• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

    Ляўша на тэнісным корце

    Аксана Бязлепкіна

    Выдавец: Беларускі кнігазбор
    Памер: 352с.
    Мінск 2002
    75.37 МБ
    тэлефона-аўтамата, стаялі Ваня і Пашка. Трэба было толькі памахаць рукамі і аб’яднацца кампаніямі.
    — Можа, піва? — прапанаваў Ваня, запальваючы цыгарэту.
    — Ваў, Гусь, як дарослы, з цыгарэтай, — пакпіла з Вані Машка. — I піва пьеш? А бацькі ведаюць?
    — А твае бацькі ведаюць, што ты сябруеш з такімі дрэннымі хлопчыкамі, як я? — сказаў Ваня і выдыхнуў цыгарэтны дым ёй у твар. Дзяўчына закашлялася, Ваня памахаў рукой перад яе носам, каб разагнаць нікацінавы туман, і спачувальна дадаў:
    — Няма ў цябе, Маша, здароўя са мной сябраваць! А мо яно й правільна, не паліш, не пьеш, наркотыкамі не забаўляешся.
    — Толькі не кажы, што ты наркотыкі ўжываеш! — заклапочана сказала Улляна.
    — Уллянка, — Ваня адвярнуў галаву, каб выдыхнуць дым ўбок, — у мяне толькі адзін наркотык — і гэта ты. Як убачу цябе, дык ад кайфу проста прытомнасць трачу, каленкі дрыжаць, рукі трасуцца. Як няма цябе побач — ломка. I прыходзіцца задавальняцца Пашкам, больш слабым наркотыкам. — Толькі Улляна зразумела, што Ваня так алегарычна прызнаўся ёй у каханні.
    — Падрабязней, калі ласка, — прычапілася да Вані Ліля, — як ты Пашкам задавальняешся?
    — Ідзі ты, дурная! — Ваня спужаўся, што Уля таксама не зразумела яго, кінуў цыгарэту на асфальт і пайшоў уверх па вуліцы. Улляна пабегла за ім.
    — Я нешта прапусціла? — вінавата спытала Ліля.
    — А я думаю, у іх з Уллянкай каханне, — зайздросна прамовіў Пашка, гледзячы ўслед сябру.
    Уля ўзяла Ваню за руку, нешта пачала гаварыць яму, ён абняў яе за плечы, і яны пайшлі разам.
    — Усё так проста, так проста, — механічна паўтарыў Пашка, ён знячэўку абхапіў за таліі Лілю і Машку і спытаў Надзю:
    — Ну, хто ідзе па піва?
    — 3 такім лавеласам, як ты, можна піць толькі мінералку! — пстрыкнула яго па носе дзяўчына.
    10
    — Мама-а-а! Давай у кнігарню, ну калі ласка! — Улляна пацягнула маму ў «Акадэмкнігу».
    — Ужо і так няма куды твае тамы ставіць, — паспрабавала адмовіцца мама, але Уля ўпарта цягнула яе за руку да ўлюбёнай кнігарні.
    Яны ўвайшлі ў краму і сутыкнуліся з Міхасём Пятровічам. Улляна, крыху пачырванеўшы ад хвалявання, пазнаёміла выкладчыка і маму:
    — Гэта мая мама, Ірына Сяргееўна. А гэта Міхась Пятровіч, кіраўнік майго спецсемінара, я табе шмат пра яго расказвала.
    Раптам між Уляй і Міхасём Пятровічам уціснулася калматая Ванева галава, ён павітаўся і спытаў:
    — А можна мне з Уляй пагаварыць?
    Уля адразу адмоўна захітала галавой, але мама кіўнула, маўляў, можна. Міхась Пятровіч лагодна ўсміхнуўся, і Ваня пацягнуў Улляну да стэнда з кнігамі параіцца наконт пакупкі.
    — Ну, прывітанне, Іра, — па-будзённаму сказаў Міхась Пятровіч. — Колькі год не бачыліся, мабыць, дваццаць?
    — Дзевятнаццаць год і сем месяцаў, — удакладніла Ірына.
    — Дзевятнаццаць год і сем месяцаў, — паўтарыў ён. — Дык Уллянка твая дачка... Добрая дзяўчына, — і раптам ён зразумеў, адкуль узялася такая дакладная дата, павярнуўся паглядзець на Улляну, якая пра нешта спрачалася з Ванем каля кніжнага стэнда. — Іра... — неяк бездапаможна сказаў Міхась Пятровіч і, павярнуўшыся да Ірыны, наткнуўся на яе востры і бязлітасны позірк. — Іра, не можа быць... ты ж абяцала... чаму ты не сказала раней... яна ведае? — пот выступіў на сівых скронях Міхася Пятровіча.
    — He хвалюйся, Міша. Яшчэ з часоў сваёй студэнцкай цяжарнасці я не забылася, які ты баязлівец. Да таго ж я ведаю выбуховы нораў Улляны і памятаю пра твае, калі не памыляюся, шэсцьдзесят год, — паблажліва ўсміхнулася Ірына. Гэтую фразу яна прыдумала даўно, тады характар Улляны яшчэ не быў выбуховы, а ўзрост Міхася Пятровіча Ірына мусіла штогод змяняць.
    Міхась Пятровіч зноў павярнуўся да таго стэнда, дзе стаялі Уля з Ванем. Смеючыся, Уля прытулілася ілбом да Ванінага пляча.
    — Міша, ты моцна пастарэў, але па-ранейшаму неяк гіпнатычна ўздзейнічаеш на студэнтак. Уля ў цябе проста закаханая, — гэтымі словамі Ірына канчаткова дабіла Міхася Пятровіча.
    — Божа мой... Божа мой... — бясконца шаптаў ён.
    — Ты чытаў творы маёіі Улляны, — з націскам на слове «маёй» сказала Ірына Сяргееўна, — памятаеш, ты мне казаў, што прырода адпачывае на дзецях геніяў. Мабыць, ты не геній, Міхась Пятровіч.
    Улляна з Ванем нарэшце выбралі нейкую кнігу і ўжо падыходзілі да касы. Міхась Пятровіч раптам расправіў плечы, усміхнуўся, як дваццаць год таму і прашаптаў Ірыне: «Ведаеш, у мяне зараз усё будзе па-іншаму».
    Да іх падбегла Уля і жартам паскардзілася на Ваню:
    — Міхась Пятровіч, ведаеце, што такое сучасныя хлопцы? Дапамажы яму кніжку выбраць і яшчэ грошы на яе пазыч!
    Ірына Сяргееўна кінула здзеклівы позірк на Міхася Пятровіча, Уля той позірк перахапіла, але не зразумела яго сапраўднага значэння.
    11
    Улляна ў піжаме сядзела на сваім ложку, абхапіўшы калені. Мама зайшла пацалаваць дачку перад сном і здзіўлена запытала:
    — Ты спаць не збіраешся?
    — Мама, не перашкаджай, я мару. У мяне заўтра спатканне, — радасна сказала Улляна і, засаромеўшыся сваёй нястрыманасці, уткнулася тварам у калені.
    — 3 Ванем? — здагадалася мама. — I што ты надзенеш? Ты ўжо вырашыла?
    — Мы ідзем выбіраць падарунак для Машы на дзень нараджэння, — сказала Уля, не слухаючы маму. — У хлопца з ягонага пакоя сёння таксама дзень нараджэння, але Ваня абяцаў заўтра прыйсці а дзесятай. Мабыць, праз гэта піць не будзе. — Улляне было прыемна, што Ваня гатовы ахвяраваць сябравым святам дзеля яе.
    — А чаму вы так рана сустракаецеся? — пацікавілася мама.
    — Заўтра ж а другой дзядзька Мікола прыязджае, а пакуль мы ўсе крамы аб’едзем, ГУМ, ЦУМ, гэта ж за пяць хвілін не зробіш.
    ...Ваня сядзеў на сваім ложку, абхапіўшы калені і спадылба пазіраў на хлопцаў. Імяніннік, сусед па пакою Сашка Тарасевіч, па мянушцы Тарас, разгублена стаяў перад Ванем. Пашка сеў на ложак:
    — Гусь, апошні раз пытаю, ты піць будзеш?
    — Паша, нашто ты так груба, — слаба запэрэчыў Тарас. — Ваня, я хацеў бы, каб ты быў з намі. Я не разумею, чаму ты ўпарцішся?
    — Гусь, я перакладаю словы гэтага інтэлігента на нармальную мову, — перапыніў імянінніка Пашка. — Калі ты зараз ляжаш спаць, то нам прыйдзецца мяняць сваю дыслакацыю, але ж нам няма куды ісці, і таму ты павінен быць з намі. Усё проста. I чаму ты ўпіраешся, як апошні асёл, я не ведаю. He хочаш — не пі, проста пасядзі з намі.
    — Я хачу спаць, — упарта паўтарыў Ваня. — Ідзіце ў Пашкаў пакой. Што, вы не адшукаеце, дзе выпіць? Да таго ж камендант зловіць, нашто лішнія праблемы?
    — Калі ты пачаў баяцца каменданта? — у пакой увайшла Пашкава Аленка. — У цябе раптоўна з’явілася алергія на алкаголь? Ці ты баішся, што заўтра дрэнна выглядаць будзеш?
    — Пайшлі вы ўсе! — Ваня залез пад коўдру з галавой і больш ні з кім не размаўляў.
    Пашка на дыбачках падышоў да Ваневай тумбачкі, паглядзеў на ягоны будзільнік і занадта весела прапанаваў:
    — Зараз мы «ашчаслівім» Аленчын пакойчык.
    Кампанія са смехам выбегла, грукочучы пакетам з бутэлькамі.
    — Слухайце, у Гуся будзільнік на дзевяць гадзін заведзены, — праз некалькі хвілін падзяліўся Пашка з сябрамі сваімі назіраннямі. — Вы калі-небудзь бачылі, каб ён у нядзелю прачнуўся а дзевятай? Дрыхне да дванаццаці! Што ж у яго заўтра такое, га?
    Калі свята было ў разгары, Пашка цішком вярнуўся ў Ванеў пакой і перавёў будзільнік на дзесяць гадзін.
    У нядзелю а дзесятай Улляна стаяла ля помніка Якубу Коласу. Пачакаўшы дзесяць хвілін, яна пачала хадзіць ад Сымона-музыкі да дзеда Талаша і назад. Ваня прачнуўся, упэўнены, што да спаткання яшчэ далёка. Калі ён нарэшце зірнуў на гадзіннік, была ўжо палова адзінаццатай. Ваня вылецеў з пакоя і сутыкнуўся ў калідоры з Пашкам.
    — Куды бяжыш, Гусь? — удаючы цікавасць, спытаў Пашка.
    — Уля... Уля мяне чакае, — голас Вані зрываўся ад хвалявання. — А дзесятай...
    — Ужо даўно палова адзінаццатай. Ведаеш, Гусь, я не сустракаў у сваім жыцці дзяўчыны, якая б прыйшла на спатканне і чакала хлопца хаця б дваццаць хвілін. Пайшлі лепш піва вып’ем, — Пашка паблажліва ўзяў Ваню за плечы і павярнуў у адваротны бок.
    Улляна чакала да адзінаццатай.
    12
    Мама са здзіўленнем адзначыла, што Улляна вельмі хутка прыйшла дадому і не ў гуморы. Дачка кінула запакаваны ў бліскучую каляровую паперу падарунак на свой ложак і села чытаць нейкую кнігу.
    — Уллянка, я думала, вы яшчэ трохі пагуляеце, — мама зайшла ў даччын пакой.
    — Загадаеш мне адной гуляць? Мама! Ён проста не прыйшоў. He папярэдзіў, не прыслаў Пашку... Ведаеш, у мяне адчуванне, што мы і не дамаўляліся, нібыта мне ўсё прыснілася. Я ніколі не думала, што можна не прыйсці на спатканне. Рэўнасць, здрада, забойства з-за кахання — усё гэта мяне не здзіўляе, гэта ўжо банальна... А вось не прыйсці на сустрэчу... Мама, я ў шоку... Я не ведаю, як на гэта рэагаваць... Пакрыўдзіцца і не размаўляць? Зрабіць выгляд, што ўсё нармальна?
    Мама села побач, яна разумела, што Улляне зараз патрэбны не дарадца, а слухач.
    — Самае страшнае, што я зараз не ведаю, якія ў нас адносіны. Мы толькі сябры? Проста аднакурснікі, якія наведваюць адзін спецсемінар? Яшчэ ўчора мне здавалася, што я ... ну, не ведаю... кахаю яго... закаханая... I нейкая гадзіна чакання разбіла мае пачуцці ўшчэнт... Нічога не засталося... Я настолькі не чакала гэтага, што нават нармальна пакрыўдзіцца не магу... Мама, ну скажы што-небудзь!
    — Я магу толькі сказаць, што тэлефанаваў дзядзька Мікола, ён хутка будзе. Сказаў, у яго для цябе нейкі сюрпрыз, — мама не захацела гаварыць пра Ваню, не ведаючы сапраўдных прычын ягонага непрыходу, а нешта даводзіць Улляне зараз было бессэнсоўна.
    — Хопіць мне ўжо сюрпрызаў, — буркнула Улляна і зноў адкрыла кнігу. Мама адчула, што дзяўчыне лепш пабыць адной, і пайшла.
    ...Дзядзька Мікола шумна ўцягнуў у кватэру вялікія каробкі. Ён, як заўсёды, гучна гаварыў, мама
    паблажліва назірала за сваім балбатлівым братам, a Уля неахвотна выйшла з пакоя.
    — Улька, Уллянка, разбірай гасцінцы. Гэта дыскеты, картрыджы для друкаркі, там папера. А гэта сюрпрыз! Ну, здагадайся! — ён мітусліва соваўся па пакоі, задаволена паціраў рукі і настойліва заглядаў у вочы пляменніцы.
    Улляна глянула на дзядзьку Міколу з такой абыякавасцю, што той расчаравана апусціў сюрпрыз на падлогу і пагладзіў каробку, нібыта яна была жывой і магла пакрыўдзіцца на такое стаўленне.
    — Гэта сканер... — няўпэўнена прамовіў дзядзька Мікола.