Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Кароткая граматыка беларускай мовы

Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
77.91 МБ
Сувязь, якая існуе паміж прэдыкатыўнымі часткамі бяззлучнікавых складаных сказаў, мае злучальны і далучальны характар. Пры злучальнай сувязі прэдыкатыўныя часткі цесна звязаны паміж сабой, маюць аднатыпны або разнатыпны характар і вымаўляюцца пералічальнай, супастаўляльнай ці паясняльнай інтанацыяй з раўнамерным або нераўнамерным тонам і працяглай паўзай на стыку гэтых частак (падобнае інтанаванне лічыцца неперарывістым). Пры далучальнай сувязі прэдыкатыўныя часткі бяззлучнікавага складанага сказа слаба звязаны паміж сабой, маюць разнатыпны характар і вымаўляюцца ўдакладняльна-развівальнай інтанацыяй з розным па вышыні тонам і працяглай паўзай на стыку гэтых частак (падобнае інтанаванне лічыцца перарывістым).
Пры злучальнай сувязі ў залежнасці ад структуры і значэння прэдыкатыўныя часткі бяззлучнікавых складаных сказаў падзяляюцца на аднатыпныя і разнатыпныя. Аднатыпныя часткі вызначаюцца аднароднасцю сінтаксічнага значэння, паралелізмам будовы і адносна раўнамернай па вышыні тону інтанацыяй. Да іх адносяц-
ца спалучальныя (пералічальныя) і супастаўляльныя часткі. Разнатыпныя часткі характарызуюцца разнароднасцю сінтаксічнага значэння, адсутнасцю паралелізму будовы і нераўнамернай па вышыні тону інтанацыяй. Да іх адносяцца дзейнікавыя, выказнікавыя, азначальныя, дапаўняльныя і акалічнасныя часткі.
Пры далучальнай сувязі выдзяляюцца далучальна-азначальныя, далучальна-дапаўняльныя, далучальна-паясняльныя, далучальнавылучальныя, далучальна-выясняльныя і далучальна-заключальныя часткі.
Бяззлучнікавыя складаныя сказы са спалучальнымі (пералічальнымі) часткамі
Паміж спалучальнымі (пералічальнымі) часткамі бяззлучнікавых складаных сказаў выражаюцца адносіны адначасовасці або сумеснасці і адносіны паслядоўнасці. У бяззлучнікавых сказах з адносінамі адначасовасці або сумеснасці паведамляецца аб з’явах і падзеях, якія адбываюцца ці існуюць сумесна ў адзін і той жа момант. Асноўная роля ў выражэнні гэтых адносін належыць трывальна-часавым суадносінам выказнікаў прэдыкатыўных частак. Пры афармленні адносін адначасовасці выказнікі ўжываюцца ў адной часавай форме — цяперашняга, прошлага ці будучага часу: Стаяць паабапал заасфалыпаванай дарогі старасвецкія, крытыя саломай хаты, на агародах узвышаюцца вялізныя разгалістыя грушы-дзічкі, гуляюць у дварах малыя (I. Навуменка). Сіняя ноч стаяла каля драўляных сцен, вільготны снег паволі падаў на белую зямлю (К. Чорны). Будзе гай на гары гаманіць, будзе плакаць у лузе каліна (П. Трус).
Адносіны адначасовасці складваюцца паміж прэдыкатыўнымі часткамі, якія маюць форму аднасастаўных сказаў (безасабовых, інфінітыўных ці намінатыўных), дзе галоўныя члены сказа выражаны інфінітывамі, безасабова-прэдыкатыўнымі словамі ці назоўнікамі: Прасторна дыхаць грудзям акіяна, прывольна рэкам бегчы адсюль (У. Хадыка). Нявесела ў хаце, трывожна ў сяле (Я. Колас). Непраглядная асенняя ноч, глухі шум дажджу (М. Лынькоў). Голыя ліпы і клёны, грабы і вязы; амаль што голыя лістоўніцы; касатыя бярозы (Я. Брыль).
Трывальныя адносіны выказнікаў паказваюць на ступень паўнаты супадзення ў часе абазначаных імі дзеянняў або станаў. Калі выказнікі выражаны дзеясловамі аднаго трывання, то супадзенне дзеянняў або станаў поўнае. Калі выказнікі выражаны дзеясловамі розных трыванняў, то супадзенне дзеянняў або станаў частковае (дзеянні або станы супадаюць толькі ў пэўны адрэзак часу): Свісне коска ў тваёй сенажаці, бразне серп на загоне паспелым (Я. Купа-
ла). Свяціў месяц, блішчалі зоры (I. Гурскі). Будзе жыта красавацца, проіідуць песні па сяле (П. Броўка). Сцелюцца цэлы дзень росы, вечны цень спіць на зямлі, бледныя сонцавы косы выглянуць рэдка калі (Я. Купала).
У бяззлучнікавых сказах з адносінамі паслядоўнасці паведамляецца аб з’явах і падзеях, якія адбываюцца або размяшчаюцца адны за другімі. Паслядоўнасць з’яў ці падзей звычайна перадаецца ў плане аднаго часу або розных часоў і афармляецца трывальна-часавымі суадносінамі выказнікаў прэдыкатыўных частак і іншымі лексіка-граматычнымі сродкамі. Калі выказнікі ўжываюцца ў адным і тым жа часавым плане, адносіны паслядоўнасці вызначаюцца парадкам прэдыкатыўных частак і лексічным значэннем слоў, што выступаюць у функцыі выказнікаў: Канчаецца ноч, затуманены, клапапілівы і заклапочаны з’яўляецца дзень (К. Чорны). Знікла снежная імгла, праясніўся далягляд (П. Пестрак). Адшуміць лістападам восень, прымчыцца са сцюдзёнымі вятрамі і завеямі зіма (А. Васілевіч).
Асабліва выразна праяўляецца паслядоўнасць з’яў і падзей у тым выпадку, калі выказнік першай прэдыкатыўнай часткі выражаны дзеясловам закончанага трывання, выказнік другой часткі — дзеясловам незакончанага трывання: Дождж прашумеў на пачатак, узыходзіла сонца ў сотні вясёлак (А. Куляшоў). Знікла трывога, душа напаўнялася радасцю (К. Чорны).
Калі выказнікі ўжываюцца ў розных часавых планах, адносіны паслядоўнасці выражаюцца трывальна-часавымі адносінамі гэтых выказнікаў. Выказнікі могуць мець формы прошлага і цяперашняга часу, прошлага і будучага часу, цяперашняга і будучага часу: Зацвілі ў травах кветкі лугавыя, салаўі спяваюць звонка над ракой (А. Русак). Далёка над лесам неба пачало ружавець, хутка ўзыдзе сонца (Я. Маўр). Звонка свішчуць шпакі, неўзабаве з’явяцца шчабятлівыя ластаўкі (3. Бядуля).
Бяззлучнікавыя складаныя сказы са спалучальнымі (пералічальнымі) часткамі маюць адкрытую структуру. У гэтых сказах могуць аб’ядноўвацца дзве і больш прэдыкатыўныя часткі рознай будовы: Залатое жыта зжата, дажынаецца авёс (К. Буйло). На акне перад пісьмовым сталом для яе |вавёркіІ заўсёды была насыпана горбачка сланечнікавых семак, ляжаў драбок цукру і цвёрды, знарок засушаны пернік (Я. Брыль). Зарыпелі вароты хлявоў, загрукалі, заляскалі весніцы, брамкі (В. Казько). Спадала гарачыня, гусцелі фарбы наваколля, духмяна пахла лугавой травой і ўгрэтай зямлёй (А. Варановіч). У гэты дзень зямля спявала, калоссе морам зашумела, ясней і сонца нам заззяла, грамчэй і песня зазвінела (А. Русак). Высока зоры ружавеюць, лятуць буслы над Шляхам Млечным, з лагчыны цёплы вецер вее, над пожняй ціхі летні вечар (П. Глебка).
Бяззлучнікавыя складаныя сказы з супастаўляльнымі часткамі
Паміж супастаўляльнымі часткамі бяззлучнікавых складаных сказаў выражаюцца ўласна супастаўляльныя, супраціўныя, неадпаведнасці і параўнальна-супастаўляльныя адносіны.
У бяззлучнікавых сказах з уласна супастаўляльнымі адносінамі паведамляецца пра з’явы і падзеі, паміж якімі існуе звычайнае адрозненне. Асноўная роля ў выражэнні гэтых адносін належыць лексіка-граматычнаму значэнню супастаўляльных членаў сказа, інтанацыі і парадку слоў у прэдыкатыўных частках. Супастаўляльныя члены сказа звычайна вылучаюцца лагічным націскам і выражаюцца словамі, якія маюць рознае лексічнае значэнне. Часцей за ўсё ў аснове супастаўлення знаходзяцца дзеянні (станы, адзнакі), абазначаныя выказнікамі прэдыкатыўных частак. Супастаўленне дзеянняў (станаў, адзнак) суправаджаецца адначасовым супастаўленнем іх суб’ектаў або аб’ектаў ці акалічнасцей, якія абазначаюцца дзейнікамі, дапаўненнямі і акалічнасцямі прэдыкатыўных частак: Вочы — сінія крыніцы, вусны — спелыя суніцы, косы — кужаль залаты (П. Панчанка). Генерала цанілі, дывізію хвалілі (1. Мележ). У кавылях гуляе вецер звонкі, у полі ходзяць рупныя ратаі (А. Звонак). Калі выказнікі прэдыкатыўных частак абазначаюць адно дзеянне (стан, адзнаку), у аснове супастаўлення знаходзяцца члены сказа, якія адрозніваюцца сваім значэннем: Ты мяне больш не спірэла, я цябе больш не стрэў (Я. Купала). На вакзале стаяць цягнікі, нп прыстанку стаяць параходы (П. Глебка).
У складаных бяззлучнікавых сказах з уласна супастаўляльнымі адносінамі аб’ядноўваюцца звычайна дзве прэдыкатыўныя часткі, іншы раз могуць аб’ядноўвацца тры і больш прэдыкатыўныя часткі: Хлопчыку было сем год, дзяўчынцы — каля пяці (П. Галавач). У той год свіран хлеба згарэў, летась лугі заліло, цяпер ячмень з зямлі не вылез (Э. Самуйлёнак). Лес махае галавою, дуб, нахмурыўшыся, спіць, вольха тэпча з лешчыною, беразняк густы смяшыць (Цётка).
Бяззлучнікавыя сказы з супраціўнымі адносінамі змяшчаюць паведамленні пра з’явы і падзеі, якія супрацьпастаўляюцца паміж сабой. Асноўным сродкам выражэння супраціўных адносін з’яўляюцца лексіка-граматычньгя значэнні суадносных членаў прэдыкатыўных частак, якія маюць антанімічны характар. Ролю такіх членаў сказа звычайна выконваюць выказнікі, якія абазначаюць розныя дзеянні (станы, адзнакі). Пры супрацьпастаўленні дзеянняў (станаў, адзнак) адначасова супрацьпастаўляюцца звязаныя з імі суб’екты, аб’екты ці акалічнасці, абазначаныя адпаведнымі
членамі прэдыкатыўных частак —■ дапаўненнямі ці акалічнасцямі: Працы многа, часу мала (I. Шамякін). Чалавек не гнецца, чалавек дамагаецца свайго (К. Чорны). Сціхла гамонка жалеза — пачалася гамонка людзей (Я. Скрыган). Кабінеты цяпер не стаяць на замку — адчыняюцца ветла дубовыя дзверы (П. Глебка).
У бяззлучнікавых сказах з адносінамі неадпаведнасці паведамляецца пра з’явы і падзеі, якія не адпавядаюць адны другім. Асноўным сродкам выражэння адносін неадпаведнасці з’яўляюцца лексіка-граматычныя значэнні выказнікаў (часам у спалучэнні з іншымі членамі сказа) або агульны сэнс усіх тых слоў, што ўваходзяць у склад кожнай з прэдыкатыўных частак: Якуб пастукаў кулаком у дзверы — з сярэдзіны не чуваць было ні гуку (К. Крапіва). Андрэй усё хацеў зрабіць сам — не атрымалася (М. Зарэцкі). Ён спрабаваў гукаць — ніхто не адказвае (П. Броўка).
Бяззлучнікавыя складаныя сказы з параўнальна-супастаўляльнымі адносінамі змяшчаюць паведамленні пра з’явы і падзеі, якія не толькі супастаўляюцца, але і параўноўваюцца паміж сабой. Параўнальна-супастаўляльныя адносіны вызначаюцца на аснове лексіка-граматычнага значэння ўсіх членаў, якія знаходзяцца ў складзе кожнай з прэдыкатыўных частак. Параўнальнае супастаўленне дзеянняў, станаў, адзнак, абазначаных выказнікамі прэдыкатыўных частак, заўсёды суправаджаецца супастаўленнем звязаных з імі суб’ектаў, аб’ектаў і акалічнасцей, якія выражаны адпаведнымі членамі сказа — дзейнікамі, дапаўненнямі і акалічнасцямі: Перастала каліна ў цвяточкі ўбірацца; перастала дзяўчына з ненаглядным страчацца (Я. Купала). Святло касмічным пылам рассыпалася ў зале, — ты рукі апусціла на клавішы раяля (М. Танк). He вятрыска з поўначы павявае — ціха сон у камору ўступае (М. Багдановіч).