Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
лася пісаць разборліва. Міхась Пятровіч прачытаў уголас:
— Новік Янка Леанідавіч і ... Гаманкова Улляна Алегаўна... Улляна? Такое рэдкае імя, — ён паглядзеў на Улю.
— Сямейная традыцыя, — дэманстратыўна ўздыхнула студэнтка. — У кожнай галінцы нашага сямейнага баабаба была хаця б адна Улляна.
— Добра, я прынёс спіс літаратуры, які, на маю думку, вам трэба засвоіць. I, можа, менавіта па гэтых творах вы выбераце дыпломныя работы. Хоць я, канешне, не прымушаю. Я мяркую, за месяц вы вызначыцеся. Згодныя, Улляна Алегаўна і Янка Леанідавіч?
Студэнты асуджана кіўнулі. Такая рэакцыя поўнасцю задаволіла прафесара, і ён прачытаў кароткую лекцыю пра сучасны літаратурны працэс і расказаў некалькі вясёлых гісторый з жыцця пісьменнікаў. Усю гэтую прамову Ваня слухаў краем вуха, з больш пільнай увагай ён паставіўся да спіса літаратуры, дзе налічыў дваццаць шэсць твораў і прадчуваў, што ўсе яны будуць таўсценныя і занудныя. He даюць геніям развівацца! Можа, ён напісаў бы твор, якім бы праславіў беларускую літаратуру на ўвесь сусвет, а замест гэтага трэба чытаць чужую пісаніну.
Ён цішком зірнуў на Улляну, якая ўважліва слухала. «Што я тут раблю?» — незадаволена перасмыкнуў вуснамі хлопец. Міхась Пятровіч, заўважыўшы ахвярны выгляд Вані, расказваў больш для Улляны, хлопец убачыў гэта і пакрыўджана падумаў: «Стары певень!», потым ён падумаў яшчэ горш і ўрэшце апошнія паўгадзіны правёў за прыдумваннем мянушак для Міхася Пятровіча. Нарэшце пара скончылася, і выкладчык спытаўся:
— Улляна, вы прынеслі мне што-небудзь са сваіх твораў?
Такой здрады ад Улі хлопец не чакаў, яна так яго распытвала, а сама не сказала, што нешта нясе выкладчыку. Можа, здзеквалася? Ды не, не магла Уля насміхацца. Можа, ёй няма чым хваліцца, зразумела, так яно і будзе, і на наступны раз выкладчык прынясе яе паперкі і сумна скажа: «Ніколі не бярыце ў рукі асадку, раптам параніцеся, Уля!»
Калі Міхась Пятровіч выйшаў лёгкім упэўненым крокам, Ваня паблажліва прамовіў:
— А спінка ў яго роўненькая, ідзе як па лінейцы! Уля, я здагадаўся, ён школу для шляхетных паненак скончыў.
— Ваня, што ты так? А, раззлаваўся, што я сваё дала яму пачытаць? — са спачуваннем прамовіла дзяўчына. — Ваня, калі б ты менш расказваў пра свае творы, ты больш бы пісаў. Твор можна перажыць толькі адзін раз, а калі ты расказваеш, ты яго ўжо перажываеш. Потым не хочацца запісваць, бо ўзнікае адчуванне, нібы ён ужо кімсьці напісаны. Праверана на практыцы.
Хлопец ашалела глядзеў на Улю, і калі мова вярнулася да яго, ён не ўтрымаўся, каб не пад’юдзіць:
— Гаворыш, як член Саюза пісьменнікаў! А калі сур’ёзна, то сама ведаеш, якія ўмовы ў інтэрнаце. Добра табе, мінчанцы.
— Запрашаю ў госці для напісання інтымных сцэн! — урачыста прамовіла Уля.
— Сродкі засцеражэння, то-бок асадку і паперу, браць ці ў цябе знойдзецца? — з’едліва запытаў хлопец.
— Ваня, тут халява не пройдзе. Калі напішаш твор амаль поўнасцю, тады і прыходзь. Толькі пакінь месца для інтымных сцэн. Ты сам усё добра напішаш пад маім пільным наглядам. Я адчуваю ў табе вялікі патэнцыял, калі ты мне летам ліст напісаў, я была ў шоку. Такое пасланне адразу друкаваць можна — гэта ж класічны ўзор эпісталярнай спадчыны для наступнікаў! Ты хвалішся, што геній, але ж геній —
гэта 90% поту і толькі 10% таленту. Ты сам ведаеш, што не праліў яшчэ гэтыя 90% поту.
— Уля, за інтымную сцэну з табой, у творчым сэнсе, я буду працаваць, як вол! — хлопец казаў сур’ёзна, але ў вачах блішчэлі агеньчыкі. — А як табе ўвогуле наш Міхась Пятровіч? — нечакана змяніў тэму Ваня.
— Спадабаўся, Ваня, я ж ведала, да каго іду. Мне і лекцыі ягоныя падабаюцца. Разумеееш, мы з ім людзі адной хвалі. Нам смешныя аднолькавыя рэчы, я ўпэўнена, мы смяяліся б з аднолькавых анекдотаў, мне жахліва падабаюцца ягоныя творы, і думаю, яму таксама яны падабаюцца. Карацей... Я не ведаю, як табе растлумачыць. Во, я з табой таксама на адной хвалі, — старанна падшукваючы словы і паралелі, гаварыла дзяўчына.
— Дык чаму тады я з ім на розных хвалях? He дапрацавала ты яшчэ сваю тэорыю, — пасмяяўся Ваня, хоць быў цалкам згодны, што яны з Уляй людзі адной хвалі.
4
Разам яны падышлі да аўдыторыі, дзе па раскладу была наступная лекцыя. Ваня пайшоў з хлопцамі паліць, а Уля далучылася да дзяўчат. Яна села на падаконнік і, боўтаючы нагамі, слухала парады сябровак.
— Ты да Каляды пайшла? Дарма! — спяшалася падзяліцца плёткамі Маша, больш-менш блізкая сяброўка. — У яго курсавую пісала дзяўчына з суседняга пакоя, ты яе ведаеш, Таня, ты яшчэ казала, што яна занадта шмат фарбуецца. Дык ён яе сто разоў ганяў. To яму гэты абзац не падабаецца, то іншы, быццам бы ён адразу ўсё сказаць не мог. Яна чатыры разы перапісвала. Ён бы і больш перапісваць прымусіў, але яна адзін раз змухлявала. Ён сказаў перапрацаваць асноўную частку, яна нічога не рабіла, а прыйшла праз тыдзень і прынесла тое
самае, а ён кажа: «Ужо лепей!» Значыць, ён нават не чытаў! Абы студэнтаў памучыць, я табе кажу!
Усе ведалі, што выбраць спецсемінар, гэта як замуж выйсці, можна, вядома ж, і «развесціся», але лепш у згодзе пражыць да пятага курса. А натуры эмацыянальныя, як Улляна, былі амаль закаханыя ў кіраўнікоў сваіх спецсемінараў, таму ёй вельмі непрыемна было такое чуць пра Міхася Пятровіча.
— Калі б я была выкладчыцай, я сама б тую Таню ганяла тысячу разоў. Упэўнена, што яна нічога цікавага не напісала, перадрала адкуль-небудзь і прынесла. Прабач, але яна для мяне не ўзор, — Уля нават крыху раззлавалася.
3 аўдыторыі выйшла дзяўчына з яблыкам, і Уля адчула, што таксама хоча есці, толькі, як назло, нічога з сабой не ўзяла, а ў буфет ужо не паспее. А тут яшчэ Маша круціць на пустым месцы, абы іншым сапсаваць настрой.
Са званком яны зайшлі ў аўдыторыю, селі на свае месцы ў першым радзе, бліжэй да акна. Выкладчыца, пажылая, але вельмі дагледжаная жанчына, моцна ляпнула дзвярыма і пайшла да кафедры.
— 3 такімі нагамі — і ў спадніцы! Ёй толькі дзяцей пужаць! —прашаптала Маша Улі на вуха.
— Якая табе розніца! — абурылася Улляна. — Галоўнае, што лекцыі нармальныя.
— I прычоска ў яе сёння не атрымалася, — нібыта нічога не пачуўшы, дадала Маша.
Уля апусціла галаву і абаперлася ёю на руку, закрываючы далонню твар. Яна пасунула нагу пад партай і моцна наступіла на суседчыну нагу чаравіком на таўставатай падэшве.
— Куды ты свае «калхіды» сунеш! — зашыпела Машка, выціраючы пыл з абутку.
Уля спакойна працягвала запісваць лекцыю. Раптам дзверы расчыніліся і, як звычайна, у аўдыторыю праціснулася худое цела Вані Новіка, а за ім уваліўся Паша Васілевіч, лепшы Ванеў сябра. Курс
завыў: Паша на заняткі хадзіў рэдка, але калі ўжо прыходзіў, то ўсе выкладчыкі шкадавалі, што ён з’явіўся. I пакуль Ваня, глытаючы гукі, прасіў прабачэння, Паша за ягонай спінай павіхляў азадкам, у такт падымаючы бровы. Усе зарагаталі, а выкладчыца, не разумеючы прычыны смеху, узяла ў руку аловак, адставіўшы мезенец, і пастукала ім па кафедры. Цішыня крыху ўсталявалася, хоць было добра відаць, што некаторыя ўсё яшчэ смяюцца, прыкрываючыся рукамі.
— Сядайце, — дазволіла выкладчыца.
Замест таго каб сціпла сесці дзе-небудзь каля дзвярэй, хлопцы прайшлі паміж кафедрай і сталамі, прычым Паша так смешна падскокваў, што з апошняга рада пачуліся апладысменты. Калі Ваня праходзіў міма Улі, то паклаў ёй на стол нешта ў бліскучай абгортцы. Уля пад партай разгарнула фальгу і ўбачыла паўпліткі белага шакаладу. Страўнік зайграў урачысты марш. Дзяўчаты падзялілі шакалад, і Улі здалося, што такога смачнага яна ніколі не ела. I прыемна было, што Ваня пра яе падумаў. Таму абгортку яна адаслала Вані і Пашы на апошні рад, напісаўшы ўнутры: «Дзеўкі з’елі шакалат, хлопцам дзякуй гаварат». Ваня, атрымаўшы допіс, пашукаў Улю вачыма і, калі яна азірнулася, памахаў ёй рукой.
На наступны дзень ён падышоў да Улляны і з гонарам паведаміў:
— Уля, я вырашыў пісаць іншы твор. Хлопец, прыблізна майго ўзросту, студэнт. Я паказваю ягоны лёс у наш цяжкі час. Гэта будзе сенсацыя!
— Па-першае, наш час не цяжкі. Цяжкі ён будзе, калі ты з кіёчкам не зможаш спусціцца з лесвіцы. А па-другое, у цябе зноў няма сюжэту. Ёсць ідэя, але гэтага мала. На гэтую тваю ідэю можна сто твораў напісаць. — Улю пачынала злаваць гэткая творчая інфантыльнасць. Але, гледзячы на разгублены
Ванеў твар, яна не магла крычаць на хлопца. — Ваня, а інтымныя сцэны будуць?
— А ты думаеш, трэба? — звыкла спытаўся Ваня.
5
Праз тыдзень Уля зноў сядзела пад дзвярыма, чакаючы спецсемінара. Да яе падышоў адзін з Ваневых сяброў і паведаміў:
— Гусь прасіў сказаць, што ён сёння не прыйдзе. У Пашкі дзень нараджэння. Тыдзень будуць гуляць!
Уля падзякавала і, па інерцыі гледзячы ўслед хлопцу, падумала, што Ваня ўмее быць сапраўдным студэнтам: дзе трэба — геній, дзе трэба — лайдак. Значыць, Ваня не прыйдзе. З’явілася адчуванне, што дзень праляціць дарма, што лепш бы яна ўвогуле ва універсітэт сёння не йшла.
Міхась Пятровіч на гэты раз не спазніўся. Ён быў у нейкім асаблівым настроі, паклаў папкі на стол і, усміхаючыся сваім думкам, абапёрся локцем на кафедру. Ён уважліва паглядзеў на Улляну і хацеў нешта спытаць. Але Уля адразу яго папярэдзіла:
— Вані сёння не будзе.
— Ну, калі так, то спадзяюся, вы не супраць, каб мы пагаварылі пра вашы творы? — неяк абрадавана спытаўся Міхась Пятровіч і адразу выцягнуў яе паперы.
Уліна сэрца сціснулася, нібы яе самую зараз будуць разбіраць на кавалкі. I яна на секунду пашкадавала, што аддала яму свой твор.
— Улляна, вам несумненна варта пісаць. Вам ужо можна выдаць маленькую кніжку ў «Бібліятэчцы часопіса «Маладосць». Гэта рэальна. Але я вас прашу, будзьце ўважлівей да слоў, да пабудовы сказаў. Я ў вас часам такія перлы знаходзіў! — ён пагартаў яе паперы і зачытаў некалькі фраз. Уля пачырванела ад сораму. Такое яна і сама магла заўважыць, але вось — прапусціла.
— Паспрабуйце чытаць сваю аповесць, а гэта ў вас аповесць, як я зразумеў, вачыма свайго ўяўнага ворага, які шукае, да чаго б прычапіцца.
I тут Уля не вытрымала:
— Я ведаю. Перад тым, як даць маме, я перачытала ўсё яе вачыма. I вашымі я таксама спрабавала чытаць.
— Але, мабыць, дрэнна пераўвасобіліся, бо ў мяне ёсць яшчэ заўвагі, — Міхась Пятровіч падняў вочы ад лістоў. — Вось ваша гераіня ўвесь час дае хлопцу парады, яна яму як маці, дык ці магла яна закахацца ў яго? На маю думку, не! — безапеляцыйна заўважыў выкладчык.