Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
Ляўша на тэнісным корце Моцарт і Моцарт Улляна, або Нарадзі ў сабе гейшу Смерць на роліках Нястрымнае жаданне Забойства ў студэнцкім інтэрнаце
Аксана БЯЗЛЕПКІНА
Ляўша на тэнісным корце
Аповесці іапавяданні
Аксана БЯЗЛЕПКІНА
Ляўша на тэнісным корце
Аповесці і апавяданні
Мінск «Беларускі кнігазбор» 2002
УДК 882.6-3
ББК 84 (4 Бен) 6-44
Б 99
Бязлепкіна А.
Б 99 Ляўша на тэнісным корце: Аповесці і апавяданні/
А. Бязлепкіна. — Мн., «Беларускі кнігазбор», 2002. — 352 с.
ISBN 985-6638-58-5.
Творчасць маладых (аўтарка — студэнтка філфака БДУ) цікавая не столькі літаратурнай формай твора і зместам (змест усяго створанага на зямлі — жыццё ва ўсёй яго паўнаце, за рамкі якога нікому выйсці не ўдалося — ды і ці ёсць патрэба), а сваім маладым голасам, маладым позіркам на акаляючы свет і сённяшнюю рэчаіснасць. I менавіта позіркам і голасам творы маладых асабліва цікавыя.
УДК 882.6-3
ББК 84 (4 Бен) 6-44
ISBN 985-6638-58-5
© Бязлепкіна A., 2002
© Глекаў А., Бязлепкіна А., афармленне, 2002
ЛЯЎША НА ТЭНІСНЫМ КОРЦЕ
Я вельмі люблю тэніс. Праўда, ужо васемнаццаць год не бяру ў рукі ракетку і не збіраюся яе браць. Я намагаўся забыць здарэнне, якое перакуліла маё жыццё, але ўчора гэтая гісторыя ажыла на экране майго тэлевізара. Сын досыць эмацыянальна сачыў за падзеямі чарговага тэніснага турніру і быў заўзятарам нейкай дзяўчыны-спартсменкі. I калі яна перамагла, сын кінуўся абдымаць маці, а пасля ад радасці збіў кулаком газету, якую я чытаў, і амаль што крыкнуў:
— Як ты можаш быць такім абыякавым? Беларуска перамагла!!!
— Беларусы шмат дзе перамагаюць, — я адказаў стрымана і, не маючы жадання падтрымліваць гэтую бессэнсоўную размову, пачаў распраўляць пакамечаную газету.
— Ты проста не бачыў, што там было... Гэтая амерыканка нават не спрабавала адбіваць мячы, яна ўцякала, круцілася, як на патэльні, каб у яе мяч не патрапіў. А Хрысціна — віртуоз! Яна як машына, ніякага хвалявання, бясконцая ўпэўненасць... О, зараз усе будуць ведаць, дзе на карце знаходзіцца Беларусь! Але самае галоўнае, што яе фоткі ва ўсіх часопісах. Я таксама купіў, — Валерка не вытрымаў, каб не пахваліцца, і разгарнуў нейкі глянцавы часопіс.
Што ж... Знаёмы твар... такія родныя вочы, усмешка... і рука... Гэта было як насланнё, як жывое ўвасабленне таго жаху, што я перажываў столькі год... Я нават жонцы ніколі не расказваў пра тое, што здарылася за год да нараджэння Хрысціны...
Значыць, Міраслава стала трэнеркай уласнай дачкі... Малайчына, Міра! Хто б мог падумаць, што яна з дачушкай дасягне такіх вяршыняў.
Наступную гульню я глядзеў разам з сынам. Нястомныя рухі, вылітая, як з металу, фігура, рэкламная, зусім небеларуская ўсмешка... і рука. Хрысціна была ляўшой, але зараз гэтым нікога не здзівіш. Тэніс — адзінае поле чалавечай дзейнасці, дзе якраз ідзе дыскрымінацыя праварукіх людзей. Ляўшам усюды дрэнна: усе дзверы ў шматлікіх установах зроблены так, каб іх было зручна адчыняць правай рукой, у банках асадку прымацоўваюць з разлікам на правую руку, ляўшы мусяць пісаць злева направа, хоць для іх гэта ненатуральна, на лекцыях ва універсітэце іх садзяць з краю, каб не піхалі суседа левай рукой, а калі ляўша навучыцца граць на гітары, то вымушаны насіць усюды з сабой менавіта сваю гітару, не будзеш жа струны перастаўляць... Ляўшам паўсюдна дрэнна: у малодшых класах, ва універсітэтах, у офісах... Ім добра толькі ў тэнісе. Так што тэнісістка-ляўша сёння ўжо нікога не здзіўляе. I ўсё ж маю памяць на тым часопісным фотаздымку абудзіла менавіта яе левая рука... Калі гэткую руку яна зрабіла сваёй візітнай карткай, я магу яе толькі павіншаваць...
У мае развагі цвіком убіўся звонкі голас сына:
— Можа, і мне пазаймацца тэнісам? Як ты думаеш? — сын замахнуўся ўяўнай ракеткай.
— He, — я не здолеў схаваць свой страх і, за секунду прыдушыўшы баязлівыя інтанацыі ў голасе, безуважна дадаў: — Гэтае пытанне не будзе нават абмяркоўвацца.
— Ну, тата! — узвіўся сын.
— «Тата, тата», — я заўжды ўдала пераймаў сынавыя інтанацыі, — не з тваімі адзнакамі! Скончы школу, тады пагаворым. У адзінаццатым класе раскідацца сваім часам? Гэта немагчыма! У твае гады я паспяхова вучыўся! — распачаў я заўсёдную гаворку.
— Ах, так? Ды я гэтую школу ўвогуле кіну! — Валерка звыкла і таму няшчыра шантажаваў мяне. — Мне там нецікава, ты разумееш? А тэніс... Можа, гэта мой лёс? А ты ўсё псуеш, сунешся са сваёй вучобай!
Валерка ўжо не першы раз нагадваў мне пра жаданне заняцца тэнісам. I я шматкроць адмаўляў яму, забараняў. Без аніякіх тлумачэнняў, калі не лічыць сталае ўпіканне зашмальцаваным дзённікам, дзе бацькоў ветліва, а пасля і не вельмі, запрашалі ў школу. Валерка адчуваў, што гэта звычайная адгаворка дарослых. Значыць, надышоў час. Я ведаў, што калісьці я буду пакутваць за сваё баязлівае маўчанне, падмацаванае шчырай сімпатыяй да Міраславы. Гэта было натуральна, і я не ўяўляю сабе мужчыну, які паставіўся б да яе непрыхільна.
О, яна была на ўсе густы: дасканалая фігурка — для эстэтаў, аматараў зрокавай асалоды, і незвычайная дасціпнасць — для інтэлектуалаў. Але насамрэч яна нікому не належала, нават здавалася, што яна свядома пазбягае больш блізкіх узаемаадносін з людзьмі, хоць гэта мала стасавалася з ейнай працай — яна была трэнеркай па тэнісу.
Міраслава была дзіўнай, і я не мог зразумець яе. Яна ахвотна размаўляла пра розныя адцягненыя рэчы, смяялася з нашых ідыёцкіх жартаў і недарэчных кампліментаў, але ўпарта адсякала ўсе спробы прыватных кантактаў. Ёсць корт, і ёсць яна. Па-за кортам яе не было. Я не ўяўляю, як можна было б спытаць, што яна робіць вечарам. Яе твар камянеў, яна высока падымала галаву і холадна адказвала, што мы плацім толькі за яе час на занятках, а ў вольныя гадзіны яна мае права на прыватнае жыццё. Гэта было смешна, нібыта я ці мой сябра хацелі прыдбаць Міраславу ва ўласнасць. Я грашыў на яе няўдалы любоўны досвед, а сябрук цынічна зазначаў, што Міраславу не цікавяць мужчыны. Але нашто майму сыну ведаць пра тыя брудныя гіпотэзы, і я пачаў здалёк.
— Валера, прынясі мой альбом, — я спадзяваўся заінтрыгаваць сына, які ведаў, што без патрэбы я фотаздымкі не разглядаю.
— Сынок, я раскажу табе казку, — млява расцягнуў словы Валера, але пыльны фаліянт усё ж прынёс. — Можа, гэта старасць? Я занадта часта чую ад цябе: «Калі мы былі маладымі...»
— Выбачай, я не скеміў, што гэта табе так надакучае, — я шукаў патрэбны фотаздымак. — Ты ведаеш, хто гэта? — я тыцнуў пальцам у малады твар.
— Ну, мабыць, нейкі твой сябар, вось вы на наступнай старонцы побач. Навошта ты мне ўсё гэта паказваеш, я на памяць усіх ведаю. Зрокава. Ты ж ніколі нічога не тлумачыш, не расказваеш, нібыта тваё жыццё незваротна засакрэчана і пыліцца ў архіве, — справядліва папракнуў мяне сын.
— Вось я і наважыўся выправіцца. Дык будзеш слухаць «казку», сынок? — паіранізаваў я.
Сын згодна кіўнуў, а сам кінуў вокам у тэлепраграму: праз гадзіну мусіў быць нейкі фільм. Што ж, трэба мірыцца з тым, што дзеці жывуць ад фільма да фільма і спатканні прызначаюць, зверыўшы час з праграмай.
— Я калісьці граў у тэніс... — Я чакаў, што Валера здзівіцца, і ён сапраўды зацікаўлена падняў галаву. — А гэты хлопец на фотаздымку — мой лепшы сябар. Зваць Табіян.
— Табіян? — здзекліва перапытаў Валерка. — У яго бацькі былі вычварэнцы? Так жыццё дзіцяці сапсаваць! Слухай, а як яго скарочана? Табу? А дзецям якая пакута: Табіянавіч ці Табіянаўна!
— Мы раслі разам, і для мяне ён быў проста Тобка. Мы былі як спарышы: заўжды разам. Я сябе без яго не памятаю. — Валерка памкнуўся нешта спытаць, але я рукой паказаў, маўляў, слухай. — Школа, універсітэт... Час быў зменлівы, бурны, выплывалі самыя кемлівыя, і ў ягонага бацькі ўсё атрымалася. Гэта быў, як мы зараз кажам, канец XX ста-
годдзя, але тады ніхто не ўсведамляў значнасці і незвычайнасці пераломнага моманту, мы проста жылі. Тобка запрасіў мяне ў бацькоўскую фірму. Ад ягонага невыноснага характару мяне ратавала толькі мая прывычка да ягоных выбрыкаў. У офісе ж усе стагналі: яго выключная памяць і гэткая ж выключная помслівасць вымушалі цярпець Тобкавыя здзекі, і насмешкі, і абразы... I калі я намагаўся стрымаць яго, ён спрабаваў пагражаць і мне ці то звальненнем, ці то помстай праз забойства. Ён ведаў, што я не пакрыўджуся.
— Ты яму быў як хлопчык для біцця? Ён табе ў лыч, а ты яму «дзякуй»? — Валерка відавочна абурыўся за маю негераічную маладосць.
— Ты можаш называць гэта як заўгодна, але я быў адзіным чалавекам, які мог сказаць Тобку праўду, мог хоць неяк паўплываць на яго. Так што, Валера, я не думаю, што ўсё было так дрэнна. Дрэнна стала пасля. Тобка вырашыў заняцца сваім жалезным здароўем. Як на мой тадышні погляд, гэта было нахабнае марнаванне грошай. Тэніс быў патрэбны Тобку, каб хваліцца, а не гуляць у яго. А каму? Нельга ж спыняць людзей на праспекце і выхваляцца. А каб нібыта прызнацца, як на споведзі, дык не было каму. Шчырых сяброў не было, яго выкідалі вонкі з любога сяброўскага кола. Напрыклад, нехта скардзіцца на жонку без спадзеву на нейкія парады. А Тобка перапыняў няшчаснага і сам пачынаў ганіць чужую жанчыну. Муж спрабаваў яе абараніць і Тобку болып ніколі не спавядаўся. Ды і ніводная дзяўчына вытрымаць яго не магла. Уяві, яны выправяцца ў госці, а ён дарогай пачынае дакалупвацца, а што гэта ў цябе за сукенка абы-якая, a нашто ногі выставіла альбо нашто схавала, а нашто нафарбавалася, як прастытутка, і з рота ў цябе ўчарашняй вячэрай тхне. Ну, якая дзяўчына стрывае? Ён, мабыць, хацеў з іх зомбі закамплексаваных зрабіць, але яны своечасова ўцякалі, — сёння гэта дзіўна і недарэчна, а тады мяне гэта не абыходзіла.
— Хворы быў хлопец, — вырвалася ў Валеркі.
— Ну, хворы ці не хворы, не табе меркаваць, — я лічу, што нельга дазваляць сыну ацэньваць дарослых, малы яшчэ. -— Тобка тры разы на тыдзень ірваўся на корт і ўсё мяне запрашаў, а я адмаўляўся: у офісе толькі тады і можна было паспяхова працаваць, пакуль не было маладога шэфа. Карацей, клопату хапала і без тэнісу. Ну, і недзе праз месяц знясільваючых заняткаў ён прапанаваў мне прыйсці проста паглядзець. Калі ласка, я прыйшоў.
Валерка ўважліва слухаў мой зацягнуты расповед, а я адразу ўспомніў, як я ўпершыню пабачыў Міраславу. Яна ішла нам насустрач — і я зразумеў Тобкаву апантанасць тэнісам. Спартыўнай загарэлай фігуркай яе захацеў бы авалодаць кожны мужчына, ды, вылізаная нашымі позіркамі, Міраслава нікога не заўважала вакол сябе.