Крушэнне на ростані
Васіль Якавенка
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 404с.
Мінск 2002
цы Пэн-клуба, ён расстараўся валюты, вярнуўся было і пакрыў запазычанасць знябытай сваёй «Крыніцы».
Мне не хацелася б распавядаць аб прыгодах Някляева. Як-ніяк я люблю і паважаю ў ім паэта, але ж без тых прыгод нам не зразумець і пакут кіруючага апарату СП і рэдакцыі «Крыніцы».
Два гады сталіца жыла без Някляева. I амаль два гады намаганняў у адраджэнні часопіса, два гады барацьбы за ўтрыманне дзеяздольным саюза.
Дзякуй Богу, ужо колькі месяцаў як часопіс «Крыніца» выходзіць! I ў СП справы пайшлі куды лепш, чым тое было пры В. Зуёнку і У. Някляеве. Я неяк ужо распавядаў пра гэта ў газеце «Літаратура і мастацтва». А поспеху тут дабіліся дзякуючы пранікнёнаму розуму, самаахвярнай працы і дабраслаўнасці дзвюх жанчын — В. Іпатавай, пачаўшай выконваць абавязкі старшыні СП, і А. Канапелькі, новага рэдактара «Крыніцы».
Што я маю засведчыць? У саюзе праведзена шмат вечарын і сустрэч пісьменнікаў з чытачамі, прычым не толькі ў Мінску. Большасць з іх арганізоўваў намеснік старшыні СП Н. Гальпяровіч. Рэгулярна праводзіліся семінары з маладымі, чаго раней не было, выдаваліся пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў на іншыя мовы, адноўлена дзейнасць Дома творчасці «Іслач».
Саюз не выпусціў са сваіх рук (а ў некага ж была спакуса адняць) часопісы «Полымя», «Неман», «Маладосць», «Беларусь», «Бярозка»; то яны, хоць і маюць фінансавыя цяжкасці, не знізілі свайго ранейшага мастацкага ўзроўню, наадварот, набылі нешта новае, што радуе чытачоў. Публікацыі ў часопісе «Маладосць» і ягонай бібліятэчцы маладых, выданне пачаткоўцаў у тоўстым зборніку «Анталогія маладой паэзіі» пры ўдзеле саюза, нястомная праца старшыні літаб’яднання А. Масарэнкі з мала-
дымі ў СП, асобныя іхнія кніжкі — усё гэта сведчыць, што ў прыганоблены ад веку пісьменніцкі саюз ідзе дружная і добрая змена.
Я аўтар штотыднёвіка «ЛіМ», і таму мне не выпадае даваць яму нейкія ацэнкі. Але вось наш старэйшы пісьменнік У. Юрэвіч пастаянны чытач «ЛіМа». Ён усцешаны, бо там друкуецца шмат цікавых пісьменніцкіх твораў і матэрыялаў гістарычнага плана, якія запаўняюць белыя плямы ў нашай памяці і нашай свядомасці, іх варта чытаць.
Да выдатнай пісьменніцкай ініцыятывы, за якой стаіць К. Цвірка, адносіцца выдавецкая дзейнасць пад шыльдай «Беларускага кнігазбору» і ў выдавецтве «Беллітфонда».
Зрэшты, у маю задачу не ўваходзіць пераказ станоўчых момантаў або творчых здабыткаў і ўдач на абшарах СП. Перад з’ездам лепей зазначыць, што за цэлых дзесяць гадоў у сценах саюза не праведзена ніводнай важнай, лёсавызначальнай і шырокай размовы, каб яна пакінула след у грамадстве. Я не памятаю штосьці ні такіх канферэнцый, ні сходаў, ні «круглых сталоў» або нейкіх іншых там акцый. А ці ж не можна было б правесці канферэнцыі на такія хвалюючыя тэмы:
а) бытаванне і лёс беларускай мовы;
б) роля і стан гістарычнага асветніцтва як дамінанты ў выхаванні самасвядомасці і годнасці нацыі (амаль паводле У. Сыракомлі);
в) аб катастрафічнай забруджанасці інфармацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь і атрутным уздзеянні яе на мараль і здароўе насельніцтва.
Тэм ды праблем шмат, і каб чытачы, у тым ліку пісьменнікі, зразумелі, куды я хіну, прывяду, так бы мовіць, узор выніковай і ўражлівай канферэнцыі ў Доме літаратара ажно ў 1988 годзе.
Хто пажыў, памятае, як хвалявала ў Беларусі ў ранейшыя гады заўзятая праца меліяратараў, якія,
бадай, толькі тое і ўмелі, што спускаць ваду з абшараў і патрашыць, спрамляючы, рэчышчы.
У нашай міжрэспубліканскай канферэнцыі, а мы праводзілі яе разам з украінскімі пісьменнікамі і вучонымі, прынялі ўдзел спецыялісты, Інстытута меліярацыі, міністры, прадстаўнік ЦК КПБ. Як шчыра мы адзін аднаго пераконвалі ў вартасцях і заганах, ды проста ў злачыннасці меліярацыі на Палессі. I што вы думаеце? Нашы вучоныя, акадэмікі АН БССР, а за імі і міністры меліярацыі, лясной гаспадаркі капітулявалі; старшыня Дзяржкампрыроды В. Казлоў кінуўся памагаць нам у састаўленні заключнага дакумента канферэнцыі, дзе цалкам перакрэсліваўся праект абвалавання Прыпяці і ўсё іншае -— абсурднае, непамыснае. Пісьменнікі В. Карамазаў і А. Петрашкевіч, дзякуй ім, таксама прыклалі сваю руку да зместу рэзалюцыі.
Канферэнцыя паслужыла добрым урокам вучоным, і яны з таго дня пачалі пераасэнсоўваць і мяняць нацыянальную палітыку ў меліярацыі. Гэта была найвялікшая перамога грамадскасці пры абароне прыроды, ракі, і таму я з гонарам назаву астатніх калег пісьменнікаў, якія прынялі актыўны ўдзел у той гістарычнай, як бачыце, бітве. Гэта А. Казловіч, Я. Пархута, I. Дуброўскі, Л. Караічаў, з Украіны — У. Яварыўскі і П. Max.
Цяпер, прыгадваючы былыя баталіі, я думаю, чаму б саюзу пісьменнікаў не вызначыць нейкія стратэгічныя напрамкі работы, не ўзварушыць сяброў і час ад часу не выкарыстоўваць дыспуты як форму барацьбы за розумы пры дасягненні сваіх гуманных і высакародных мэтаў? Напрыклад, ніяк нельга адкладваць барацьбы, бескампраміснай, упартай, няроўнай, — дарма — за пашану да беларускай культуры і мовы. Бо пройдзе пэўны час, зусім небагата яго засталося, калі ў Беларусі сярод шматлікіх літа-
ратур — расійскай, украінскай, яўрэйскай, польскай, напрыклад, беларусы не знойдуць сваю.
На нядаўнім семінары маладых у СП выступіў А. Савіцкі. Ён прывёў красамоўныя прыклады. У адной кнігарні налічыў 29 розных кніг Ф. Нязнанскага, але затое ніводнай — беларускіх аўтараў. У Цэнтральнай кнігарні на прылаўках на 32 крокі ўздоўж размясцілася рускамоўная літаратура, і толькі на 2 крокі ў куточку — літаратура тутэйшых. Ці ж не дыскрымінацыя гэта па факту?..
Вядома, сёння пісьменнікам выжыць, пражыць і застацца ў рабочай форме вельмі і вельмі цяжка, паколькі многія з іх насілу зводзяць канцы з канцамі. Таму ж У. Юрэвічу не хапае сродкаў падпісацца на «ЛіМ», і ён карыстаецца падпіскай суседзяў. Мне думаецца, што ў сакратарыяце саюза павінен быць чалавек, які б вывучаў умовы жыцця пісьменнікаў і дакладваў сакратарыяту пра цяжкія выпадкі.
На думку многіх пісьменнікаў, дарэчы, ранейшая структура кіраўніцтва — старшыня, першы сакратар, сакратары — была больш прыдатная, паколькі прадугледжвала для кожнага больш самастойнасці ў працы, адказнасці, ініцыятывы.
Усё павінна стымуляваць нармальную статутную дзейнасць Саюза пісьменнікаў, работу творчых секцый, камісій. Пісьменнікі ўжо наслухаліся пра сябе нямала абразлівых слоў, часцей за ўсё незаслужаных, легкадумных, гарачлівых. Час, мне здаецца, паказаць сваю годнасць не толькі ў творах, але і ў арганізацыі па-грамадзянску сталай працы, у выяўленні свайго інтэлекту, у падтрымцы адзін аднаго. Наш саюз — апірышча грамадства ў ягоных духоўных клопатах, і ў арграбоце сакратарыята заўжды павінны прысутнічаць адданасць справе, няўрымслівасць, мужнасць і мудрасць.
Мне, напрыклад, імпануе колішняя думка наша-
га знанага земляка, доктара, мысліцеля М. Судзілоўскага, выказаная з нагоды тых ці іншых уяўленняў чалавека пра сваё бяссмерце. Ён ужывае слова Цэлае ў сэнсе «этнічная ці нейкая іншая супольнасць»: «Вы баіцеся смерці, прагнеце бяссмерця?.. Жывіце жыццём Цэлага. Калі вас даўно не будзе, — яно застанецца. Знішчэнне палохае толькі пакуль вы адчуваеце сябе асобна».
Нам цяжэй пра Цэлае думаць, паколькі яго ў нечым канкрэтным яшчэ трэба ствараць. To і пачнём, можа, з невялікага, з Саюза пісьменнікаў, дзе не стае калектыўнага розуму і энергетыкі шчырай павагі, калі не лагоды.
Да гэтых разважанняў блізка стаяў і былы сакратар СП I. Мележ. Праўда, ён ішоў да іх з другога канца, але таксама ж ад Цэлага. Ён казаў, што па сіле прыкладу саюзам кіруюць не толькі тыя, каго пісьменнікі выбіраюць сёння, а і папярэднікі, увогуле нашы вядучыя літаратары і нават тыя, каго ўжо даўно няма — К. Чорны, М. Багдановіч, Я. Купала. А цяпер вось ужо і М. Танк, дый сам ён, I. Мележ.
Я ўсё ж думаю, што новаму кіраўніцтву пісьменніцкай арганізацыі варта яшчэ раз прыкласці намаганні, каб вярнуць у саюз Дом літаратара і паставіць перад Літфондам СП задачу — для ўмацавання здароўя пісьменнікаў — аднавіць у ягоных сценах сваю паліклініку.
Ёсць у гільдыі майстроў перавага ў доказах.
Толькі ж наперадзе — з’езд!
2001 г.
ЧЫЕ ВЫ, ХЛОПЦЫ, БУДЗЕЦЕ?..
Наш з’езд адвіраваў, бы чарговая вясновая паводка. Ён бурліў, часам пеніўся, але нікога не накрыў, не ўтапіў у сваёй каламуці, хоць у перадз’ездаўскіх навальніцах, уласна, было шмат пагражальнага. Няйначай, мудрасць пісьменніцкая ўзяла-такі верх над пачуццямі, часам зманлівымі, нават збродлівымі, што належыць аднесці на неспакойную і трывожную, зажураную і пакуль што непраглядную паласу гісторыі для нашай беларускай супольнасці.
На з’ездзе цешыў сябе думкай: магчыма і я як літаратурны грамадзянін СГІ унёс сваю пэўную лепту ў тое, каб да гэтай вехі ў жыцці літаратараў асадзіць грамадскую каламуць, як што мае ўтрапёныя артыкулы ў друку, прысвечаныя саюзу, праблемам ягоным, мелі спаважнае і раскацістае водгулле.
Па ліку гэта быў 13-ы з’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў, і, выступаючы ў спрэчках на ім, былы старшыня У. Някляеў нагадаў пра нядобры знак лічбы і сказаў, што, каб тое было ў волі ягонай, ён яшчэ добра падумаў бы, перш чым рыхтаваць і праводзіць яго, тым больш — датэрмінова. Але ж крок, бадай, быў змушаны. Знамянальна іншае: Э. Скобелеў, прадстаўляючы як не самае агрэсіўнае крыло пісьменнікаў, якія яшчэ нядаўна ў штыкі прымалі пранякляеўска-іпатаўскае кіраўніцтва, тут, на з’ездзе перасталі станавіцца ў рожкі і нават заявілі, што з’езд, ягоны ход, яго дух, ім падабаецца, магчыма, за выняткам некаторых дробных момантаў.
Такім чынам ход дыскусіі нібыта спрыяў паразуменню і кансалідацыі шматлікай літаратурнай грамады, што дае падставы для новых спадзяванняў на пастаноўку і рашэнне ўдаўнелых надзённых задач нацыянальнай культуры і чалавечага духу. Аднак філасофскі камень, аб які саюз спатыкнуўся і яшчэ можа спатыкнуцца не раз, якраз у тым, як да гэтых задач падысці.
На душы як-ніяк задавальненне: у цяжкіх сацыяльна-эканамічных умовах, якія склаліся, ды ў псіхалагічным дыскамфорце, створаным для нас, бадай, штучна, пісьменнікі не адцураліся свайго прафесійнага занятку. Многія пішуць, выяўляючы свае добрыя здольнасці і дараваны Богам талент. Асабліва ж радуе супольны, так бы мовіць, плён у гістарычна-патрыятычнай тэматыцы, хоць некаторыя знаўцы і сцвярджаюць, што там не ўсё роўна, не ўсё дастаткова глыбока ўзнята. I, тым не менш, у нашага брата ёсць чуццё тэмы, яе актуальнасці, важнасці для сённяшніх варункаў жыцця і для прышласці.