Культура сексуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVII стст.
Наталля Сліж
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 231с.
Мінск 2019
Жанчыны-мяшчанкі. Саксонскае Люстра і Вайхбільд адрозніваліся ад Статутаў у трактаванні статусу жанчыны, яе правоў і абавязкаў. Паводле заканадаўства мяшчанка была практычна пазбаўлена юрыдычнай і эканамічнай самастойнасці. Яна заўсёды знаходзілася ў апецы ў сваёй сям’і, у мужа, а пасля яго смерці у апекуноў. Мяшчанка не мела права сама распараджацца сваёй маёмасцю без апекуна ці мужа. На судзе яна не магла сама прадстаўляць свае інтарэсы ці падаваць дакументы (Саксонскае Люстра, ч. 1, арт. 45,46). Фактычна магдэбургскае права разглядала жанчыну як недзеяздольную асобу54.
Літаратурных твораў, якія б паказвалі вобразы мяшчанак, захавалася мала. У рукапісе ксяндза Барталамея Вышамерскага сярод іншых утрымліваюцца казанні на смерць гарадзенскіх мяшчанак Юстыны Шульцаўны, жонкі Крыштафа Фіселя, і Кацярыны Дорбахаўны, жонкі злотніка Годфрыда Варланга (1674)55. Абедзве жанчыны належалі да элітнай часткі мяшчан. Аднак у абодвух тэкстах больш увагі аддаецца рэлігійнаму моманту падзеі.
Мяшчанкі не мелі магчымасці займаць пасады. Яны былі практычна выключаны з адміністрацыйнай сістэмы кіравання. Жанчыны не сустракаюцца ў якасці сведак у дакументах, але выступаць сведкамі ды ініцыяваць судовую справу яны маглі56. Як правіла, гэта мела месца ў справах крымінальнага характару. Адпаведна мы не можам казаць пра выкананне імі сацыяльна значных роляў. Акрамя таго, для гэтага патрабавалася адукацыя, а мяшчанкі ў сваёй большасці былі неадукаваныя. Адукацыя каштавала дорага, не ўсе яе маглі дазволіць нават для сыноў. У прыватна-прававых дакументах, дзе быў патрэбны подпіс, за жанчын часта падпісваліся ўраднікі. Намі быў выяўлены толькі адзін дакумент з гарадзенскага магістрата з подпісам мяшчанкі Кацярыны Дахновічаўны за 1655 г.57
52 AGAD, Archiwum Potockich z Radzynia, sign. 295, k. 1 -2.
53 Сліж H. Сямейнае i штодзённае жыццё Гальшкі Гаслаўскай // Леў Сапега (1557-1633 гг.) і яго час: зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, 2007. С. 270-277.
'4Пра жанчын-мяшчанак больш падрабязна гл.: Karpaviciene J. “...Magdeburgo teiseje gerada turi dukrai tekti”: turtine moters padetis Vilniuje ir Kaune XVI a. pirmojoje puseje // Lituanistica. 2001. № 3 (47). P. 3-18; Karpaviciene J. Moters padetis Kaune XVI a. pirmojoje puseje: globejiskas miesto teises aspektas // Kauno istorijos metrascio. 2002. T. 3. P. 37^17; Karpaviciene J. Moteris Vilniuje ir Kaune XVI a. pirmojoje puseje: gyvenimo sumiestinimo Lietuvoje atodangos. Vilnius, 2005.
55 VUB, f. 3-2263,1. 58-61V, 80v-83.
56Сліж H. Злачынства i злачынцы ў Гародні. C. 146, 152, 153, 157; Сліж H. Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты. С. 98-99. 543-544.
" LVIA, f. 694, ар.І, Ь. 4624,1. 4-5.
Мяшчанкі не ўваходзілі ў склад цэхавых структур. Статуты цэхаў не дазвалялі ім быць цэхмайстрамі, вучнямі, таварышамі мужчынам. Жанчыны ў дакументах фігуруюць як удовы. Яны маглі быць далучаны да рамяства і гандлю ў асноўным праз сям’ю. Адсутнасць адукацыі і гістарычныя ўмовы не давалі мяшчанкам актыўна ўдзельнічаць у сістэме кіравання горадам і яго эканамічным жыцці.
Асноўнай сферай дзейнасці мяшчанкі былі сям’я і гаспадарка. Гэта даказваюць даравальныя запісы, тастаменты, акты куплі-продажу, інвентары і інш. Але дакументы дазваляюць толькі ў некаторай ступені асвятліць жыццё мяшчанкі, бо сямейныя архівы не захаваліся.
Добрыя стасункі паміж мужам і жонкай пацвярджаліся дараваннем маёмасці, часам узаемнага. Перад войтаўска-лаўніцкім судом мяшчане Ян Тарасовіч і Агнешка Мацееўна публічна вызналі праз шляхціча Якуба Клюкоўскага, што рухомая і нерухомая маёмасць Яна ў выпадку смерці пераходзіць жонцы, тое самае прадугледжвалася ў выпадку яе смерці (1588)58. 3 той жа прычыны Крысціна Вербікоўна і Андрэй Філіповіч сведчылі перад смерцю перад гарадзенскім намеснікам Андрэем Грушчынскім пра запіс адно другому сваёй маёмасці (1657)59. Такія выпадкі мелі месца ў бяздзетных сем’ях.
Адмысловыя даравальныя запісы сустракаюцца рэдка, часцей запісы на карысць жонак змешчаны ў тастаментах. Калі ў сям’і не было дзяцей, то асноўная маёмасць пакідалася жонцы. Напрыклад, гарадзенскі мешчанін Мікалай Ляховіч запісаў палову дома жонцы Альжбеце Кроснеўчанцы, а палову гарадзенскаму бернардынскаму касцёлу (1640)60. Гарадзенская мяшчанка Магдалена Цвіклянка стала асноўнай спадчынніцай мужа Юрыя Стрэчня. Яна атрымала 3,5 валокі ў Адамовічах з будынкамі, пчоламі, свойскай жывёлай. Муж запісаў ёй гэту маёмасць навечна, бо яна ўнесла пасаг памерам 1000 злотых (1664)61. Мяшчане таксама пакідалі маёмасць жонцы, калі ў іх былі суполызыя дзеці. Магілёўскі бурмістр Акула Васілевіч Пірог жонцы Анушы за добрае стаўленне запісаў 20 коп літоўскіх грошаў і футра (1579)62.
Па дакументах назіраецца, што для мяшчан мела важнасць сям’я, якую яны стваралі самі. Калі маёмасць нажылі разам з жонкай, то зразумела, што яна станавілася спадчынніцай. Пры гэтым важнае значэнне мелі адносіны, якія склаліся падчас супольнага пражывання. У бяздзетнай шляхецкай сям’і нерухомасць пераходзіла сваякам, бо яна павінна была застацца ў родзе. Для мяшчанскай сям’і родавая гісторыя не адыгрывала такой важнай ролі. Больш цаніліся тыя, хто побач. Калі ў сям’і нараджаліся дзяўчынкі, то яны і станавіліся спадчынніцамі. Гарадзенскі мешчанін Якуб Гукнейка дом з паловай пляца пакінуў жонцы Кацярыне Пушкоўне пажыццёва, а пасля яе смерці ён дзяліўся паміж дочкамі Марынай і Крысцінай. Іншыя дзве дачкі (Кацярына, жонка
S8LVIA, f. 1282, ар. l,b. 11218.
59 НГАБ, ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 25 адв. 26.
“НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 1, арк. 163 адв. 164, 168 адв. 169.
61 НГАБ, ф. 1800, воп. 1, спр. 1. арк. 91 адв. -92 адв.
62 АВАК. Т. 39. Акты Могнлевскоіо магнстрата XVI в. (1578-1580). Внльна, 1915. С. 403—404.
Аляксандра Карповіча, Барбара, жонка сталяра Грыгора Чаховіча) і падчарка (Цэцылія, жонка Казіміра Вінаградскага) былі замужам і таму маёмасць ужо атрымалі (1672)63.
Нараканні мужоў выклікалі непрыстойныя паводзіны жонкі. У справе пра развод гарадзенскі мешчанін Багдан Хведкевіч так казаў пра сваю жонку Аўдоццю Валадкоўну: “за 22 год жона моя смачно ела й пйла, й в красне ходйла, во всішй вжйвала с кйм хотела, а я в пашнй надзовал й робйл яко холоп одну скйтеру мне даст тым й кормлюся” (1540)64. У справе тлумачылася, што за ўсе гады супольнага жыцця яна марнавала грошы і не клапацілася пра мужа, не дбала пра гаспадарку. У выніку гэта прывяло да разводу. За неадпаведныя паводзіны жонку маглі адлучыць ад маёмасці. А вось іншы выпадак. Фёдар Барсуковіч, бурмістр, перад вайной 1654 1667 гг. узяў другі шлюб, які аказаўся няўдалым. У сваім тастаменце Фёдар абвінавачваў жонку ў п’янстве, марнатраўстве, давядзенні сям’і да галоты. Таму яна была адлучана ад спадчыны. Жонка была пры складанні тастамента і казала, што калі ажаніліся, то за яе кошт была пабудавана пякарня, якую спаліла маскоўскае войска. Фёдар настойваў, што будаваў сам (1663)65. Аргументацыя жанчыны не была прынята пад увагу.
Гэтыя і іншыя дакументы сведчаць, што ад мяшчанкі ў першую чаргу чакалася выкананне ролі жонкі і маці. Як жонка яна павінна была клапаціцца пра мужа, гаспадарку, займацца дзецьмі. Запісы на карысць жанчын сведчаць, што яны выконвалі свае абавязкі і атрымлівалі за гэта маёмасць. У сямейнай сферы бачна, што дамінаваў мужчына, а ў жанчыны была другасная роля. У гэтым супадалі і заканадаўства, і практыка права. Жанчына мела права атрымаць маёмасць па спадчыне, перадаць яе спадкаемцам, прадаць, купіць, але ўсе яе маёмасныя аперацыі здзяйсняліся пад кантролем мужчыны.
Фактычна крыніцы адлюстроўваюць актыўнасць жанчын у сямейнай сферы, а іх удзел у рамястве і гандлі паказаны мала. У рэлігійнай сферы яны былі задзейнічаны як ахвяравальніцы храмам.
Жанчыны-сялянкі. Самы складаны вобраз для даследавання гэта жанчыны з сялянскага саслоўя. Іх дзейнасць менш за ўсё бачная ў дакументах. Нават у інвентарах пісаліся толькі ўдовы. Згодна з назіраннямі Б. О’Конара, маладыя дзяўчаты характарызаваліся стрыманасцю. Замуж выходзілі ў 24 30 гадоў, бо патрэбны быў час на прыгатаванне пасагу і падарункаў для сваякоў жаніха. Сталеючы, дзяўчынка ўключалася ў гаспадарку і ва ўсім дапамагала маці. Аўтар падкрэсліваў, што, выбіраючы нявесту, больш звярталі ўвагу на асобу, чым на маёмасць, якую атрымаюць з пасагам66.
Зыходзячы з гэтага меркавання, можна казаць, што ў сялянскім асяроддзі гаспадарлівасць жанчыны мела важнае значэнне. У натуральнай гаспадарцы
63 НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 2, арк 283 283 адв.
64 АВАК. Т. 17. Внльна, 1890. С. 242.
65 НГАБ, ф. 1761, воп. 1, спр. 1, арк. 116 адв. 117 адв., 148 адв. 149 адв.; ф. 1800, воп. 1, спр. 1, арк. 76-77.
“O’Connor В. Historia Polski. S. 497.
трэба было ўмець рабіць усё. Зразумела, ад жанчыны чакалі, што яна будзе добрай жонкай і маці. Але што гэта значыць для сялянскага асяроддзя, дэталёва ўявіць немагчыма, бо прыватныя дакументы адсутнічаюць.
Гістарычныя ўмовы, якія склаліся ў той час на тэрыторыі Вялікага Княства, непасрэдна ўплывалі на вызначэнне гендэрных роляў. Уплыў зрабілі шматлікія войны, эканамічны лад, культурныя і рэлігійныя плыні. Яны ўзвялі ў ранг абавязковых такія мужчынскія рысы, як мужнасць, рэлігійнасць і інш. У выхаванні і падрыхтоўцы да пэўных роляў больш працавала шляхецкае грамадства. Для гэтага ствараліся адпаведныя літаратурныя творы.
Мужчыны выконвалі шэраг сацыяльна значных знешніх і ўнутраных роляў: галава сям’і, бацька, гаспадар. Ад шляхціча яшчэ патрабавалася адпаведнасць ролі рыцара, палітыка, абаронцы. Жанчына з’яўлялася жонкай, маці, гаспадыняй, выхавацелькай. А шляхцянка часта фігуравала як мецэнатка. Гэта былі традыцыйныя ўзоры, вобразы, якія захоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Яны паказвалі абавязкі суб’екта перад сям'ёй і грамадствам. Выкананне гендэрна-ролевых функцый мужчыны і жанчыны ў сям’і і грамадстве рабіла гэты інстытут стабільным і непарыўным. Дзяржава, грамадства, царква сачылі, каб шляхціч і шляхцянка адпавядалі ідэалам. Гэта было важна для існавання ўсёй феадальнай сістэмы грамадства.
3. Адносіны паміж мужчынам і жанчынай: нормы і іх парушэнні
Саслоўнае грамадства дакладна вызначае, якія павінны быць адносіны паміж мужчынам і жанчынай. Зыходзячы з заканадаўства, судовай практыкі, рэлігіі і культуры ВКЛ, адносіны можна ўмоўна падзяліць на законныя і незаконныя. Законнымі лічыліся шлюбныя стасункі. Як правіла, яны ўзнікалі ў межах адной сацыяльнай групы. Міжсаслоўныя шлюбы давалі магчымасць для змены сацыяльнага статусу, але ўспрымаліся даволі негатыўна. Шляхта брала шлюб з мяшчанствам, калі людзі з гэтага саслоўя эканамічна адпавядалі шляхцічам. Тут магло быць два варыянты. Першы варыянт, калі мяшчанская сям’я дасягала высокага эканамічнага ўзроўню. Тады сваяцтва з такой сям’ёй давала шляхце грошы, а мяшчанам статус. Другі варыянт, калі шляхта была ўжо практычна дэкласавана і набліжана да ніжэйшага саслоўя, тады падтрымка шляхецкіх традыцый у дачыненні да шлюбу не мела такога значэння.