Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Гэта ты пра Тобку з Міраславай ці пра сябе з мамай? — іранічна заўважыў Валерка.
— Дарма ты так пра нас з мамай! У нас, дзякуй Богу, было не так шмат крыўдаў! Я меў на ўвазе менавіта непазбежныя дадаткі да кахання. Насамрэч, Міра баялася блізкіх стасункаў з мужчынамі. I на тое ў яе была важкая прычына. Раптам — побач з ёй Тобка, які выяўляе абсалютную няўпэўненасць, баязлівасць. I яна падумала, што ён, як падлетак: калі баіцца — кусае. Відаць, так яна растлумачыла сабе яго колішняе нахабства. He ведаю дакладна, як у іх там усё развівалася, але мяркую, што секс адбыўся па яе ініцыятыве.
— Ваў! Які мужчына не марыць, каб яго згвалціла жанчына! — Валерка відавочна некага цытаваў.
— Гвалту не было. Быў надзвычайна якасны разлік з боку Тобкі. Гэта талент бізнесмена — разлічыць свае і чужыя крокі на дзесяць дзеянняў наперад. Але ў офісе сядзяць розныя эксперты і аналітыкі, ад якіх патрабуюцца дакладныя прагнозы. А Тобкава сітуацыя вымагала яшчэ і акцёрскага таленту.
— А можа, яна проста стамілася ад сваёй адзіноты? — зусім па-даросламу запытаў сын.
— Зараз гэта неістотна. Галоўнае, што ў іх усё адбылося.
— Усё? — усміхнуўся Валерка.
— Ведаеш, я чакаў, што Тобка адразу кіне яе, як толькі дасягне мэты. Я, шчыра кажучы, быў упэўнены, што ён пачне выхваляцца ці што-небудзь такое... He першы ж раз... А ён прыйшоў на наступны дзень у офіс і зачыніўся ў сваім кабінеце. Нетыповая была сітуацыя, і Гелена, яго сакратарка, паклікала мяне. Я як бы незнарок паднёс яму паперкі нейкія падпісаць, кавы з ім папіў... А ў яго вочы гарэлі так... Гэта былі вочы не пераможцы, а чалавека, у якога ёсць геніяльны і грандыёзны план. Звычайна гэта адухаўляе... Я нават на секунду па-
думаў, што мяне чакае нейкі сюрпрыз, кшталту жаніцьбы.
Валерка асуджана зірнуў на гадзіннік, цішком выцягнуў з-пад газет пульт ад відэамагнітафона і націснуў кнопку «запіс». Значыць, я ўсё ж яго заінтрыгаваў.
— А што было далей? — сын спадзяваўся падштурхнуць мяне да фіналу гісторыі. — Якая ў яе была таямніца?
— А гэта па сутнасці дробязь, галоўнае, што яна была. I Тобка яе ведаў. А калі мы прыйшлі на корты, Тобка прапанаваў Міраславе згуляць з ім. Яна закахана ўсміхнулася і пагадзілася, а Тобка глянуў ёй у вочы, як бы нешта перадаў тэлепатычна, і холаднададаў: «Я перамагу!» Міраслава сцялася, зменшылася ад позірку і ад словаў... Гэта быў тонкі шантаж! I яна прайграла. Але мне здаецца, яна не паддавалася, проста з яе ўсе сілы сышлі, ногі не хацелі бегаць, і яна нагадвала параненае маленькае птушанятка, якому крылы падрэзалі...
— I ногі падпілілі... — недарэчы дадаў Валерка. — Ну што ты, адразу не можаш усё расказаць... Літаратуршчынай займаешся? Інтрыгоўны аповед!
— Усё, усё! Болей не інтрыгую. Карацей, нас запрасілі на адно надзвычай важнае мерапрыемства. Вельмі ўплывовай фірме споўнілася дзесяць гадоў. Сувязі з прэзідэнтам кампаніі Андрэем Рыгоравічам Мітчанкам былі наладжаны яшчэ Казімірам Яўнутам, Тобкавым бацькам, яны некалі разам у камсамоле працавалі. Стары Яўнута адыходзіў ад бізнесу і павінен быў пазнаёміць Тобку з Андрэем Рыгоравічам. He так, як у дзяцінстве, — маўляў, гэта мой сын, бо не трэба шмат розуму, каб нарадзіць сына. Тобка быў не проста сын, ён быў спадкаемцам, ён прыняў кіраўніцтва нашай фірмай і быў насамрэч апантаны бізнесам. Ён любіў сваю працу — і яна ў яго спорылася. Стары Яўнута ганарыўся сынам! У Тобкі была яшчэ старэйшая сястра, якая рана вый-
шла замуж і хуценька зрабіла Яўнуту тройчы дзедам. Яўнута любіў яе жэўжыкаў, але Тобку любіў больш.
— Я ж прасіў пра Міраславу! — засупраціўляўся Валерка.
— А я да гэтага і вяду. Нас запрасілі, я павінен быў ісці з Геленай, а Тобка прапанаваў суправаджаць яго Міраславе. Ну, мужчынам добра — маеш тры касцюмы і можаш сто год пражыць. А кабеты сваю прыгажосць павінны штораз падмацоўваць новай сукенкай. Мне, праўда, усё адно, якая на маёй спадарожніцы вопратка, а вось Тобка быў кавалерам неабыякавым. Таму ён павёў Міраславу ў нейкі буцік, а я пайшоў з імі. Калі ў жанчыны фігура дасканалая, то няма чаго доўга выбіраць. Тобка пачаў прапаноўваць сукенкі. Прыклаў да Міры чырвоную... Я і зараз усё памятаю... Калі б умеў намаляваць, намаляваў бы! Але апісаць не магу: доўгая, дэкальтаваная... I раптам новы, ветлівы Тобка перакінуўся ў Тобку ранейшага, грубага, помслівага. Ён стаяў з сукенкай і вельмі здзіўлена прамовіў: «Дзіўна, што табе не пасуе чырвоны колер. Ён жа ўсім да твару». Сам разумееш, што сталася з радасным настроем Міраславы. Тобка перабіраў сукенкі з такой зацятасцю, нібыта для сябе. Чорныя ён абмінаў са словамі: «Болыпасць будзе ў чорным, а мы — меншасць!» Пасля была кароткая чорна-белая... Але Тобка паказаў пальцам на ногі Міры і ці не грэбліва запярэчыў: «Нашто выстаўляць свету твае залішне мускулістыя ногі». Але ж ногі ў яе былі бездакорныя! Тэніс увогуле выдатны від спорта: трэніруюцца ўсе мышцы, але няма іх ненатуральнай развітасці, як напрыклад, у плаванні ці бегу. Звычайна такія паскудствы жанчынам утвараюць няўпэўненыя ў сабе мужчыны. Але ж сам бачыш, Тобка выглядаў зусім нармальна. He было ў ім той слінявай прыгажосці, як у хлопчыкаў-мадэляў з глянцавых часопісаў. Ды залішняя прыгажосць перашкаджала б
у яго сур’ёзнай працы. У яго была натуральная мужчынская фігура. Вось у нашага камп’ютэршчыка быў жаночы віхлясты азадак ды Х-падобныя ножкі, але ён не рабіў з гэтага праблемы. У Тобкі нос трошкі вытанчаны, востранькі...
— Ты казаў ужо — пацучыны! — нагадаў Валерка, які відаць, слухаў уважліва.
— Хай пацучыны, як ні назаві — нос быў прыстойны, арыстакратычны рот, не якая-небудзь зяпа... Блакітныя вочы з цёмнымі вейкамі — гэта ва ўсе часы выглядае прывабна... Тобка заўсёды хадзіў са строгай стрыжкай — праца вымагала. Яго густыя валасы былі шорсткімі і калючымі, але я неяк раней заўважыў, з якой асалодай, амаль фізічным задавальненнем Міраслава праводзіла па іх рукой. Яна яго кахала, так, кахала... А Тобка? А Тобка выцягнуў цёмна-сінюю сукенку, такую блішчастую... з тонкімі шлейкамі... і на спіне так зроблена палоскамі тканіны... Ну, ты разумееш?
— Мгы, — няўпэўнена кіўнуў Валерка.
— А чорт з ім. Міраслава збялела і спужана адштурхнула руку Тобкі. А ён рассмяяўся, штучна, гучна, як д’ябал, — я не мог падабраць добрага азначэння.
— Зразумела, як Мефістофлік! — пажартаваў Валерка. — Слухай, ты дарма так напружваешся, я ўжо зразумеў, што ў Міраславы нейкія праблемы з целам ці там... са скурай. Давай, што там было? Наколка сінімі чарніламі «1937 год» ці шнары ад капытоў зубра?
— Радзімая пляма... — прызнаўся я.
— I ўсё? — расчаравана прамовіў Валерка. — Выбачай, але я чакаў нейкай экзотыкі. Напрыклад, пісягі ад кіпцяў усурыйскага тыгра ці... ну нават не ведаю... I ты мне столькі часу расказваў гісторыю пра закамплексаваную паненку?
— He, я толькі падыходжу да кульмінацыі! Міраслава выбрала нейкі досыць закрыты строй і пайшла
прымерыць. Мы чакалі каля кабінкі, і Тобка гучна, каб яна пачула, са смехам расказаў мне пра яе пляму. Міра рэзка адсунула шторку... Яна ўжо паспела зняць кашульку і стаяла ў джынсах і станіку. А ў кабінках жа люстэрка... і я ўбачыў... там адлюстравалася... Міра схапіла кашулю, насунула і выбегла з крамы. Усё, на вечарыне мы былі ўтрох: Казімір Яўнута, Тобка і я, мы нават і Гелену не ўзялі.
— I ўсё скончылася? Я думаў — будзе хэпі-энд! Кшталту... Ты-ды-ды-дынь. Аб’яўляю вас мужам і жонкай, — перадражніў Валерка.
— He так усё скончылася! Тобка, як бы нічога і не было, заявіўся на трэніроўку. А я дык і саромеўся ёй у вочы глядзець. А яна, відаць, ужо супакоілася, прынамсі, мне так падалося. Яна ўсміхнулася Тобку ды іранічна запытала: «Згуляем? Ты ж мяне адной левай?» Тобка нечакана ўчапіўся за апошняе слова: «Дык, можа, левай?» I яны адначасова перакінулі ракеткі з правай рукі ў левую. Я сабе дараваць не магу... Як я не заўважыў, што яна занадта правільна і ўпэўнена трымае ракетку ў левай руцэ... Разумееш, калі ўжо ты прывучаны іграць правай рукой, то вось так адразу згуляць левай немагчыма! Ты не тое што не падасі, ты самы лёгкі мяч не адаб’еш! Некалькі гадзін трэніровак ішло толькі на тое, каб навучыцца правільна трымаць ракетку, і тут Тобку захацелася менавіта левай! Магчыма, ён вырашыў, што так яны будуць на роўных? — мне цяжка было здагадацца пра Тобкавыя думкі. — Яны ж і згуляць не паспелі. Яна падавала першая. Зірнула на Тобку з нянавісцю, падкінула мяч і — з усяе моцы! Мяч патрапіў яму ў шыю — і насмерць!
— Забіла? — не паверыў Валера.
— Забіла. 3 таго часу я ў тэніс не гуляю. Хачу жыць! — выгукнуў я.
— Пачакай, пачакай, дык яна што, спецыяльна? — дапытваўся сын.
— He ве-да-ю! Я пасля праз стрыечнага дзядзьку, ты яго не ведаеш, пра яе крыху так... даведаўся. Калі яна толькі пачынала, яна іграла левай рукой. Разумееш, ёсць розныя ляўшы: адныя пішуць левай, а ўсё астатняе робяць правай, і другія — пішуць правай, а іншую работу — левай. Яна пісала правай, і таму мы не маглі здагадацца, што насамрэч яна ляўша. Ды і адкуль мы маглі ведаць, што яна вучылася граць у тэніс левай. Яна максімальна аслабіла свой удар, калі перавучылася на правую руку. Калі б яна працягвала гуляць левай, у яе партнёраў і вучняў не было б аніводнага шанцу на выйгрыш. I ўсё адно яна засталася лепшай. У свой час трэнер ускладаў на яе столькі надзей... Ён верыў, што гадуе зорку еўрапейскага тэнісу, а можа, увогуле зорку! Але яна кінула ўласную кар’еру, так і не распачаўшы яе, і пайшла працаваць.
— Я нават скажу, чаму яна кінула прафесійны спорт. Мабыць, умовы былі савецкія, і ёй трэба было раздзявацца пры іншых дзяўчатах. А яна саромелася, — здагадаўся Валерка. — Але тады гэта ідэяфікс! Слухай, ну, немагчыма ж праз такую дробязь паламаць сабе жыццё. Можа, у яе быў яшчэ нехта як Тобка? Комплекс «узгадаваць» прасцей, чым выбітную тэнісістку.
Наступных навучэнцаў той спартыўнай школы выхоўвалі на легендах пра Міраславу. Дзецям паказвалі ўвагнутасці на сцяне ад яе магутных удараў. Ім давалі пагуляць з яе «лысым» тэнісным мячыкам. Ён вельмі хутка адскоквае, каб з ім гуляць, трэба было мець вокамгненную рэакцыю. Расказвалі, ейны трэнер клаў у кут пляцоўкі мячык, а другі падаваў Міры, і яна адбівала другі, каб ён патрапіў у першы! Тэнісны більярд!