Культура сексуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVII стст.
Наталля Сліж
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 231с.
Мінск 2019
Выкананне ці адыход ад заканадаўчых нормаў ілюструюць прыватнаправавыя дакументы. Да іх адносяць тастаменты, даравальныя запісы, судовыя справы ды інш. Часткова дадзеныя крыніцы надрукаваны ў разнастайных зборніках. Прыватна-прававыя дакументы ўваходзілі ў склад архіваў шляхецкіх сем’яў і архіваў дзяржаўных устаноў. Сямейныя архівы мяшчан практычна не захаваліся. Прыватныя калекцыі, якія дайшлі да нас, знаходзяцца ў фондах айчынных і замежных архіваў. Асноўныя дакументы змешчаны ў Метрыцы ВКЛ, кнігах ваяводаў і іх намеснікаў, замкавых, гродскіх, земскіх і трыбунальскіх кнігах. Скаргі, звязаныя з правапарушэннямі, як правіла, разглядаў гродскі суд. У гарадах дзейнічалі бурмістраўска-радзецкі, войтаўска-лаўніцкі, войтаўскі, крымінальны суды. Але ў кожным горадзе гэта сістэма мела свае асаблівасці. Канфліктнымі сітуацыямі займаўся войт і войтаўска-лаўніцкі суд, а пры неабходнасці збіраўся крымінальны суд. Справы, якія мелі міжсаслоўны характар, часцей траплялі да судоў шляхты. Найменш прадстаўлены ў дакументах сяляне. У іх не было прынята і не патрабавалася заканадаўствам весці прыватна-прававыя дакументы. Нешматлікія звесткі пра гэта саслоўе даходзяць з копнага суда, часам з гродскага і земскага.
l7Laski J. Commune incliti Poloniae Regni Privilegium Constitutionum et indultuum publicitus decretorum approbatorumque. Cum nonnullis iuribus tam Divinis quam humanis per Serenissimum principem et dominum Alexandrum Dei gratia Regem Polonie, magnum ducem Lithuanie, Russie, Prusieque dominum et heredem etc. Cracovia, 1506.
18 Jasker N. Juris provincialis quod Speculum Saxonum vulgo nuncupatus libri tres opera vigilanti in correctiorem redacti materiam, adjuncti simul glossis aliisque additionibus noviter reccollectis pro interpraelatione textus magis neccessariis Annotatainsuper in marginibus habentur loca legum Jurisque municipalis Magdeburg. Cracoviae, 1535; Jasker N. Juris Municipalis Majdeburgensis Liber vulgo Weichbild nuncupatus ex vetustissimis exemplaribus vigilanti opera nuper latinitatis datus, summaque diligentia recognitus, adjunctis simul glossis et lextus interpretationibs ad id necessariis. Cracoviae, 1535.
19 Szczerbic P. Speculum Saxonum Albo Prawo Saskie y Maydeburskie porzqdkiem obiecadla z Lacinskich y Niemieckich exemplarzow zebrane. Lwow, 1581; Szczerbic P. lus municipale, to jest prawo miejskie majdeburgskie, nowo z lacinskiego i z niemieckiego na polski j?zyk z pinosciq i wiemie przelozone / Wydal G. M. Kowalski. Krakow, 2011; Groicki B. Artykufy prawa majdeburskiego. Post^pek sqdow okolo karania na gardle. Ustawa placej u sqdow. Warszawa, 1954; Groicki B. Porzqdek sqdow i spraw mieyskich prawa majdeburgskiego w Koronie Polskiej. Krakow, 1630/Wyd. K. Koranyi. Warszawa, 1953.
20Крымінальны кодэкс Караліна (Constitutio Criminalis Carolina) быў выдадзены ў 1532 г. з ініцыятывы імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V. У яго аснову пакладзена рымскае права. Дзейнічаў як асноўны звод нормаў па крымінальным праве. Поўны склад мае 219 артыкулаў, а ў Граіцкага 91. Koranyi К. Wst^p // Groicki В. Artykuly prawa majdeburskiego. Post^pek sqdow okolo karania na gardle. Ustawa placej u sqdow. Warszawa, 1954. S. VII—VIII; Jarouschek G. Carolina Code H Encyclopedia of Witchcraft. The Western Tradition. Vol. 1: A-D I Ed. R. M. Golden. Santa Barbara; Denver; Oxford, 2006. P. 168-169.
He менш важнымі для вывучэння інтымнай сферы жыцця з’яўляюцца апавядальныя крыніцы. Да іх адносяцца летапісы, сямейныя хронікі, мемуарная літаратура, літаратурна-публіцыстычныя творы, рэлігійная літаратура21.
Пра стасункі паміж мужчынам і жанчынай шмат інфармацыі ёсць у візуальных крыніцах. Гэта карціны, малюнкі, іконы, гравюры, унутранае ўбранне храмаў. Яны даюць непасрэднае ўяўленне пра выгляд тагачасных людзей, іх ідэалы. Заўважым, што прадставіць цалкам тэндэнцыі не заўсёды падаецца магчымым па прычыне знішчэння многіх прыватных калекцый і храмаў падчас войнаў і рабавання ў перыяд Расійскай імперыі і Савецкага Саюза.
Звернем увагу на ўжыванне тэрміналогіі. У дадзенай працы выкарыстоўваецца тэрмін “старабеларускі секс”. Сам тэрмін “старабеларускі” даўно ўвайшоў ва ўжытак у гістарыяграфіі для вызначэння многіх з'яў і працэсаў культуры XVI-XV1I стст. Секс мае непасрэднае дачыненне да кулыуры Вялікага Княства, таму абсалютна правамерна выкарыстоўваць згаданы тэрмін.
Тэрмін “секс” ужываецца для акрэслення фізічных стасункаў паміж мужчынам і жанчынай, як сінонім “інтымныя стасункі”. Заўважым, што сам тэрмін “секс” гэта сучаснае і мадэрнізаванае абазначэнне. У перыяд XVI-XVII стст. ён не выкарыстоўваўся на нашых землях. У прадмовах Францыска Скарыны знаходзім словы “любодеянне”, “кохання”, “кохать”22. Адносна кахання ў шлюбе часта ўжывалася “мнлость малженская”. У старабеларускую мову былі ўзяты з царкоўнаславянскай словы “блуд” і “блядь”, адпаведна яго вытворныя “блуднть” і “бляднть”, з польскай “вшетечннчество (wszeteczniczestwo)”, “вшетечннца (wszetecznica)”, “спросносць (sprosnosc)”, што азначала “распуста”, “распусніца”, “непрыстойнасць, распуста”, з лацінскай “венус (venus)”, што азначала сексуальныя дачыненні. У старабеларускай мове не было адпаведніка для слова “прастытуцыя”. Заканадаўства і судовая практыка трактавала як распусніц прастытутак і жанчын амаральных паводзінаў. У вульгарнай літаратуры для азначэння фізіялагічнага кантакту ўжывалася слова “jebac” і яго вытворныя23.
У працы ў асноўным разглядаюцца сексуальныя кантакты як фізіялагічныя кантакты паміж асобамі супрацьлеглага полу. Іх можна ўмоўна класіфікаваць у адпаведнасці з іх трываласцю і перыядычнасцю. Трывалыя кантакты здзяйсняюцца, як правіла, у венчаным і нявенчаным шлюбе, паміж каханкамі з доўгатэрміновай сувяззю. Перыядычныя стасункі адбываюцца час ад часу ў шлюбе (напрыклад, калі сужэнцы па розных прычынах не маюць магчымасці часта бачыцца), паміж каханкамі, для якіх дастаткова эпізадычных сустрэч. Разавыя кантакты маюць выпадковы характар, для задавальнення раптоўнага жадання.
У сувязі з гэтым падзелам варта звярнуць увагу на выбар партнёра ці партнёркі. У трывалых дачыненнях ад другога боку патрабуецца больш і ад выгля-
21 Больш дэталёвую характарыстыку крыніц гл.: Сліж Н. Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты. С. 20-24.
22 Францыск Скарына і яго час. Мінск, 1988. С. 51-52.
23 Rabowicz Е. Oswieceniowe “przewodniki” ро warszawskich domach rozkoszy // Zeszyty Naukowe Wydzialu Humanistycznego Uniwersytetu Gdanskiego. Dodatek do prac historycznoliterackich. 1985. № 8-9. S. 50.
ду, і ад якасцей характару. He апошнюю ролю адыгрываюць пачуцці і эмоцыі. Пры разавым кантакце патрабаванні значна змяншаюцца ці нават адсутнічаюць. Такім чынам стасуюцца з прастытуткамі, жанчынамі свабодных паводзін, пры згвалтаванні, пры выпадковай сітуацыі.
Часткова закранаюцца ў працы аднаполыя сексуальныя кантакты і заафілія. Аднак яны на той час мелі маргінальнае значэнне, іх нельга ўпісваць у агульны культурна-сацыяльны кантэкст.
Праца ахоплівае перыяд XVI-XVII стст., калі панавалі дзве важныя эпохі: Рэнесанс і барока. Яны зрабілі непасрэдны ўплыў на ўяўленні пра адносіны паміж паламі, на вобраз мужчыны і жанчыны. Аднак у некаторых выпадках мы вымушаны звяртацца да фактаў больш ранейшага і пазнейшага перыядаў. Тэрытарыяльна даследаванне мае дачыненне да Вялікага Княства Літоўскага.
Манаграфія складаецца з 11 раздзелаў. Першы раздзел Развіццё сексуальнай культуры ВКЛ у кантэксце еўрапейскіх і суседніх краін прадстаўляе культуру сексу ВКЛ у рэчышчы развіцця і ўзаемадзеяння з культурамі суседніх краін. У другім раздзеле Ідэальныя вобразы мужчыны і жанчыны часоў Рэнесансу і барока разглядаюцца ўяўленні пра мужчыну і жанчыну ў розных саслоўях. Трэці раздзел Адносіны паміж мужчынам і жанчынай: нормы і Lx парушэнні апавядае пра віды стасункаў, пра тое, на чым яны базаваліся. Чацвёрты раздзел Літаратура пра секс і адносіны мужчын і жанчын прысвечаны літаратурным творам, якія звярталіся да адпаведнай тэмы. У пятым раздзеле Позірк мастацтва на цела паказаны выяўленчыя крыніцы, у якіх адлюстраваліся асаблівасці ўспрымання мужчынскага і жаночага цела. Шосты раздзел Медыцына пра мужчынскае і жаночае цела характарызуе ўзровень развіцця медыцыны і медыцынскія веды пра цела. У сёмым раздзеле Цыкл жыцця грэшнага цела і догляд яго разглядаецца, як разумелася цела, цыкл яго біялагічнага існавання, як стаўленне змянялася ў залежнасці ад полу і ўзросту і як адбываўся догляд. Восьмы раздзел Практыка старабеларускага сексу прысвечаны тэхнікам сексу, якія практыкаваліся ў ВКЛ. У дзявятым раздзеле Забароненыя і ненатуральныя сексуальныя стасункі аналізуюцца з пункту гледжання рэлігіі і закону. Дзясяты раздзел Сексуальныя паслугі за грошы прысвечаны сексуальным паслугам за фінансавую ўзнагароду. Апошні, адзінаццаты, раздзел Гвалт над целам і воляй акцэнтуе ўвагу на выкарыстанне прымусу і гвалту ў сексе і адносінах.
Хачу выказаць падзяку маім калегам, якія дапамаглі ў працы над гэтай кнігай з крыніцамі і літаратурай: супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі к. г. н. Дзянісу Лісейчыкаву, Людміле Івановай, Альбіне Аляксандравай, даследчыкам Герману Брэгеру, к. г. н. Ганне Паўлоўскай, к. г. н. Ірыне Герасімавай, к. г. н. Валерыю Ластоўскаму, Андрэю Ціхаміраву, пісьменніку Алесю Аркушу.
1. Развіццё сексуальнай культуры ВКЛ у кантэксце еўрапейскіх і суседніх краін
Вялікае Княства Літоўскае ў XVI-XVII стст. існавала ў кантакце з шматлікімі краінамі. Гэта непасрэдным чынам уплывала на палітычную, эканамічную, культурную, рэлігійную сітуацыю ў дзяржаве. Пры гэтым знешняе ўздзеянне было рознай ступені і закранала розныя бакі жыцця. He абмінуў гэты ўплыў і інтымную сферу. Секс з’яўляецца не толькі фізіялагічным дзеяннем, але і сродкам камунікацыі. Таму для разумення камунікатыўных працэсаў і кантэксту, у якім існавала Вялікае Княства Літоўскае, у дадзеным раздзеле прыводзіцца агульная характарыстыка еўрапейскіх і іншых краін. Перавага надаецца апісанню гендэрных адносінаў у іх: традыцый, звычаяў, стэрэатыпаў, ідэалаў. Асобным аспектам праходзіць сувязь Вялікага Княства з гэтымі краінамі і стаўленне да іх.