• Газеты, часопісы і г.д.
  • Клецкія бітвы: 1506 і 1706 гады  Андрэй Блінец

    Клецкія бітвы: 1506 і 1706 гады

    Андрэй Блінец

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 130с.
    Мінск 2015
    26.72 МБ
    Толькі на трэці дзень знаходжання паспалітага рушэння ў Наваградку аддзелу братоў Няміравічаў удалося захапіць пад Гарадзішчам шасцярых татар, якія паведамілі, што іх асноўныя сілы стаяць пад Клецкам і чакаюць збору ўсіх атрадаў. Звесткі былі настолькі важныя, што адразу ж па іх атрыманні, надвячоркам у панядзелак 3 жніўня, войска, пакінуўшы абозы, якія сталі непатрэбнымі, пайшло на Клецк.
    Начны марш вялікіх кавалерыйскіх аддзелаў па наваградскіх узгорках пры небяспецы сутыкнення з непрыяцелем сам па сабе быў даволі цяжкай задачай. Толькі на раніцу, пераправіўшыся цераз Сэрвач, войска зрабіла прыпынак у Асташыне. Аднак адпачыць не ўдалося. У лагеры з’явіліся ўцекачы з-пад Цырына і Палонкі, якія паведамілі пра знаходжанне непадалёк буйнога татарскага загона. Нягледзячы на тое, што армія спяшалася да галоўнага коша непрыяцеля і не павінна была марнаваць час на знішчэнне асобных чамбулаў, пакідаць даволі значную групоўку ва ўласным тыле было небяспечна, тым больш што яе шлях амаль супадаў з тым, якім рухалася войска Княства.
    He паспеўшы перадыхнуць, харугвы аднавілі марш. За Ішкальдзю перадавыя аддзелы заўважылі ворага і распачалі яго пераслед. Літвіны, напэўна, не абмежаваліся непасрэднай пагоняй, а выкарысталі для абыходу непрыяцеля паралельную дарогу. Дзякуючы гэтаму яны здолелі прыціснуць татар да берага р. Уша (прытоку Нёмана) і прымусілі іх уступіць у бітву.
    Бітва з татарамі.
    Гравюра з “Хронікі Еўрапейскай Сарматыі” Аляксандра Гваньіні.
    Дзе адбылося гэтае першае сутыкненне са значнымі варожымі сіламі (загон налічваў каля 500 шабель)? Баранавіцкі краязнавец М. Маліноўскі лічыць, што “пераможная “прэлюдыя” да Клецкай бітвы” адбылася каля Паланечкі і Ішкальдзі59. Аднак “Хроніка Быхаўца” паведамляе, што татар дагналі, толькі прайшоўшы (падкрэслена намі. А.Б.) Ішкальдзь, г.зн. ужо на паўднёвым ўсходзе ад яе.
    Верагодней за ўсё, месца бою знаходзілася недзе ў раёне сучаснай вёскі Лысіца Нясвіжскага раёна. На карысць гэтага сведчыць і тое, што паводле “Хронікі Быхаўца” ацалелыя татары ўцяклі за Ушу “na krutom berezie” Гэта можа быць недакладна перапісаная назва вёскі Круты Бераг, якая размешчана на супрацьлеглым баку ракі Уша, недалёка ад Лысіцы.
    У зацятай бойцы татары былі часткова перабіты, некаторыя трапілі ў палон, а рэшткам пашчасціла ўратавацца ўцёкамі, пераправіўшыся на правы бераг ракі. Яны прымчалі ў кош і паведамілі царэвічам пра набліжэнне літвінаў. На той час паспалітае рушэнне падышло да паселішча Наліпой. Як вынікае з “Хронікі Быхаўца” яно размяшчалася на паўночным захадзе ад Малева. Цяпер у ваколіцах Нясвіжа і Клецка такой вёскі няма, але недалёка ад Малева знаходзяцца Вялікая і Высокая Ліпа. Верагодней за ўсё, адна з іх і трапіла на старонкі “Хронікі Быхаўца” з крыху змененай назвай. Менавіта тут, у 20 км ад Клецка, войска спынілася на начлег. За мінулыя суткі было пераадолена каля 80 км, таму людзям і коням быў патрэбны адпачынак перад вырашальнай бітвай. А ў тым, што яна адбудзецца заўтра, сумнявацца не даводзілася.
    У гэты самы момант паспалітае рушэнне засталося без аднаго са сваіх правадыроў. Станіслаў Кішка так моцна захварэў, што нават не змог сядзець на кані і загадаў везці сябе на возе. На вайсковай нарадзе было вырашана перадаць усе гетманскія паўнамоцтвы князю Міхаілу Львовічу Глінскаму. Такім чынам, на яго ўскладалася ўся адказнасць за вынік выправы.
    Хвароба С. Кішкі напярэдадні бітвы выглядае досыць загадкава. Няўжо нямоглы гетман не мог адмовіцца ад камандавання яшчэ ў Лідзе або Наваградку? He выключана, што мы маем справу са звычайнай сімуляцыяй, прычыны якой трэба шукаць ва ўжо згаданай барацьбе груповак Глінскага Забярэзінскага. Крымскія вершнікі былі сур’ёзным і небяспечным праціўнікам. Поўнай упэўненасці ў пераможным зыходзе бітвы не было. Гетман, цалкам магчыма, вырашыў не рызыкаваць уласным становішчам.
    Перадача камандавання М. Глінскаму мела пад сабой пэўны разлік. У выпадку няўдачы на яго можна было ўскласці ўсю адказнасць і зрабіць вінаватым. А гэта — моцны ўдар па рэпутацыі фаварыта вялікага князя. У адваротным выпадку яго становішча ўмацоўвалася. Але ці надоўга? Усе ведалі, што Аляксандр Казіміравіч дажывае апошнія дні.
    Кішка пры такім раскладзе не рызыкаваў нічым. Яго лаўры пераможцы пад Давыд-Гарадком у 1503 г. заставаліся
    некранутымі. Усё гэта мусіў улічваць дворны маршалак, прымаючы камандаванне. Ён разумеў, што яму патрэбна толькі перамога. А значыць, належала дзейнічаць беспамылкова, спалучаючы рашучасць з абачлівасцю і асцярожнасцю.
    * * *
    Раніцай наступнага дня, у сераду 5 жніўня 1506 г. харугвы войска ВКЛ у баявых парадках рушылі да Клецка. Варта закрануць найважнейшае пытанне, якое дазваляе зразумець увесь ход бітвы: з якога боку літвіны падышлі пад Клецк?
    Паводле агульнапрынятай схемы, войска наблізілася да горада з поўдня, з боку Пінскага тракту і вёскі Кухчыцы. Такі падыход адлюстраваны на картах у энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае” і ‘Тістарычным атласе Беларусі”60.
    Гэтае меркаванне грунтуецца на паведамленні “Хронікі Быхаўца” якое літаральна гучыць наступным чынам: “I як прыйшлі пад Клецк, да ракі Лані, да Краснага Става ад палудня, і з гары праз рэчку ўгледзелі палкі татарскія, стоячы напагатове да бою” (“Y kak pryszli pod Kleczesk, k rece Janie, do Krasnoho Stawu ot potudni, y z hory czerez reku wzreli polki tatarskije, stoiaczy pohotowe na boy”)61Здавалася б, тут усё дакладна і ясна. Гэты погляд стаў агульнапрынятым у беларускай гістарыяграфіі і трывала замацаваўся ў энцыклапедычных артыкулах і папулярнай літаратуры62.
    Аднак калі ўважліва чытаць “Хроніку Быхаўца”, непазбежна ўзнікне пытанне: з якой прычыны атрады, якія ішлі з паўночнага захаду, падышлі да горада з поўдня? На яго паспрабаваў адказаць С. Хэрбст. Ён лічыў, што гэта стала вынікам манеўра Міхаіла Глінскага. Атака з поўначы, маўляў, не дазваляла знішчыць праціўніка, а толькі магла выштурхнуць яго на слуцкі напрамак, на шлях да адыходу. Удар з боку Пінскага тракту нібыта цалкам пераразаў крымскім татарам дарогу для адступлення. Таму новапрызначаны гетман і загадаў перайсці вакольнымі дарогамі з Наваградскага на Пінскі тракт, у выніку чаго войска апынулася на вышыні 230 м каля Кухчыцаў, на правым беразе ракі Лань63.
    Карта з “Гістарычнага атласа Беларусі", якая адлюстроўвае Клецкую бітву 1506 г. ка падставе рэканструкцыі С. Хэрбста.
    Наколькі абгрунтаванае такое меркаванне? Каб адказаць на гэтае пытанне, варта рэканструяваць размяшчэнне татар напярэдадні бітвы і на падставе гэтага паспрабаваць зразумець логіку падзей.
    Казаць пра Клецк у 1506 г. як пра горад з вуліцамі, храмамі і дамамі няма ніякага сэнсу. Спалены падчас папярэдніх набегаў ён, хутчэй за ўсё, ўяўляў сабою спустошаную пляцоўку. Насельніцтва або ўцякло, або было перабіта, або знаходзілася ў татарскім абозе ў якасці палонных. Невялікі драўляны замак быў разбураны яшчэ ў 1503 г. і наўрад ці яго паспелі так хутка аднавіць. Засталіся толькі земляныя валы дзядзінца і вакольнага горада і, магчыма, нейкія рэшткі ўмацаванняў на іх.
    Менавіта на земляных валах як найбольш прыдатным для абароны месцы павінна была размясціцца стаўка правадыроў крымскага войска. Пра гэта ў свой час пісаў беларуска-польскі краязнавец Аляксандр Ельскі: “Выдатныя ўмацаванні, якія добра захаваліся да сённяшняга дня [да 1883 г. А.Б.], займаюць плошчу каля 2 валок. Крайні бастыён, што адным бокам з захаду прымыкае да балоцістай раўніны, прыблізна на 50 фунтаў узвышаецца над узроўнем
    Фрагмент тапаграфічнай карты, выдадзенай у Варшаве Ваенна-геаграфічным інстытутам ў 1935 г. Валы старадаўняга Клецка пазначаны як “басціон Біці-Гірэя 1506 г” На карце добра відаць шырокая балоцістая пойма Лані на захад ад Клецка і ў раёне фальварка Краснастаў. Цяжка ўявіць, што атака кавалерыі Глінскага ажыццяўлялася менавіта тут.
    паверхні. Гэты насыпны волат быў, верагодна, сховішчам самога царка [Біці-Гірэя. А.Б.] і яго брата Бурнаша”64.
    У якасці “бастыёна Біці-Гірэя” дзядзінец старажытнага Клецка абазначаны на тапаграфічнай карце, выдадзенай у 1935 г. Ваенна-геаграфічным інстытутам у Варшаве. Аднак трэба ўлічваць, што татары не збіраліся абараняцца тут доўгі час. У выніку аблогі значнымі сіламі праціўніка замкавыя валы, аточаныя рвамі і балоцістай далінай Лані, ператвараліся ў пастку. Да таго ж, наўрад ці на іх магло хапіць месца для ўсёй арды, здабычы, коней і палонных. На валах дзядзінца і вакольнага горада, верагодней за ўсё, размясціўся лагер военачальнікаў, асабістая ахова, магчыма,
    адборная частка войска. He выключана, што тут захоўвалі і найбольш каштоўную здабычу.
    Асноўныя сілы з улікам таго, што не ўсе загоны вярнуліся ў лагер, напярэдадні бітвы складаліся з 4-5 тысяч чалавек і стаялі на ўсход ад замчышча ў міжрэччы рэк Лані і Сільнай. Мясцовасць уяўляла сабою своеасаблівы трохкутнік. 3 захаду і поўдня яе прыкрывала шырокая і паўнаводная Лань. 3 поўначы — невялікая рэчка Сільная з балоцістымі берагамі, што рабіла немагчымай раптоўную пераправу. У напрамку Нясвіжа, Ляхавіч і Пінска цераз гэтыя рэкі былі зроблены грэблі. Уяўляецца, што татары павінны былі іх для болыпай бяспекі знішчыць. Перапраўляцца цераз Лань ім патрэбы не было, а Сільная ў гэтую пару года, калі вада ў рэках дасягала найменшага узроўню, ператваралася ў адносна неглыбокі ручай, які можна было перайсці на кані. Праўда, забалочаныя берагі ўскладнялі падыход да яе. Аднак невялікімі групамі вершнікі даволі хутка маглі пераходзіць на другі бераг. Акрамя таго, чамбулы мелі магчымасць пакідаць лагер і вяртацца ў яго, робячы невялікі “крук”: спачатку яны рухаліся ўздоўж Сільнай на ўсход, гэта каля 3-4 км ад стаўкі, а потым разварочваліся на поўнач і захад, і такім чынам выходзілі на аперацыйную прастору.
    Палонных, хутчэй за ўсё, размяшчалі ўздоўж левага берага Лані, на паўднёвы захад ад дзядзінца паміж Наваградскай і Пінскай дарогамі. Шырокая балоцістая пойма (месцамі да 600 м) і стромыя рачныя берагі не дазвалялі праціўніку атакаваць з гэтага напрамку. Сабраныя тут разам нявольнікі не загароджвалі шлях да магчымага руху на супрацьлеглыя берагі і не перашкаджалі дзеянням конніцы65.
    А вось коней татары, верагодна, трымалі на поўдзень ад Клецка, у кірунку вёскі Бабаевічы. Яно і зразумела — калі вязняў можна было трымаць разам на адносна невялікім участку для лепшага кантролю, то коням быў патрэбны прастор. Атрымаўшы звесткі пра набліжэнне гаспадарскага войска, крымскія правадыры маглі яшчэ зняцца з месца і хутка адыходзіць у бок Слуцка. Але гэта непазбежна прывяло б да частковай страты палону і гібелі атрадаў, якія не паспелі вярнуцца ў лагер. Рызыкаваць здабычай за некалькі дзён