зместу галоўнай часткі. Далучальна-заключальная
частка аб’ядноўваецца з галоўнай часткай пры дапамозе састаўнога злучніка так што: Хата стаяла каля самага лесу, так што дроў хапала (Я. Колас). Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары (I. Шамякін). Хату Святлана замкнула, ключ паклала на старое месца — пад ганак, так што цяпер яна зусім вольная (Я. Васілёнак). Тут багата было алешніку і рознага другога кустоўя, так што можна было б прыхавацца ад дарогі (М. Лынькоў).
Далучальна-прычынна-выніковыя часткі паказваюць на прычыну галоўнай часткі і змяшчаюць такое паведамленне, што з’яўляецца вынікам гэтай прычыны. Далучальна-прычынна-выніковая частка аб’ядноўваецца з галоўнай часткай пры дапамозе злучальнага слова таму (размоўнае затым) і састаўнога злучніка ў выніку чаго: Яны маўчалі, таму час цягнуўся марудна (I. Мележ). Дзень па-асенняму хмуры, таму пад нагамі елак амаль вячэрні паўзмрок (I. Шамякін). Дождж на вуліцы, таму ніхто і не ідзе (Я. Васілёнак). Яму [дрэву] хацелася пабачыць сваіх дзетак, пагутарыць са сваімі роднымі, затым яно і выглядае такім задуменным і смутным (Я. Колас). Прапанова аказалася вельмі каштоўнай, у выніку чаго час апрацоўкі дэталі скараціўся амаль напалавіну (Звязда).
Сярод даданых далучальных частак, аналагічных даданым часткам пры злучальнай сувязі, вылучаюцца даданыя азначальныя часткі: У вадзе ляжаў гіпапатам, якіх і зараз досыць у Афрыцы (Я. Маўр). Высока ў небе кружыў самалёт, за якім уважліва назіралі ўсе партызаны (М. Лынькоў). Недалёка віднелася вёска, куды вяртаўся з пашы статак (С. Баранавых). Перад намі раскінуўся шырокі луг, адкуль даносіліся вясёлыя галасы касцоў (Полымя); даданыя часу: У горадзе яны прабылі амаль да вечара, пакуль не захацелася есці (Т. Хадкевіч). Дзед Патап прачнуўся рана, толькі што пачынала развідняцца (Я. Колас). Бацька прыехаў позна, калі сцямнела ўжо (I. Шамякін). Іду сабе па вуліцы, як раптам нечы голас аклікнуў мяне (К. Чорны). Знаёмства з вучнямі і гутаркі з імі занялі добрую гадзіну часу, пасля чаго быў аб’яўлены перапынак (Я. Колас); даданыя месца: Я быў на стромкім перавале, куды і хмары не дайшлі (М. Танк). Зіма застала сяброў далёка-далёка ў тайзе, адкуль і пісьма няма як паслаць (М. Ракітны); даданыя ўмовы: У брызентавым мяшку мы панясем рыбу, калі, вядома, будзе што несці (В. Вольскі). Дужа баялася яна Васіля, асабліва калі ўваходзіў ён у злосць (Я. Колас). Была адна прапанова, калі яе можна так назваць (Я. Колас); даданыя ўступальныя: Ім хочацца пабачыць Мартына Рыля і яго карабін, хоць пра гэта яны не гавораць (Я. Колас). Лугавой — чалавек злосны, хоць гэта ён хавае звычайна (I. Мележ). Просім да стала, хоць на стале ў нас убога (Я. Колас). Маці смяецца, хоць смеху не чуваць (М. Зарэцкі); даданыя параўнальныя: 3 выгляду гэта быў прыгажун-мужчына,
як часам любяць гаварыць між сабой жанкі (А. Кулакоўскі). Брыгада павінна была пераправіцца і сабрацца ў Загальскім лесе, як яны і дамовіліся з Ермаковым (I. Мележ). Я пішу куды-небудзь мой ліст, як у песні пяецца (Я. Колас). Яны адрозніваюцца ад аналагічных недалучальных частак тым, што служаць не абавязковым, а дадатковым паведамленнем адносна зместу галоўнай часткі складаназалежнага сказа. У складзе далучальных частак могуць быць указальныя займеннікі, займеннікавыя прыслоўі, асабовыя займеннікі, якія заключаюць у сабе змест галоўнай часткі (поўнасцю ці часткова), лексічныя паўторы асобных слоў з галоўнай часткі, часціцы і мадальныя словы пры злучніках, спецыфічныя сродкі сувязі — далучальныя злучнікі (у выніку чаго, пасля чаго і інш.).
Сувязь паміж галоўнай і даданай далучальнай часткамі ў складаназалежным сказе аслаблена не толькі семантычна, але і інтанацыйна. На стыку гэтых частак заўсёды існуе працяглая раз’яднальная паўза, якая папярэджвае аб наяўнасці дадатковай інфармацыі і надае структуры складаназалежнага сказа перарывісты характар. Інтаніраванне галоўнай часткі істотна адрозніваецца ад інтаніравання даданай далучальнай часткі, выразна акрэсленай зменай тону пасля раз’яднальнай паўзы. Перарывістасць структуры складаназалежных сказаў сведчыць аб нематываванасці даданай далучальнай часткі.
Даданая далучальная частка заўсёды размяшчаецца ў складаназалежным сказе пасля галоўнай часткі: Аканіца зачынена шчыльна, таму сталовая лямпа можа грэць на поўны агонь (П. Пестрак).
Складаназалежныя сказы ўскладненай будовы
Агульная характарыстыка
Складаназалежны сказ ускладненай будовы — гэта разнавіднасць складаназалежнага сказа, у структуры якога вылучаецца адзін галоўны і два ці больш даданыя сказы.
Паводле традыцыйнай класіфікацыі па спосабу сувязі галоўнага і даданых сказаў у межах складаназалежных сказаў ускладненай будовы вылучаюцца сказы з паслядоўным падпарадкаваннем, сказы з сузалежным (аднародным, неаднародным, разнародным) падпарадкаваннем, сказы са змешаным падпарадкаваннем.
Сказы з паслядоўным і сузалежным падпарадкаваннем з’яўляюцца асноўнымі структурнымі тыпамі складаназалежных сказаў ускладненай будовы. Сказы са змешаным падпарадкаваннем утвараюць камбінаваны структурны тып. У межах складаназалежных сказаў ускладненай будовы з сузалежным падпарадкаваннем, у сваю чаргу, вылучаюцца асноўныя (сказы з сузалежным аднародным
падпарадкаваннем і сказы з сузалежным неаднародным падпарадкаваннем) і камбінаваны (сказы з разнародным падпарадкаваннем) структурныя падтыпы.
Даданы сказ можа размяшчацца перад сказам, якому ён падпарадкаваны (п р э п а з і ц ы я), у сярэдзіне гэтага сказа (інтэрп а з і ц ы я) або пасля яго (п о с т п а з і ц ы я). Канструкцыі з паслядоўным, сузалежным аднародным і сузалежным неаднародным падпарадкаваннем мінімальнай будовы — адзін галоўны і два даданыя сказы — будуюцца ў адпаведнасці з базавымі (асноўнымі) структурнымі схемамі складаназалежных сказаў ускладненай будовы. Кожная з гэтых схем можа пашырацца праз далучэнне трэцяга, чацвёртага і наступных даданых сказаў.
У беларускім мовазнаўстве пытанне аб граматычнай прыродзе складанага сказа разглядаецца па-рознаму: складаны сказ разумеюць як аб’яднанне простых сказаў або як адзін сказ, які складаецца з частак. Ужыванне тэрміна ч а с т к а замест тэрміна с к а з у большасці навуковых прац па сінтаксісе беларускай мовы матываванае тым, што просты сказ, які функцыянуе як самастойная сінтаксічная адзінка ў тэксце, і просты сказ, які ўваходзіць у структуру складанага сказа, нятоесныя паміж сабой. Простыя сказы ў складаным губляюць граматычную і сэнсавую самастойнасць, і тэрмін ч а с т к а, на думку вучоных, дазваляе акрэсліць гэту адметнасць прэдыкатыўных кампанентаў складанай сінтаксічнай канструкцыі.
На сённяшні дзень катэгарычнасць у выбары аднаго з двух тэрмінаў (ч а с т к а або с к а з) падаецца немэтазгоднай. Усё часцей у славянскім мовазнаўстве гэтыя тэрміны асэнсоўваюцца як узаемазамяняльныя. У радзе выпадкаў перавага аддаецца тэрміну с к а з. Галоўны сказ і даданыя сказы ў структуры складаназалежнага сказа ўскладненай будовы ў такім выпадку разглядаюцца як састаўныя часткі (ка м па н е нты) канструкцыі.
Такі тэрміналагічны падыход асабліва актуальны пры структурным (фармальным) падыходзе да аналізу сінтаксічных адзінак. Нягледзячы на граматычную і сэнсавую несамастойнасць, простыя сказы ў складаным паводле сваёй структуры застаюцца менавіта сказамі, не трансфармуючыся ў іншыя сінтаксічныя адзінкі (напрыклад, адасобленыя члены сказа). Калі ж у выніку аб’яднання двух простых сказаў такая трансфармацыя адбываецца, складаны сказ не ўтвараецца.
Выбар у гэтым раздзеле тэрмінаў галоўны с к а з і д а д a н ы с к а з замест больш звыклых галоўная частка і д a даная частка абумоўлены ў немалой ступені арыентаванасцю на выяўленне фармальных сінтаксічных структур у межах розных тыпаў складаназалежных сказаў ускладненай будовы.
Структура складаназалежных сказаў ускладненай будовы з паслядоўным падпарадкаваннем
Паслядоўнае падпарадкаванне — адзін з асноўных спосабаў сувязі галоўнага і даданых сказаў. Сутнасць яго заключаецца ў тым, што галоўнаму сказу падпарадкоўваецца даданы, якому падгіарадкоўваецца іншы даданы. Даданы сказ, падпарадкаваны галоўнаму сказу, называецца даданым I ступені, даданы сказ, залежны ад даданага I ступені, называецца даданым II ступені.
Пры паслядоўным падпарадкаванні галоўны і даданыя сказы ўтвараюць сістэму залежнасцей, адлюстраваную на мал. 1.
Схема на мал. 1 абстрагаваная ад канкрэтнага размяшчэння галоўнага і даданых сказаў адносна адзін аднаго і аднолькава рэалізуецца ў кожным з наступных прыкладаў: Я слухала яго ўспаміны і думала, што нельга перашкаджаць чалавеку любіць тое, да чаго імкнецца яго душа (Л. Хейдарава). Менавіта на старонках, дзе ўзнаўляецца сялянскае жыццё братоў Грыгарцэвічаў у гады, калі над іх моцнай гаспадаркай навісла пагроза балыйавісцкіх рэпрэсій, і выяўляецца навізна аўтарскага погляду на мінулае (М. Тычына). Калі нехта хоча, каб яго лічылі добрым, — хай робіць добрыя справы (У. Караткевіч).
Даданыя сказы пры паслядоўным падпарадкаванні могуць адрознівацца паводле сінтаксічнай функцыі, а могуць мець аднолькавую сінтаксічную функцыю, што ілюструюць наступныя прыклады: Гартаю час здалёку, зблізку, каб адшукаць той даўні дзень, калі пад спевы над калыскай пазнаў я пах смалістых сцен (П. Броўка). Тут былі бастыённыя збудаванні, якія абаранялі замак, што ў XI— XVII стагоддзях стаў новым цэнтрам горада (I. Багдзевіч).
Незалежна ад таго, аднолькавую ці розныя функцыі выконваюць даданыя сказы, ужыванне аднолькавых злучнікаў або аманімічных злучнікаў і злучальных слоў стылістычна заганнае. Напр.: Тэрэза Янаўна, як заварожаная, глядзела на хмару, што паволі насоўвалася на іхнюю вёсачку, што дажывала апошнія дні (М. Даніленка). Смерць незнаёмай Галі так усхвалявала Лазаковіча, што ён абыякава
Ма.’і. 1. Сувязь галоўнага і даданых сказаў у складаназалежным сказе ўскладненай будовы з паслядоўным падпарадкаваннем: СЗСУ — складаназалежны сказ ускладненай будовы; ГС — галоўньі сказ; ДС, — даданы сказ I ступені; ДС2 — даданы сказ II ступені; стрэлка накіравана да падпарадкаванага элемента