Крокі гісторыі
Аўген Калубовіч
Памер: 288с.
Мінск 1993
* * *
Быў звычайны рабочы дзень у канцы сьнежня 1939 году. Зазваніў тэлефон. Я зьняў слухаўку.
— Гаворыць Я.Колас. Я даведаўся, што Вы едзеце на раённую настаўніцкую канфэрэнцыю ў Стоўпцы. Ці не былі 138
6 Вы ласкавымі перад тым, як паедзеце, а хоць бы й сёньня пасьля працы, заехаць да мяне дадому? Я маю пільную патрэбу ў гэтым.
He згадзіцца я ня мог, і мы ўмовіліся, што я прыеду сёньня ж.
Пасьля працы я сеў у трамвай, што йшоў Савецкай вуліцай, мінуў Эльвод, мост праз р. Сьвіслач і на Шпітальнай выйшаў. Ужо пачало зьмяркацца, але йсьці было недалёка. Праз колькі хвілінаў ля гарадзкога парку на 2-ім Шпітальным завулку я спыніўся перад двухпавярховым драўляным асабняком. Гэта быў уласны дом Я.Коласа. У 1920-ых гадох у гэтым зялёным куточку гораду ў суседзтве жылі Я.Лёсік, б. прэзыдэнт БНР др. І.Серада, М.Грамыка, адзін час М.Гарэцкі й шмат іншых. Усе яны павысыланыя. Застаўся тут адзін Я.Колас.
Калі я ўвайшоў у двор, Я.Колас калоў дровы. Ён паклаў сякеру, прывітаўся й павёў мяне ў хату. Па дарозе ў ягоную бібліятэку мы спаткалі жонку, і ён пазнаёміў мяне зь ёю.
У бібліятэцы мы селі на канапу, і Я.Колас вытлумачыў мне сваю просьбу:
— Я маю лісты зь Мікалаеўшчыны, дзе ня быў ад 1915 году. Запрашаюць у госьці, а я ўсё яшчэ неяк ня змог адведаць іх, хоць і думкамі ўвесь там. To адно, то другое стаіць на перашкодзе... А яшчэ яны просяць падручнікаў для школы й маіх кніг. Дык вось, даведаўшыся, што вы едзеце ў Стоўпцы, я й вырашыў прасіць Вас завезьці ім ад мяне пакуначак з кнігамі. Сёньня я абегаў кнігарні й тое-сёе (праўда, мала) назьбіраў.
Жэстам рукі ён паказаў на крэсла, якое стаяла пры ягоным рабочым стале. На крэсьле ўзвышаўся стажок да 20 кніг. Я.Колас устаў і прапанаваў мне падыйсьці, разам, да тых кніг. Ён браў кожную зь іх; называў, што гэта за кніга, і клаў на стол. Першыя йшлі падручнікі. Калі ж дайшоў да сваіх кніг, то хутка перакладаў дзіцячыя — «Дзед і мядзьведзь», «Савось-распусьнік», «Рак-вусач», тады — «Новую Зямлю», «Сымона—Музыку», «Дрыгву»... Але вось на зборніку вершаў «Нашы дні» запыніўся, пакруціў яго ў руках, падумаў і адклаў у бок.
Мы зьвязалі ўсе кнігі, уклаўшы ў сярэдзіну верхняй кнігі ліст Я.Коласа ў незаклееным канвэрце. Я.Колас вывеў мяне на вуліцу, разьвітаўся й папрасіў, каб па прыезьдзе з Стоўпцаў я абавязкова пазваніў да яго — у Акадэмію ці дадому.
... Праз колькі дзён (хутчэй за ўсё — 3 студзеня 1940 году, бо Новы Год я спаткаў у Стоўпцах) я пазваніў Я.Коласу. Паведаміў яму, што ўжо вярнуўся назад і прывёз яму пачку зь мікалаеўскім салам і каўбасою.
Я.Колас сказаў:
— To я Вам проста загадваю: адразу пасьля працы, без аніякіх перасадак, да мяне дадому. У нас і павячэраем.
На гэты раз мы разьмясьціліся ў сталовай. Пакуль жонка смажыла мікалаеўскую каўбасу й сала, Я.Колас чытаў два лісты, прывезеныя мною, разам з пачкаю — ад сваякоў і ад старога сябры, Базыля Шчорса. Тады папрасіў падрабязна расказаць пра ўсё падарожжа ў Стоўпцы й пра ўсе спатканьні там. Найболып яго зацікавіла спатканьне на канфэрэнцыі з братам ягоным Міхасём і адведзіны м. Новы Сьвержань, куды я быў запрошаны да Шчорсаў.
Памятаю, што загадчык РайАНА, Хількевіч, перш чым заехаць да Шчорсаў, хацеў пры выпадку паказаць мне Нова-Сьвержанскую школу. Таму, калі балагол пад’ехаў да РайАНА і мы ўселіся ў вазок, ён коратка сказаў: “У Новы Сьвержань, да школы”.
Хвілінаў праз дваццаць мы ўехалі ў мястэчка. Трохі праехалі па ім, і каля аднаго будынку балагол спыніў каня. Зьдзіўлены Хількевіч агледзеўся па бакох і выпаліў: “Куды ж ты нас прывёз? Гэта ж сынагога!” Балагол спакойна павярнуўся да нас і адказаў: “Вы ж прасілі — да школы". Але тут жа спахваціўся й зразумеў сваю памылку. Завярнуў каня назад, зрабіў колькі паваротаў і на іншай вуліцы зноў затрымаў каня. Агледзеўшы школу, мы заехалі да Шчорсаў, дом якіх стаяў на самым краю мястэчка пры дарозе ў Стоўпцы.
Я.Колас шчыра сьмяяўся з гэтае прыгоды, увесь ажывіўся, наагул перарываў мой расказ пытаньнямі, рабіў камэнтары і ўстаўкі з сваіх успамінаў. Потым выйшаў з сталовай, вярнуўся назад з кніжкаю й пачаў чытаць:
“У мястэчку Панямонь многа розных выдатных будынкаў і ўстаноў. Тут ёсьць [...] царква Сьв. Магдалены [... 1 дзьве школы, сынагога, касьцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Але вы яго, напэўна, ня ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадзкі дзеяч...”
— Дык жа ж Панямонь, — спыніўся чытаць ён аповесьць «У глыбі Палесься» — гэта ёсьць Новы Сьвержань, а Базыль Трайчанскі й яго камяніца — Базыль Шчорс і яго дом. У доме тым я ня раз бываў...
Ніякае выабражэньне тады не магло дапусьціць, што прататыпа гэтага пэрсанажа з Коласавай аповесьці праз восем год мы будзем хаваць на эміграцыі (на нямецкім могільніку ў Каме).
Пад канец вячэры настрой аднак зьмяніўся на смутны. Жонка Я.Коласа нават прасьлязілася, расказваючы, што ейнага брата, Каменскага, дзесь на Лідчыне арыштавала НКВД, і яны нічога ня ведаюць пра ягоны лёс. А Я.Колас з сумам дадаў:
— Купала атрымаў нядаўна ліст ад жонкі Ўласава, былога рэдактара газэты «Наша Ніва». Яна паведаміла, што Ўласаў арыштаваны й прасіла заступіцца за яго.
Некалі А.Уласаў быў актыўным беларускім публіцыстам і палітычным дзеячом, адным зь ініцыятараў заснаваньня Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў 1902 году, рэдактарам газэты «Наша Ніва» й часопісу «Саха», сябрам Рады БНР і ейнага Прэзыдыюму, сэнатарам Заходняй Беларусі ў Польскім Сойме. У пазьнейшым часе і ў час арышту, будучы ўжо ў гадох і з слабым здароўем, стаяў убаку ад публічнага жыцьця і ва ўласным фальварку пад Маладзечнаю дажываў свой век.
— Мы з Купалам, — далей казаў Я.Колас, — хадзілі да Панамарэнкі. Прасілі за яго. Але Панамарэнка нам не дапамог. Ён быццам бы званіў у НКВД, скуль яму адказалі, што Ўласава ў БССР ужо няма. Таму ён нічога ня можа зрабіць5.
Было позна, калі я пакінуў дом Я.Коласа.
* ♦ *
Рух за выпраўленьне беларускага правапісу й за чысьціню мовы ніколі не сьціхаў ад часу правапіснае рэформы 1933 году. Праўда, быў ён мо заціхі, нясьмелы. Паўсюдна выяўляўся болей у прыватных гутарках. Але скаргі, нараканьні й галасы крытыкі часам узьнімаліся на настаўніцкіх сходах, у габінэтах навуковых інстытутаў ці ў фэльетонах газэты «Літаратура і Мастацтва». Цяпер, у новых, больш спрыяльных акалічнасьцях рух гэты пасьмялеў і ледзь ня выліўся ў бунт. Усё гэта прывяло да таго, што спэцыяльнай пастановай СНК БССР для перагляду правапісу была пакліканая Правапісная камісія. Мне цяжка назваць дакладную дату, калі гэта было, але, думаю, што дзесь увесну 1940 году. .
5 Цяпер ведама, што А.Ўласава НКВД расстраляла у 1941 годзе ў Арле.
У склад камісіі ўвайшлі: ад Інстытуту літаратуры й мовы Акадэміі Навук — ягоныя дырэктар і навуковы сакратар, В.Барысенка й К.Гурскі; ад Саюзу Пісьменьнікаў — Я.Колас, Я.Купала, К.Крапіва, М.Лынькоў, П.Глебка і М.Клімковіч; ад Наркамасьветы — кансультанты-мэтадысты па беларускай мове й літаратуры Гарачун і я. Старшыня камісіі — нарком асьветы Е.Уралава; у ейным габінэце камісія й зьбіралася на свае сходы.
На першым сходзе йшла агульная дыскусія: у якім кірунку рабіць зьмены, на якія артаграфічныя прынцыпы абаперці іх. Думкі сяброў камісіі падзяліліся.
М.Клімковіч выказаўся йсьці па тэй самай дарозе, на якую сталі аўтары рэформы ў 1933 годзе, г.зн. узмацніць марфалягічны прынцып. Паводле яго, такія рысы беларускае мовы, як аканьне й цеканьне зусім не павінны перадавацца на пісьме. Супрацьлеглы пагляд выказаў Я.Колас. Ен горача адстойваў пераважнасьць фанэтычнага прынцыпу, які найбольш адказвае асаблівасьцям беларускай мовы; настойваў узмацніць перадачу на пісьме аканьня, як гэта было да рэформы 1933 году. У канцы заявіў, што гэта ня толькі ягоны пункт гледжаньня, але й Я.Купалы, які дзеля адсутнасьці ўпаважніў яго на гэтую заяву.
Калі ўсе сябры камісіі выказаліся, выясьнілася, што М.Клімковіча ніхто не падтрымаў. В.Барысенка й МЛынькоў не занялі ніякае пазыцыі, а ўсе іншыя сябры сталі на бок Я.Коласа. Е.Уралава ў дыскусіях удзелу ня брала, яна кіравала працаю камісіі й вяла сходы.
... Так злажылася, што мне выпала ехаць да Я.Купалы, каб ён падпісаў пратакол сходу камісіі. Я быў шчасьлівы выпадку. Я.Купалу я ш.мат разоў бачыў і чуў, але мне не здаралася быць блізка да яго, каго я ўважаў за нацыянальнага правадыра. Ды й ці толькі я. Я бачыў, як усе, а ў тым ліку нават і Я.Колас, пры кожнай нагодзе падкрэсьлівалі ягонае пяршынства. Я не сумняваўся, што й сам Я.Купала гэта разумеў. Ніхто зь беларускіх пісьменьнікаў не захоўваўся так незалежна, як Я.Купала, хоць гэта было й ня так лёгка, і ён сам дакараў сябе, што таксама
... Плечы гнуў у крук ня раз;
Ня йшоў з адкрытымі вачыма ў сьвет
I сьцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасьцю магчымай Таптаў сьляды, сябе таптаў.
«I прыйдзе...»
Перад тым, як ехаць да Я.Купалы, я пазваніў. Жонка ягоная, цётка Ўладзя, адказала: “Янка дома. Едзьце”. I вось я на Садовай вуліцы. Заходжу ў двор з таполяй і садком. Зь якімсь хваляваньнем падыходжу да дзьвярэй.
У пярэднім пакоі мяне спатыкае цётка Ўладзя.
— Янка — там. Ён чакае на Вас, — і прыадчыніла мне дзьверы ў гасьціную.
Калі я праходзіў празь пярэдні пакой, я заўважыў Купалаву маці, Бянігну. Яна сядзела ўбаку ад праходу з Кацярынаю — дачкою аднае з “раскулачаных” Купалавых сясьцёр. Кацярына працуе ў 2-ім Клінічным Гарадку сястрою і, як і паэтава маці, жыве ў Купалаў.
Я.Купала спаткаў мяне сардэчна. Твар ягоны сьвяціўся прыемнай усьмешкай, увесь ён быў ветлівы, далікатны, уважлівы й, разам з тым, просты, даступны; наагул быў у добрым настроі й жартаваў. Ён ведаў, у якой справе я прыехаў, падвёў мяне да стала, падпісаў пратакол і сказаў:
— Мне трохі нездаровіцца. To я й прасіў Коласа, каб ён выступаў там і за мяне. Ён расказвае мне пра сходы камісіі.
Мая візыта да Я.Купалы была напярэдадні юбілейных урачысгасьцяў 35-годзьдзя ягонай паэтычнай творчасьці. Усе тыя дні Я.Купала атрымліваў павіншавальныя тэлеграмы й падарункі. Таму, калі мы сядзелі й гутарылі, цётка Ўладзя й Кацярына ўнесьлі ў гасьціную толькі што прывезеную з пошты і ўжо раскрытую пачку — падарунак Я.Купалу ад ягонага старога прыяцеля, ведамага ў СССР мастака К.Елісеева, былога ў пачатку 1920-ых гадоў дэкаратара Беларускага Дзяржаўнага Тэатру ў Менску. Калі з пачкі выцягнулі абраз у раме — на палатне стаялі жывыя палескія хвоі. Друті падарунак ад іншага маляра (ня памятаю — якога) вісеў ужо на сьцяне, над канапаю, на якой мы сядзелі. Гэты быў алейны партрэт Я.Купалы ў вопратцы, як мне тады здавалася, В.Дуніна-Марцінкевіча, у кунтушы з палосамі.