Крушэнне на ростані
Васіль Якавенка
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 404с.
Мінск 2002
Пасля гэтага ўжо ў адпаведных выпадках ён пачынае ставіць дыягназ: сіндром хранічнай стомленасці і імуннай дысфункцыі, або яшчэ лепей — «хвароба Шумілава». I тут, на мой погляд, ён меў рацыю. У нас багата чаго не бачаць і не хочуць бачыць. Напрыклад, у бульбе з чарнобыльскай зоны ці блізкіх да зоны раёнаў, якая па нашых радыелагічных вымярэннях прызнана чыстай, — глыбей, на мікраклепторным узроўні, усё ззяе ад радыяцыі. Гэта засведчылі вучоныя Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. I з гэтага павінны рабіцца высновы і абгрунтаванні захворванняў. Толькі ж у нас гэтым ніхто не хоча, скажу больш — пабойваецца займацца! Таму і выглядае дзіваком Шумілаў.
Аднак жа заўваг па службе і на гэтым этапе яму не рабілі, хоць усе ягоныя навацыі ў дыягназах,
пэўна, выходзілі за рамкі ўзаконенага, здаецца, у 1984 годзе, пераліку хвароб у рэспубліцы. Паўтараю, ніхто з яго тады не спаганяў, але ж апекуны былі насцярожаныя і не выпускалі Шумілава на публічныя медычныя трыбуны, каб, барані Бог, не прапагандаваў таго, што робіць.
Як бы там ні было, толькі ўчастковы ўрач Шумілаў амаль два гады не меў заўваг па службе — да леташняга кастрычніка. Больш за тое, галоўны ўрач Аляксандр Сакалянскі неаднойчы карыстаўся ласкай Валерыя Мікалаевіча — напрыклад, браў у яго матэрыялы для свайго даклада на 1-ым з’ездзе ўрачоў рэспублікі. Альбо ўключаў у справаздачу аб рабоце паліклінікі дзейнасць клуба «Самааздараўленне». Пэўна ж, было кім і чым галоўнаму ганарыцца!
Толькі ў кастрычніку, калі прыйшла чарга пераатэстацыі ўрачоў паліклінікі і Валерый Мікалаевіч увайшоў у пакой, дзе працавала камісія, Сакалянскі неяк холадна і нервова пажартаваў: «Вось не пераатэстуем цябе, Шумілаў, і звольнім з працы!» Жарт галоўнага падаўся Шумілаву грубым і, на жаль, таіў у сабе добрую долю каварства.
Нягоды пачаліся з тэлеграмы-скаргі інваліда Айчыннай вайны М. Чорназіпуннікава на імя прэзідэнта краіны з нагоды непастаўленага яму дакладнага дыягназу. Пасля гэтага галоўны ўрач Сакалянскі проста на вачах ператварыўся з лаяльнага адміністратара і калегі ў злога дэмана. Калі не было да чаго прычапіцца, ён прыбягаў да інсінуацый, фабрыкаваў «спазненне на працу». Іх потым адмяце суд. За нейкіх два месяцы Шумілаў атрымаў дзве вымовы і загад аб звальненні. Праўда, разам з першай вымовай ён атрымаў яшчэ і прэмію за паспяховую працу.
Валерый Мікалаевіч доўгі час ніяк не мог зразумець паводзін галоўнага ўрача паліклінікі — яго праца сапраўды не давала падстаў для рэзкай змены адносін.
Суд адвёў амаль усе цяжкія абвінавачванні ў адрас Шумілава, акрамя аднаго: доктар выходзіў за рамкі ўзаконенага пераліку захворванняў і парушаў такім чынам інструкцыю... А філасофія чыноўнікаў ад медыцыны якраз у тым, што пасля найвялікшай у свеце радыяцыйнай катастрофы ў нашай краіне нічога ў захворваннях не змянілася і не павінна змяніцца, тым больш калі хвароб няма ў недатыкальным рэестры, то і ў жыцці не можа быць, няхай хоць дзесяць чарнобыляў выбухне! Іменна таму «хвароба Шумілава» — як бы выклік багам. А на справе гэта выклік застою і коснасці, амярцвенню прыглухлай медычнай навукі.
— I ўсё-такі, Васіль Цімафеевіч, ці стала вам зразумелай прычына псіхатэрору супраць Шумілава з боку адмініспграцыі паліклінікі, пра што ён даводзіў на судзе?
— А памятаеце, у гарадской калегіі ён папрасіў суддзю А. Дулуб далучыць да справы дакумент — нейкі там зварот на імя дзяржсакратара Савета бяспекі В. Шэймана. I папрасіў звярнуць на дакумент асаблівую ўвагу. Ён сказаў: «Напэўна, там — ключык да разумення судовага працэсу і яго прычын».
Вечарам, пасля другога няўдалага судовага фіналу, я патэлефанаваў яму і пацікавіўся гэтым «ключыкам». Ён толькі таго і чакаў! «А вы прыгадайце, — кажа, — высокую дзяржаўную камісію, якая працавала пад кіраўніцтвам акадэміка А. Лабанка? Яна павінна была даць ацэнку эфектыўнасці навуковых даследаванняў, якія выконваліся ў рэспубліцы па змяншэнні і пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС. Дык і я таксама, у ліку 30 вучоных, уваходзіў у склад той камісіі». I далей з яго слоў для мяне адкрылася новая, проста батальная карціна.
Камісія ў сваім заключэнні зрабіла шэраг прынцыповых заўваг аб неэфектыўнасці даследаванняў і марнатраўстве сродкаў, што дазволіла Дзяржкамі-
тэту па навуцы і тэхналогіях накіраваць у Савет Міністраў ліст, у якім канстатавалася літаральна наступнае: усё, што прадстаўлена камісіі, дае падставы разглядаць вынікі работ па раздзелу навуковага забеспячэння рашэння праблем наступстваў чарнобыльскай катастрофы як нездавальняючыя.
В. Шумілаву гэта падалося недастатковым, і падпісваючы рашэнне камісіі, ён выказаў сваю асабістую думку: «За падрыў здароўя насельніцтва Рэспублікі Беларусь павінны быць прыцягнутыя да персанальнай адказнасці вучоныя і некаторыя дзяржаўныя дзеячы: Якаў Кенігсберг, Ігар Ралевіч, Уладзімір Цярноў, з пакрыццём імі страт, што нанеслі дзяржаве».
Але і на гэтым доктар Шумілаў не спыніўся. Адчуваючы прынцыповасць і важнасць пытання, ён робіць наступны крок — ён піша ў Савет бяспекі на імя В. Шэймана і ў Адміністрацыю Прэзідэнта пісьмо, у якім даводзіць пра неабходнасць прыцягнення да персанальнай адказнасці тых жа асоб. Там ёсць такія радкі: «Сітуацыя з Чарнобылем выкарыстоўваецца місіянерствуючымі вучонымі і службовымі асобамі, якія свядома заніжаюць паказчыкі дозавых нагрузак на насельніцтва Беларусі. У нас дапускаюцца высокія ўзроўні забруджвання асноўных прадукпгаў харчавання, хлеба, малака, мяса, вады, што прыводзіць да падрыву здароўя і скарачэння працягласці жыцця, спрыяе развіццю хранічнай прамянёвай хваробы з наступнай яе трансфармацыяй у ракавыя пухліны розных органаў».
He здрадзіў В. Шумілаў сваёй прынцыповай пазіцыі і тады, калі абмяркоўвалася кандыдатура доктара біялагічных навук I. Ралевіча ў члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук: ён выступіў і даў яму рашучы адвод.
Ну, і скажыце цяпер, як гэтыя людзі павінны былі паводзіць сябе ў адносінах да Шумілава?
— Пыпганне яўна з ліку рытарычных...
— Тут дарэчы будзе прывесці прыклад з нядаўняй гісторыі. Газета «Набат» на пачатку 1996 года змясціла насычаны фактамі артыкул «Аб неадпаведнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях узроўню нацыянальных задач». Цяпер зусім відавочна, што дзяржкамісія на чале з акадэмікам Лабанком па ўсіх пазіцыях пацвердзіла нашы вывады амаль пяцігадовай даўнасці. Але ж міністр I. Кенік тады кінуўся было ў суд нас абвяргаць. Ды неўзабаве зразумеў хісткасць сваёй пазіцыі і забраў заяву.
Наіўна было б думаць, што гэтая група адказных асоб пакіне доктара Шумілава ў спакоі. Тым больш, што ў некаторых з іх ёсць свае блізкія людзі на версе судовай галіны ўлады. Зусім не выключана, што галоўны ўрач паліклінікі А. Сакалянскі трапіў пад іх непасрэдны, а хутчэй за ўсё апасродкаваны ўплыў. Прынамсі, вышэйазначаныя асобы пры сустрэчы з Валерыем Мікалаевічам заўсёды выяўлялі сваю добрую інфармаванасць пра падзеі ў паліклініцы і ў судзе. Яны былі спакойныя, таму што набатныя лісты Шумілава ў высокія ўладныя структуры не далі вынікаў. Але той, хто давярае сумніўным чыноўнікаў, будзе дзяліць з імі і ўсю адказнасць за справы ці то ў асобна ўзятым міністэрстве, ці то ў дзяржаве.
Я, праўда, не ўзяўся б сцвярджаць, што высокапастаўленыя асобы свядома наносілі і наносяць страты здароўю сваіх грамадзян і ў цэлым краіне. Яны проста па сваёй падрыхтоўцы і здольнасцях, па спадчыннай чыноўніцкай парадыгме мыслення не могуць інакш працаваць. Народжаныя поўзаць лятаць не могуць! У тым і адрозненне падобных людзей ад Шумілава, і ніякімі скаргамі, пададзенымі наверх санавітым вяльможам, а тым болыл замяццю гэтых скаргаў, справу не выправіш. Якраз тут адзін з тактычных пралікаў у высакароднай і актыўнай грамадскай дзейнасці Валерыя Мікалаевіча.
— А ўсё-такі, няўжо гарсуд не падаваў аніякай надзеі? Для мяне яна бліснула, калі ісцец, г. зн. В. Шумілаў, назваў некалькі парушэнняў і прыкладаў фальсіфікацыі дакументаў з боку адказчыка...
— Так, пракурор С. Мышкавец проста па службовых абавязках павінен быў на гэта адрэагаваць, мог нават крымінальную справу ўзбудзіць супраць галоўнага ўрача А. Сакалянскага. Але замест гэтага мы бачылі на твары ў яго маску абыякавасці. Напрыканцы судовага пасяджэння пракурор у сваёй прамове паўтарыў абвінавачванні Шумілава ў духу Сакалянскага, нібыта суд Кастрычніцкага раёна не адмёў іх амаль начыста! Суддзяў гарадской калегіі не цікавілі ніякія «ключыкі» да разгадкі прычын «псіхатэрору» супраць участковага ўрача. Было ўражанне, што сябры Феміды прыйшлі на пасяджэнне з ужо гатовым і, мусіць, паабяцаным камусьці рашэннем. Чаму ж дзівіцца ў наш час, калі людзі з чыстым няўрымслівым сэрцам, свежымі думкамі ўсё болып адціскаюцца на абочыну жыцця. Прыкра! Аднак, скажыце, што, што пасля іх, дзівакоў, запануе ў грамадстве? Уменне мяняць скуру, прыстасоўвацца да любых абставін ды быць цішэй вады, ніжэй травы? Тады, глядзі, каб грамадства не з’елі свінні! Нам сёння моцна і шмат трэба думаць пра ліквідаванне хібаў у правах чалавека. Неабароненасць чалавека, сям’і і грамадства — асноўная загана супольнага жыцця беларусаў — што на пачатку, што ў сярэдзіне, што напрыканцы XX стагоддзя! Няўжо таўро праклёну кожны з нас носіць на сваім цемені?
— Падобна на пгое, што гэтая тэма для вас вельмі блізкая як пісьменніку?
— Так, зараз я працую над тэмай сацыяльнай неабароненасці беларуса падчас рэжыму Пілсудскага ў Заходняй Беларусі, далей падчас фашызму, сталінізму дый цяпер. Я прыходжу да высновы, што ўсе нашы няўдачы і беды адтуль, што мы амаль
страцілі самі сябе, перасталі быць народам. Вядома, не ўсё яшчэ страчана, але, але... Ці не характэрнай стала для нашага вялага і апатычнага грамадства «хвароба Шумілава» ўвогуле? Тая ж хранічная стомленасць... Тая ж імунная дысфункцыя! Мікроб, які прывёў нас да гэткага стану — нацыянальны нігілізм, я перакананы. А перадусім было вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі... Так што хутчэй за ўсё гэты твор будзе ў жанры палітычнага рамана.
2000 г.
ГУТАРКА: «НЕ ШУКАЙЦЕ ЗА ЧАРНОБЫЛЕМ БОГА»
Яе вядуць пісьменнік Васіль Якавенка і журналіст-лімавец Яўген Рагін.
— Васіль Цімафеевіч, 26 красавіка для вас, напэўна, не проста Дзень Смупгку... Эксперымент прыроды і чыноўніка над беларусам працягваецца?