Клецкія бітвы: 1506 і 1706 гады  Андрэй Блінец

Клецкія бітвы: 1506 і 1706 гады

Андрэй Блінец
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 130с.
Мінск 2015
26.72 МБ
КЛЕЦЮЯ БІТВЫ 1506 • 1706
Андрэй Блінец
КЛЕЦКІЯ БІТВЫ: 1506 1 1706 ГАДЫ
Мінск Выдавец А.М. Янушкевіч 2015
УДК 94(476)«1506/1706»
ББК 63.3(4Бен)4
Б69
Блінец, А.У.
Б69 Клецкія бітвы: 1506 і 1706 гады / Андрэй Блінец. Мінск : А.М. Янушкевіч, 2015. 130 с.: іл.
ISBN 978-985-90346-5-7.
У кнізе гісторыка Андрэя Блінца распавядаецца пра дзве ваенныя падзеі, якія аб’ядноўвае адно месца здарэння. Пад Клецкам у 1506 і 1706 гг. адбыліся бітвы, якія значна паўплывалі на гістарычнае развіццё Беларусі. Разгром крымскіх татар войскам Вялікага Княства Літоўскага ў жніўні 1506 г. з’яўляецца адной з найбольш славутых перамог у айчыннай гісторыі. Бітва паміж шведскімі і расійска-ўкраінскімі злучэннямі вясною 1706 г. стала кульмінацыяй баявых дзеянняў у Наваградскім ваяводстве падчас Вялікай Паўночнай вайны. У дадатках змешчаны шэраг малавядомых дакументаў XVI і XVIII стст., некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню.
Для ўсіх, хто цікавіцца ваеннай гісторыяй Беларусі эпохі ранняга Новага часу.
УДК94(476)«1506/1706»
ББК 63.3(4Бен)4
ISBN 978-985-90346-5-7	© А.У. Блінец, 2015
© Афармленне. ІП А.М. Янушкевіч, 2015
ЗМЕСТ
УСТУП / 5
КЛЕЦКАЯ БІТВА 1506 ГОДА / 7
Дадаткі / 56
Спасылкі / 65
КЛЕЦКАЯ БІТВА 1706 ГОДА / 73
Дадаткі / 113
Спасылкі / 122
УСТУП
Гэтая кніга прысвечана дзвюм падзеям ваеннай гісторыі нашай краіны. Дзвюм бітвам, якія адбыліся ў розны час і мелі рознае значэнне.
Разгром крымскіх татар пад Клецкам у 1506 г. харугвамі войска ВКЛ пад камандаваннем князя Міхаіла Львовіча Глінскага стаў у пэўным сэнсе знакавай падзеяй пачатку XVI ст. Пра гэту перамогу добра ведалі сучаснікі, пра яе не забыліся нашчадкі.
Бітва паміж шведскімі аддзеламі і расійска-ўкраінскім корпусам, якая адбылася 19 красавіка 1706 г., застаецца малавядомым эпізодам Паўночнай вайны. Нават спецыялісты мала што могуць пра яго сказаць.
Часткова такое адрознае стаўленне да гэтых падзей можна зразумець. У 1506 г. з паўднёвымі агрэсарамі біліся нашы продкі, у бітве вырашаўся лёс нашых зямель. Сваіх блізкіх чакалі з паходу ў Наваградку, Лідзе, Менску...
У 1706 г. на нашай тэрыторыі зводзілі рахункі паміж сабой больш моцныя і агрэсіўныя суседзі. Перамога, якую здабылі шведы, прынесла славу чужой зброі. Наўрад ці ў Менску, Ваўкавыску ці Слоніме моцна бедавалі з такой нагоды. Тым не менш, падзеі трохсотгадовай даўніны — таксама частка нашай гісторыі.
Аб’ядноўвае гэтыя розныя бітвы толькі месца, дзе яны адбыліся — старажытны горад Клецк. За сваю амаль 900-гадовую гісторыю ён перажыў не адну ваенную навалу. I ў 1506 г., і ў 1706 г. зацятыя бойкі ішлі на берагах невялікай балоцістай рачулкі Сільнай. Цяпер рэчкі няма, і яе назва нават не згадваецца ў падручніках гісторыі.
Як ураджэнец Клецка, я яшчэ са школьных гадоў чуў пра татарскіх наезнікаў і шведскіх жаўнераў. Жаданне разабрацца ў тых даўніх падзеях узнікла значна пазней. Дзве часткі гэтай кнігі пісаліся ў розныя гады. Спачатку нават не было намеру аб’ядноўваць іх пад адной вокладкай. Але ў рэшце рэшт кніга з’явілася на свет.
Спадзяюся, што яна стане маім сціплым унёскам у вывучэнне нашай мінуўшчыны, яе гераічных і трагічных старонак. Магчыма, падштурхне кагосьці да пошукаў і дыскусій. Шчыра спадзяюся, што мая праца не пакіне чытача абыякавым.
Хацелася б выказаць шчырую падзяку усім, без чыёй дапамогі гэтая кніга ніколі б не паўстала: Валерыю Пазднякову (Мінск) і Уладзіміру Гаўрышчуку (Масква), якія сталі першымі чытачамі і рэцэнзентамі яшчэ “сырога” рукапісу, Андрэю Катлярчуку (Стакгольм), які прадаставіў у распараджэнне аўтара шведскія крыніцы, Хокану Хенрыксану (Арэбра) — за перададзеныя матэрыялы і каштоўныя парады адносна падзей 1706 г., Алесю Лукавенкаву (Мінск) — за пераклады са шведскай мовы, Уладзіміру Канановічу (Клецк) — за магчымасць выкарыстаць некаторыя сабраныя ім звесткі, Міколе Волкаву (Мінск) — за прадастаўленыя фотаматэрыялы. Асобная падзяка за маральную падтрымку Анатолю Кірыку (Клецк) — найбольш уважліваму і цярпліваму слухачу, гатоваму ўспрымаць самыя неверагодныя думкі і высновы.
Андрэй Блінец, красавік 2015 г.
КЛЕЦКАЯ БІТВА 1506 ГОДА
«Навіна для ўсяго хрысціянскага свету выратавальная»
Клецкую бітву, якая адбылася 5 жніўня 1506 г. і скончылася поўным разгромам крымска-татарскай арды, нельга назваць малавядомай, або не вывучанай старонкай гісторыі. Яна прыцягвала ўвагу як сучаснікаў, так і наступных пакаленняў.
Першыя пісьмовыя крыніцы, дзе ў самых агульных рысах асвятлялася гэтая падзея, з’явіліся ўжо праз некалькі дзён пасля яе. Імі былі ліст князя Міхаіла Львовіча Глінскага, які камандаваў пад Клецкам гаспадарскім войскам, да вармійскага біскупа Лукаша Ватцэнродэ, напісаны 12 жніўня 1506 г„ і ліст польскага караля і вялікага князя літоўскага Аляксандра Казіміравіча ад 14 жніўня 1506 г., адрасаваны жыхарам Гданьска. Пазнейшыя звесткі пра перамогу над татарамі можна знайсці ў пагадовых запісах у шэрагу беларускалітоўскіх летапісаў, якія паўсталі ў першыя дзесяцігоддзі пасля бітвы — Еўраінаўскім, Альшэўскім, Румянцаўскім, Рачынскага. Згадвалі пра яе і польскія храністы Б. Вапоўскі, М. Кромэр, М. Бельскі.
Да сярэдзіны XVI ст. за Клецкай бітвай трывала замацавалася слава адной з найбуйнейшых перамог айчыннай зброі. Пра яе згадваў паэт-лацініст Ян Вісліцкі ў паэме “Пруская вайна” публіцыст Міхалон Літвін — аўтар трактата “Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў”, аўстрыйскі дыпла-
мат Сігізмунд Герберштайн у “Запісках аб маскоўскіх справах” Апошні, дарэчы, адзначаў, што пасля смерці Вітаўта Вялікага літвіны ніколі яшчэ не атрымлівалі такой бліскучай перамогі над татарамі1.
Паколькі шэраг згаданых кніг убачыў свет далёка за межамі Вялікага Княства Літоўскага — творы С. Герберштайна і М. Літвіна былі выдадзены на латыні, адпаведна, у Вене і Базэлі — пра Клецкую бітву добра ведалі не толькі ва Усходняй, але і ў Заходняй Еўропе. Адметна, што шведскі гісторык Ёханас Петрыюс у сваёй ‘Тісторыі Польскага каралеўства”, выдадзенай у 1642 г., паставіў яе ў адзін шэраг з такімі знакавымі падзеямі, як Грунвальдская і Аршанская бітвы2.
Праўда, у большасці вышэйпералічаных прац падзеі 1506 г. згадваюцца вельмі коратка, без асаблівых падрабязнасцей і дэталяў. Канстатуецца сам факт разгрому праціўніка. Напрыклад, паведамленне Альшэўскага летапісу змяшчаецца ў адзін сказ: “Tatar pobito pod Klieczkiem w dzien panni Mariey Sniezney pot lathi bozego naro[dzenia] tisi^cz pi^csiet szostego”3. Яшчэ менш інфармацыі ў Румянцаўскім летапісе: “Татаров побнто под Клетцом лета божя нароженя 1500”4.
На такім фоне вылучаецца падрабязнае апісанне падзеі ў "Хроніцы Быхаўца’’ і невялікай паэме “Слаўная бітва з татарамі пад Клецкам” змешчанай у “Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі” Мацея Стрыйкоўскага. На думку даследчыкаў, невядомы аўтар “Хронікі Быхаўца” сам быў удзельнікам Клецкай бітвы, таму яго апісанне вызначаецца багаццем дэталяў, добрым веданнем мясцовасці. Гэты твор з’яўляецца адным з найбольш яркіх гістарычных апавяданняў. На жаль, ён абрываецца літаральна на паўслове. М. Стрыйкоўскі падчас працы над сваёй “Хронікай” жыў у Капылі і Слуцку, да яго паслуг была вялікая бібліятэка і архіўныя зборы князёў Алелькавічаў — уладароў гэтых мясцін. Гісторык асабіста наведваў клецкія ваколіцы, каб агледзець поле бою. He выключана, што ён карыстаўся апісаннямі і сведчаннямі пра бітву, якія да нашых дзён не дайшлі. Праўда, як прызнаваўся сам храніст, яго больш вабіла слава не Герадота, а Гамэра, таму ў сваім імкненні надаць вершам
Мацей Стрыйкоўскі (1547-1590), польскі гісторык, храніст, паэт.
3 1563 г. жыў у ВКЛ, служыў у найманым войску на маскоўскай мяжы, удзельнічаў у баявых дзеяннях. Падчас службы ў Віцебску пачаў працаваць над гісторыяй ВКЛ. Работу працягнуў пры двары князёў Алелькавічаў. У1582 г. у Кёнігсбергу выйшла яго “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі" першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Характэрная асаблівасць твора наяўнасць значнай колькасці вершаваных уставак пра батальныя падзеі.
У VII раздзел XXII кнігі ўключаны верш, прысвечаны Клецкай бйтве, які налічвае 205 радкоў.
большую дасканаласць ён мог крыху адступіць ад гістарычнай дакладнасці.
Менавіта на сведчанні двух вышэйназваных “Хронік”, якія застаюцца найбольш поўнымі крыніцамі для рэканструкцыі бітвы, і абапіраюцца сучасныя даследчыкі. На першы погляд, недахопу ў публікацыях няма. Падзеі пад Клецкам згадваюцца ў энцыклапедыях, падручніках, абагульняльных працах. Пры жаданні можна скласці нават асобную бібліяграфію навукова-папулярных прац, прысвечаных бітве, якія ўбачылі свет у Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі5.
У цэлым іх змест адпавядае агульнай схеме:
•	войска ВКЛ колькасна саступала праціўніку,
♦	галоўны ўдар наносіўся з поўдня,
•	эпіцэнтр бітвы знаходзіўся на месцы, якое цяпер называецца Краснаставам,
♦	перамога над крымскімі татарамі паклала канец іх буйным нападам на Беларусь.
Але, на нашу думку, бракуе даследаванняў, якія б падрабязна аналізавалі кожны этап бітвы і давалі адказ на спрэчныя пытанні6. Ці не адзінай працай, адмыслова прысвечанай падзеям пад Клецкам, доўгі час заставаўся артыкул вядомага
подьскага спецыядіста ў галіне ваеннай гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай Станіслава Хэрбста “Клецк 1506 г.” які ўбачыў свет амаль восемдзесят гадоў назад7. 3-за недастатковай распрацаванасці тэматыкі па-за ўвагай засталіся такія важныя пытанні як суадносіны сіл напярэдадні і падчас бітвы, напрамак галоўнага ўдару войскаў Вялікага Княства.
Пра тое, што агульнараспаўсюджаная версія не зусім адпавядае сапраўднасці, яшчэ ў 1991 г. пісаў клецкі краязнавец I. Карпач8. Абапіраючыся на веданне мясцовага ландшафту, ён аргументавана даводзіў, што бітва адбылася не на паўднёва-заходняй ускраіне горада, як прынята лічыць, а ў яго паўночнай частцы. Але артыкул, які з’явіўся толькі на старонках раённай газеты, прайшоў незаўважаны даследчыкамі. У жніўні 2006 г., калі адзначалася 500-годдзе бітвы, у Клецку адбылася навукова-практычная канферэнцыя. На ёй прагучала чатыры даклады, якія непасрэдна закраналі тэмы, звязаныя са стасункамі Літвы і Крыма на пачатку XVI ст. і Клецкай бітвай. Аднак уласна ваенным аспектам гэтай падзеі было прысвечана толькі адно паведамленне9.