Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
Я хацеў бы да яе дакрануцца, да яе моцных рук і спартыўных ножак, да яе шыі, да яе цела, якое нібыта само прасілася ў абдоймы. Мая прага дакрананняў прамільгнула як маланка. I за эфектнай знешнасцю я ўбачыў асобу. Міраслава была жвавай і смяшлівай, гэта першае, што прыходзіць у галаву, калі я ўспамінаю Міру. Я мог бясконца глядзець, як яна смяецца, а яна — магла смяяцца бясконца: ніжняя губка па-дзіцячы адтапырвалася і аднекуль з грудзей вырываўся смех, вочы прымружваліся — яна цалкам аддавалася сваім эмоцыям. Але адзін смелы і выклікальны позірк — і яна хавалася ў свой «панцыр». Я не мог зразумець, чаго яна баіцца. Яна не хацела, каб яе ўспрымалі як жанчыну? У яе ж і прафесія крыху бясполая — трэнер. He жанчына, не мужчына, а трэнер. Праўда, на тых жа кортах працавала трэнерка, на якую мужыкі сыходзіліся проста паглядзець. Міраслава ж была зусім іншай. У кожнай жанчыны павінна быць таямніца, але такая, каб яе можна было паспяхова выкрыць. Міраслава ж была ў палоне свайго сакрэту, здавалася, што
менавіта ён дыктаваў Міры і схему паводзінаў, і манеру размовы, і адстароненасць дачыненняў. Мяне прыцягвала яе зачараванасць, але Валерку пра мае пачуцці да Міраславы ведаць, вядома ж, было не трэба.
— I я прыйшоў, — задумліва паўтарыў я. — Глядзець не было на што. Міраслава, яго трэнер, з лёгкасцю выйгравала сет за сетам, гейм за геймам. Тобка выціраў пот, чырванеў, але быў нязменна ветлівы і ўсмешлівы. А вось гэта мяне здзівіла: у офісе наш Табіян Казіміравіч лаяўся на сакратарку, кідаўся тэлефоннай трубкай, а аднойчы, калі ў самы непрыдатны момант у друкарцы скончыўся картрыдж, Тобка пхнуў яго нагой так, што толькі «пер’е» паляцела. Таму я не верыў, што яго магла стрымліваць прысутнасць дзяўчыны, джэнтльмен — гэта не пра Табіяна.
— Закахаўся! — выгукнуў Валерка з незразумелым мне зларадствам.
— Табе абы закахацца! Валер-кавалер! — не пагадзіўся я. — He, я спачатку нават не мог сцяміць, у чым тут прычына. I ўсё — інакш і быць не магло — растлумачылася ягонай помслівасцю. Прайграўшы чарговую гульню, Табіян падышоў да сеткі і, калі Міраслава працягнула яму руку для поціску, пацалаваў яе мазолістую далоньку. Міраслава толькі рассмяялася. Я быў уражаны — не тэнісны корт, a школа этыкету. Я ўжо — быў грэх — падумаў, што Тобка перавыхаваўся, але я сам жа гэтую вар’яцкую думку і адпрэчыў. I правільна зрабіў! У тыя часы я мог бы кнігу напісаць «Правілы карыстання Табіянам Яўнутам».
— Ну і ў чым была фішка? — пацікавіўся Валерка.
— Усё вытлумачылася вельмі проста. Калі Табіян пайшоў пераапранацца, Міраслава падышла да мяне і прапанавала, каб я таксама заняўся тэнісам.
«0, не, што вы, я зусім не спартовец!» — вымушаны быў прызнацца я. I яна, зразумеўшы, што голымі рукамі мяне ў тэніс не зацягнуць, расказала ўсё як ёсць. «Тут выйшла такая непрыемная гісторыя. Я ўпэўненая, што Табіян вам не расказваў, але... Ведаеце, ой, ну канешне ж, вы ведаеце, што ён па натуры пераможца, і я бачыла, што ён ледзь трывае. I на мінулым тыдні я паддалася, прайграла адзін гейм: адзін раз нібыта не дабегла да мяча, другі — адбіла мяч ў аўт. Ён бессаромна трыумфаваў. Але калі прайграў наступныя геймы, то ўсё зразумеў. Але выгляду не падаў! I гэта самае страшнае, калі б ён даў волю эмоцыям — гэта было б натуральна». Валерка, я адчуў, што яна яго баіцца... Ці нават не баіцца, а вінаваціць сябе за ягоныя перажыванні. Яна не хацела з ім сварыцца, — я шукаў вытлумачэння іхніх паводзінаў.
— Значыць, яна закахалася! — Валерка лічыў, што ўсе жаночыя дзеянні можна растлумачыць праз каханне.
— He, я тады мог толькі канстатаваць факты, але не інтэрпрэтаваць. Міма нас нехта прайшоў, і Міраслава спужана зірнула ў бок раздзявальні, вінавата паглядзела на мяне і нарэшце прызналася, што Тобка нават ужо не мацюкаецца, калі мяч не адаб’е. Ён хлопец эмацыянальны і кожны пракол падмацоўваў адпаведнымі выразамі. I я згадзіўся выратаваць Міраславу.
Валерка толькі раскрыў рот, як я яго апярэдзіў: — He, Валерык, я не закахаўся.
— Ды я не тое хацеў сказаць, — выкруціўся мой падазроны сынок. — Я хацеў спытаць, доўга ты яшчэ? Ці ты хочаш серыял зрабіць: кожны вечар новая частка аповеду?
— Ну, калі табе нецікава, дык што ты маўчыш? А то я выглядаю як кат: прымушаю сына слухаць гісторыі сваёй маладосці! — Па майму голасу было чуваць, што я не крыўджуся.
— Я не пра тое... Ты, татусь, проста здзекуешся! Заінтрыгаваў, а нічога не раскрываеш, — Валера чакаў найхутчэйшага завяршэння гісторыі.
— Я расказваю, як расказваецца. Так што, калі пачнецца твой фільм, ціхенька вазьму свае газеты і сыду ў спальню, згода? — я здолеў крыху супакоіць Валеркаву нецярплівасць. — Вечарам таго ж дня за півам я нязмушана, як мне падалося, пажартаваў: «Тобка, ты, можа, закахаўся ў сваю трэнерку? Гелена-сакратарка ніколі не забудзе, што ты ёй сказаў на неадпраўлены факс. А тут ты проста сама выхаванасць!» А ён зусім абыякава назваў Міраславу машынай для забівання галоў і заглыбіўся ў куфаль з півам, каб не адказваць далей. I я згадзіўся гуляць разам з Тобкам у тэніс.
I я ўжо ведаў, што адкажа Тобка: «Я ж даўно табе казаў, трэба займацца сабой. A то дзяўчаты разбіраюць поўсць на тваіх дохлых грудзях!» — Ох, любіў Тобка пажартаваць з маёй валасатасці, ведаў, што мне гэта не падабаецца. «Лепш я буду з поўсцю, чым мая дзяўчына!» — звыкла адмахнуўся я. Валерку, напэўна, не спадабалася б такая наша размова, і таму я дыпламатычна абмінуў гэтыя падрабязнасці.
— Увесь час я падладжваўся пад Тобку. У дзяцінстве, калі мы былі суседзямі, ягоная мама прасіла, каб мы не крыўдзілі Табіяна, бо ён вельмі нервовы хлопчык. Яго нервовасць з гадамі не паменшала, a ў мяне выпрацавалася звычка ва ўсім яму саступаць. Уседазволенасць не сапсавала Тобку: не было ўжо куды псаваць. Як я ўжо казаў, Тобка быў жывёлай помслівай. Менавіта праз гэта я вырашыў дапамагчы Міраславе, бо яе шчырасць і даверлівасць схілялі мяне на яе бок.
Я мусіў заняцца тэнісам і не кідаў ненавісную ракетку толькі таму, што адчуваў адказнасць за Міраславу. Яна сачыла за кожнай нашай гульнёй, рабіла разбор палётаў і, самае галоўнае, калі ў мяне
зусім не атрымлівалася падача, яна станавілася за мной, блізка-блізка, брала маю руку ў сваю і паказвала правільны рух. Я адчуваў спінай яе цеплыню і не думаў пра тэніс. Праз некалькі тыдняў цяжкіх заняткаў я пачаў усведамляць, што яна мне вельмі падабаецца.
Я, вядома ж, не мог выйграць у Тобкі, бо стаж навучання істотна розніўся, а гэты мсціўца крыху акрыяў пасля некалькіх чыстых перамог. I ўсё ж не пакідаў ён мары перамагчы саму Міраславу. Але, Валера, сам падумай, яна ж спецыяльна вучылася, столькі год трэніровак. Як можна было яе перамагчы?
— Ну, можна што-небудзь прыдумаць! Руку за спіну прывязаць! Дамовіцца з кімсьці, каб ёй перад самай падачай крычалі «га»! Спужаецца, і ўсё! — Валерка заўсёды быў добрым вынаходнікам розных несумленнасцяў.
— Ён прыдумаў прасцейшы варыянт. На корце перамагчы яе немагчыма, значыць, трэба біць у іншае месца, — услых разважаў я.
— У галаву, — засмяяўся Валерка.
— У сэрца! — выгукнуў я. — Тобка зацікавіўся яе таямніцай. Ён меркаваў, што трапіць у ейны ложак будзе добрым рэваншам. I ён лічыў, што гэта зрабіць прасцей, чым перамагчы яе на корце. У ложку з Міраславай! Я не верыў, што яе можна спакусіць, проста не верыў. А Тобка са звыклай заўзятасцю кінуўся ў новую авантуру.
— Атрымалася? — амаль шэптам спытаў Валерка, спадзеючыся на якуюсьці непрыстойную гісторыю.
— Лепш бы не атрымалася! — з болем вырвалася ў мяне. — Ён цалкам змяніў свае паводзіны. Ягоная напятая ветлівасць перакінулася ў сапраўднае, шчырае пакланенне, натуральную павагу і захапленне. Вітаючыся з Міраславай, ён моршчыў ва ўсмешцы свой пацучыны носік і маленькі рот. Гэта выгляда-
ла так... так... не ведаю, як сказаць... гэта было насамрэч. Я ведаў Тобку і таму здагадваўся, што гэта двайная гульня, але немагчыма было яго падлавіць. Я нават сам пачынаў сумнявацца ў яго няшчырасці. Тобка паводзіў сябе менавіта так, як трэба было ў гэтай сітуацыі. Ён ні разу не прынёс Міры кветак ў час сваіх заляцанняў. На 8 Сакавіка ён сарамліва прамовіў: «Віншую!» I калі ён здолеў падмануць мяне, то што казаць пра Міраславу? Яна маральна падрыхтавалася да нейкіх прапаноў і запрашэнняў, мабыць, меркавала, што ён захоча сустрэцца з ёй па-за кортам. А ён маўчаў. Ніякіх спробаў, ніякіх прыватных пытанняў, нічога.
— I праз месяц ён сарваў яе, як спелы яблык, — здагадаўся Валерка.
— Праз тры месяцы, — удакладніў я. — Ён не раскідваўся кампліментамі. Яна проста зразумела з ягоных паводзінаў, што яе ранейшае жыццё і нейкія праблемы яго не датычаць, што ён прыме яе любой, што яна ўжо нічога не зможа зрабіць, каб разбурыць ягонае каханне. Яна адчула, што ён надзейны. Для жанчын гэта вельмі важна.
— А ён яе ўсё адно не кахаў? — Валерка не верыў, што можна так удала жангляваць пачуццямі.
— Мне здаецца, яна зразумела, што сама вінавата ў тым, што яе баяцца мужчыны. I крыху палагоднела, пачала правакаваць нас на досыць... ну, такія... тэмы, — я не ведаў, як патлумачыць сыну ўсё гэта.
— Я ўжо дарослы і ведаю такія-сякія слоўцы для абазначэння такіх-сякіх тэм, — разрагатаўся сын. — I калі ты зараз пачнеш сюсюкаць альбо называць усё залішне апісальна... — падбухторыў сын, які ўжо адчуў, што ў мяне болыпая патрэба гэта расказваць, чым у яго слухаць.
Што ж, ён меў рацыю, я на некага павінен быў скінуць гэты цяжар, з кімсьці раздзяліць свае падазрэнні. Я давяраю жонцы, але не змог расказаць
ёй, яна замітусілася б, перапужалася, а мне трэба было, каб нехта не паверыў мне і сказаў, што я ўсё гэта прыдумаў, што ўсё гэта няпраўда, хлусня і мае здагадкі. I вось я дажыў да таго часу, калі адшукаў патрэбныя мне спакой і надзейнасць у сваім сыне. А гэта вельмі важна — адчуць плячо сябра, які адначасова з’яўляецца тваім дзіцем. Выгадуй сабе самага надзейнагя сябра — вось быў бы добры лозунг для актывізавання нараджальнасці ў нашай краіне.
— Насамрэч! Буду шчырым. Яна пачала спакушаць яго. Разумееш, тая праблема, той комплекс, што атруціў ёй жыццё, здаваліся дробнымі ў параўнанні з той сарамлівасцю, якую выяўляў Тобка. Ён паказаў, што самы закамплексаваны чалавек у свеце — ён. I тым вымушаў яе ратаваць яго ад сябе самога... Валера, так ўжо сталася, што чыстага кахання не бывае. Гэта фікцыя і прыдумка рамантыкаў! Ты сам пасля адчуеш, — я зірнуў на сына і раптам зразумеў, што ён сапраўды ўжо дарослы. — Пасля адчуеш ці, можа, ужо адчуў, што да пачуццяў заўсёды прымешваецца нешта яшчэ. Ты нават і жадаць гэтага не будзеш, а так атрымаецца. Напачатку ты вар’яцееш: «А што ж яна пра мяне думае?» Пасля пачынаеш успамінаць размовы з ёй і ўзважваць кожнае слова, кожную думку. Ці можаш мімавольным жартам так яе пакрыўдзіць, што... У гэтай сферы нічога нельга растлумачыць рацыянальна. I ты будзеш яе шчыра кахаць, але ўсе спрэчкі, сваркі, сакрэты і недагавораныя фразы, усе крыўды, усе ўчынкі будуць атручваць вашыя пачуцці. I аднойчы ты апынешся ў такім стане, што не зможаш адназначна сказаць, кахаеш ты яе ці не. I самае крыўднае, што яна адчувае тое ж, — я сам спужаўся сваіх разваг. — А далей усё залежыць ад вашай далікатнасці і разумнасці. Можна разысціся і болып не сустракацца, а можна пачаць выпраўляць памылкі.