Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі
Аляксандар Надсан
Памер: 112с.
Мінск 2009
народу не прынесла бадай нічога“ (Bietaruski... (гл. зноску №23), s. 211).
Магдалена Радзівіл і беларускае нацььянальна-рэлігійнае адраджэньне 41 мост, праз які перавесьці схізматыкаў ва ўлоньне лацінскай Царквы?“ (ліст da a. А. Цікоты. ад 27 ліпеня 1929 г.).
Княгіня ня толькі марыла пра час, калі за справу Уніі возьмецца „сапраўдны ўніят, пасьвячаны ўніяцкім біскупам, пасьля навукі ва ўніяцкай сэмінарыі“. Яшчэ ў 1917 г. яна распачала канкрэтныя захады, каб заснаваць беларускую ўніяцкую сэмінарыю (калегію) у Рыме. Але больш падрабязна пра гэта — у наступным разьдзеле.
Таямніца брыльянтавага калье
Non mirari, non indignari, sed intelligere.
24—25 траўня (6—7 чэрвеня паводле новага календара) 1917 г. у Менску прайшоў зьезд беларускіх каталіцкіх сьвятароў. На яго сабраліся сьвятары з усёй Усходняй Беларусі (Заходняя Беларусь апынулася па другі бок нямецка-расейскага фронту), а таксама з Петраграду, дзе ў Каталіцкай духоўнай акадэміі і сэмінарыі было нямала беларусаў сярод выкладчыкаў і студэнтаў. На той час у выніку г. зв. лютаўскай рэвалюцыі расейскі цар зрокся трону, і шмат у каго нарадзілася надзея на лепшую будучыню для сваіх народаў, паняволеных Расеяй. Заварушыліся і беларусы, пачаўшы адбудоўваць сваё незалежнае нацыянальнае і рэлігійнае жыцьцё. Сярод іх не апошняе месца займала і княгіня Магдалена Радзівіл. Відаць, яна думала, што прыйшоў час зьдзейсьніць ейную запаветную мару. Скарыстаўшы момант, калі беларускія сьвятары знаходзіліся ў Менску, княгіня перадала тром з іх, да якіх мела асаблівы давер, брыльянтавае калье на заснаваньне беларускай грэка-каталіцкай калегіі (сэмінарыі) у Рыме. Гэтымі сьвятарамі былі Францішак Будзька, якога княгіня вельмі паважала, і прафэсары Магілёўскай духоўнай сэмінарыі ў Петраградзе Фабіян Абрантовіч і Люцыян Хвецька. Палітычная сытуацыя разьвівалася вельмі непрадказальна, і таму на ўсялякі выпадак усё рабілася ў сакрэце. Апрача трох сьвятароў, ведаў пра пляны княгіні Раман Скірмунт, які ў 1918 г. нядоўгі час ачольваў урад Беларускай Народнай Рэспублікі. Ведаў пра іх таксама мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, які тады знаходзіўся ў Петраградзе.
Неўзабаве пасьля таго, як выбухнула Першая сусьветная вайна, у пачатку верасьня 1914 г., расейскія войскі занялі Львоў. Расейскія акупацыйныя ўлады арыштавалі мітрапаліта Шаптыцкага і вывезьлі ў глыб Расеі. Ён два з паловаю гады правёў у зьняволеньні. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. прынесла мітрапаліту вызваленьне, і ён, перш як вярнуцца ў Львоў, прабыў колькі часу ў Петраградзе, дзе сярод іншага сустракаўся з беларускімі сьвятарамі і студэнтамі. Там ён заставаўся і ў канцы траўня, калі беларускія сьвятары ладзілі свой зьезд у Менску. Княгіня Радзівіл падтрымлівала кантакты з мітрапалітам, і вельмі магчыма, што думка заснаваць беларускую сэмінарыю ў Рыме зыходзіла ад яго49. Зрэшты, украінцы ж мелі сваю калегію ў Вечным Горадзе ад 1897 г.
Рым, цэнтар Каталіцкай Царквы, заўсёды славіўся сваімі вышэйшымі багаслоўскімі навучальнымі ўстановамі з інтэрнацыянальным складам выкладчыкаў і студэнтаў. Беларуская калегія ні ў кога не выклікала б там зьдзіўленьня, і студэнты, вольныя ад усялякіх нацыянальных канфліктаў, маглі б спакойна аддацца падрыхтоўцы да пастырскага служэньня сярод свайго народу.
49 У пазьнейшай карэспандэнцыі Магдалена Радзівіл згадвае, што перадала калье ў 1917 ці 1918 г., прызнаючыся, што дакладнай даты ня памятае. Абрантовіч сьведчыў, што гэта адбылося ў 1916 г. Можна адразу адкінуць 1918 г. як малаверагодны, бо тады між Менскам і Петраградам праходзіў нямецка-савецкі фронт. У 1916 г. мітрапаліт Шаптыцкі знаходзіўся ў зьняволеньні. Такім чынам, застаецца травень— чэрвень 1917 г., калі тры сьвятары, якім княгіня даручыла справу, былі ў Менску, а мітрапаліт Шаптыцкі — на свабодзе ў Петраградзе.
Менск у 1917 г. заставаўся ў руках расейцаў, але лінія фронту праходзіла досыць блізка, і захоўваць калье ў горадзе было ня вельмі бясьпечна. Таму а. Абрантовіч, выяжджаючы ў Петраград, узяў калье з сабою. Там разам з а. Хвецькам ён схаваў яго ў бясьпечным месцы да больш спрыяльных часоў.
У выніку бурлівых падзеяў 1917—1921 гг. Беларусь паводле Рыскай дамовы падзялілі між сабою Саветы і Полыпча. Спробы беларусаў адрадзіць сваю незалежную дзяржаву не прынесьлі жаданага выніку. Але абвяшчэньне БНР пакінула моцны сьлед у іхняй сьвядомасьці і ўзмоцніла жаданьне змагацца за зьдзяйсьненьне ідэалаў Акту 25 Сакавіка. Зрухі закранулі ўсе галіны нацыянальнага жыцьця, у тым ліку і рэлігійную. У1917 г. аднавілася Менская рыма-каталіцкая дыяцэзія. Ейны першы біскуп, Зыгмунт Лазінскі, заняў свой пасад улетку 1918 г. Напрыканцы таго самага году ў Менск прыехаў а. Фабіян Абрантовіч — яго прызначылі рэктарам новаадчыненай духоўнай сэмінарыі. Пасьля 1920 г. ён разам з іншымі сьвятарамі мусіў пакінуць Менск і зьехаць у Заходнюю Беларусь, якая апынулася ў межах Польскай дзяржавы. Біскуп Лазінскі затрымаўся ў Наваградку і кіраваў той часткай Менскай дыяцэзіі, што трапіла пад уладу Полынчы. У канцы 1925 г. ён ачоліў Пінскую дыяцэзію, заснаваную згодна з канкардатам (дамоваю) між Польшчай і Апостальскім Пасадам.
Княгіня Радзівіл пакінула Беларусь яшчэ ў канцы 1918 г., перад прыйсьцем бальшавікоў.
Айцец Будзька памёр у лютым 1920 г. Хвецьку, які застаўся ў Петраградзе, у сакавіку 1923 г. з групай іншых каталіцкіх сьвятароў арыштавалі і засудзілі на доўгі тэрмін зьняволеньня бальшавікі. Перад арыштам ён пасьпеў перадаць калье ў польскую рээвакуа-
цыйную камісію, дзе працаваў ягоны былы студэнт з духоўнай сэмінарыі а. Браніслаў Усас.
У сакавіку 1924 г. а. Абрантовіч польскім дыпляматычным кур’ерам паехаў у Петраград і вывез адтуль калье. Вярнуўшыся ў Наваградак, ён прадаў яго прыблізна за 15 тысячаў амэрыканскіх даляраў. На той час гэта была вялікая сума, хоць насамрэч калье каштавала болып. За частку грошай ён купіў у Наваградку зямлю з забудоваю, a 10 тысячаў даляраў пазычыў на пяць гадоў біскупу Лазінскаму пад 5 адсоткаў у год на будаўніцтва духоўнай сэмінарыі ў Пінску, сказаўшы, што робіць гэта з ведама і згоды дабрадзейкі, але не назваўшы ейнага прозьвішча.
Застаецца няясным, якім чынам а. Абрантовіч, вядомы ўсім як беларус, атрымаў польскі дыпляматычны пашпарт. Магчыма, яму паспрыяў біскуп Лазінскі, бо Абрантовіч абяцаў яму дапамагчы вырашыць фінансавыя цяжкасьці, зьвязаныя з пабудовай сэмінарыі ў Пінску. У 1924 г. Лазінскі быў яшчэ біскупам Менскім, але ўжо ведаў пра задуму ўтварыць Пінскую дыяцэзію50. Абрантовіч мог спадзявацца, што і ў Пінску ён застанецца рэктарам сэмінарыі і што там будуць умовы для працы на карысьць Беларусі. Часам, аднак, яго апаноўвалі сумневы, і ён нават пытаўся рады ў Віленскага біскупа Матулевіча. Той адказаў яму 18 студзеня 1924 г.: „На маю думку, дарагі Айцец ня шмат там зробіць: намучыцца толькі, сапсуе нэрвы, страціць шмат часу, а скончыцца напэўна гэта тым, што яму давядзецца нарэшце пакінуць гэтае становішча"51.
50 Wasilewski J. ,,S. р. Ks. Biskup Loziriski", Pinski Przeglqd Diecezjalny, No. 4, Pinsk, 1932, s. 18.
51 Blogoslawiony Jerzy Matulewicz, Listy polskie, tom 1, Warszawa, 1987, s. 13.
Словы Матулевіча спраўдзіліся: рэктарам новай сэмінарыі стаў паляк Вітаўт Івіцкі, а Абрантовіча пакінулі духоўнікам. Пра беларускую працу не вялося нават гутаркі. Зьнявераны, Абрантовіч у жніўні 1926 г. пакінуў Пінск і паступіў у навіцыят да айцоў марыянаў у Друі, перадаўшы ім права на грошы, пазычаныя Лазінскаму, і на купленую ім маёмасьць у Наваградку.
Тым часам у лютым 1925 г. бальшавікі вызвалілі і выслалі ў Польшчу Хвецьку. Спачатку ён жыў у Шыманове каля Варшавы. На восьмы дзень па ягоным прыезьдзе яго адведаў Абрантовіч і распавёў пра лёс калье, змаўчаўшы пра некаторыя важныя дэталі. Ужо тады Хвецька, як ён сам засьведчыў у лісьце да Абрантовіча ад 23 сакавіка 1927 г., сказаў, што той паступіў незаконна.
У 1926 г. Хвецьку прызначылі рэктарам Усходняга інстытуту ў Любліне. Гэтую ўстанову заснаваў архібіскуп Магілёўскі Роп, каб рыхтаваць будучых апосталаў для „навяртаньня" Расеі. Інстытут ня меў нічога супольнага з беларускай справай.
Даведаўшыся больш падрабязна ад біскупа Лазінскага пра тое, як Абрантовіч распарадзіўся грашыма, атрыманымі за калье, Хвецька 25 лютага 1927 г. зьвярнуўся ў Пінскую біскупскую гаспадарчую раду з просьбаю ўстрымацца ад выплаты працэнтаў друйскім марыянам да высьвятленьня справы. 8 сакавіка ён напісаў Абрантовічу: „Ужо некалькі тыдняў вяду перапіску з а. біскупам 3. Лазінскім у справе калье. Я даведаўся ад яго, што яно ня поўнасьцю выкарыстанае, што частка яго засталася ў шаноўнага Айца пралата, і што Айцец пралат зрабіў умову на працэнты, адным словам, што шаноўны Айцец пралат паступіў з гэтай рэччу як уласьнік, а тым часам ад пачатку Айцец
пралат ня меў на гэта ніякага права; прывоз яе ў Польшчу з рук зусім бясьпечных, ня даў і не дае права ўласнасьці. Нават шаноўнага Айца пралата нельга ўважаць за захавальніка і апекуна: сьмею так казаць, бо толькі дваім, г. зн. сьв. пам. а. Будзьку і мне было даверана; шаноўнага Айца пралата ўвялі ў сакрэт для дабра справы, для таго, каб рэч ня згінула, а не для таго, каб стаць уласьнікам. У сувязі з гэтым станам рэчаў прашу зьвярнуць частку, якая засталася, і пісьмовыя гарантыі ад а. біскупа Лазінскага, бо я павінен зрабіць з гэтай рэччу тое, што належыць. Хочучы аднак залагодзіць гэтую справу мірна і разважна, прашу разумнай рады“.
Пад уплывам такога нечаканага павароту справы а. Абрантовіч узгадаў пра Магдалену Радзівіл і напісаў ёй 12 сакавіка 1927 г.: „Пашаны годная спадарыня Княгіня! У 1916 г. Спадарыня дала ў рукі сьв. пам. а. Будзьку ў Менску брыльянтавае калье на мэты беларуска-ўніяцкія. Я гэтае калье завёз у Пецярбург, дзе з а. Хвецькам схавалі мы яго ў маім памяшканьні ў чаканьні на лепшыя часы, каб гэтую рэч скарыстаць паводле прызначэньня. Тых, што ведалі сакрэт, было трое: а. Будзька, Хвецька і я. Айцец Будзька памёр, а. Хвецьку бальшавікі пасадзілі ў вязьніцу на некалькі гадоў. Гледзячы, як а. біскуп Лазінскі мучыцца ў Наваградку, ня маючы памяшканьня ані для сэмінарыі, ані для курыі, ані для сябе самога, а знаходзіцца ён на Беларусі і мог бы зрабіць шмат для Уніі, я дабраўся ў сакавіку 1924 г. як дыпляматычны кур’ер у Пецярбург і прывёз рэч, якую а. Хвецька пасьпеў забясьпечыць у Рээвакуацыйнай камісіі на чале з а. Усасам. 3 продажу я выручыў каля 15 тысячаў амэрыканскіх даляраў і на працягу 2 гадоў будаваў сэмінарыю ў Пінску. Ба-