Крушэнне на ростані
Васіль Якавенка
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 404с.
Мінск 2002
СП, як мне ўяўляецца, ніколі не меў значнага ўплыву на творчы працэс, дармо што партыйныя функцыянеры ў свой час і праглі таго. Аўтара кліча ў нязведаную далеч або ў вір сучасных праблем сама рэчаіснасць і ненатоленасць духу.
Але калі так, то ў чым жа тады, скажыце, асноўная роля саюза, нашай у прынцыпе высокай саборнасці, асабліва ў сённяшніх умовах? I яшчэ: саюз — гэта што: сівое возера духаў або рака імклівага самаачышчэння, маральнага і духоўнага ўзбагачэння грамадства?
У мяне ж на душы непакой акурат за грамадзянскі напал, за саборнасць ды іх нахіл і рух у часе. За стан агульных клопатаў, за сарыентаванасць і лад, які бывае ў магнітным полі, або дэструктыўную раз-
бэрсанасць і адсюль — зніжэнне моцы духу Саюза пісьменнікаў. Крызіс, я сказаў бы, даволі глыбокі. Нягледзячы на пэўную карысную працу, якая выконвалася ўсе гады і само сабой прагучала ў дакладзе.
Таму па нейкай дзіўнай аналогіі прыгадваецца мне сітуацыя, у якую незнарок патрапілі случакі ў 20-м годзе, выступіўшы ў падтрымку Беларускай Народнай Рэспублікі — супраць рабунку і тэрору бальшавікоў, пра што даволі ўдала расказаў у сваёй аповесці «Нічые» Андрэй Федарэнка.
Брыгада ўзброеных сялян спынілася ў вёсцы Себежава, у нейтральнай паласе, падчас замірэння палякаў з чырвонымі, — між дзвюх варожых груповак. Бадзёры настрой, высокі дух, выкліканы ў байцоў усведамленнем барацьбы за інтарэсы — ні левых, ні правых, а за свае крэўныя інтарэсы — адраджэнне Бацькаўшчыны — гэты дух неўзабаве пачаў ападаць па прычыне бяздзейнасці камандзіраў і чакання, чакання імі падтрымкі з розных бакоў, што не спраўджвалася. I пайшлі ў ізаляванай такім чынам брыгадзе хістанні, змовы. Пайшлі правакацыі з варожага боку... Вынік вядомы.
Мне сёння ўяўляецца сімвалічнай як тая палоска нічыёй зямлі, на якой мы, літаратары, падобна случакам, мацуемся, так і грамадскі статус прэстыжнай брыгады — нічые!
На самай справе, хто сёння возьмецца ўсур’ёз сцвярджаць, што беларускія пісьменнікі як выказнікі гістарычнага і сучаснага духу народа працуюць разам з народам? Хто возьмецца сцвярджаць і адваротнае: што народ, які, паводле слоў В. Быкава, ад нас даўно ўкралі і ад якога да гэтага часу нас метадычна і спрактыкавана адсякаюць усімі сродкамі інфармацыі, такі народ калі-небудзь спажыве ад свайго інтэлекту што-колечы?..
У нашай сітуацыі духоўныя плады і карані культуры не маюць свайго арганічнага спалучэння, і таму з усёй жорсткасцю і бязлітаснасцю для нас паўстала пытанне: чые мы? Якога аблуднага роду-племені дзеці?
Заціснута і амаль пахавана пад напластаваннямі рускамоўных выданняў беларуская літаратура, катастрафічна звужаецца арэал бытавання мовы. У выніку мы страчваем сувязь са сховамі тых матэрыялаў, якія завуцца мовай і служаць нам для стварэння эпічных карцін, паўнацэнных твораў і вобразаў. Крыніцы няўхільна мялеюць, і мы, як рыба, хаўкаем на «нічыёй», на нейтральнай паласе зямлі...
Напрыканцы мінулага года я выступіў у «Настаўніцкай газеце» з адкрытым артыкулам да педагогаў «Чаго выракліся?». У Хамічах, пад Азарычамі, дзе вучылася мая маці, святкавалі 90-годдзе мясцовай вучэльні. I трэба ж было мне туды завінуць!
У беларускамоўнай, як лічыцца, школе ні на вуліцы, ні з трыбуны, ні ў вучнёўскім канцэрце не ўдалося пачуць ніводнага беларускага слова! Сядзеў я там як выкляты ў камеры без паветра. На мой крык душы «Чаго выракліся?» у газеце пайшлі водгукі. Нехта падтрымліваў, а больш ужо ганьбавалі мяне: чуеце, маўляў, як я пасмеў зняславіць школу падчас ейнага бліскучага юбілею? Школу-перараджэнку, якой тым больш асабіста колькі разоў аказваў пэўную дапамогу.
Хто ведае, чым скончыўся б наш дыспут у лістах па пошце, але толькі старшыня Калінкавіцкага райвыканкама У. Піліпчук рашуча яго абарваў. Выступаючы на нейкай там нарадзе, ён расцаніў мой зямляцкі ўчынак як непрыстойны і пад пагрозай спагнанняў забараніў педагогам раёна пісаць мне лісты. Чым не пазіцыя, не пастава ў моўным і культурным пытаннях прадстаўніка ўлады?
Адсюль — мараль. Нястомна працуе і робіць нямала ў прапагандзе адраджэнскіх ідэй у друку, напрыклад, пісьменнік Ніл Гілевіч. Кожнаму з нас варта гэта рабіць, хаця і перабольшваць прыватных высілкаў пры фельдфебельскім стаўленні да нас не варта.
Пытанне, аднак: а дзе ж яна, дзе роля, дзе тактыка, дзе, урэшце, стратэгія нашай пісьменніцкай арганізацыі на гэтым лёсавызначальным кірунку? Бо, калі саюз — не выпадковая зборня, а адзіны і жывы арганізм, ён павінен рэагаваць па-жывому на ўсё, асабліва на небяспеку — згодна з сацыяльна-біялагічнымі законамі і праявамі неўтаймоўнага духу.
На вузкай, нічыйнай палосцы, пакуль нас не спіхнулі, нам варта над гэтым моцна падумаць.
I ўжо зусім не выпадае нам зводзіць звадкі аднаго з адным, утвараць змовы, варожа групавацца, калі яшчэ ў нашых душах тлее цікаўнасць і гараць вугельчыкі любові да Бацькаўшчыны.
Час спыніць усялякую мышыную валтузню між сабой і піск нашых ціхамірных аўтарытэтаў саюза, пераважна дам, аб тым, што не варта саюзу займацца палітыкай. Гэта ж раўналежна таму, калі б у Семежаве дачасна прагучалі заклікі: скласці зброю!
I чаму, спытаю ў вас, шаноўныя, грамадскае аб’яднанне ТБМ, стоячы побач з нашым Семежавам, дзейнічае, рупіцца, змагаецца за адраджэнне мовы, пашырае сваю геаграфію, набывае новых сяброў, дамагаецца заснавання нацыянальнага універсітэта і г. д., а СП адно раўнадушна назірае за магчымым партнёрам і ратавальнікам? Ці на добрае гэта? Уважайце... Дрэнна, калі нам нехта здраджвае. I яшчэ горш, калі мы здраджваем самі сабе. Вусцішна робіцца!
На з’ездзе новым старшынёй Беларускага саюза пісьменнікаў абрана Вольга Іпатава, якая раней
выконвала абавязкі старшыні. Выбар лагічны і, будзем спадзявацца, апраўданы. Асоба добра вядомая літаратурнай грамадскасці. He ведаю толькі, чаго болей насіла яна ў сваёй душы — чалавечай стомленасці, бо называла старшынёўства ў СП галгофай, ці няпэўнасці, што яе працу на з’ездзе прызнаюць, — тое і другое, мяркую, падточвала яе бадзёры настрой, прыгнечвала яе самалюбства, і зусім не адразу, а ў пакутлівых муках яна вырашала для сябе пытанне: ці варта пагаджацца з вылучэннем яе кандыдатуры на пасаду старшыні?
Нешта ж з месяц ці болей Вольга Міхайлаўна вывучала магчымых прэтэндэнтаў, якія самахоць наплывалі, і, не задавальняючыся імі, сама прапанавала двум-тром пісьменнікам даць згоду на вылучэнне. Па нейкім збегу абставін у ліку апошніх аказаўся і я, публіцыст, бадай, з порахам і запалам, ды самы неканкурэнтаздольны ў асяродку саюза, дзе даўно склаліся свае традыцыі і стэрэатыпы...
Вядома, справа цяпер не ўва мне або іншым. Справа — за еднасцю і жыццяздольнасцю, саборнай чыннасцю нашай суполкі, якую ачоліла Вольга Міхайлаўна. Калі абвясцілі вынікі выбару, на яе твары раз-пораз успыхвала шчаслівая ўсмешка. Чакала? Жадала? Але ж, збылося!
Чаго ж нам цяпер ад спадарыні Вольгі чакаць?
На думку аднаго з сяброў рады, які ведае Іпатаву бліжэй, чым я, не варта ўпадаць у эйфарыю. Вольга, казаў, па-ранейшаму будзе старацца нікога не пакрыўдзіць і балансаваць у апісанай Федарэнкам, нейтральнай прасторы.
Такі каментар калегі, чалавека аднаго, бадай, веку са мной, мне не да сэрца прыйшоўся.
В. Іпатава на нядаўняй афіцыйнай нарадзе работнікаў культуры між іншым засведчыла, што можа смела, востра, адкрыта, адчайна ставіць пытанні.
Адно ставіць і вырашаць іх у грамадстве, згодна яўрэйскаму выслоўю, — дзве вялікія розніцы! У маёй публікацыі «На покліч — гільдыя майстроў!» у «Звяздзе» за 26 мая паказаны спосаб, скажам, адзін з іх, як, абапіраючыся на Саюз пісьменнікаў і ягоную саборную сілу ды службовых асоб, можна ставіць і вырашаць хвалюючыя грамадства пытанні і праблемы.
Нам адно застаецца спадзявацца, што арганізатарскія здольнасці, творчы вопыт, імпэт у Вольгі Міхайлаўны напоўніцу пакуль не раскрыты, а жыццёвы падмурак для працы ў яе гожы і цікавы і ён шмат да чаго абавязвае.
Вольга Іпатава ва ўсіх навідавоку і, каб не давялося даваць у рукі яе нядобразычліўцаў потым матэрыял для папроку, варта, лічу, адразу зазначыць: тытулаваны крытык і літаратуразнаўца I. Саверчанка зрабіў ёй нядобрую паслугу -— сваёй рэцэнзіяй на аповесць «Вяшчун Гедзіміна» («ЛіМ» за25 мая). He чым іншым, як аўтарытэтам сваім, доктар Саверчанка даводзіць, што гэта — «якасна новая ступень у беларускай гістарычнай літаратуры, па-сапраўднаму наватарская мастацкая спроба» і г. д. Заінтрыгаваў, што называецца!.. Шукаю ў артыкуле крытычнага разгляду, параўнанняў твора з іншымі аповесцямі, эпічнымі палотнамі іншых аўтараў. Але аналізу, хоць павярхоўнага, — ні ў зуб нагою. Эйей! А я ж таго I. Саверчанку не аспрэчваю, я хачу верыць яму, толькі калі ты, браце, даводзіш пра наватарства і эпахальнасць твора, то пакажы і дакажы ў чым яны... Інакш пісаць непрафесійна.
Аповесцю «Вяшчун Гедзіміна» В. Іпатава лішні раз засведчыла пра сваю глыбокую гістарычную памяць і пашаноту да продкаў, як і вернасць матэрыяльна-духоўнай спадчыне ды адданасць той чалавечай сукупнасці, якой назва беларускі народ. Палымяны твор! Палымяная асоба...
I каму, як не ёй, скрануць саюз і павесці, карыстаючыся прафесійным іміджам, арцельнымі клопатамі і саборнасцю духу, на рашучую барацьбу за тое, што яму, саюзу, і статутам прадпісана, і на сумленні, няйначай, ляжыць, — за нацыянальную палітыку ў сферы культуры. Далібог, без гэтага нам і нашай літаратуры свеціць шлях толькі ў нябыт.
Дадам, што для падобнага патрыятычнага чыну ў нас, інтэлігентаў, ёсць і належная зброя. Гэта наша слова, наша перакананне, нашы спрадвечныя аргументы і доказы ды наш боль. Мы павінны дзейнічаць спаважна, тактоўна і перацягваць на свой бок людзей, спакушаных д’яблам. Іншага шляху ў нас няма! I тут не ўсё проста. Патрэбны канкрэтныя пільныя захады і, паўтаруся, доўгатэрміновая стратэгія і тактыка духу.
Прафесійнаму грамадскаму аб’яднанню, апроч індывідуальнага творчага занятку кожнага, патрэбна зварушлівая справа, яна, канешне, ёсць, і яшчэ патрэбна жаданне вартай, важнай справай заняцца; толькі на тым, што захопіць пісьменнікаў, адбудзецца іх збліжэнне, знаёмства і нітаванне таварыскасцю. А калі ж пісьменніца з вёскі піша ў Мінск, што саюзу добра было б збіраць і знаёміць між сабой літаратараў, як у клубе «Каму за 30», напрыклад, то гэта варта аднесці да шчырай, але недакладнай і таму памылковай пастаноўкі пытання. Нам усім, я думаю, патрэбны клубы, сустрэчы і дыспуты, але толькі азораныя пэўнай мэтай, праграмай і марай.