Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
Уля толькі хацела спытаць: «А навошта ён мне?», але ў час зразумела, што Ваня не варты таго, каб з-за яго крыўдзіць мамінага брата.
— Сканер! — Уля ўдала сыграла захапленне.
Дзядзька Мікола ўзрадаваўся і пачырванеў ад гонару за сябе і за ўдалы падарунак для пляменніцы. Бурачковыя шчочкі зрабілі дзядзьку Міколу падобным да вялікага, таўсматага дзіцяці, а чорныя вусы былі зусім недарэчы і здаваліся штучнымі, нібыта прыклеенымі. Улляна ўсміхнулася, і дзядзька загудзеў, як чмель.
Калі дзяўчына знайшла ўсё ж нейкую прычыну, каб зачыніцца ў сваім пакоі, Мікола спытаў сястру:
— Ірынка, а што з Уляй? Нейкая яна, як атручаная...
— Праблемы на асабістым фронце. Хлопец не прыйшоў на спатканне, — нібыта бесклапотна сказала Ірына.
— I яна праз гэта такая кіслая? — жахнуўся легкадумны таўсцячок. — Іра, дык я з ёй пагавару, — Мікола так нечакана ўскочыў з табурэта, што сястра не паспела спыніць яго.
Ён нават не пастукаў у пакой пляменніцы, а жвава ўляцеў і плюхнуўся на ложак побач з Уляй. Ад
такога нахабства Уля разгубілася, а дзядзька Мікола пачаў яе настаўляць:
— Дзеўка, кінь дурное! Ну, не прыйшоў, ну і чорт з ім. Ты, можа, яшчэ і плакаць будзеш? — ён прыгледзеўся да Уліных вачэй. — Толькі свісні, я табе такіх хлопцаў прывяду! — па твары дзядзькі было відаць, што Ваню нават параўнаць немагчыма з тымі хлопцамі.
— Дзядзька Мікола, ты што, будзеш мне сюды хлопцаў вадзіць? — засмяялася Улляна. — Ды і непатрэбныя мне ніякія хлопцы.
— Гэтага кахаеш? — зусім недалікатна спытаў дзядзька Мікола. — Уля, ён жа заўтра неяк растлумачыць... Можа, ён захварэў... ці...нагу зламаў... або...э-э... колькі ўсяго можа з чалавекам здарыцца, а ты так адразу на яго дрэнна думаеш!
— У ягонага сябрука ўчора быў дзень нараджэння, Ваня напіўся і праспаў. I ніякія тлумачэнні мяне не пераканаюць у адваротным, вось так! — апантана выгукнула Улляна.
— Ну-у, Уля, святая справа. Грэх на чалавека крыўдаваць! Можа, пабілі хлопца альбо праседзеў усю ноч тварам ва унітаз, ну і зразумела ж, не захацеў з’яўляцца перад дзяўчынай у адсвяткаваным выглядзе! — для дзядзькі Міколы дзень нараджэння сябра быў важкім аргументам.
Ірына ледзьве выцягнула брата зноў на кухню. Уля з палёгкай уздыхнула, прыставіла да дзвярэй крэсла, каб наступным разам дзядзька Мікола так лёгка не ўвайшоў, і села рабіць падрадковік на верш Аскара Уайльда.
— Сядай, Мікола, я табе зараз такое раскажу... — Ірына наліла брату і сабе гарбаты. — Учора мы з Уллянкай пайшлі ў кнігарню... і сустрэлі там... — для большага эфекту Ірына зрабіла паўзу, — Міхася Пятровіча Каляду.
— Каго? — перапытаў Мікола. — А-а-а, — ён неяк спужаўся. — I?
— I нічога. Пакуль што нічога. Уля будзе пісаць у яго дыпломную, уяўляеш сабе пакуты: выкладаць ва ўласнай дачкі, якая не здагадваецца пра тваё існаванне, — летуценна прамовіла Ірына.
— Уллянцы скажаш? — пасур’ёзнеў Мікола.
— Навошта? Так цікавей! — штучна рассмяялася Ірына.
— Трэба сказаць! — пераканана загадаў Мікола.
— Я скажу, скажу, — Ірына паклала руку на руку брата. — Але мне здаецца, што я маю права на маленькую помсту, зусім маленечкую. Я вінна Міхасю пакуты, трэба аддаць, Мікола!
— Каму ты зробіш лепей? — брат пагаджаўся і не пагаджаўся з Ірынай.
— Мінулым летам адна са знаёмых сказала мне, што ў Міхася інфаркт. Я думаю, ніхто так не маліўся за яго здароўе, як я. Я гатова была стаяць на каленях перад Богам і дактарамі. Але я не магла сябе выкрыць. Я штоночы думала, хоць бы ён ачуняў. Я столькі год марыла, як пазнаёмлю яго з Уллянай, як ён будзе ўражаны, як будзе шкадаваць, што адмовіўся ад нас. А калі Уля пачала пісаць першыя вершыкі, я зразумела, што мы сустрэнемся з Міхасём на ягоным полі...
Мікола слухаў сястру і адчуваў, што толькі зараз Ірына асмелілася паказаць, як яна пакутавала ўсе гэтыя гады, толькі зараз, бо хутка прычакае рэваншу.
— Уяўляеш, гэты эстэт, які заўжды сумняваўся ў здольнасцях жаночага інтэлекту, прачнуўся сёння бацькам Улляны, якая спачатку разумная, a толькі пасля прыгожая, — Ірына гаварыла ўсё гэта, а сама глядзела нерухомым позіркам на сцяну.
Мікола слухаў споведзь сястры і не перапыняў яе пытаннямі.
— Ён мне неаднойчы паўтараў, што быць пісьменнікам — не жаночы занятак. Шавініст мужчынскі! А сам Улі прапанаваў кніжку выдаць... уласнай дач-
цэ прапанаваў... Уля — здзек з ягоных прынцыпаў. Уля — мая дачка! — сказала Ірына брату, які бачыў, што кніжныя палічкі Улляны застаўлены кнігамі Каляды.
13
Ва універсітэт Улляна ішла неахвотна, не хацелася бачыць сябровак, якім трэба будзе тлумачыць, чаму яна больш не сябруе з Ванем. Улляна была ўпэўнена, што з ім усё скончана, ніякага кахання не будзе. Як можна хаця б вітацца пасля такой абразы?
Але ўжо на першым паверсе філфака яна сутыкнулася з Ванем, які, заікаючыся і чырванеючы, прамовіў:
— Э-э... Уллянка... Я табе ўсё растлумачу...
— Што ты, не трэба, — Улляна так прыязна ўсміхнулася, нібы ўжо даравала яму.
Ваня крыху асмялеў і папрасіў прабачэння:
— Даруй мне, Уллянка.
— А што ты такога страшнага зрабіў? — натуральна здзівілася дзяўчына.
— Як гэта «што»? Я не прыйшоў... — выкрыкнуў Ваня і адразу ж выправіўся, — спазніўся...
— Забудзем, Ваня! Калі б ты быў маім хлопцам, маім каханым, — Улляна з болем зірнула Вані ў вочы, — я разарвала б цябе на кавалкі ад злосці! А так, якая крыўда? Гэта тое самае, калі б, напрыклад, Машка Бунеева не прыйшла.
Ваня аслупянеў, ён не чакаў такой абыякавасці, і падрыхтаванае апраўданне зараз не мела сэнсу, ён закінуў за спіну заплечнік, паглядзеў на Улляну, ці не жартуе яна. Улляна ўсміхалася. Ці насміхалася?
— Сапраўды, — з недарэчнай пакрыўджанасцю сказаў Ваня, — школьная звычка. Ведаеш, Уля, калі б ты кахала мяне, ты выслухала б мае тлумачэнні, а калі б я кахаў цябе, — Ваня наблізіўся да Улляны і амаль прашаптаў ёй на вуха, — я прый-
шоў бы, — ён пераможна ўсміхнуўся, засунуў рукі ў кішэні і павольна пайшоў да лесвіцы. I Улляна не бачыла, як Ваня перакрывіў твар, каб па-дзіцячы не расплакацца.
Упершыню Улляне не хацелася ісці на спецсемінар. Гэта ж немагчыма, сядзець побач з Ванем, гаварыць з ім і рабіць выгляд, што ўсё нармальна, a так хочацца заплакаць, прытуліцца да яго і самой папрасіць прабачэння. Трэба было яго выслухаць, a зараз ужо позна. Нашто яна выяўляла сваю незацікаўленасць? Цераз гонар не змагла пераступіць? Божа мой, ну чаму ўсё так дрэнна?
Вясёлы настрой Міхася Пятровіча дысанаваў з горам ягоных семінарыстаў. Выкладчык няйнакш закахана глядзеў на Улляну і нават на Ваню, студэнты заўважылі гэта і здзіўлена пераглядваліся. Міхасю Пятровічу так карцела бліжэй пазнаёміцца з дачкой, зразумець, якая яна, чым жыве, але ён не ведаў, ці зможа зрабіць так, каб яна бачыла ў ім не толькі выкладчыка.
— Нешта ўсё я ды я гавару, — Міхась Пятровіч паглядзеў на Улляну, — Уля, вось вы якія кнігі любіце перачытваць?
Улляна не ведала, што сказаць на гэтае нечаканае пытанне. Абраць сабе ролю інтэлектуалкі ці сказаць праўду?
— Ну-у... Я не люблю цалкам перачытваць кнігі... Толькі пэўныя моманты... А каб поўнасцю... Ну, можа толькі... — Улляна заплюшчыла вочы, нібы зараз збіралася нырнуць, і назвала дзіцячую кнігу:
— Астрыд Ліндгрэн «Ронья, дачка разбойніка».
Міхась Пятровіч паўтарыў за дзяўчынай :
— «Ронья, дачка разбойніка»? — і сам спалохаўся нечаканага намёку.
Ён глядзеў то на Улю, якая вінавата ўсміхалася, то на Ваню, што ліхаманкава ўспамінаў, якія ж кнігі перачытвае ён. «Уллянка, дачка прафесара», — падумаў Міхась Пятровіч і на гэтых занятках больш
не рабіў ніякіх захадаў да спазнання ўнутранага свету сваёй дачкі.
На перапынку ў сяброўскай кампаніі Ваня здзекваўся з Улляны:
— Ганьба! Быкава, Мележа чытала? Чытала. Дастаеўскага, Ляскова чытала? Чытала. Бальзака, Вальтэра, Дзідро чытала? Чытала. А перачытвае Астрыд Ліндгрэн! Філолаг!
— Я проста застаюся дзіцём, — апраўдвалася Уля.
— Ну, не такое ўжо ты дзіця, — сказаў Пашка, аглядаючы Уліну фігуру, — я нават сказаў бы, што зусім не дзіця, дзякуй Богу.
— Я думаў, Пятровіч як узбурыцца за такія прыярытэты... А ён нічога. Так, трохі спужаўся, — з маляўнічымі перабольшаннямі распавядаў сябрам Ваня.
— Лепей пра Антося пагаворым, — перапыніла яго Улляна.
— Як ён там казаў, — Машка зморшчыла лоб, успамінаючы, — можа гаварыць пра сімвалізм чатыры гадзіны, а пра імпрэсіянізм увогуле бясконца?
— Уяўляеце, прыйсці на спатканне і гаварыць пра імпрэсіянізм, а не пра ... не пра.. пра што гавораць на спатканні? — Улляна шукала патрэбнае слова, а Ваня збянтэжыўся ад жорсткага напаміну і пайшоў да сваёй групы.
...Антось Генадзевіч, як заўжды бездакорна апрануты, увайшоў у аўдыторыю з дзяжурнай усмешкай на вуснах. Ён павітаўся з групай, сеў, расклаў свае паперы, падняў галаву і, пералічваючы студэнтаў, стукаў па сталу, нібы па клавішах раяля.
— Та-ак! Дваццаць тры, а ў спісе... — ён зазірнуў у свае лісты, — а ў спісе дваццаць пяць. Каго няма?
Стараста, пасада якой ператварылася ў мянушку, спрактыкаваным вокам вылічыла адсутных:
— Барысенка і Грыцай.
— Так і запішам, Барысенка і Грыцай, — Антось падняў галаву і паглядзеў на Старасту, крыху прыжмурыўшы вочы. Стараста нават разгубілася, не ведаючы, як рэагаваць на такое какецтва.
— Я памятаю са студэнцкіх часоў, дзякуй Богу, гэта было зусім нядаўна, як непрыемна было, калі выкладчык пачынае поўзаць асадкай па спісе, шукаючы ахвяру. Я так спадзяюся, што ў нас будуць не ахвяры, а ахвотнікі... — у чаканні Антось выразна паглядзеў на аўдыторыю.
Улляна, збіраючыся адказаць, гучна ўцягнула паветра, Антось павярнуўся да яе, але пад яго пільным позіркам дзяўчына зніякавела і выдыхнула, так нічога і не сказаўшы. Антось усміхнуўся Улі:
— Калі ласка, няма чаго баяцца. Я дапамагу, калі што. I... назавіце ваша імя.
— Гаманкова Улляна, — выразна вымавіла Уля, каб Антось лёгка адшукаў яе ў спісе.
— Улля-на, — са смакам прамовіў Антось, паставіў насупраць яе прозвішча кропачку і падбадзёрыў: — Ну, слухаю вас.
Улляна сваімі словамі пераказала Антосю ягоны канспект. Выкладчык згодна ківаў у час пераліку асаблівасцяў дэкадансу і ўсё астатняе слухаў, здавалася, таксама ўважліва. Калі Улляна скончыла гаварыць, Антось падзякаваў, хоць не было за што, падняўся з крэсла, падышоў да кафедры і абапёрся на яе локцем.