Крушэнне на ростані
Васіль Якавенка
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 404с.
Мінск 2002
2000 г.
САГА ПРА СВАІХ I ЧУЖЫХ
Адкрыты ліст I. Капыловічу з нагоды яго артыкула «3 кім вы, інжынеры чалавечых душ?» у «Народнай газеце» за 27.01.2001 г.
Іван, а Іван, ці шмат яшчэ на свеце такіх дзівакоў, як ты? Уяві сабе вялікую сям’ю, у якой цябе прымаюць за сына. У цябе багата братоў, і нехта з іх бачыць жыццё іначай, чым ты. Во гэты — ідэаліст, той — прагматык... Адзін моліцца на Бога, другі — на дойную карову. Маці аднолькава ставіцца да ўсіх сыноў, дарма што погляды ў іх розныя. Маці ганарыцца іх працай і ўдзячна ім за добрыя адносіны, за пашаноту і любоў да сябе. Сям’я як сям’я. А толькі табе не падабаецца, што браты глядзяць на свет інакш, чым ты, а калі інакш — значыць, памыляюцца. I ты, не пажадаўшы нават разабрацца ў тым, чым абумоўлены іх погляды, заяўляеш: «Я выходжу з гэтай сям’і!». Затым, азірнуўшыся, кідаеш рашучы і знакавы вокліч: «3 кім вы, «інжынеры чалавечых душ»?» Словы, узятыя ў двукоссе, выяўляюць іронію і пагарду да братоў — калег-пісьменнікаў.
Носячы ў душы Божы дар мастака, пісьменніка, ты выглядаеш настолькі дэпалітызаваным чалавекам, што мне шчыра шкада цябе. Павер, я не вораг, а хутчэй твой прыхільнік і блізкі па зямлі, якую мы разам топчам, чалавек.
Твая зацятасць у праклёнах іншадумцаў, на жаль, не пакідае мне ніякага шанцу паразумецца з табой. Таму, можа, і лепей было б не траціць пораху, не ўвязвацца ў спрэчку з табою. Але ж, калі ты апелю-
еш у сваіх меркаваннях да чытача, ды, папікаючы мяне ў неаб’ектыўнасці, спрабуеш сфарміраваць у дачыненні да пэўных з’яў і асоб грамадскую думку, то дазволь і мне, браце, лічыць за свой абавязак прадставіць табе і, вядома ж, чытачу свае думкі, свой погляд на рэчы.
Ты, напрыклад, клянеш перабудову, і Гарбачова, і Ельцына, што яны вінаватыя ў развале Саюза! I без каліва сумнення прыпісваеш ім зламыснасць. Цытую: «Вось жа цяпер Гарбачоў ды Ельцын не-не ды і прызнаюцца, прагаворваюцца, што змалку ненавідзелі камунізм, сацыялізм, і таму і паставілі сабе за мэту знішчыць народны лад жыцця». I тут жа перакідваешся на вядомых пісьменнікаў: «Чаго ім не ставала, чаму яны, як толькі стала цяжка дзяржаве, народу, здрадзілі, не задумваючыся, і сваім чытачам? Хіба ж не здрада тое, што Васіль Быкаў разам з Алесем Адамовічам некалі ўвайшлі ў склад міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, і разам з міжрэгіяналамі грамілі Савецкі Саюз, Савецкую Армію, Савецкую ўладу?»
Авохці мне! Як эфектна ўсё гэта гучыць! I далей з тым жа выкрывальным імпэтам:
...міжрэгіяналы былі дужа з’яднаны, дзейнічалі арганізавана, у іх была свая тактыка і стратэгія, у іх былі свае органы друку, іх аб’ядноўвала жорсткая дысцыпліна, яны мелі відавочную маральную і матэрыяльную падпітку з-за мяжы... яны цвёрда ведалі, чаго хацелі і чаго дамагаліся». Адкуль гэта?.. Hi даць, ні ўзяць, клішэ да дзейнасці бальшавікоў іскраўскага перыяду, а можа, і пазнейшых гадоў, калі штаб германскай арміі, напрыклад, пераводзіў на рахункі Леніна, Троцкага і іншых сваіх агентаў грошы для падрыўной дзейнасці ў Расіі, на ажыццяўленне там сацыяльнага перавароту.
Мяркую, рыторыка аб падпольнай дзейнасці, выцягнутая табой з трывалазавучанага ў школьныя
гады, не надта стасуецца з дзейнасцю Быкава і Адамовіча ў міжрэгіянальнай дэпутацкай групе і па-за яе межамі. У тыя гады якраз я часцей, чым калі, сустракаўся з Васілём і Алесем, таму ведаю трохі болып за цябе пра іхнюю, скіраваную на абярог дэмакратыі рупнасць.
Здзіўляе твая апантанасць і смеласць заяў пры іх абсалютнай бяздоказнасці. Калі не прыводзіцца ніводнага аргумента, факта, хоць якога-небудзь задрыпанага дакумента. О, каб гэтак пісаць пра людзей!
Давай, шаноўны Іване, цяпер падыдзем бліжэй да жыцця і бліжэй да гісторыі.
У 70-я гады я напісаў і выдаў публіцыстычную аповесць «Пакуль сонца ў зеніце» — пра докшыцкіх хлебаробаў, затым узяўся за вывучэнне жыцця ў калгасе «Аснежыцкі», з пэўным творчым разлікам нават працаваў там на збожжаўборачным камбайне. На пачатку 80-х мы з Іванам Васільевым, расійскім пісьменнікам, публіцыстам, найвыдатным знаўцам вёскі, каля двух тыдняў падарожнічалі па Беларусі. I што б, ты думаў, нас, аграрнікаў, цікавіла? Дзе выйсце, у чым паратунак для збяднелых вясковых жыхароў? Калгасы, карыстаючыся іх вымаглай працай, рана ці позна развальваліся. I расійскае Нечарназем’е ўжо ляжала на баку. У Беларусі мы назіралі, па сутнасці, той жа дэградацыйны працэс. Толькі праходзіў ён больш запаволена. Нас, як магнітам, цягнула туды, дзе вёска жыла паўнацэнным жыццём. Але не прыгадаю цяпер, дзе мы такое нават бачылі. Арганізацыя працы была больш перспектыўнай, як мы пераконваліся, у тых гаспадарках, дзе звяно ці брыгада стаяла бліжэй да зямлі і атрымлівала грошы за канчатковы прадукт, іншымі словамі, дзе быў нейкі, няхай сабе і аддалены, напамін аб прыватнай уласнасці на зямлю або ферму, аб прыватнай (асабістай) адказнасці за ўраджай, надоі,
прывагу на адкорме (калгас «40 год Кастрычніка» Іванаўскага раёна, калгас «Рассвет» імя К. Арлоўскага і некаторыя іншыя). Мы разумелі, што селянін як творца знішчаны падчас калектывізацыі, а калгаснік па творчым імпэце не ідзе ні ў якое параўнанне з ім. Ведалі, што лепшыя, прадпрымальныя, заможныя сяляне ў значнай меры знішчаны фізічна. У Беларусі, напрыклад, у 30-я гады арыштавана і вывезена ў Сібір, казахскія стэпы або расстраляна каля 1,5 млн. сялян. Дарэчы, прапаў і мой дзед Васіль, бо меў у сядзібе трох кароў, цёлку і каня... Астатнія сяляне скрозь былі ператвораны ў пралетарыяў, дакладней — парабкаў. Парабкамі яны з’яўляюцца і па сённяшні дзень, нягледзячы на большыя ці меншыя заробкі.
Я адмовіўся ад свайго ранейшага намеру пісаць кнігу пра двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Ралько і ягоную гаспадарку ў Аснежыцах. Я пераканаўся, што ў знакамітым калгасе няма калектыву і большасць мясцовага насельніцтва ў ім не працуе, а працуюць людзі, што сюды навалакліся з іншых, зусім збяднелых гаспадарак; і яны тут парабкі, і мясцовыя — парабкі. Усе парабкі, нават спецыялісты... Уладзімір Антонавіч — гаспадар, мужны і моцны характарам чалавек, шчыры з людзьмі, у тым ліку і са мной. Калі я сказаў яму пра сваё «адкрыццё», ён сцішана сказаў:
— Так, гэта праўда. Няма калектыву...
А вось іншы выпадак, сумны і смешны. Васіль Старавойтаў, старшыня калгаса «Рассвет», моцна азадачыў нас, пісьменнікаў, асабліва Васільева, сваім паведамленнем, што распачаў будаваць у Мышкавічах дзіцячы сад закрытага тыпу, каб сабраць у ім калгасных дзяцей і выхоўваць іх без уплыву бацькоў. Ідэя насіла цалкам камуністычны характар. Але чым яна абумоўлівалася? А тым, што калгаснікі, будучы на справе парабкамі, пралетарыямі, люмпе-
намі, пазбаўленыя творчага занятку на сваёй зямл’і, співаліся ды нават ад дзяцей адварочваліся, таму малалеткі адно маглі пераняць ад іх — мацюкі...
Увогуле, здаецца, усё і скрозь было пастаўлена з ног на галаву і ў вёсцы, і ў горадзе. Сродкі вытворчасці і ўладу трымалі ў сваіх руках чыноўнікі, наплоджаныя камуністычным рэжымам.
I ці не з гэтых варункаў зыходзілі вучоныя, у Мінску — Гамарнік, у Кіеве — Болатаў, якія яшчэ задоўга да так званай перабудовы і ўкаранення Гарбачовым «новага мыслення» пачалі сцвярджаць, што грамадскае ўладкаванне ў СССР не адпавядае законам біялагічных і сацыяльных сістэм, па якіх яны развіваюцца, што гэта штучна ўтворанае грамадства супярэчыць прыродным структурам і хутка разваліцца.
Можа, ты не ведаеш, дык вось факты. Каб трымаць у пакоры сялян, якія бачылі гвалт над сабой і паўставалі, як у Слуцкім павеце (а ВЧК налічыла 245 буйных сялянскіх паўстанняў), супраць іх былі выкарыстаны армейскія сілы з прыцягненнем бронемашын, бронецягнікоў, артылерыі, самалётаў і нават атрутных рэчываў — на чале з М. Тухачэўскім і іншымі чырвонымі камандзірамі. Цэлыя вёскі ў расійскай глыбінцы знішчаліся разам з насельніцтвам.
Каб скарыць сялян і ўсіх працоўных у СССР, якія не атрымалі ні абяцанай зямлі, ні фабрык і заводаў, а тым больш чалавечых правоў, побач з куляй выкарыстоўвалася і іншая, не менш дзейсная сіла — камуністычная прапаганда, што заўжды абяцала калі не гэтаму, то наступным пакаленням рай, дабро, шчасце. «Ніколі яшчэ не чыніўся настолькі аграмадны і настолькі паспяховы эксперымент над душой цэлага народа, — пісаў у свой час акадэмік Уладзімір Вярнадскі, — ніколі ні адзін гіпноз не ставіўся ў такім маштабе». I вынік гэтага эксперы-
менту цяпер нам вядомы: замбіраваны на камумістычнай перспектыве народ, саўковая псіхалогія, паслужлівасць, чынапачытанне... А тыя, хто не паддаваўся гіпнозу, траплялі ў асобую катэгорыю грамадзян-іншадумцаў.
Аналітыкі часам сцвярджаюць, што сталінскі сацыялізм з яго гвалтоўнай калектывізацыяй, адвольнай фінансавай і эканамічнай сістэмай супярэчыў навуковаму камунізму, духу марксізму-ленінізму. Але ж сялянскія паўстанні падаўляліся па ўказанні Леніна і Троцкага. Таму, калі ты не паверыш мне, павер славутаму акадэміку Льву Ландау, яго вопыту і розуму, а ён сцвярджаў, што ідэя, якая ляжыць у аснове камунізму, — гэта езуіцкая ідэя. Потым яшчэ раз пра тое ж: «Я адмаўляю, што наша сістэма з’яўляецца сацыялістычнай, таму што сродкі вытворчасці належаць зусім не народу, а бюракратыі».
Аднак ці не занадта далёка я адышоў ад тэмы размовы з табой? Ды не, думаецца.
Тэндэнцыя да распаду ўсяго таго, што пры дапамозе бізуна і перніка было створана бальшавікамі, на крыві і касцях, канешне, — гэтая тэндэнцыя набыла асаблівую сілу падчас так званага застою пры Брэжневе. Краіна, маючы палавіну сусветнага запасу чарназёмаў, штогод недабірала 60-70, а то і ўсе 100 мільёнаў тон збожжа і купляла яго за мяжой. У той час як да рэвалюцыі Расія экспартавала яго і папаўняла казну сваю золатам. Дзяржава купляла таксама мясныя прадукты і масла. А Беларусь тым часам шчыравала. У нас пакуль што гэта атрымлівалася дзякуючы тым жа камуністычным гімнам і лозунгам, энтузіязму мас, што працавалі ўжо на канчатковы знос. Але й гэта не рабіла пагоды ў краіне Саветаў, дзе і хлебная ніва не радзіла, і прамысловае абсталяванне даношвалася, і маральна і фізічна старэлі тэхналогіі...
Карабель дзяржавы, нягледзячы на адтэрміноўку, што даваў ёй экспарт золата і нафты за мяжу, вось-вось мог пайсці на дно. Час было развязваць рукі камандзе, рэфармаваць эканоміку, шукаць свежыя сілы ў перабудове грамадства. 3 гэтага і пачаў Гарбачоў. А ты клянеш яго за перабудову. Дарэмна. He віна, а бяда Гарбачова, што перабудова не пайшла яму ў руку, што ён пачаў яе не з партыі, якая, здзяйсняючы лозунг рэвалюцыі, павінна была б перадаць уладу ў рукі Саветаў, і што не напоўніў рэальнасцю суверэнітэт рэспублік згодна з Канстытуцыяй СССР, і яны пачалі рваць па жывому саюзныя сувязі, што вяло да ўсебаковага крызісу.