Культура сексуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVII стст.
Наталля Сліж
18+
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 231с.
Мінск 2019
Пры высвятленні маёмасных адносінаў пасля смерці гаспадара паміж мачахай і пасынкам выявілася пра нявенчаны шлюб жанчыны. Віленскі мешчанін Самуэль Александровіч і яго сястра Анастасія Александровічаўна, жонка Тэадора Арэшыца, падалі скаргу на сваю мачаху Марыну Серафіноўну Пракопаўну з абвінавачваннем у самавольным распараджэнні маёмасцю іх бацькі Аляксандра Сямёнавіча. У скарзе прыводзіцца гісторыя шлюбу. Аляксандр Сямёнавіч перажыў дзвюх жонак, быў ужо ва ўзросце і не хацеў жаніцца. Сын і дачка таксама адгаворвалі яго ад гэтага кроку. Аднак Марыне атрымалася зладзіць шлюб. Падчас вянчання ў царкве высветлілася, што гэта быў яе чацвёрты шлюб, што было забаронена царкоўным правам. Марына прысягнула, што вянчалася двойчы, а калі і быў яшчэ муж, то нявенчаны. У выніку шлюб адбыўся. Пасля вяселля Аляксандр Сямёнавіч выправіў дзяцей з дому. Бацька памёр падчас маскоўскай акупацыі, бо жонка зрабіла так, каб ён патрапіў у вязніцу віленскага замка. Магістрат далей разбіраўся толькі з маёмаснымі пытаннямі, правёў інвентарызацыю рэчаў і перадачу іх сыну. Інфармацыя пра шлюбы мачахі магла ініцыяваць справу аб прызнанні шлюбу незаконным, але гэтым магістрат не заняўся (1661 )18.
Нявенчаны шлюб меў месца ў сялянскім асяроддзі. Гаспадарскі падданы Кляпацкага войтаўства Кандрат Ваўчковіч падаў скаргу на гаспадарскую падданую Рэпніцкага войтаўства ўдаву Багданавую. Ён ажаніў з яе дачкой сына, згулялі вяселле, а яна не хацела аддаваць дачку. Жанчына патлумачыла свой учынак непаўналетнім узростам дачкі, нежаданне яе быць з мужам, а таксама адзначыла, што шлюб быў нявенчаны. Суд прысудзіў выплаціць кампенсацыю скаржніку за вяселле (1560). Нявенчаны шлюб паміж сялянамі разводзілі ў свецкім судзе. Слонімскі гродскі суд прыняў пастанову развесці дачку гаспадарскага падданага Луконіцкага войтаўства Хедзеца Пятковіча з Цімошам, сынам гаспадарскага падданага Аўдзея Кошчыча. Прычынай стала іх дрэннае сумеснае жыццё (1560)19. Хоць уласнікі спрабавалі кантраляваць сямейнае жыццё сялян, нявенчаны шлюб працягваў існаваць у XVII ст. Акрамя таго, сяляне самавольна пакідалі як венчаных, так і нявенчаных сужэнцаў20.
16 ЙЮМ. Вып. 8. Внтебск, 1877. С. 345-347.
17 АВАК. Т. 6. Внльна, 1872. С. 239-242, 244-245.
18XVII a. Vidurio Maskvos okupacijos Lietuvoje saltiniai T. I. P. 491—492,497-502.
”НГАБ, ф. 1785, воп. 1, спр. 1, арк. 23 адв. -24, 29 адв.
20 Голубеў В. Ф. Сялянская сям’я ў Беларусі ў эпоху феадалізму: праблемы і перспектывы даследавання // Гістарычна-археалагічны зборнік. Вып. 29. Мінск, 2014. С. 73.
Да канца XVI ст. ні адна з хрысціянскіх канфесій не дамаглася жорсткага кантролю над прыватным жыццём вернікаў. Толькі ў канцы XVI ст. адбыліся комплексныя змены ў заканадаўстве, рэлігіі, грамадскай думцы, якія стварылі неспрыяльныя ўмовы для існавання нявенчанага шляхецкага шлюбу. Аднак у іншых саслоўях поўны кантроль здзейсніць не атрымалася.
Дашлюбныя стасункі. У заканадаўстве не было артыкула, які б адназначна казаў пра забарону мець секс да шлюбу. Разглядаўся вынік стасункаў дзеці. Яны былі відавочным пацвярджэннем кантакту. За пазбаўленне ад іх пагражала пакаранне. Кананічнае права адназначна лічыла секс да шлюбу грахоўным.
У дадзеным выпадку нявенчаны шлюб і дашлюбныя стасункі маюць наступныя адрозненні. У нявенчаным шлюбе мужчына і жанчына пражываюць разам як сям’я і нават маюць дзяцей. Іх можна аднесці да дашлюбных стасункаў, бо, напрыклад, другі шлюб можа быць венчаным. Аднак істотная рыса нявенчанага шлюбу трываласць адносінаў і супольнае пражыванне. Дашлюбныя стасункі маюць выпадковы характар. Яны могуць доўжыцца нейкі перыяд часу, аднак застаюцца на ўзроўні спатканняў, але не пражывання разам.
Дашлюбныя стасункі сустракаліся сярод людзей усіх саслоўяў. Жанчын традыцыйна ўгаворвалі на секс з абяцаннем шлюбу ў будучым. Шляхта карысталася сваім становішчам і спакушала ці прымушала прыслугу. Калі вынікі такіх кантактаў не прыводзілі да суда, то выявіць у дакументах звесткі пра іх існаванне практычна немагчыма. Інфармацыю магло б даць параўнанне запісаў пра шлюб і нараджэнне дзяцей у метрычных кнігах. Аднак яны захаваліся ў малой колькасці, таму правесці грунтоўнае статыстычнае даследаванне не падаецца магчымым.
У дзённіку Ян Антоні Храпавіцкі пісаў з абурэннем пра сына Крыштафа Антонія, які замест выправы на вайну з Турцыяй кахаўся ў Варшаве з Замойскай (1672). Прычым бацька быў больш незадаволены нежаданнем сына ваяваць, чым яго дашлюбнымі стасункамі: "...па bruku siedzqc w Warszawie kocha sif zpaniq Zamoyskq, ktora chcie isc za niego i dodaje mu wszytkiego, nawet woz szescikonny z zywnosciq do obozu mu data. Hultaj! Nie szedlby raczej knew przelewac za Ojczyzn^, wiar^ i Pana”2'. Пазней Крыштаф ажаніўся з іншай шляхцянкай.
У судовых кнігах занатаваны найбольш трагічныя сітуацыі, звязаныя з дашлюбнымі стасункамі. Аднак нават тут нельга адназначна сказаць, наколькі масавы характар яны мелі.
Рэтаўскі баярын Валенты Жвагіня абвінавачваў Гендруту Якуцеўну ў навядзенні чараў на дзяцей. Падчас разгляду справы высветлілася, што прычынай стала нянавісць дачкі скаржніка да яе і нежаданне сына ажаніцца: “зо мною обцовал й мел мй досйт учынйт”. Прысудзілі жанчыну да спалення (1602)22. Чары праявіліся ў давядзенні да вар’яцтва. Якуцеўна знаходзілася на ніжэйшай сацыяльнай прыступцы і праз дашлюбныя стасункі хацела наладзіць сваё сямейнае жыццё. Але тут з абяцаннямі хлопца атрымалася класічная сітуацыя: абяцаць не значыць ажаніцца. Пакрыўджаная жанчына адпомсціла сям’і.
21 Chrapowicki J. A. Diariusz. Cz. 3: lata 1663-1672 / Oprac. L. Wierzbicki. Warszawa. 2009. S. 251.
22 Судебные процессы над ведьмамн в Лнтве. С. 86-87.
У кнігах Слуцкага замкавага суда занатаваныя звесткі пра следства ў справе знікнення пазашлюбнага дзіцяці (1689). Яно праводзілася ў вёсцы Прусы Слуцкага княства. Аксюта Лісічына распавяла пра свае стасункі з сынам слуцкага пратапопа Мікітам Мінкевічам. Яна служыла чалядніцай у яго бацькі. Паабяцаўшы шлюб, хлопец спакусіў Аксюту. У выніку яна зацяжарыла. Калі ўжо падышоў тэрмін нарадзіць, дзяўчына прыйшла да пратапопа і папрасіла яго нейкім чынам пазбавіцца ад дзіцяці. Яна цягала цяжкія рэчы, ставіла вядро вады на жывот. Аксюта нарадзіла ў фальварку пратапопа. Пры родах былі жанчына Хоміна і Мікіта. Ён забраў нованароджанага і некуды яго аднёс. Аксюту адправілі ў Слуцк і прасілі нічога не казаць пра здарэнне, бо гэта прымусіць пратапопа з сорамам пайсці ў манастыр. Калі яна вярнулася, то безвынікова спрабавала знайсці дзіця. Аксюту выдалі замуж, шлюб даў сам пратапоп. Аднак у хуткім часе знайшлі цела немаўляці ў гною. Аповед пацвердзілі іншыя падданыя23. Чым закончылася справа, невядома, прысуду кніга не ўтрымлівае. Адзначым цікавую акалічнасць, што ў выніку дашлюбных стасункаў жанчына нарадзіла дзіця, а пасля выйшла замуж. У дадзеным выпадку непажаданы плод кахання адмоўна адбіваўся на рэпутацыі мужчыны і яго сям’і, што прывяло да знікнення дзіцяці.
У іншым выпадку, спаслаўшыся на заканадаўства (Статут 1588 г. Раздз. 11, арт. 60), Слуцкі замкавы суд вынес вырак аб смяротным пакаранні жанчыне (1688). Слуцкая мяшчанка Агапа Юркоўна Панчошнікаўна нарадзіла дзіця ў выніку стасункаў са шваграм Адамам Піварэзчыкам. Факт нараджэння быў утоены мяшчанкай і яе бацькамі. Дзіцё знайшлі мёртвым са знакамі ўдушэння. Пра гэта пайшлі пагалоскі, было праведзена следства. Агапа адмаўлялася, што нарадзіла немаўля, а пасля сцвярджала, што яно нарадзілася мёртвым. Следству атрымалася даказаць забойства і пасляродавы стан жанчыны. Аднак Піварэзчык застаўся без прысуду за пералюб24. У справе асуджаліся амаральныя паводзіны мяшчанкі. Для суддзяў прысуд быў відавочным. У самым горшым стане апынуліся бацькі Агапы. Ім прыйшлося прыняць факт здрады зяця з другой дачкой, хаваць факт нараджэння дзіцяці, а пасля страціць яго і дачку. Здрада ўнутры сям’і мела жахлівыя наступствы.
Наступная сувязь таксама прывяла да трагедыі. Дзеўка Барбара Грыгаліч з вёскі Ельнішкі (Вількамірскі павет), што належала дэрпцкаму харужычу, капітану каралеўскага войска Герману Ганцкофу, служыла пры двары пана Яна Корфа і “дапусцілася да граху” з яго сынам Мікалаем Філіпам Корфам. У выніку іх стасункаў нарадзіўся сын. Зразумела, што малады паніч адмовіўся ад дзіцяці, і Барбара вырашыла забіць немаўля. Яна панесла яго да рэчкі Лавены. Там дзіця прыдушыла, сціснуўшы пальцамі рот, пасля ўдарыла аб зямлю і яшчэ жывога кінула ў ваду. Яго вылавілі жаўнеры і прынеслі на двор Ганцкофа. Вінаватая была адразу выяўлена і пасаджана ў вязніцу ў двары. Суддзі Фрыдрык Прахемфельс, Юрый Купсуй, Міхал Махалеўскі, Ян Казімір Загора выслухалі ўсе абставіны справы і прысудзілі Барбару да смяротнага пакарання (1680)25.
23 НГАБ. ф. 694, воп. 4, спр. 1239, арк. 130-131 адв.
24Тамсама, арк. 385 386 адв.
25 AGAD, Archiwum Tyzenhauzow, sygn. G-756.
Праблема дашлюбных стасункаў і, як вынік, пазашлюбных дзяцей адлюстравалася нават у беларускім фальклоры26:
Гультай валы пасе, За нім дзеўка дзіця нясе. Гультай, гультай! Я праз цябе дзіця маю, Бо дай цябе пярун забіў, Як ты мне дзіця зрабіў. Бо дай ты дзеўка спраглася, А на што ж ты я***ся27.
Забойства немаўляці было звычайным шляхам для пазбаўлення ад непажаданага выніку сексуальных адносінаў. Варыянты кантрацэпцыі былі нешматлікія (раслінныя сродкі з няпэўным вынікам, перарваны палавы акт, анальны і аральны секс). А сярод неадукаванага насельніцтва не ўсё было вядома і не ўсё ўжывалася. Прычыны забойства палягалі ў непрыманні грамадствам пазашлюбных дзяцей. Яны былі жывым сведчаннем амаральных паводзінаў. Віна ўскладалася, як правіла, на жанчыну. Мужчыны адмаўляліся несці адказнасць за вынік кантактаў. А прымусіць шляхціча прыняць дзіця не падавалася магчымым. Таму негатыўнае стаўленне асяроддзя штурхала да забойства.
Нягледзячы на рэлігійныя забароны, дашлюбны секс меў месца. За яго можна было атрымаць пакаранне ад святара. Але калі вынікам станавіліся дзеці і іх забойства, то справы траплялі ў суд, і выракі былі жорсткія. Дашлюбныя стасункі выклікалі клопат і ў духавенства Еўропы, бо рэлігійныя ідэалы і жыццё разыходзіліся28. Сустракаліся яны таксама ў суседняй Польшчы, аб чым сведчыць даследаванне Тамаша Вісліча29.