Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Кароткая граматыка беларускай мовы

Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
77.91 МБ
слухаў і Барадача, і тых, шпю, сустракаючыся, гаварылі пра свае хваробы і лекі (Я. Сіпакоў).
У канструкцыях з паслядоўным падпарадкаваннем размяшчэнне даданага I ступені ў прэ-, інтэрці постпазіцыі адносна галоўнага сказа вызначае размяшчэнне ўсяго ланцужка даданых у структуры складаназалежнага сказа ўскладненай будовы. Даданы II ступені падпарадкоўваецца аднаму з членаў сказа даданага I ступені, займае прэабо постпазіцыю адносна апорнага элемента і размяшчаецца ў інтэрці постпазіцыі адносна даданага I ступені. Прэпазіцыя даданага II ступені фармальна немагчымая, таму што гэты сказ не можа папярэднічаць падпарадкавальнаму злучніку або злучальнаму (адноснаму) слову даданага I ступені. Напр.: Так і асталася маці адна ў гэтай цеснай хаце, якая, колькі мы яе ні падымаем, усё роўна ўязджае і ўязджае ў зямлю (Я. Сіпакоў). Прэпазіцыя немагчымая таксама для даданых III, IV і наступных ступеней.
Асаблівасці ўзаемаразмяшчэння галоўнага сказа, даданага I ступені і даданага II ступені адлюстроўваюць шэсць структурных схем:
1)	даданы I ступені — у постпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у постпазіцыі адносна даданага I ступені;
2)	даданы I ступені — у прэпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у постпазіцыі адносна даданага I ступені;
3)	даданы I ступені — у постпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у інтэрпазіцыі адносна даданага I ступені;
4)	даданы I ступені — у інтэрпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у постпазіцыі адносна даданага I ступені;
5)	даданы I ступені — у інтэрпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у інтэрпазіцыі адносна даданага I ступені;
6)	даданы I ступені — у прэпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у інтэрпазіцыі адносна даданага I ступені.
He ўсе структурныя разнавіднасці складаназалежных сказаў ускладненай будовы з паслядоўным падпарадкаваннем з’яўляюцца прадуктыўнымі, аднак усе яны рэалізуюцца ў мове. Пашырэнне схем даданымі III, IV і наступных ступеней абмяжоўваецца радам фактараў, сярод якіх — размяшчэнне даданага сказа (даданых сказаў) у прэабо інтэрпазіцыі.
Даданы I ступені — у постпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у постпазіцыі адносна даданага I стуііені: Дзяўчына гатова была праваліцца скрозь зямлю, калі трэба было выйсці і сказаць, што яна — новы стараста (У. Гаўрыловіч). Радзіма — смелая іскрынка жару, што грэе смутку ззяблыя далоні, каб даляглядзіцца шырэй абшару і заставацца ў мроблівым палоне (Р. Барадулін).
Такі парадак размяшчэння галоўнага і даданых сказаў называецца прамым і рэалізуецца ў большасці складаназалежных ускладненых сказаў з паслядоўным падпарадкаваннем.
Дадзеная структурная схема лёгка можа быць пашырана даданымі III, IV і наступных ступеней: Густы пругкі вецер упіраўся ў грудзі, штурхаў, нібы хацеў, каб людзі ішлі туды, куды ім загадана ісці (X. Шашкоў). Мы можам упэўнена гаварыць, што ў Тураве назаўсёды замацаваліся нашчадкі Юрыя Яраславіча, звесткі аб якім губляюцца з 1162 г., калі ён хутчэй за ўсё памёр, бо пад гэтай датай упамінаецца яго сын Святаполк Юрёвіч як тураўскі князь (М. Ермаловіч). I ўся дарога прад табой, як цень ад крыжа, што застаўся недзе там, калі пачаўся твой вандроўны дзень і міг, калі ты свой пакінуў Храм, каб праз агонь праіісці і праз ваду і зразумець, што ты яшчэ не жыў, не бачыў, як цярноўнікі цвітуць на тым, табой пакінутым, крыжы... (В. Шніп).
Назіранні сведчаць аб існуючай у мове тэндэнцыі да дамінавання канструкцый з двума-трыма паслядоўна падпарадкаванымі даданымі сказамі. Павелічэнне колькасці даданых сказаў можа прыводзіць да ўтварэння грувасткіх, цяжкіх для ўспрымання або неадназначных канструкцый. Акрамя таго, абмежаваннем колькасці даданых сказаў у канструкцыях, пабудаваных згодна з дадзенай структурнай схемай, з’яўляецца аб’ём аператыўнай памяці чалавека, які вызначаецца лічбай 7±2. Гэта значыць, непажадана, каб агульная колькасць простых сказаў у складаным перавышала рубеж, роўны дзевяці.
Даданы I ступені — у прэпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у постпазіцыі адносна даданага I ступені: Калі разведка паведаміла Вашынгтону, што брытанцы пераадолелі раку і набліжаюцца да лагера, ён спалохаўся і загадаў адступаць (Я. Конеў). Хто аддае ніўцы, што яна родзіць, той да суседа па хлеб не ходзіць (Прыказка).
Дадзеная сінтаксічная структура звычайна не пашыраецца даданымі III, IV і наступных ступеней. I тэарэтычна, і практычна такое пашырэнне магчымае, але непажаданае. Абмежаванне колькасці даданых сказаў узнікае на структурным узроўні і звязана з характарам узаемнага размяшчэння галоўнага і даданых сказаў. Падпарадкаванне кожнага новага даданага сказа прыводзіць да павелічэння дыстанцыі паміж даданым 1 ступені і галоўным сказам. У выніку сувязь паміж імі ўсведамляецца менш выразна, што адмоўна ўплывае на ўспрыманне зместу сказа. Таму ў моўнай практыцы прыклады з трыма паслядоўна падпарадкаванымі даданымі сказамі ў прэпазіцыі да галоўнага сустракаюцца спарадычна, напр.: Калі ў маладых у ЗАГСе ці на вяселлі пытаюцца, ці вераць яны, што іх каханне будзе працягвацца ўсё жыццё, то амаль 100 працэнтаў з іх адказвае станоўча (В. Кавалёў).
Даданы I ступені — у постпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у інтэрпазіцыі адносна даданага I ступені: Ён сядзеў
у прыцемку і сачыў, як бярвянае сонца, унутры якога нешта пералівалася, сядала ў спакойную плынь (У. Караткевіч). Далей нейкі час ішлі моўчкі, бо Кобцаў, зразумеўшы, што закрануў у гаворцы для Багушэвіча балючае, таксама замаўчаў (В. Хомчанка).
У межах гэтай базавай структурнай схемы даданы II ступені падзяляе даданы I ступені на дзве часткі. Павелічэнне колькасці даданых у інтэрпазіцыі вядзе да павелічэння разрыву паміж гэтымі часткамі, што адмоўна ўплывае на даступнасць і адназначнасць успрымання складанага сказа. Таму звычайна ў такіх канструкцыях даданы II ступені заканчвае ланцужок даданых сказаў. Адхіленні ад гэтай агульнай тэндэнцыі сустракаюцца ў мове вельмі рэдка.
Размяшчэнне ў інтэрпазіцыі да аднаго і таго ж сказа двух даданых структурна абмежаванае і тады, калі ў інтэрпазіцыі да галоўнага сказа знаходзіцца даданы I ступені з падпарадкаваным яму даданым II ступені, што адпавядае наступнай структурнай схеме.
Даданы I ступені — у інтэрпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у постпазіцыі адносна даданага I ступені: Каля вогнішча, на самым вялікім камені, на якім заўсёды сядзеў камандзір, калі нешта абмяркоўваў са сваім штабам, цяпер, закінуўшы нага на нагу, па-гаспадарску ўладкавалася бялявая жанчына, апранутая ў гэткую, як і ўсе, плямістую зялёную форму вайсковага крою (В. Праўдзін). Настаўнікі, якія насцярожана і зацікаўлена назіралі за імі і не ведалі, як сябе паводзіць у гэтай няёмкай сітуацыі, пасля яе слоў таксама пачалі шчыра ўсміхацца і самі кінуліся віншаваць Уладзіміра Піліпавіча (Я. Сіпакоў).
Размяшчэнне абодвух даданых сказаў у сярэдзіне галоўнага стварае некалькі абцяжараную канструкцыю, таму такія сказы сустракаюцца нячаста. Разам з тым, да ліку непрадуктыўных гэту структуру аднесці нельга. Звычайна яна не пашыраецца іншымі даданымі, бо гэта можа значна ўскладніць успрыманне ўсёй канструкцыі, як у наступным прыкладзе: Ганна і Катажына, напэўна, наогул ніколі не пайшлі б да алтара <...> Аднак, на іх шчасце, тая атмасфера недаверу / нянавісці да маці, якую стварыў у сваім паллцы іх брат, што замяніў на польскім каралеўскім прастоле нябожчыка-бацьку пасля таго, як Бона атруціла яго каханую жонку Барбару Радзівіл, пры.мусіла старую каралеву пакінуць Полыйчу і вярнуцца на радзіму, у Італію (М. Багадзяж).
Сведчаннем таго, што размяшчэнне паслядоўна падпарадкаваных даданых сказаў у інтэрпазіцыі да галоўнага абцяжарвае сінтаксічную канструкцыю, з’яўляецца паўтор апорнага слова, напр.: Праўда, Марта, якая наўмысна гучна рыпела дзверцамі шафаў, бязладна запіхваючы назад тое, што я так жорстка выкінуў на падлогу, — Марта раз-пораз нагадвала мне пра сваю рэальнасць і вяртала мяне на зямлю (А. Бахарэвіч). Паўтор дзейніка ў гэтым прыкладзе
садзейнічае мінімізацыі негатыўных наступстваў ад інтэрпазіцыйнага размяшчэння даданых сказаў.
Інтэрпазіцыя даданых сказаў да галоўнага можа быць звязана з наяўнасцю ў галоўным сказе аднародных членаў, адзін з якіх выступае ў ролі апорнага элемента для даданага I ступені: Прачытаўшы ліст, Людвіка ўявіла, што здарыцца, калі бацька даведаецца пра яе каханне да Касцюшкі, і зніякавела ад страху (Я. Конеў). У гэтым прыкладзе даданы I ступені залежыць ад дзеяслова ўявіла, які разам з дзеясловам зніякавела складае рад аднародных выказнікаў. Апушчэнне дзеяслова зніякавела і залежных ад яго членаў сказа прыводзіць да ўтварэння канструкцыі Прачытаўшы ліст, Людвіка ўявіла, шпю здарыцца, калі бацька даведаецца пра яе каханне да Касцюшкі. Абодва даданыя сказы аказваюцца ў постпазіцыі да галоўнага сказа, што адпавядае першай з разгледжаных структурных схем сказаў з паслядоўным падпарадкаваннем. Такія канструкцыі ўспрымаюцца лягчэй, чым тыя, у якіх інтэрпазіцыя даданых не абумоўлена наяўнасцю аднародных членаў.
Даданы I ступені — у інтэрпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у інтэрпазіцыі адносна даданага I ступені: Палачане, добра разумеючы, што кіеўскія князі, якія завязлі ў барацьбе паміж сабою за ўдзелы, не прыйдуць на дапамогу Святаполку, рашылі пазбавіцца ад яго (М. Ермаловіч).
Сказы гэтага тыпу ў моўнай практыцы рэалізуюцца надзвычай рэдка, а значыць, дадзеная структурная схема адносіцца да ліку непрадуктыўных. Павелічэнне колькасці даданых у межах схемы непажаданае.
Даданы I ступені — у прэпазіцыі адносна галоўнага сказа; даданы II ступені — у інтэрпазіцыі адносна даданага I ступені: Калі вялікі, дзесяцімільённы беларускі карод, які, я веру, зусім не вычарпаў сваіх патэнцыяльных магчымасцей, зробіць крок наперад у сваім культурным развіцці, то гэта толькі на дабро (Н. Гілевіч). Дадзеная структура, як і папярэдняя, адносіцца да непрадуктыўных. Колькасць даданых сказаў у такіх канструкцыях структурна абмежаваная.
Такім чынам, магчымасці пашырэння базавых структурных схем паслядоўнага падпарадкавання абмежаваныя дзейнасцю лінгвістычных і экстралінгвістычных фактараў. Да ліку апошніх адносяцца: а) ступень даступнасці складанага сказа для разумення; б) адназначнасць / неадназначнасць успрымання канструкцыі; в) магчымасці аператыўнай памяці чалавека.