Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі  Аляксандар Надсан

Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі

Аляксандар Надсан
Памер: 112с.
Мінск 2009
18.21 МБ
ў той час яшчэ ня споўнілася 12 гадоў, і яго больш цікавілі яблыкі ў садзе суседа, чым друйскія марыяне, пра якіх ён тады нічога ня чуў і ня ведаў.
выезду ў Рым: „У нас гэткая непрыемная навіна: дом, дзе друкарня, на вясну будуць руйнаваць і знасіць. Вось жа няхай ваш Галава (г. зн. генэральны супэрыёр марыянаў а. Андрэй Цікота. —A. Н.), замест трымаць нашых «прыяцеляў» (г. зн. палякаў. —A. Н.), адступіць нам які кут пад каталіцкае выдавецтва і друкарню. Гэта зусім выканальна і згодна з вашымі мэтамі і з намерамі вашых ахвярадаўцаў, Калі ўжо ў вас вашай Галавы няма, дык перашлі яму гэты ліст, або перадай пры нагодзе. На ліст чакаю адказу“. 3 ліста відаць, што а. Станкевіч нешта чуў пра „ахвярадаўцаў“, але наўрад ці ведаў праўду. 17 кастрычніка а. Германовіч пераслаў ліст а. Цікоту з прыпіскай: „Перасылаю ліст у Вашы рукі, бо ж я тут не прычым“. Мусіць, няма патрэбы казаць, што просьба а. Станкевіча засталася без адказу...
Першая згадка ў прэсе пра „дар княгіні Радзівіл“ зьявілася ў траўні 1940 г. у віленскай беларускай газэце Крыніца, што аднавіла свой выхад у канцы 1939 г. пасьля падзеньня Польшчы і далучэньня Вільні да Летувы. Нейкі М. К. у артыкуле „Час направіць крыўду“ пісаў: „Усе мы добра помнім тыя гарачыя летнія дні 1938 г., калі... паліцыя на аўтах вывазіла з Друі марыянаў, а так жа не давала жыць ім у Вільні. У выніку гэтага перасьледу прымушаны быў пакінуць Вільню і айцец Язэп Германовіч, супэрыёр дому марыянаў у Вільні (Зыгмунтоўская №24)... Вось жа настаў як нам здаецца, час гэную крыўду направіць, і беларусаў марыянаў, разагнаных сяньня па шырокім сьвеце, вярнуць у Вільню, у іх уласны манастыр, дзе і далей чамусьці галоўную скрыпку іграюць палякі... Матывы беларускіх дамаганьняў гэткія: прадусім Дом марыянскі ў Вільні куплены за беларускія грамадзкія грошы. Падарыла іх
74 А. Надсан. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі княгіня М. Радзівіліха, празначаючы іх на беларускія каталіцкія культурныя справы (вылучана мною. —A Н). Тым часам у гэтым доме праводзіцца польская работа... Направа гэтай беларускай крыўды, ведама, залежа ад біскупа П. Бучыса67. Да яго беларусы апэлююць і просяць у імя справядлівасьці направіць тое, што зьнішчыла злая воля Бацянскага і ім падобных“68.
Больш падрабязна пра лёс калье напісаў у 1957 г. айцец (пасьля біскуп) Чэслаў Сіповіч, які мог карыстацца рымскімі марыянскімі архівамі. У артыкуле „Айцец Архімандрыт Фабіян Абрантовіч“ ён адзначаў: „<...> калі а. Абрантовіч уступіў у закон марыянаў, маемасьць у Наваградку і пазычаныя біскупу (Лазінскаму. —A Н.) грошы прынёс як пасаг і аддаў на Друйскі манастыр, які з волі яго закладчыкаў <.„> меў за мэту адраджэньне духовага жыцьця сярод беларусаў і пашырэньне царкоўнай еднасьці. У 1927 г. а. Абрантовіч інфармаваў княгіню Радзівіл аб тым, як ён выкарыстаў яе падарак і пытаўся, ці мэта, на якую ён прызначыў, была такім чынам асягнутая. Княгіня пацьвердзіла, што падарак быў даны на карысьць Беларусі і перадусім для грэкакаталіцкае Царквы, што яе лятуценьнем было заснаваньне вуніяцкае беларускае калегіі ў Рыме. Яна была задаволеная з інфармацыі айца Абрантовіча і ў далейшым усю справу паручала апецы сьвятога Язэпа“69.
67 Бучыса зноў абралі генэральным супэрыёрам закону марыянаў на месца Цікоты — ягоны тэрмін скончыўся ў 1939 г.
68 М. К. „Cas napravic kryudu (da spravy vysylki Maryjanaii-bielarusaii)“, Krynica, No. 37, Vilnia, 10.5.1940, s. 1.
Людвік Бацянскі — віленскі ваявода, які загадаў выселіць марыянаў з Друі і Вільні.
69 Сіповіч Ч. „Айцец Архімандрыт Фабіян Абрантовіч“, Божым шляхам, №76—81, Парыж, 1957, с. 12.
Гэтае апісаньне падзеяў больш выклікае пытаньняў, чым дае адказаў. Возьмем хоць бы справу „пасагу“. Звычайна маладая, выходзячы замуж, прыносіць з сабою ў пасаг сваю ўласнасьць. Між тым Абрантовіч аддаў марыянам тое, што яму не належала, і ў кіраўнікоў закону ня ўзьнікла нават думкі праверыць, ці ён меў на гэта права. Сіповіч таксама ня згадвае прычыны, якая змусіла Абрантовіча ў 1927 г. зьвярнуцца да княгіні Радзівіл. Абмінае ён маўчаньнем і тую частку адказу княгіні, дзе яна ясна казала пра прызначэньне ахвяры і што „скарыстаньне яго для іншай мэты было б выразным прысваеньнем чужой уласнасьці". Такім чынам у чытача ствараецца ўражаньне, быццам княгіня ўхваліла тое, што зрабіў Абрантовіч; насамрэч яна толькі выказала сваё задавальненьне, што нарэшце пасьля доўгага часу даведалася пра лёс калье.
Сіповіч працягвае: „3 вышэй расказанага відаць, з якімі людзьмі а. Абрантовіч меў справы і як іх сьмела і сумленна абараняў. Гэтым так-жа выясьняецца, адкуль Друйскі манастыр даставаў сродкі на сваё аднаўленьне, пабудову навіцыяту, гімназіі і пад.“70. Незразумела, ад каго абараняў Абрантовіч княгіню: калі ёй была патрэбная абарона, дык хіба ад Абрантовіча, Бучыса і Цікоты, якія без яе ведама і згоды зрабілі з ейным дарам, што хацелі. Між іншым, Сіповіч, магчыма, не ўсьведамляючы гэтага, паказаў, што грошы,атрыманыя з продажу калье, марыяне выдаткавалі на мэты, далёкія ад іхняга першаснага прызначэньня. Наагул, аднак, адданасьць марыянскаму закону, да якога ён належаў, не дазволіла яму сказаць усёй праўды, і таму ягоны аповед атрымаўся няпоўны і скажоны.
70 Тамсама.
У 1965 г. Г. Піхура ў артыкуле пра княгіню Радзівіл, відаць, даўшы волю сваёй фантазіі, без якой-колечы спасылкі на крыніцы, пісаў, што княгіня „прыракла айцу (пасьля архімандрыту) Ф. Абрантовічу вялікую суму на залажэньне беларускай (вуніяцкай) калегіі ў Рыме. На жаль, з гэтага праекту нічога ня выйшла, бо маемасьці, з якіх мелі чэрпацца на гэта фонды, папалі ў рукі бальшавікоў"71.
Гісторык Юры Туронак чэрпаў свае зьвесткі пра калье галоўным чынам з артыкулу Сіповіча і, магчыма, з пачутага ад некага. У 1991 г. д-р Туронак у артыкуле пра Друйскі кляштар піша, што яго грашовыя сродкі „папоўніла ахвяраваньне княгіні Магдалены Радзівіліхі, вядомай з дабрадзейных адносін да беларусаў. Вось жа ў 1916 г. яна ахвяравала на беларускія рэлігійныя сродкі дыямэнтавы нашыйнік, які ў 1925 г. каштаваў 15 тысяч долараў. Значную частку гэтых грошай прынёс у кляшторную касу а. Абрантовіч як свой манаскі пасаг“72.
У 1995 г. Сяргей Абламейка прысьвяціў даволі шмат месца справе калье ў сваім артыкуле „Невядомая Унія“73. На жаль, ён толькі здолеў яшчэ больш заблытаць і без таго няпростае пытаньне. Напрыклад, ён піша, што „а. Хвецька быў арыштаваны і расстраляны бальшавікамі ў сувязі з працэсам архібіскупа Цепляка“. Насамрэч Хвецьку бальшавікі дэпартавалі ў Польшчу ў 1925 г., і ён пражыў яшчэ амаль 20 гадоў (памёр у 1944 г.). Далей, распавёўшы пра прыход у Друю Абран-
71 Піхура Г. „Княгіня Магдалена Радзівіл", Божым шляхам, №2, Лёндан, 1965, с. 10.
72 Туронак Ю. „Беларускія Марыяны ў Друі“, Спадчына, №5, Менск, 1991, с. 54.
73 Абламейка С. „Невядомая Унія“, Унія, №4, Менск, 1995, с. 39.
товіча са сваім „пасагам“ і заснаваньне беларускай Друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, Абламейка працягвае: „Друкарня імя Ф. Скарыны фінансавалася найперш Друйскім домам Марыянаў, які меў грошы з колішняе ахвяры Магдалены Радзівіл". Тут, як і ў выпадку з Хвецькам, поўная блытаніна. Друкарня Ф. Скарыны ў Вільні пачала працаваць у траўні 1926 году, г. зн. за некалькі месяцаў да таго, як Абрантовіч паступіў у навіцыят у Друі. Пазычаныя яму Абрантовічам грошы біскуп Лазінскі сплаціў друйскім марыянам толькі ў пачатку 1931 г. Такім чынам, на працягу першых пяці гадоў свайго існаваньня друкарня не магла атрымліваць дапамогу „з колішняе ахвяры Магдалены Радзівіл“. Няма ніякіх доказаў, што і пасьля 1931 г. друйскія марыяне дапамагалі друкарні ці якой іншай беларускай установе. Дый пасьля таго, як у 1932 г. Язэпа Германовіча выслалі ў Харбін, а ў 1933 г. на месца Андрэя Цікоты ў кляштар прыйшоў новы супэрыёр, паляк Уладыслаў Лысік, у Друі не засталося амаль нічога беларускага74.
74 Калі ў 1937 г. пачалі распаўсюджвацца чугкі пра магчымае высяленьне марыянаў з Друі за іхнюю беларускасьць, Хрысьціянская Думка пісала: „Калі б так сталася, то гэта была б сапраўды іронія лёсу, бо ж айцы марыяне ў Друі, нягледзячы на сваю беларускасьць, бадай выключна працуюць па-польску і гэтым самым для польскасьці" (Chryscijankaja Dumka, No. 14 (140), Vilnia, 15.7.1937, s. 4). Варта прыгадаць, што ў тым часе сябрам рэдакцыйнай калегіі Хрысьціянскай Думкі быў друйскі марыянін а. Язэп Германовіч (паэта Вінцук Адважны), якога ў 1936 г. па вяртаньні з Харбіну прызначылі супэрыёрам (кіраўніком) студэнцкага дому (калегіі) Друйскіх клерыкаў у Вільні на вуліцы Жыгімонта, 24. У рэдакцыю таксама ўваходзілі айцы Адам Станкевіч (галоўны рэдактар) і Язэп Рэшаць і студэнт Віленскага ўнівэрсытэту Віктар Ермалковіч.
Нарэшце, цьверджаньне Абламейкі: „...таму, што ў гэтай друкарні выходзіў беларускі ўніяцкі часапіс «Да Злучэньня», выдаваліся беларускія ўніяцкія календары і іншая літаратура <...> можна лічыць, што жаданьне княгіні Радзівіл было выкананае, што пазьней яна і сама прызнала"75, — ня больш як нічым не абгрунтаванае меркаваньне аўтара.
Іншыя дасьледчыкі, якія згадвалі пра калье, ня lo­culi нічога новага, апрача яшчэ большай блытаніны76. Такім чынам стваралася легенда, у якой дайсьці праўды было амаль немагчыма.
75 Абламейка, „Невядомая Унія“ (гл. зноску №73).
76 Вось некалькі прыкладаў. К. Шыдлоўскі ў артыкуле „Друйскі кляштар айцоў марыянаў" у Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (т. 3, Менск, 1996, с. 290), а таксама ў энцыкляпэдычным даведніку Рэлігія і Царква на Беларусі (Менск, 2001, с. 94) піша: „Значную ролю ў адкрыцьці кляштару адыгралі грашовыя ахвяраваньні княгіні М. Радзівіл“. Паводле В. Грыгор’евай, У. Навіцкага і А. Філатавай, „у руках Абрантовіча аказаўся падарунак княгіні Магдалены Радзівіл — дыямантавае ўпрыгожаньне, якое яна падаравала ў 1916 г. дзеля разьвіцьця беларуска-ўніяцкай справы... Гэтыя сродкі былі ўкладзеныя на разбудову (Друйскага. — A. Н.) кляштару. Княгіня была задаволеная такім выкарыстаньнем і пацьвердзіла, што падарунак прызначаўся для Беларусі і грэка-каталіцкай царквы“ (гл.: „Уніяцтва на Беларусі: ад Полацкага Сабора 1839 г. і да нашых дзён“, у кнізе 3 гісторыі уніяцтва ў Беларусі, Менск, 1996, с. 128; тое самае ў Канфесіі Беларусі, Менск, 1998, с. 209—210). Л. Юрэвіч піша, што ў адбудове Друйскага кляштару „Дапамагла... княгіня Магдалена Радзівіл, ахвяраваўшы сваё дыямантавае калье“ (гл. ягоныя Камэнтары, Менск, 1999, с. 145).