• Газеты, часопісы і г.д.
  • Крушэнне на ростані  Васіль Якавенка

    Крушэнне на ростані

    Васіль Якавенка

    Выдавец: Беларускі кнігазбор
    Памер: 404с.
    Мінск 2002
    105.41 МБ
    — Для сябе асабіста я назваў бы гэту дату-падзею днём Горычы і Тугі. Прычым, горыч у мяне выклікала спроба вышэйшых і мясцовых улад зрабіць выгляд — і давесці гэта насельніцтву! — што нічога страшнага там, на ЧАЭС, не здарылася, ніякіх асаблівых наступстваў, хвароб ці пакут ніхто не зазнае... Фальсіфікаваліся як дадзеныя аб утрыманні радыенуклідаў у харчах, так і паказанні аб накапленнях радыяцыі ў арганізме чалавека. Урачам не варта было лішне думаць пра Чарнобыль, паколькі ніякіх хвароб, абумоўленых радыяцыйным абпраменьваннем, не магло быць, як што іх не хацела начальства.
    Горыч шчымела ў маім сэрцы ад падману, які я штодня назіраў, а туга — ад расстання з марамілетуценнямі пра перабудову, пра «сацыялізм з чалавечым абліччам» і без аблічча ўвогуле....
    Калі марксісцка-ленінскі сацыялізм у глабальным плане ёсць нечуваны, нябачаны і смелы эксперымент над душой народа, дзе ставілася на мэту прышчапіць любому і кожнаму саўковы гонар за сваю савецкую краіну і за жыццё ў адыёзных сацыяльных умовах, то тут было нешта іншае. Чарнобыльская катастрофа — эксперымент на фізічнае і, ска-
    жам так, псіхічнае выжыванне народа ва ўмовах малых дый не толькі малых доз радыяцыі. У так званай чарнобыльскай зоне па сённяшні дзень пражывае каля двух мільёнаў жыхароў. Радыяцыя цераз прадукты харчавання, фураж дый іншымі спосабамі, шляхамі распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Найпершая небяспека ва ўплыве радыенуклідаў, у дэстабілізуючым уздзеянні радыяцыі на імунную сістэму, што дало прырост самых розных захворванняў у насельніцтва. Зусім невыпадкова на сённяшні дзень у Гомельскай вобласці мы маем толькі дваццаць адсоткаў здаровага дарослага люду. Па рэспубліцы катастрафічна зніжаецца працягласць жыцця насельніцтва. Сярод школьнікаў са 100 вучняў не меней 85—87 маюць паталагічныя адхіленні або хранічныя захворванні. 3 9,3 тысячы інвалідаў Чарнобыля — 1,8 тысячы дзеці. Нягледзячы на метад прафесара Генадзя Лазюка па генетычнай выбракоўцы плодаў у цяжарных жанчын, а прымяняецца ён на ранняй стадыі цяжарнасці, нараджэнне дзяцей з генетычнымі парокамі нарастае. Замежныя вучоныя, між іншым, даказваюць, што радыяцыя, а менавіта яе малыя дозы, спарадзілі ў свой час і такую хваробу як СНІД.
    Другая небяспека з небяспек, з плоймы ўсіх нягод, — ва ўздзеянні радыяцыі на мозг ды проста на розум чалавека; у выніку — зніжэнне інтэлектуальнага патэнцыялу. Прычым, як лічаць вучоныя, інтэлект западае не толькі ў людзей, якія мелі ці маюць непасрэднае дачыненне да ўздзеяння радыяцыі, але таксама і ў іхніх нашчадкаў. Таму ёсць усе перадумовы чакаць зніжэння агульнага ўзроўню інтэлекту народа — ва ўсіх пакаленнях. Адначасова памнажаюцца псіхічныя захворванні. На сённяшні дзень з імі спазналіся блізка 120 тысяч дзяцей. Што ўжо казаць пра дарослых?.. Ім і ліку няма.
    Вучонымі прагназуецца зніжэнне аб’ёму інтэлекту адносна дасягнутага да крытычнай меткі. Тады ўжо немагчымым стане чынны ўдзел народа і яго эліты ў развіцці навукі і тэхнікі. Спыніцца ў краіне прагрэс.
    Вызначана дата такога крытычнага моманту — 2050 год. Але ж дадайце да заняпаду інтэлекту яшчэ і дэмаграфічны працэс, абумоўлены як гэтымі, так і іншымі фактарамі. А гэта — паскоранае пастарэнне і скарачэнне колькасці насельніцтва. Улічыце таксама, што на сукупнае цела і мозг папуляцыі разам з радыенуклідамі дзейнічаюць і хімічныя шкодныя рэчывы, якія ў дзесятках і сотнях тысяч тон рассейваюцца па нашай зямлі. Дадайце да гэтых варункаў і прычын дэградацыі яшчэ адзін біч здароўя — алкагалізм... Куды мы скочваемся?!
    Заняпаду надзвычай спрыяе ўнутрыпалітычная сітуацыя ў нашым супольным вялікім доме, адсутнасць грамадзянскай згоды.
    Звыш 3000 самазабойстваў у год!
    Дэградацыя дыхае мне і кожнаму з нас у патыліцу. А гэта значыць, што перасцярога вучоных мае грунт пад сабой; тая дата агоніі ў нашым нацыянальным асяродку можа наступіць нават раней.
    ПІто ж перайшло і далося нам у спадчыну ад блюзнерскай чарнобыльскай палітыкі першых год катастрофы? Перш-наперш, думаецца, запалітызаванасць і аблуднасць навукі. Ёсць, да прыкладу, нядаўняе заключэнне дзяржаўнай камісіі аб развіцці навуковых даследаванняў чарнобыльскай тэматыкі. Яны нездавальняючыя. I не дзіва! Уявіце сабе Інстытут радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Ведаючы пра настрой і патрабаванні ўрада, ён па сённяшні дзень не займаецца як след радыяцыйнай медыцынай, гэта значыць, тым, дзеля чаго і быў створаны. Нават рэестры ўліку розных катэгорый пацярпелых ад радыяцыі і іхніх нашчадкаў не распрацаваны, не
    ўведзены ў дзеянне міністэрствам, па прыкладу хоць бы Расіі. А пра што сведчыць ягоная клініка ў Аксакаўшчыне? Там ніякіх вынайдзеных інстытутам метадаў і методык выяўлення хвароб, або выкліканых радыяцыяй станаў арганізму; вучоны люд не даходзіць да асаблівасцей уздзеяння радыяцыі. Па няволі думаецца: «а ўжо ж, ці ёсць яны?!» Сумленныя ўрачы ставяць звычайныя, дачарнобыльскія дыягназы і лечаць звычайнымі сродкамі.
    Зрэшты, можа, я гіпербалізую? Мяркуйце самі. Найбольш кемлівыя супрацоўнікі інстытута лічаць сябе заложнікамі палітычнай медыцыны. А Васіль Несцярэнка, вучоны, кампетэнтна даводзіць у друку, што Міністэрства аховы здароўя заніжае дозавыя нагрузкі радыяцыі на насельніцтва і, наадварот, усяляк уздымае планку гранічна дапушчальных норм радыенуклідаў у прадуктах харчавання. Чым не клопат пра народ?
    — У сваім артыкуле «Чарнобыль: праз дзесяць і больш гадоў» вы пішаце — не дай Бог збыцца прадказанням анколагаў, што праз 15 гадоў ракавыя захворванні ў нас будзе мець кожны другі жыхар краіны...»
    — Смяротнасць ад ракавых захворванняў у Беларусі ўзрасла за дзесяць гадоў амаль на чвэртку. Цяпер, кажуць, кожныя 16 хвілін з’яўляецца новы хворы на рак. Лідыруюць рак лёгкіх і страўніка. На сённяшні дзень хварэе на рак каля 34 тысяч чалавек, з іх 2,5 тысячы ў дзіцячым узросце.
    Змянілася карціна ў структуры анкалагічных захворванняў шчытападобнай залозы. Павялічылася колькасць захворванняў сярод дарослых. Паменшала сярод дзяцей; відаць, у сувязі з выхадам той, апрамененай радыяцыяй дзятавы ў сталы ўзрост. У цэлым жа ракавыя захворванні не змянілі сваёй тэндэнцыі да нарастання.
    — 3 сакавіка 1991 года выходзіла ваша газета «Набат». Яна, бадай што, першая гаварыла праўду пра Чарнобыль. Гэтая праўда і па сёння надта замінае тым, хто хоча лёгка жыць і бяздумна кіраваць...
    — Набатаўцы пераканаліся, што чынавенству патрэбна не праўда, якая, будучы выяўленай, магла б памагчы яму правільна, з улікам інтарэсаў народа, планаваць свае дзеянні. Чыноўнікам патрэбен спакой.
    Калі ў 1986—87 гадах я шукаў праўды аб наступствах Чарнобыля, то знайшоў крыніцу яе літаральна пад бокам ва ўрада — ва ўрадавай бібліятэцы. Гэта былі, можна сказаць, фундаментальныя працы англійскіх вучоных аб уплыве радыяцыі на арганізм чалавека. У перакладзе на рускую мову. Яны, тыя працы, і дазволілі мне напісаць на матэрыяле чарнобыльскай зоны навукова абгрунтаваны і кампетэнтны нарыс «Бомба для патомкаў», які выдаваўся і перавыдаваўся ў Маскве і Мінску. Праўда, апроч мяне, тых кніг ніхто не гартаў, да той крыніцы ведаў у бібліятэцы ніхто не звяртаўся. Ніхто з урадавых чыноўнікаў, якія вырашалі праблемы Чарнобыля, не шукаў праўды. Ніхто не прагнуў найглыбшых ведаў, не імкнуўся спасцігнуць як мае быць нацыянальную трагедыю. Праўду для іх замянялі службовыя інструкцыі, і дагэтуль там, бадай, нічога не змянілася.
    — «Набату» няма. Застаўся Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль», кіраўніком якога вы застаецеся. Што зроблена і робіцца?
    — БелСаЭС «Чарнобыль» першым з грамадскіх аб’яднанняў пачаў працаваць з замежнымі партнёрамі — японцамі па аздараўленні дзяцей на месцы. Мы мелі неблагі санаторый пад Мінскам, але ж змогі апекаваць яго хапіла ўсяго на чатыры гады. Потым нашы спецыялісты аказвалі паслугі дзяржаўным
    установам у медычным абследаванні дзяцей чарнобыльскай зоны. Аздараўлівалі дзяцей за мяжой. Апроч таго, Саюз правёў шэраг удалых міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, напрыклад, яшчэ ў 90-м годзе ў Гомелі па праблемах Чарнобыля, дзе я выступаў з дакладам, пазней — у Мінску па чыстых крыніцах энергіі і энергазберажэнні. I яшчэ па праблемах запаведных тэрыторый. I яшчэ аб станаўленні грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў кантэксце ўстойлівага развіцця... Усяго тут я вам не пералічу. На жаль, былі і няўдачы. Скажам, колькі год біліся, каб укараніць праграму эфектыўнага, плённага, аздараўленчага навучання і выхавання ў школе пад назвай «Экаполіс, культура, здароўе», дзе ўлічваюцца багата якія аспекты педагогікі, экалогіі, медыцыны. Пакуль не ўзбіліся на поспех.
    Можна лічыць цікавай нашу выдавецкую дзейнасць. Сярод кніг, якія мы выдалі, — зборнік школьных сачыненняў «След чорнага ветру». Кніга перавыдавалася ў Японіі, Бразіліі і Германіі. Цяпер мы рыхтуем да выдання абноўлены яе варыянт — на трох мовах.
    Добрыя словы заўжды чую і пра кнігу «Пісьмы да жывых», што выйшла ў свет як выбранае штотыднёвіка «Набат».
    — Эпіграфам да гэтай кнігі вы ставіце словы Цяпінскага: «Хіба не кара божая — лад, што ўсталяваўся ў нас у доме?!» Колькі вякоў мінула, а нічога на Беларусі не мяняецца?
    — Сапраўды, нешта навалілася на нас ды так, што продыху няма, няма той прасветлай гадзіны, каб народ ачомаўся, акрыяў, стаў пачуваць сябе годна і вольна. Канешне, «Пісьмы да жывых» — не толькі пра Чарнобыль...
    Бадай, пакажацца неверагодным, але зазначу: часы, калі жыў наш славуты гуманіст і асветнік
    Васіль Цяпінскі, вельмі падобныя на сённяшнія. Амаль тыя ж нацыянальныя праблемы.
    На вачах у Цяпінскага найбольш заможныя яго суайчыннікі пачалі цягнуцца да касцёлаў, апалячвацца і так ці інакш адслойвацца ад асноўнай масы народа; народ бытаваў сам па сабе. Увогуле, тут у нас цікавы момант размовы, праўда, палітызаваны і бадай філасофскі, але — якім бокам ні павярні, лёсавызначальны. Што такое народ без свайго нацыянальнага інтэлекту, без эліты, без носьбітаў і абаронцаў патрыятычнай ідэі?.. Ды нешта падобнае, скажам, на гурт, у якім інтарэсы не перавышаюць сямейнага ўзроўню. Там, у сям’і, няйначай, сваё біяполе, свой камфорт і як бы нябачная абалонка. A вось каб сям’я ў сваіх інтарэсах узнялася вышэй, патрэбна агульнанацыянальная ідэя, патрэбны яе носьбіты, носьбіты нацыянальнага духу, якія б сумелі данесці свае думкі і парыванні да кожнага. I з іх асяродку — лідэры, самаахвярныя, каларытныя, дасціпныя, шчырыя, паважлівыя, мудрыя, як і сам народ. Але... Але і гэта — не ўсё. Патрэбен давер народа да свайго інтэлекту, да сваёй эліты. I ці не дзіва нам такога жадаць?!