Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Дык яна спецыяльна ці не? — не мог даўмецца Валерка.
— Ну, глядзі. Калі спецыяльна, то яна павінна была занадта шмат улічыць... Трэба было справака-
ваць Тобку на гульню левай рукой, бо так ёй было больш зручна. I яна павінна была патрапіць у шыю... У яе быў вельмі моцны ўдар, значыць, можна было па галаве... ці куды-небудзь яшчэ... Але калі б Тобка зрабіў адзін крок убок — застаўся б жывы! Атрымліваецца, што гэта проста жахлівая выпадковасць. Уся сістэма абвінавачвання руйнуецца ад аднаго кроку! Я разумею, што нельга забараняць табе займацца тэнісам толькі таму, што мой сябра быў забіты тэнісным мячыкам. Я разумею, што можна закалоцца звычайным відэльцам альбо загінуць, разліўшы ваду на камп’ютэр. Але ніхто не пераходзіць на лыжкі ці кітайскія палачкі... I ўсе працуюць на камп’ютэрах... Я не магу табе забараніць, я табе раю, я прашу цябе кінуць гэтую мару пра тэніс. Менавіта таму, што ты мой сын. Мой. Я не хачу двойчы атрымаць такі ўдар...
— А што ёй было за забойства? — пацікавіўся сын.
— Нічога. Гэта ж не было забойства, гэта быў няшчасны выпадак. Я сам засведчыў, што Тобка першы прапанаваў гуляць левай рукой. Калі Міраславе сказалі, што ён забіты, яна страціла прытомнасць... Аказалася, што яна цяжарная! Далі ёй нешта ўмоўна, здаецца. Я нават дакладна не ведаю, — прызнаўся я.
— I што, Казімір Яўнута не захацеў, каб яе косткі спарахнелі ў турме? — здзівіўся Валерка.
— Дачка яго якраз тады распачала развод з мужам, і стары Яўнута спрабаваў уратаваць хаця б тое, што засталося. Забраў унукаў, памяняў ім прозвішчы на Яўнутаў і пачаў з дзяцінства рыхтаваць для працы ў фірме. Усіх трох хлопчыкаў.
— Ведаю: Ігнась, Юрка і Францішак, — назваў Валерка імёны хлопцаў, з якімі ён будзе працаваць пасля атрымання вышэйшай адукацыі. — А што з Міраславіным дзіцём?
— Гэта твая улюбёная Хрысціна! — выгукнуў я.
— Тэнісістка? Ляўша? — Валерка зноў разгарнуў часопіс і ўпіўся вачыма ў левую руку дзяўчыны.
На яе руцэ, як на Міраславінай спіне, была радзімая пляма. Міра відавочна выхоўвала дачку зусім па-іншаму: тое, што адрознівае мяне ад астатніх, — мая вартасць, а не недахоп. I калі яе фатаграфавалі, яна заўжды паварочвалася да аб’ектыву левым бокам. Тварык у яе быў шляхетны: вытанчаны носік, арыстакратычныя вусны і вельмі кранальная ўсмешка, нібыта яна прасіла прабачэння за сваю прыгажосць. Яна была выхавана як прыгажуня. Галоўнае ж, не быць прыгожай, а шчыра верыць у сваю прыгажосць! Калі Хрысціна ўжо стала вядомай, Hex­Ta заўважыў, што плямка на руцэ нагадвае лагатып адной з гадзіннікавых фірм. Так што Хрысціна працуе і на ніве рэкламы. А я так і не ведаю, ці была смерць Тобкі выпадковай...
МОЦАРТ I МОЦАРТ
Старшакурснікі нас папярэдзілі: галоўнае ў гэтым семестры — перажыць залік па рускай літаратуры. Маладая выкладчыца-«арыстакратка» цярпець не можа расфарбаваных студэнтак і меліраваных хлопцаў з завушніцамі. Калі гэтыя ж старшакурснікі зірнулі на наш рознакаляровы, нефармальна апрануты паток, яны гучна абвясцілі: «Даражэнькія, яна вас узненавідзіць!»
Я нічога не баялася: сціплая, ненафарбаваная і з адзеннем не эксперыментавала.
На першай лекцыі мы былі моцна ўражаныя: рускую літаратуру нам выкладалі па-беларуску. Ірына Яўгенаўна лічыла, што беларускае аддзяленне не павінна навучацца ні на якой іншай мове. I ў гэтым я была з ёй згодная. Першыя лекцыі, праўда, былі крыху пуставатымі, поўнымі захаплення дзекабрыстамі. Мне вось дзіўна: дзекабрысты былі няўдачнікамі, але як імі захапляюцца, а ў бальшавікоў усё атрымалася — а паслухайце, што пра іх сёння кажуць! Любяць рускія пакрыўджаных Богам!
3 кожнай лекцыяй усё мацней заўважалася яе непрыхільнасць да нашага патоку. Аднойчы мая сяброўка Насця спазнілася на лекцыю, і трэба ж было ёй у той дзень скруціць высачэзны хвост на макаўцы, за што і атрымала ад выкладчыцы заўвагу:
— Як жа тут не спазніцца?! Гэта ж час патрэбны такую фрызуру зрабіць!
3 таго часу нам было забаронена заходзіць у аўдыторыю пасля званка, маўляў, спачатку студэнт звяртае на сябе ўвагу ўсяго патоку, а пасля — пачынае расказваць суседзям пра здарэнне, у якое ён нібы-
та трапіў. Калі мая сяброўка спазнілася зноў (праўда, апранута яна была ўжо амаль класічна), выкладчыца спрачалася з ёй дзесяць хвілін і ўсё адно не пусціла. А з агюшняга рада нехта падаў рэпліку:
— Гэта яшчэ пытанне, хто ў нас час адбірае!
Ірына Яўгенаўна павольна павярнулася і зірнула на нас, вочы яе злосна бліснулі. Усталявалася жахлівая цішыня, выкладчыца ўсміхнулася куточкамі вуснаў, і мы сцяліся ад гэтай яе ўсмешкі.
3 таго моманту мы ўсе страшэнна баяліся рабіць іранічныя заўвагі ці спазняцца, і ўсе былі ўпэўненыя, што Насця здолее здаць залік толькі з Божай дапамогай і з чацвёртай спробы!
Здавалася, гэта быў цудоўны літаратурны перыяд, чытаць не так ужо і шмат: вершыкі дзекабрыстаў, усяго Пушкіна, Лермантава і Гогаля. Мая суседка па пакою ў інтэрнаце старшакурсніца Валя неяк спыталася:
— Вам Лермантаў спадабаўся?
Мы з Насцяй параіліся і вырашылі, што ён нам спадабаўся.
— Паспрабуйце сказаць гэта ёй на заліку, а потым хавайцеся ў бульбу! Яна яго цярпець не можа, ледзь стрымліваецца! Барані вас Бог, даражэнькія!
Я падумала: якая ў нас недасканалая сістэма адукацыі, калі здаць сесію з дапамогай адных толькі ведаў немагчыма і калі падтрымка Бога такая неабходная.
Выкладчыца па-ранейшаму не пускала на лекцыі тых, хто спазняўся, але часам любіла пагуляць у дэмакратыю. Аднойчы па каналу «Культура» паказвалі п’есу Грыбаедава «Горе от ума» ў вельмі позні час, і наша Яўгенаўна недаглядзела, а назаўтра спыталася, хто глядзеў. Падняла руку студэнтка з апошняга рада, прыгажуня з зялёнымі валасамі. Выкладчыца няўдала зрабіла выгляд, што нармальна ставіцца да зялёнавалосых і запрасіла дзяўчыну выступіць перад намі. Лена сціпла стала ля дошкі і
пачала расказваць, што было зменена ў спектаклі ў параўнанні з п’есай, распавяла пра падрабязнасці ігры Алега Меншыкава, кажучы, што Чацкі яго — хлопец на сваёй хвалі. Але ў цэлым яе роўны расповед не пасаваў да яе экстравагантнай знешнасці. Выкладчыца даслухала з відавочным задавальненнем, для сябе, магчыма, адзначыўшы, што зялёнавалосыя таксама людзі. А мы сталі меней яе баяцца.
Было зусім зразумела, чаму яна не любіла расфарбаваных дзяўчат. Маючы ідэальную скуру, можна ненавідзець дзяўчат, якія прыкладалі ўсе намаганні, каб быць прыгожымі. Мы не маглі добра яе разгледзець, але старасты, якія пасля кожнай лекцыі падносілі ёй журнал для роспісу, распавядалі байкі пра доўгія чорныя вейкі Ірыны Яўгенаўны. Канешне, ёй зусім не трэба было фарбавацца. А на тую ж старшакурсніцу Валю, пакуль яна не зробіць макіяж, глядзець было балюча.
Выкладчыца аказалася асобай дзейснай, актыўнай і любіла хадзіць па тэатрах. (Хаця ў яе ўзросце і з яе знешнасцю самы час бегаць на спатканні, а не рабіць выгляд, што яна спазнала ўсе ісціны гэтага Сусвету). I сутыкнулася яна аднойчы ў фае нейкага тэатра з Насцяй, зацятай тэатралкай. Сказаць, што яна здзівілася, — значыць, нічога не сказаць, яна аслупянела і нават першая павіталася, ды з таго часу пачала паглядаць на Насцю з вялікай прыхільнасцю.
Мая сяброўка пасля гэткай сустрэчы паведаміла:
— Я зараз разумею, чаму яна такая злая. Паглядзі, вось ты, маючы мужа ці сябра, няўжо хадзіла б па тэатрах?
— На самай справе прычына яе лютасці зусім не ў тым, што ў яе няма мужчыны. Дарэчы, паглядзі, якая яна прыгожая, хутчэй за ўсё ў яе нехта ёсць, ён проста дома застаўся, можа, не любіць хадзіць па тэатрах. Яна проста маладая.
— I што ты на філфаку робіш?! Табе толькі па судах абараняць інтарэсы кліентаў! Ну, добра, суд улічыць змякчальныя абставіны — маладосць вашай кліенткі. Толькі хоць забі мяне, але я не ўяўляю, як здаць ёй залік.
Выкладчыца захоплена чытала лекцыі па Пушкіну, бясконца цытуючы ягоныя вершы, не забывалася на ўсе дробязі ягонага жыцця, загадваючы нам занатоўваць цяжкія прозвішчы любімых паэтаў шаноўнага Аляксандра Сяргеевіча — Парні і Мельваа, якія мы чулі першы і апошні раз. I на практычных мы праходзілі таго ж Пушкіна і яго маленькія трагедыі. Яна засяродзіла нашую ўвагу на адной з іх — «Моцарт і Сальеры». Як звычайна, я выратоўвала сваю групу (калі ніхто не ведае, пра што казаць, ахвярую сабой, неістотна, ведаю я адказ ці не). Асабліва мяне ўразіла, як Моцарт, несучы сваю чарговую геніяльную мелодыю, заслухаўся ігрой сляпога музыкі. Сальеры жахнуўся, маўляў, як можна, напісаўшы геніяльнае, яшчэ зважаць на нейкага музыку!
Я не ведаю, ці правільна я тое заўважыла, але выкладчыцы спадабалася, і ўсе жартавалі, што залік мне ўжо забяспечаны.
Пушкін, канешне, аказаўся любімым паэтам нашай выкладчыцы, і лекцыі па яго творчасці і біяграфіі займалі недзе палову канспекта, што, відавочна ж, не падабалася студэнтам, бо сшытак быў мала прыдатным для падрыхтоўкі да заліку. А яна ўсё вычытвала нам Пушкіна, кананізуючы, захапляючыся, праводзячы паралелі з вядомымі беларускімі і замежнымі творцамі. Паціху яна дабралася і да Вальтэра. Мабыць, нехта на яе ў той момант неяк не так зірнуў, і яна спыталася:
— Вы ж чыталі Вальтэра?
Я міжволі кіўнула галавой. Яна заўважыла і загадала:
— Падрыхтуйце да наступнай лекцыі маленькі даклад, можаце не карыстацца ніякай крытыкай, выкажыце свае думкі па тэме «Чаму Пушкіна мог вабіць Вальтэр».
He карыстацца крытыкай? Якія яны дзіўныя, выкладчыкі, заўсёды думаюць, што студэнты не могуць абысціся без крытыкі. Яна тут зноў выявіла сваю дэмакратычнасць, маўляў, я дазваляю. Насамрэч жа яна была ўпэўнена, што без крытыкі не абысціся. А для мяне — чым менш крытыкі, тым лепей, я заўсёды маю сваё меркаванне па кожным пытанні. Адзінае, што мне спатрэбілася дадаткова, дык гэта гады жыцця Вальтэра, каб суаднесці іх з гадамі жыцця Пушкіна.
Я нібыта перасялілася ў асобу вялікага паэта, уяўна ўзяла ў рукі творы Вальтэра і пачала думаць, што ж мяне, Аляксандра Сяргеевіча, магло вабіць у тых паперах. Я сама сабе паставіла псіхалагічную загадку і адказ бачыла ў асобе рускага класіка. Але што я ведала пра яго асобу? Шчаслівы каханак, геніяльны паэт, не суперактыўны, але і не пасіўны грамадзянін. Але, як заўважаў дзядуля Фрэйд, усё пачынаецца з дзяцінства. Маці не любіла будучага паэта, вось вам і глеба для першых комплексаў. А! Яшчэ ён быў неграм. Я дакладна не ведаю, як гэта быць неграм. Але разумею, як жыць непадобным да іншых. У нашую вёску невядома якім ветрам прынесла хлопца, ён ці то аварац які, ці то інгуш, меў імя — Рашыд. Прыгажэйшага хлопца не было ў радыусе ста кіламетраў! А як ён песні спяваў! Толькі спачатку гаварыў дрэнна, а потым асвоіў нашу трасянку. Працаваў у калгасе трактарыстам, не лайдачыў. Усе дзяўчаты былі ў яго закаханыя, a суседка мая, як вяртаецца ноччу ад яго, дык абавязкова мне ў акно пастукае, залезе ў пакой і паўночы спавядаецца: і з гэтага боку ён добры, і з таго — харошы, і ўсё ў ім выключна. А яна ўсё нейкія недахопы шукае. Я кажу: