Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Кахаеш — ідзі за яго замуж, ён жа прапаноўваў.
— А ты ведаеш як яго хлопцы называюць? Цыган! Рашыд-Цыган! А ты кажаш «замуж»! Каб дзяцей цыганятамі клікалі?!
Што ж, Аляксандру Сяргеевічу пашанцавала, знайшоў сабе жонку. Праўда, прамаўчу, чым усё скончылася.
Я сабрала ўсе свае веды пра Пушкіна і Вальтэра на адзін лісток і рушыла ў бой.
Чаму Пушкіна мог вабіць Вальтэр? Адама Міцкевіча любілі жанчыны, Пушкіна — гусары. (Ад такога пачатку выкладчыцы стала блага, але мяне было ўжо не спыніць.) Чаму ж? Напіцца да ачмурэння і пайсці па бабах!
Ён быў неграм, непрыгожым неграм, і гэта было вызначальным ў ягоным жыцці. Ён жыў з комплексам непаўнавартасці! I ўсё жыццё ён паклаў на тое, каб самасцвердзіцца. Як маленькія дзеці дзеляцца цукеркамі, каб з імі сябравалі, так і Пушкін паіў гусараў, а яны яго любілі.
— Добра хоць, што любілі, а не кахалі! — выгукнулі хлопцы з апошняга рада.
— Падумайце, нават сёння, — працягвала я, не зважаючы на каменны выраз твару Ірыны Яўгенаўны, — нельга сказаць, што мы нармальна ставімся да неграў, успомніце розных скінхэдаў, якія могуць збіць чалавека да паўсмерці толькі за тое, што ён мае іншы колер скуры. Што ўжо казаць пра тыя часы, калі неграў было вельмі мала, ды і тое гэта былі мурынчыкі-слугі. Як павінен быў пачувацца Пушкін?!
Яму трэба было, каб яго баяліся, асабліва мужчыны. Калі яго папракнуць неграм, ён мог бы адказаць: «Так, я — негр, а ты... ты хто? Раганосец!!! Я быў з тваёй жонкай!!!», потым ён мог бы дастаць нататнік і назваць дакладную дату наведвання іхняга шаноўнага дома. Але ж якімі рызыкоўнымі павін-
ны былі быць жанчыны, што кахаліся з Пушкіным: дзіця-негр паважанай дамы ў Пецярбургу — дзіця Пушкіна, не будзе ж дама з вышэйшага свету мець каханкам слугу-негра.
— А чаму б і не?!—зноў выгукнулі хлопцы. Аўдыторыя канчаткова разняволілася: нехта смяяўся з майго выступу, нехта — з рэакцыі Ірыны Яўгенаўны.
— Дарэчы, цёмнаскурага дзіцёнка на мужа не спішаш. А вось каханкам ён быў зручным — ноччу яго не бачна. Асабліва калі ён не ўсміхаецца і вочы заплюшчыць. Хаваць не трэба.
Але пачну з вытокаў. Дырэктар Царскасельскага ліцэя апраўдваўся: «...ён (Пушкін) прыйшоў у ліцэй распусным, і пайшоў з яго такім жа». Вось мы праходзім ліцэйскую лірыку Пушкіна, і я ўпэўнена: яны ў ліцэі пісалі з сябрамі акрамя прыстойных твораў яшчэ і такія вершыкі, што ў выкладчыкаў, калі б яны прачыталі, валасы дыбарам сталі б. Колькі сакрэтаў маем мы ад выкладчыкаў! Колькі нашых вершаў яны не чыталі! Дык ці ж ведаюць яны студэнтаў? Хоць зусім верагодна, што пісаў паэт такія вершы, каб чытаць іх потым сябрам, каб, зноў жа, заваяваць іх прыхільнасць, выпендзюрыцца, як мы сёння кажам.
I тут Пушкін сустракаецца з творамі Вальтэра. Мы ўсе чыталі тыя тэксты па праграме. I перадавалі адзін аднаму: маленькія і цікавыя, варта пачытаць. А Пушкін чытаў і разумеў, што можна быць геніем і распуснікам адначасова. Пушкіну ў ліцэйскія часы было недзе 12 год. У гэтым узросце ён бачыў тое, што было бачна, а не што трэба было ўбачыць. Мы ж таксама толькі з крытыкі даведваліся пра ідэі, якія мы павінны былі там заўважыць.
Дык чаму ж Пушкіна вабіў Вальтэр? I ў Пушкіне, і ў Вальтэры было нібы два чалавекі: сціплячок і распуснік. У Пушкіне гэта злучалася наступным чынам. Ён піша: «Я помню чудное мгновенье», a праз некаторы час занатоўвае ў дзённіку: «Вчера
с Божьей помоіцью... Аннушку Керн». Гэта немагчыма патлумачыць нічым іншым, акрамя раздваення.
Калі б Пушкін меў звычайны колер скуры, ён сам быў бы звычайным.
— Ну ты скажаш! — абурыўся наш факультэцкі любімчык і паэт Лёшка, які меў самы звычайны колер скуры.
— Але Пушкін быў неграмі У ім усё утрыравалася. Ён усё адчуваў на 200%. Ён адчуваў спапяляльны боль і наймацнейшае каханне, ён быў цнатлівым паэтам і распусным мужчынам адначасова. Ён стаў геніем, бо быў цёмнаскуры. I калі ўжо адрознівацца, то ўсім, чым можна!
Пушкіна вабіла ў Вальтэры гэткае ж, як і ў яго самога, раздваенне асобы. Цнатлівы і распусны. Два ў адным. I суіснаванне гэтых іпастасяў дало міру столькіх геніяў! Але як геній Пушкін дайшоў да Вальтэра і пераступіў праз яго, — паспрабавала я лінуць кроплю бальзаму на знерваванае за час майго выступлення сэрца выкладчыцы. He дапамагло.
— Мяне дзівіць такі нелітаратурны падыход да праблемы! Я хацела, каб вы параўналі філасофію Вальтэра і філасофію Пушкіна. А гэта... ну тое, што вы нам расказалі ... гэта ж жах нейкі... Канешне, вельмі добра, што вы так эмацыянальна расказвалі... але так ненавукова... на побытавым узроўні.
Хацелася нагадаць ёй, што яна дазволіла не карыстацца крытыкай. Няўжо я падобна да генія, які возьме з галавы матэрыял па філасофіях Пушкіна і Вальтэра? Я ж кажу, яна любіла гуляць у дэмакратыю.
— Але ў 12 год дзеці не разумеюць філасофіі! I дакладна не яна вабіла Пушкіна ў творах Вальтэра. I пры чым тут колер скуры?!
— Але нідзе не напісана, як уплываў на яго творчасць і ... філасофію колер скуры!
— А вы лічыце гэта істотным?
— He проста істотным — вызначальным.
— Ну, гэта вашае меркаванне, — спакойна прамовіла яна і неяк дзіўна на мяне паглядзела. Уважліва, ці што?
Яна стала за кафедру, доўга стаяла, перабірала паперы. Ужо набірала паветра, каб пачаць чытаць лекцыю, але патрапляла позіркам на мяне і не знаходзіла слоў. Яна вырашыла не глядзець на аўдыторыю, і лекцыя пачалася. А мая сяброўка, зноў нафарбаваная да непрыстойнасці, шаптала: «Тыгеній... так ёй і трэба... яна ўнутры сухар... яна таго Пушкіна толькі па крытыцы чытала... А Вальтэра ўвогуле не чытала». I хоць Насця казала глупства, мне стала лягчэй. Яна памаўчала колькі часу, каб не прыцягваць увагу Ірыны Яўгенаўны, і дадала: «Але залік ты таксама не здасі!»
... Я сядзела на сваім ложку, а дзяўчаты хадзілі па пакоі і супакойвалі мяне:
— Ты — асоба! Ты нестандартная! Яна не чакала, што ты закранеш гэтую праблему. Вы з ёй Моцарт і Сальеры! Ты — Моцарт! — Насця стаяла на суседнім ложку і актыўна жэстыкулявала.
— А Сальеры Моцарта атруціў! — Машка не магла слова сказаць, каб не пад’юдзіць.
— А я таксама Моцарт! — закрычала сяброўка і схапіла гітару. Іграць яна не ўмела да такой ступені, што ейнае брыньканне забіла б любога Моцарта.
— Бачыла б ты яе твар! Я думала, што яна прытомнасць згубіць. Ха-ха-ха! Прабач, але як толькі ўспомню, хочацца смяяцца да бясконцасці. Ох, які гэта для яе ўрок!!! Яна, такая прыгожая, правільная, бязгрэшная, шчыра верыць у тое, што Пушкін быў цнатлівым, ніколі не займаўся ананізмам і ўвогуле, калі заходзіў у прыбіральню, адварочваўся, каб не глядзець на свой орган.
— Але вочы не слухаліся яго! — пафасна дадала адна з жартаўніц.
— Вось я дурная, але нават я не дадумалася б да такога даклада, а калі б дадумалася, то мне не хапіла б смеласці выступіць з ім. А ты ведаеш, на чым Яўгенаўна пагарэла? У цябе знешнасць класічная, ты песціла ёй вочы, седзячы сярод нас. I яна падумаць, уявіць не магла, што ты такая!
Ад усяго гэтага мне хацелася плакаць, я ж зусім не збіралася даводзіць выкладчыцу да непрытомнага стану, я была ўпэўненая ў сказаным мной. Дзяўчаты-мярзотніцы курчыліся ад смеху, успамінаючы выраз твару Ірыны Яўгенаўны, а я абяцала сабе, што дакажу сваю правату.
Я прачытала ўсе 248 вершаў Пушкіна, што былі названы ў лекцыі. У іншай сітуацыі я абмежавалася б якім-небудзь дзесяткам, але гонар вымагаў абсалютнага ведання лірыкі майго «злога» генія. Я рыхтавалася да заліку, як ніколі не рыхтавалася да самага страшнага экзамена. Я ўжо не баялася самога заліку, бо я ведала ўсё дасканала, я прачытала ўсе вершы, усе драматычныя і празаічныя творы ўсіх аўтараў. Колькі разоў было, што да чарговага экзамена па літаратуры я магла не дачытаць аднаго-двух аўтараў, а да залікаў я чытала аднаго-двух толькі. Дзіва? He! Бо я рыхтавалася не да заліку, a да апраўдання. Усе творы Пушкіна я чытала з пункту гледжання выказанай мною тэорыі. У «Арапе Петра Велнкого» я знайшла сцэну інтымных прыгод ў Парыжы негра, што накіроўваўся да Пятра Вялікага. Там былі развагі пра адчуванні галоўнага героя ў модных салонах пад перакрыжаваннем позіркаў. Ці ж гэта не ўласныя назіранні апісаў аўтар?! Ці ж не тое самае ён перажыў?!
А любімыя паэты Пушкіна ў слоўніках пазначаліся як аўтары інтымнай, эратычнай лірыкі. Так што захапленні юнацтва ў генія былі адпаведныя.
Надышоў Судны дзень. Калі я прыйшла, нашы ўжо трэсліся пад дзвярыма аўдыторыі, перачытвалі канспект і падручнікі, нехта пераказваў змест «Мёрт-
вых душ», а побач кола з чатырох чалавек паўтарала даты, што датычыліся паўстання на Сенацкай плошчы. Усе са шкадаванне зірнулі на мяне, і хоць па часе свайго прыходу я павінна была ісці дваццаць восьмай, мяне вырашылі прапусціць наперад, маўляў, усё адно будзе пераздача, нашто дарма дрыжаць. Я ішла дванаццатай. Мая сяброўка надзіва ўсім выйшла з «залікам». Нашы сціхлі, і нехта шэптам прамовіў:
— Значыць, на сёння абрана іншая ахвяра. Усе мы зараз пажадаем ёй «ні пуха ні пер’я».
I я зайшла.
Наша маладая, прыгожая выкладчыца была ў гуморы. Але твар яе адразу змяніўся, калі яна ўбачыла перад сабой мяне.
— Пазавіце наступнага, — нібы праспявала яна.
Сэрца маё абарвалася, рукі пачалі дрыжаць.
Я выглянула ў калідор і запрасіла наступнага. Усе глядзелі на мяне запытальна, але я шчэ сама не ведала свайго лёсу.
Наступная студэнтка выцягнула білет і пайшла рыхтавацца. Нібыта здалёк я пачула пытанне:
— Якія артыкулы Бялінскага вы прачыталі?
— Другі — адзінаццаты, — упэўнена адказала я. — Толькі два? — расчаравана працягнула яна.
— Другі, працяжнік, адзінаццаты, — я паспяшалася выправіцца.
— Сядайце, што ж вы стаіце, — яна палагаднела. — Ну, і як вам Бялінскі?
— Страшэнна спадабаўся! — шчыра прамовіла я, просячы Бога, каб яна не спытала, што ж менавіта я ўпадабала. Прыйшлося б зноў нарывацца на скандал, бо найлепшымі мне падаліся моманты, дзе вялікі крытык Бялінскі ганіў вялікіх творцаў Пушкіна, Гогаля і іншых.
Яна не спытала, а моўчкі запоўніла маю залікоўку і працягнула мне. Я аслупянела глядзела на яе, нічога не разумеючы, а Ірына Яўгенаўна ўсё яшчэ
працягвала мне залікоўку. Нібы самнамбула, я ўзяла яе і выйшла з кабінета, нават не падзякаваўшы.
Усе кінуліся да мяне: