Крушэнне на ростані  Васіль Якавенка

Крушэнне на ростані

Васіль Якавенка
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 404с.
Мінск 2002
105.41 МБ
Рэфармаванню эканомікі, палітычнага і грамадскага жыцця ўсяляк супраціўлялася саўковае чынавенства, і Міхаіл Гарбачоў, выяўляючы ў сабе шмат неардынарнай энергіі, стаў падобны на танк у сыпучых пясках пустыні. Буксуем! Распачаўшы вялікую справу, ён па другім ці трэцім годзе ўжо не ведаў, куды краіну павесці.
Як бачыш, пане-браце, я раней за цябе расчараваўся ў Гарбачове. Але розніца ў тым, што я дакараю Гарбачова толькі і толькі за тое, што ён не вывеў краіну на перабудову, якой вымагала гісторыя, а ты — за «перабудову», нібыта тая перабудова была. I яшчэ, я не лічыў і не лічу яго ворагам сацыялізму і амерыканскім стаўленікам або, тым больш, агентам ЦРУ. У тваім, братка, бачанні Гарбачова, Ельцына і іншых палітыкаў таго часу ёсць штось аблуднае. Гэта сталіншчына ў нас сядзіць, калі мы ў кожным бачым ворага. А што да Гарбачова, то, па маіх меркаваннях, сацыялізм яго і загубіў.
Ну няхай, скажам, у нас, з сацыялізмам і камунізмам •— нават хрушчоўскім — няўдача. To назаві ж мне, апанент мой шаноўны, дзе ў іншым месцы, у якой іншай краіне, на якім такім кантыненце ён выйграў эканамічнае і сацыяльна-палітычнае спа-
борніцтва з капіталізмам і сябе апраўдаў. Можа, на Кубе ці ў Карэі, у Кітаі ці Польшчы? Агітаваць за вяртанне туды, дзе болып нічога няма, і распавядаць у друку пра сваю настальгію аб тым, што мінула, — проста злачынна...
Я нешта не памятаю, ці быў ты ў партыі. А я быў і, калі адзін камуністычнага крапу рэдактар, у якога я быў падначаленым, нізашто аблаяў мяне і наважыўся было з’есці, справай мусілі заняцца ў ЦК КПБ. Вядомы сакратар кампартыі Аляксандр Кузьмін спытаў у вядомага загадчыка ў справах агітацыі і прапаганды камунізму С. Паўлава:
— Хто такі Якавенка?
— А гэта адзін з маладых літаратараў і, бадай, адзіны, хто піша пра камуністаў. Заб’яце Якавенку — ніхто пісаць не будзе!
Вядома, пасля такой заявы мяне рэабілітавалі.
А я сапраўды пісаў пра камуністаў, але заўжды ставіўся да іх дзейнасці крытычна. Пра гэта можа засведчыць мая першая дакументальна-публіцыстычная аповесць «Дарога цераз гаць».
Набіўшы аскоміну на ўпраўленчым і гаспадарчым негатывізме, якім было запруджана мясцовае жыццё, я пачаў шукаць людзей, якія маюць у жыцці найважны клопат пра грамадскую супольнасць і штосьці-такі вырашаюць. Таму, лічу, невыпадкова героямі маіх твораў сталі Ульяна Крышталевіч, Павел Васілеўскі, Кім Сінічкін, Анатоль Бычак... Іменна яны, карыстаючыся дзяржаўнымі фондамі і партыйным, а галоўнае людскім даверам, рабілі тое, што і павінен рабіць чалавек, камуніст ён або беспартыйны, тым больш — пры ўладзе, пры сродках, — клапаціцца пра іншых чалавекаў. Яны так і рабілі і мелі плён і ўдзячнасць людскую. Яны гэта рабілі як носьбіты сацыялістычнай і камуністычнай найгучнай ідэі і зведалі гонар у сваёй бальшавіцкай душы.
Але, як ні дзіўна, усё тое ж рабіў для людзей у сваім маёнтку ў вёсцы Парэчча па-над Ясельдай непадалёку ад Пінска і буйны прадпрымальнік ды капіталіст у самым яскравым выяўленні Аляксандр Скірмунт. А было ж тое паўтара стагоддзя назад!
От гэты нашчадак, або атожылак роду, што сягае ўглыб Вялікага Княства Літоўскага, у маладыя гады вывучыўся на інжынера, спасціг у Германіі навейшыя тэхналогіі. I як толькі вярнуўся дадому, заснаваў у Парэччы фабрыку па вырабу сукна, і тое сукно неўзабаве пачало набываць славу не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе. Ён жа адкрыў і цукровы завод, ды сказ не пра гэта.
Фабрыкант Скірмунт не стаў запрашаць на працу спецыялістаў з Германіі, а на свой кошт вывучыў там на інжынераў, тэхнікаў, тэхнолагаў мясцовых сялян, нават намеснікам упраўляючага па вытворчасці працаваў былы селянін. Скірмунт ператварыў фабрыку ў акцыянернае таварыства, удзельнікамі якога сталі рабочыя. Таму імпэт у працы там быў зайздросны і ва ўсіх працоўных — добрыя заробкі.
Забягаючы наперад, зазначу, што яшчэ да нараджэння Леніна, Аляксандр Скірмунт не на словах, a на справе ўкараніў у жыццё яго бальшавіцкі лозунг: «Фабрыкі і заводы — рабочым».
Наступны крок. Скірмунт адкрыў у Парэччы бясплатную школу для фабрычных і сялянскіх дзяцей і бясплатную бальніцу, дапамагаў багата каму ў цяжкіх і няшчасных выпадках. Яго грамадская дзейнасць выходзіла далёка за межы Парэчча, ён браў чынны ўдзел у скасаванні прыгону ў Расіі, які за Сталіным зноў вярнуўся да нас. Разам з абдзіралаўкай. Разам з бяспраўем і жорсткай эксплуатацыяй сялянства.
У Парэччы, упершыню на беларускай зямлі, мы мелі ўзор свайго нацыянальнага, талерантнага, нязмушанага сацыялізму, пры захаванні прыватнай
уласнасці і ініцыятывы. Варта было б нам хоць бы сёння зразумець, што гэта быў за ўзор, і паставіць помнік грамадскаму і гаспадарчаму дзеячу Скірмунту як першапраходцу на сацыяльных абшарах, запушчаных, вымаглых. Бо да гэтакага скірмунтаўскага сацыялізму значна пазней пачалі церабіць сабе шлях у Швецыі і іншых краінах, а цяпер і ў Кітаі.
Нехта з фанатыкаў-камунякаў, калі не ты, Іване, можа запярэчыць мне, маўляў, з такім сацыялізмам лучыцца няроўнасць і эксплуатацыя чалавека чалавекам. Ды хіба ў нас штодня і штогод не назіралася няроўнасць, не чынілася і не чыніцца нават цяпер самая жорсткая і бессаромная эсплуатацыя рабочых, інтэлігенцыі і сялян, асабліва сялян, з боку дзяржавы праз партыйна-дзяржаўнае чынавенства?
Я, можа, і прыняў бы думку вядомага навуковага публіцыста Генадзя Лісічкіна з Масквы, які ў сваім опусе «Міфы і рэальнасць» сцвярджае, што сталінскі сацыялізм нічога агульнага з марксізмам і нават ленінізмам не мае, калі б не адна дробязь. Ліхвярамі-марксістамі, і не толькі сталінскага крою, над галавой узняты лозунг: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» А дзеля чаго?
Ну аб’ядналіся пралетарыі, скінулі ўладу буржуяў, перарэзалі ўласнікаў. А далей што?.. А тое, што і ў Расіі было; яны прывядуць да ўлады чынавенства, якое ніколі і ні за што па-сапраўднаму не адказвала і якому і на пралетарыят напляваць.
Іншы даследчык, беларус Валерый Арцішэўскі ў сваёй манаграфіі «Нацыя: шлях да сацыяльнай гармоніі» даводзіць, што найбольшы клопат пра інтарэсы народа маюць уласнікі і ўлада ўласнікаў, а не чынавенства.
Нарэшце, некалькі слоў пра другую частку твайго артыкула «3 кім вы?..» Гэта амбіцыёзна-фанатычны заклік да пісьменнікаў выйсці з таго саюза, у якім быў Алесь Адамовіч і ў якім застаюцца Васіль
Быкаў, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Іван Навуменка, Іван Шамякін дый усе, хто складае лічбу 500.
Чаму б табе не дапусціць, што ў адным саюзе, a творчы саюз — пакуль не казарма, могуць ужывацца, дружыць творцы розных поглядаў як на Маскву, на Югаславію, так і на іншыя краіны. Балазе, ад нашых поглядаў там мала чаго залежыць! А вось што нас павінна яднаць і штодня азадачваць, дык гэта праблемы сваёй роднай зямлі, свайго народа, яго гаспадаркі, мовы, культуры.
Ты папікаеш Г. Бураўкіна тым, што ён як тады, калі быў міністрам або ўзначальваў тэлерадыёкамітэт, так і цяпер навідавоку, хоць фактычна адышоў, адваліўся ад кіруючай чынавенскай мосці, — глядзі што перафарбаваўся! Ну і няхай сабе! Нагадаю прыклад, Альгірдас Бразаўскас быў першым сакратаром ЦК КП Літвы, а потым, у самастойнай краіне, што ачомалася ад камунізму, узначаліў свой, нацыянальны ўрад. У Літве свае нацыянальныя клопаты аб’ядноўваюць людзей розных палітычных накірункаў, тым больш накірункаў, якія былі ў мінулым. А ты, па-мойму, каторы год працуеш не на аб’яднанне нацыянальных сіл, а на іх раскол. Свядома!
Бачыш, як розна мы глядзім на нашу сілу. Варта толькі спытаць: з якім расійскім саюзам пісьменнікаў ты маеш намер аб’яднацца? Бо іх ужо некалькі. I маёмасць былога Саюза пісьменнікаў СССР даўно пайшла з малатка, у тым ліку і дамы творчасці.
У тваім артыкуле, які бачыцца мне ў пэўнай меры супярэчлівым і сумбурным, выказана нямала горычы з нагоды розных хібаў у рабоце праўлення саюза, былога і цяперашняга. Я веру ў тваю шчырасць, але, як бачыш, не з усім магу пагадзіцца. Па маіх назіраннях, саюз цяпер акурат выходзіць са стану крызісу, толькі, бачыш, гэта не ўсіх радуе.
2001 г.
НА ПОКЛІЧ — ГІЛЬДЫЯ МАЙСТРОЎ, або ШТО-КОЛЕЧЫ 3 УЛАСНЫХ МЕРКАВАННЯЎ ДА МАЮЧАГА АДБЫЦЦА З’ЕЗДА САЮЗА БЕЛАРУСКІХ ШСЬМЕННІКАЎ
Прапаную ўявіць сабе плынь, у якой адлюстроўваюцца берагі жыцця і купаюцца зоры. Гэта плынь недзе мае свае вытокі; ды мы, ведаючы тое, пераключылі сваю ўвагу на літаратуру. I параўнаем нацыянальную літаратуру з больш ці менш паўнаводнай ракой, якая ўчора цякла, цячэ сёння і, магчыма, будзе бясконца цячы, разліваючыся шырока ў грамадстве, калі на тое, канешне, будуць умовы.
Я тут не маю намеру даводзіць, што адукаваным людзям і так добра вядома, — аб ролі і значэнні мастацтва, уласна літаратуры, дзе розумам і сэрцам спасцігаецца і асэнсоўваецца само жыццё, яго адметныя праявы. Зазначу толькі, што асаблівасці творчага літаратурнага працэсу даюць даследчыкам падставы лічыць: літаратура — гэта матэрыялізацыя самасвядомасці народа, яна як памяць неўтаймоўнага духу пра самога сябе.
Творы літаратуры зазвычай вабяць эстэтычнай дасканаласцю і нясуць пазнавальна-інфармацыйны зарад.
Але, каб выканаць сваю высакародную місію, пісьменнік, кажучы словамі Ч. Айтматава, павінен спазнаць народнае жыццё так, «каб ведаць за ўсіх, адчуваць за ўсіх, хварэць за ўсіх, думаць за ўсіх».
Адсюль і значэнне пісьменніка ў грамадстве, і значэнне той нашай падзеі — пісьменніцкага з’езда, які склікаецца ў Мінску напрыканцы мая.
He сакрэт, што дзейнасць саюза не задавальняе пэўную частку сяброў, а з іншага боку — не ўсе і мы дбаем пра тое, каб жыццё ў літаратурным калаўроце (без якога ўсё адно не абыдзешся) было цікавым.
Аднак гэта — уступ, і ён вымагае далейшай размовы, аналізу, роздуму аб даволі драматычным, але не безнадзейным стане, у якім апынуўся саюз.
Прыгадваецца папярэдні састаў кіраўніцтва, якое ўзначальваў В. Зуёнак, выдатны паэт, шчыры, старанны і спахвацісты чалавек. Але тыя здольнасці чамусьці не дазволілі яму знайсці сваю ніву або поле дзейнасці для пісьменніцкай арганізацыі ў цікавых, хаця і складаных і зменлівых, умовах жыцця рэспублікі пасля распаду СССР. Чын сакратарыята зводзіўся ў асноўным да пахавання нябожчыкаў.
Дацягнуўшы да з’езда, В. Зуёнак перадаў кіраўніцтва саюзам У. Някляеву, таксама слыннаму паэту, які на той час узначальваў яшчэ і часопіс «Крыніца». Дасціпны, парывісты, амбіцыйны Уладзімір Пракопавіч тым часам перайначыў і падагнаў кіруючую структуру СП пад сваё «Эга», скасаваў сакратарыят і пачаў «правіць», пераважна самім сабой, паколькі іншыя пісьменнікі яму не далягалі. Мяркую, ён мала на каго зважаў, мала з кім раіўся — свайго розуму дзяваць было некуды. Праўда, паэт ставіў перад сабой высакародныя і ўвогуле нармальныя мэты: вярнуць саюзу страчаны Дом літаратара, а краіне — родную беларускую мову, спрабаваў дасягнуць поспеху праз асабістыя кантакты і знаёмствы ў вярхах, разлічваў на свой высокі імідж і сваю абаяльнасць. У ўсё ж яму давялося расчаравацца ва ўладах, а тут яшчэ непярэліўкі і ў бухгалтэрыі «Крыніцы», крызіс у душы — і старшыня саюза палічыў за самае разумнае з’ехаць за мяжу на няпэўны час. He выключана, што гэты ўчынак у нейкай меры быў апраўданы, і, дрэйфуючы па Еўропе пры падтрым-