Кароткая граматыка беларускай мовы Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.

Кароткая граматыка беларускай мовы

Сінтаксіс. У 2 ч. Ч. 2.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 240с.
Мінск 2009
77.91 МБ
вам у асабовай форме з адмоўем we: He паспеў чалавек абжыцца на новым месцы — зноў давялося пераязджаць (К. Чорны). Жонка толькі паспела ахнуць — Максім перавярнуў кошык уверх дном (П. Пестрак). He прайшло і гадзіны — у сваё гняздо вярнуліся буслы (В. Вітка).
Бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх выражаюцца розныя віды акалічнасных адносін, маюць закрытую структуру. Яны ўтвораны ў выніку аб’яднання дзвюх прэдыкатыўных частак, якія могуць мець форму двухсастаўных і аднасастаўных, поўных і няпоўных сказаў: Луг заліўся галасамі: да яго ва ўсе канцы выйшлі стройнымі радамі загарэлыя касцы (П. Глебка). Было цёмна, нічога нельга было разгледзець (М. Лынькоў). Вочы настаўніка засвяціліся радасцю: новая перамога! (3. Бядуля). Кацярына ў трывозе, па начах яна не спіць (П. Броўка). Звечара за ракой даволі доўга чуваць было натужлівае, з перапынкамі, гудзенне матора: грузавік змагаўся недзе з гразкаю лагчынай (Я. Брыль).
Бяззлучнікавыя складаныя сказы з далучальнымі часткамі
У бяззлучнікавых складаных сказах з далучальнымі часткамі могуць выражацца далучальна-азначальныя, далучальна-дапаўняльныя, далучальна-паясняльныя, далучальна-вылучальныя, далучальна-выясняльныя і далучальна-заключальныя адносіны.
У бяззлучнікавых сказах з д ал у ч а л ьна а з н а ча л ь нымі адносінамі другая прэдыкатыўная частка характарызуе першую частку, вызначаючы ролю, прызначэнне, якасць таго, пра што ў ёй гаворыцца. Асноўная роля ў выражэнні гэтых адносін належыць указальным займеннікам гэты, той, такі і ўказальным прыслоўям так, гэтак, якія заўсёды знаходзяцца ў другой прэдыкатыўнай частцы і служаць найбольш важнымі паказчыкамі названых адносін. Пры гэтым другая частка можа азначаць усю першую частку або паасобныя яе члены. Калі далучальная частка азначае ўсю першую прэдыкатыўную частку, то займеннік гэта і прыслоўі так, гэтак, знаходзячыся ў структуры далучальнай часткі, выконваюць умяшчальную функцыю (умяшчаюць у сабе змест першай прэдыкатыўнай часткі): Я быў тады малады і вельмі гарачы, гэтым і тлумачыцца зроблены мной учынак (Б. Мікуліч). Размова заканчвалася спрэчкай, так было заўсёды (М. Зарэцкі). Добра ў яго выходзіла, гладка, я гэтак ніколі не расказаў бы (А. Кулакоўскі). Калі далучальная частка азначае паасобныя члены сказа першай прэдыкатыўнай часткі, то займеннікі гэты, той, такі выконваюць замяшчальную функцыю: яны спалучаюцца з азначаемымі членамі сказа, якія паўтараюцца ў далучальнай частцы, і адцяняюць іх змест: Апошнія словы Волька сказала гнеўна, гнеў гэты з’явіўся ў яе нечака-
на (К. Чорны). Апалае лісце ціха шапацела пад нагамі, у тым шапаценні — сум па леце (А. Васілевіч).
У бяззлучнікавых сказах з далучальна-дапаўняльным і адносінамі далучальная частка змяшчае паведамленне, што дапаўняе або ўдакладняе змест аднаго з членаў першай прэдыкатыўнай часткі. Асноўная роля ў выражэнні гэтых адносін належыць парадку слоў і лексіка-граматычнаму значэнню дапаўнялызага або ўдакладняльнага члена сказа першай часткі, які ў змененай ці нязменнай форме паўтараецца ў далучальнай частцы і выдзяляецца інтанацыйна. Такі член сказа ў першай прэдыкатыўнай частцы часцей за ўсё выражаецца назоўнікам, а ў далучальнай частцы пры паўтарэнні замяняецца формай іншага склону назоўніка або займеннікам у форме таго ж ці іншага склону: Там быў млын, у млыне працавала наймічка Люба Лук’янская (К. Чорны). Мы жывём у зямлянках, зямлянка — не дом (А. Куляшоў). Неўпрыкметку надышло жнівеньскае світанне — яно нечакана пранізала ноч і пагнала рэшткі цемры ў лагчыны і раўчакі (Т. Хадкевіч). На вуліцы Лясніцкі сустрэў Макрыну — яна ішла ад калодзежа з поўнымі вёдрамі (М. Зарэцкі). Зрэдку дапаўняльны або ўдакладняльны член сказа выражаецца дзеясловам-выказнікам у першай прэдыкатыўнай частцы. Пры паўтарэнні ў далучальнай частцы ад яго ўтвараецца назоўнік, які выконвае функцыю дзейніка: Навокал шумяць векавыя сосны, шум нудны, таемны (П. Галавач). Звоняць шыбы; звон — ясны, халодны (М. Танк).
У бяззлучнікавых сказах з далучальна-паясняльн ы м і адносінамі далучальная частка паясняе і раскрывае змест першай прэдыкатыўнай часткі. Гэтыя адносіны заўсёды вызначаюцца на аснове агульнага зместу ўсіх слоў, што ўваходзяць у склад кожнай часткі. Асабліва выразна характар адносін праяўляецца тады, калі ў пачатку далучальнай часткі знаходзіцца ўказальная часціца гэта (то), якая мае абагульняльнае значэнне: Далей, на самым небасхіле, стаялі нізкія зубчатыя аблачынкі — гэта пачынаўся горны ланцуг (Т. Хадкевіч). Конскія капыты паблісквалі срэбрам — то ляцела насустрач бязмежная і бясконцая дарога (М. Лынькоў). Калі ў далучальнай частцы ўказальная часціца адсутнічае, характар далучальна-паясняльных адносін праяўляецца менш выразна: Пабудзіў яго жаночы голас; нейкая жанчына нараспеў гаварыла просьбу (К. Чорны). Пакрыліся пожні зялёнай травою, вясна нас вітае сваёю красою (П. Броўка).
У бяззлучнікавых сказах з да лу чал ьна в ы л у ч ал ь н ы мі адносінамі далучальная частка служыць для выдзялення і падкрэслівання чагосьці важнага са зместу або звязанага са зместам першай прэдыкатыўнай часткі. Гэтыя адносіны вызначаюцца на аснове зместу прэдыкатыўных частак або асобных членаў, якія
знаходзяцца ў далучальнай частцы і выдзяляюцца сэнсава і інтанацыйна. Пры такіх членах сказа звычайна ўжываюцца часціцы асабліва, нават, якія надаюць значэнню выдзялення пэўную ступень катэгарычнасці: Усё жывое радавалася цёпламу дню, асабліва расшчабяталіся птушкі (Я. Маўр). Андрэй адразу стаў сур’ёзны, нават на твары яго мільгануў лёгкі цень замяшання (М. Зарэцкі).
У бяззлучнікавых складаных сказах з д ал у ч а л ь н a в ы ясняльнымі адносінамі далучальная частка змяшчае паведамленне, якое раскрывае сутнасць або ўнутраны сэнс таго, пра што гаворыцца ў першай прэдыкатыўнай частцы. Змест далучальнай часткі з’яўляецца як бы вынікам, які не выводзіцца непасрэдна са зместу папярэдняй часткі, а служыць дадатковым паведамленнем да яго. Адзначаная асаблівасць абумоўлена адсутнасцю ў першай частцы такіх членаў сказа, якія б паказвалі на прамую падставу ўзнікнення таго, пра што гаворыцца ў далучальнай частцы. Асноўная роля ў выражэнні далучальна-выясняльных адносін належыць лексіка-граматычнаму значэнню слоў, якія ўжываюцца ў функцыі выказнікаў прэдыкатыўных частак: Цярэшка глядзіць у акно: дахі абтрушаны снегам (3. Бядуля). Паглядзіце на нашы сады — наліўныя плады сабіраюць садоўніка рукі (П. Панчанка). Я расплюшчваю вочы — угары галлё дуба (I. Шамякін).
У бяззлучнікавых сказах з далучальна-заключальн ы м і а д н о с і н а м і далучальная частка змяшчае дадатковыя звесткі абагульняльнага характару адносна зместу першай прэдыкатыўнай часткі. Такія адносіны паміж прэдыкатыўнымі часткамі вызначаюцца на аснове іх зместу. У большасці выпадкаў змест далучальнай часткі — гэта заканамерны вывад або заключэнне адносна таго, пра што гаворыцца ў першай прэдыкатыўнай частцы: Позна ўжо — нічога не зробіш (М. Зарэцкі). Сонца ўжо ўзышло — пара! (Я. Колас). Вам патрэбны ятчэ ўсякія рабочыя, ну і прымайце іх (М. Лынькоў). іншы раз у далучальнай частцы падаецца не заканамерны, а магчымы ці верагодны вывад або заключэнне. У складзе такой часткі звычайна ёсць словы з мадальным значэннем: Яблыня гэтая была седлаватай і аднабокай — в і д а ц ь, нямала давялося ёй перанесці ўсякіх нягод (А. Кулакоўскі). Дыхае спёкай зямля — будзе, н a п э ў н а, дождж (П. Глебка).
Бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх выражаюцца розныя віды далучальных адносін, маюць закрытую структуру. Яны аб’ядноўваюць дзве прэдыкатыўныя часткі, якія маюць будову двухсастаўных і аднасастаўных, поўных і няпоўных сказаў: Васіліна нагнулася і расхінула рукой каліўцы, — яны ласкава крануліся пальцаў (Т. Хадкевіч). У збожжа ўсякая ніва прыбралася — хараства там якога няма! (Я. Купала). Выйду ў вечар, вечар сіні, — вее багавіннем! (П. Трус). Побліз Віслы хаціна, пры хаціне садок (II. Броўка).
Бяззлучнікавыя складаныя сказы з рознымі часткамі
Бяззлучнікавыя складаныя сказы могуць фарміравацца з трох ці большай колькасці прэдыкатыўных частак, паміж якімі выражаюцца розныя віды семантыка-сінтаксічных адносін. Гэтыя часткі могуць звязвацца непасрэдна адна з адной, а таксама могуць аб’ядноўвацца ў пэўныя структурна-семантычныя групы.
Бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх прэдыкатыўныя часткі аб’яднаны непасрэдна адна з адной, сустракаюцца рэдка. У іх склад звычайна ўваходзяць тры прэдыкатыўныя часткі аднатыпнай ці рознатыповай будовы: Прайшоў гадок, мінуў другі, у касьбу запахлі мурагі (Я. Колас). Дзверы ў суседні пакой былі прычынены, у шчыліну пад імі біла святло — сонца якраз свяціла ў вокны таго пакоя (Б. Мікуліч).
Шырока распаўсюджаны бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх прэдыкатыўныя часткі, аб’ядноўваючыся адна з другой, утвараюць структурна-сінтаксічныя групы. Такія сказы арганізуюцца з трох, чатырох і большай колькасці прэдыкатыўных частак рознай будовы: На блізкім двары асвер заскрыпеў — напэўна суседка толькі што скінула каромыслы з плеч: ёй трэба дайніцу вымыць і карову даіць (3. Бядуля). Бачыш — ліха мінула, непакоіцца годзе' (П. Броўка). Машына не чалавек, яна сама не пасее, дагледзець трэба (Т. Хадкевіч). Вось улетку дык раздольна: выйдзі з хаты ў поле, луг: цёпла ўсюды і прывольна, сонца многа, чысты дух (Я. Колас). Ліпа арганна спявала, усё жывое мядова пушылася і пенілася ў яе кроне, білася, драмала, некуды спяшалася — кожная галінка вяла сваю мелодыю (В. Казько). Заглядаю ў яго кашэль — ад зайздрасці ў мяне аж гараць вочы: амаль усё днішча ўкладзена бялюткімі, як сыр, адзін у адзін, маладымі баравічкамі (Б. Сачанка).
Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі (камбінаваныя складаныя сказы)
Агульная характарыстыка
Складаныя сказы, прэдыкатыўныя часткі якіх аб’ядноўваюцца і злучнікавай (злучальнай і падпарадкавальнай), і бяззлучнікавай сувяззю, лічацца складанымі сказамі з рознымі відамі сувязі (камбінаванымі складанымі сказамі).
У структуры складаных сказаў з рознымі відамі сувязі прэдыкатыўныя часткі аб’ядноўваюцца непасрэдна адна з адной або звязваюцца ў больш буйныя сінтаксічныя адзінствы — складаныя састаўныя часткі, якія арганізуюцца па мадэлі складаназлучаных, складаназалежных або бяззлучнікавых складаных сказаў. Будова