Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
Выкладчык стаў за кафедру і, абвёўшы прыязным позіркам пераважна дзявочую аўдыторыю, сказаў з прыхаваным гонарам:
— Ну, не вінаваты я, што стаў кандыдатам філалагічных навук у дваццаць пяць і што выглядаю так молада, што студэнты прымаюць мяне за свайго. Такім чынам, запішыце маё імя. Антось Крылько. Гэта амаль па-сяброўску, — выкладчык з іроніяй паглядзеў на перапужанага Новіка. — Каму цяжка адмовіцца ад прывычных герархічных стасункаў, калі ласка, на Антося Генадзевіча я таксама адгукаюся.
Улляна шэптам запытала ў Машы: «Ты чула, ён сказаў герархічных»\» — «Ну і што мне? Павесіцца?» — адгукнулася Маша, закахана разглядаючы высокую постаць выкладчыка. Пад строгім пінжаком на ім быў досыць нефармальны шэры світэр, але ўсе гэтыя апранахі не перашкаджалі дзяўчыне разгледзець яго спартыўную фігуру. «Мабыць, з гантэлямі прачынаецца і спаць кладзецца», — Маша лёгенька штурханула Улляну. А тая гэтым часам накідала ў канцы сшытка ягоны профіль і падпісала алоўкам: «Ён у профіль і анфас — як два розныя чалавекі». Маша прыгледзелася да твара Антося і здзіўлена кіўнула.
Ягоны выразны, як высечаны з мармуру, профіль з прамым носам і цвёрдымі, сухімі вуснамі быў крыху жорсткім. Цёмная бародка падкрэслівала амаль геаметрычную правільнасць ягонага твару. А ў анфас на студэнтаў глядзелі добрыя невялікія вочы, класічнасць носа была малазаўважнай, а вусны штохвіліны мякчэлі ў шчырай усмешцы. Ён надзвычай роўна трымаў спіну і высока падымаў падбароддзе, але не выглядаў пыхліва, па усяму было відаць, што чалавеку ад нараджэння падорана Богам такая арыстакратычная фігура.
— Я разумею, што вас зараз найбольш цікавіць спіс літаратуры, то-бок спіс тых аўтараў і твораў, з якімі мы мусім пазнаёміцца ў гэтым семестры. Яшчэ дадамо маленькі спіс крытычнай літаратуры, — паведаміў Антось пад агульны стогн аўдыторыі. — Каб прафесійна размаўляць пра творы, трэба паглядзець, што пра іх кажа народ. Мне будзе вельмі прыемна, калі хто-небудзь з вас прачытае ў «Крыніцы» сціплыя артыкулы спадара Антося Крылька.
Аўдыторыя нязгодна загула, пачуліся сцішаныя смяшкі. Антось прыслухаўся і здзіўлена запытаў:
— Чую гвалт — не бачу бойкі! Што я сказаў не так?
— Нам здаецца, што ваша прозвішча не скланяецца! I лепш сказаць артыкулы Антося Крылько, — не пабаялася паправіць выкладчыка Надзя Жукавень.
— I насамрэч, тут пытанне, як больш правільна. Са скланеннем прозвішчаў увогуле блытаніна. Ведаеце ж Кандрата Крапіву? Ён мужчына, так? А ў артыкулах лёгка можна сустрэць: з Крапівой. 3 якой крапівой? 3 Крапівом, з мужчынам! Гэтаксама мне падаецца, што няма сэнсу не скланяць маё прозвішча. Крылько, Крылька, Крыльку, з Крыльком! Гучыць абсалютна натуральна.
«Лекцыя па гісторыі замежнай літаратуры канца XIX — пачатку XX і беларускай мове адначасова», — Улляна напісала на палях сшытка і падсунула Машы. Тая дапісала «лекцыя дац. Крылька», хвілінку падумала і дадала «цалавацца з Крыльком».
У гэты момант пачулася страшэннае рыпенне, Антось незнарок ссунуў кафедру, за якой стаяў. Ён паспрабаваў вярнуць яе на месца, але было відавочна, што цяпер ужо і Антосю яе не зрушыць.
— Так мне і трэба. Няма чаго гойдацца, a то сам сабе псую працоўнае месца, —закусіўшы ўсмешку, сказаў ён.
— «Няма чаго гойдацца, няма чаго гойдацца...» — шэптам перадражніла Антося Ліля, адводзячы палі ў сшытку. — Няма чаго з кафедрай абдымацца. — Яна адклала лінейку, падняла галаву і зразумела, што Антось яе пачуў. Выкладчык усміхнуўся толькі вачыма, але Ліля адчула, што нічога ёй за гэта не будзе.
Антось задуменна паскуб бародку і зазірнуў у свае паперы:
— Ага-а! А зараз я вам прадыктую тэмы і пытанні да практычных заняткаў. На ўсё мы маем толькі чатыры пары, то-бок восем гадзін, на жаль, бо пра сімвалізм я магу гаварыць гадзіны чатыры, a пра імпрэсіянізм увогуле бясконца. Даю на выбар,
якую тэму вы хочаце разабраць першай: імпрэсіянізм, натуралізм, сімвалізм і новая драма. He, што гэта я, новая драма будзе апошняй, гэта дакладна. Як вам імпрэсіянізм, га?
— А можа, увогуле не будзем нічога? — нахабна спытаў Пашка.
Антось намагаўся скараціць дыстанцыю між сабой і студэнтамі, але пасля гэтага ідыёцкага пытання ён усвядоміў, што дарма ставіўся так па-сяброўску да гэтых паскуднікаў.
— Йіншыя прапановы ёсць? — спытаў ён так, што ўсе зразумелі, што больш ніякіх прапаноў не будзе і выбару таксама. I толькі Надзя меланхалічна паўтарыла: «Йіншыя». Антось неспадзявана палагаднеў і звярнуўся да Надзі: — Толькі не кажыце, што вы гэтага не ведаеце. Ётавы прыгук тут абавязковы, гэта норма беларускага вымаўлення.
— А йіншыя заўсёды кажуць іншыя, — нечакана нават для сябе сказала Уля каламбур.
— Ну дык то йіншыя, — заўважыла Машка, і ўсе засмяяліся.
На заканчэнне лекцыі пра дэкаданс і песімізм на мяжы стагоддзяў Антось «абрадаваў» студэнтаў незвычайным дамашнім заданнем:
— Бераце звычайны тэкст на звычайнай замежнай мове, хто якую ведае, і робіце падрадковы пераклад. Ну, зразумела ж, вершы імпрэсіяністаў. Для тых, хто вывучае англійскую, — Аскар Уайльд, нямецкую — Рыльке, польскую — ранні Леапольд Стаф, французскую — Поль Верлен. Пытанняў няма? Перапынак!
Студэнты заварушыліся, Антось склаў свае паперы і, кіўнуўшы ўсім разам і нікому ў прыватнасці, выйшаў з аўдыторыі. Улляна падрыхтавала канспект да наступнай лекцыі і выйшла ў калідор, за ёй з яблыкам ў руцэ выбегла Машка.
Пашка Васілевіч, заўжды хворы на дзяцінства, знайшоў пад партай нечую гумку, напісаў на ёй асад-
кай свае ініцыялы і прыклаў да паперы. Ініцыялы аддрукаваліся ў люстраным выглядзе.
— Ну ты ўжо зусім здзяцінеў! — насмешліва прамовіў Ваня. Пашка падкінуў гумку ў руцэ і з крыкам: «Што, думаеш, у лоб не пацэлю?» пабег за Новікам. Той выбег з аўдыторыі і памчаў па калідоры, а дзяўчаты Пашку перанялі, гумку адабралі, і толькі тады Ваня, ужо не баючыся, далучыўся да кампаніі:
— He ведаеце, як яго здаваць?
— Толькі лекцыі пачаліся, а ты ўжо здаваць хочаш. А калі ты запытаўся проста так, дык лепш бы абмеркаваў надвор’е. Так холадна, нібы зіма пачынаецца, — уздыхнула Машка і адкусіла кавалак яблыка.
— Маша-а, дай яблык грызануць, — папрасіў Пашка. — Ну адзін разок!
— Ведаю я твой адзін разок, — дзяўчына глянула на яблык са шкадаваннем, — як прысмокчашся сваім ротам напрактыкаваным, дык не адарваць.
Пашка склаў броўкі домікам, і Маша не вытрымала:
— Чорт з табой, але толькі адзін разок! Калі ласка!
Пашка разявіў сваю пашчу, упіўся зубамі ў яблык, і ўжо добрая палова засталася б яму, але ён яшчэ пачаў круціць галавой, і Маша ўпусціла яблык. Пашка выцягнуў яго з рота і, адкусіўшы кавалак, сказаў:
— Дзякуй табе, Машачка, ты сапраўдная сяброўка!
— Ніколі табе болей не дам! — пакрыўдзілася дзяўчына.
— Ты маеш на ўвазе толькі яблык ці што іншае? — з’едліва запытаўся Пашка, злізваючы сок з пальцаў.
— Што йіншае, — міжволі Маша нагадала пра Антося, і ўсе засмяяліся.
— Ну і як вам Антосік? Як мужчына, вядома ж, — падышла Лілька.
— Мне — нармальна, — запэўніў яе Пашка.
— Ён, здаецца, нежанаты. I я з вялікім задавальненнем выйшла б за яго замуж. Разумны, прыгожы, кандыдат філалагічных навук у дваццаць пяць год! Я нарадзіла б яму хлопчыка і дзяўчынку, здзьмувала б з яго парушынкі, — Ліля міжволі зарыфмавала свае мары, — а ён бы пісаў доктарскую, у кватэры была б абсалютная цішыня, я сама на дыбачках хадзіла б і нават дзецям раты пазатыкала б.
— Ага, скотчам заклеіла б, для большай надзейнасці. Толькі не забывай ім соплі выціраць, каб не задыхнуліся, — Ваневыя словы прагучалі чамусьці раўніва.
— Я не чула, пра што вы тут размаўляеце, — нечакана побач з’явілася Надзя Жукавень, — але па тварах бачу, што ўжо ёсць ахвотніцы згвалтаваць беднага Антося Генадзевіча. I калі я добра ведаю Лільку, то яна зараз павінна марыць пра штамп у пашпарце. Людзі, муж—выкладчык — гэта пакаранне, бо побач заўсёды такія студэнткі, як Лілька.
— Калі б мой муж быў выкладчыкам на «дзявочым» факультэце, — не вытрымала Улляна, — я прымусіла б яго насіць заручальны пярсцёнак. Нават два заручальныя пярсцёнкі.
— Уллянка, выходзь за мяне замуж, — сур’ёзна прапанаваў Ваня, — я буду насіць нават чатыры пярсцёнкі, яшчэ і на нагах, і калі я буду распранацца, мае каханкі будуць бачыць, што я ўжо жанаты.
— Гусь, ты такое невылечнае дзіця, — Маша не дала Улляне адказаць, — што вельмі доўга не зможаш ажаніцца.
— Што значыць «доўга» ў параўнанні з вечнасцю! — пафасна прамовіў Ваня і недвухсэнсоўна паказаў на Машу.
— Та-ак, народ, ідзе маё самае вялікае каханне, — Уля першай заўважыла Міхася Пятровіча, які шыбаваў па калідоры і глядзеў на нумары аўдыторый, шукаў тую, што пазначана ў раскладзе. Тут ён заў-
важыў Улю з Ванем і ўпэўнена накіраваўся ў трыста сёмую. А Ваня тымчасам паспеў прапанаваць Лілі ў якасці мужа самога Міхася Пятровіча.
Міхась Пятровіч стаў за кафедру, пачаў лекцыю і толькі як бы незнарок змахнуў рукой пот са скроняў. У ягоныя шэсцьдзесят шлях на трэці паверх ён адольваў ужо не так лёгка, як раней.
— Уля-а-а, — Маша пацягнула сяброўку за рукаво, — табе больш падабаюцца лекцыі Антося ці Каляды?
— Ведаеш, калі ў мяне цяжка на душы і зусім не хочацца вучыцца, то думка пра спецсемінар і пра Каляду вяртае мяне да жыцця. I ніякі Антось не можа гэта змяніць, — у такой жартоўнай форме Уля выказала сваё сапраўднае стаўленне да кіраўніка спецсемінара.
— Уля, а Каляда і ёсць самы лепшы, — Маша на хвілінку змоўкла, каб паспець запісаць за выкладчыкам. — Адразу даў білеты, і я так бачу, што ён усё нам вычытае. I ягоныя лірычныя адступленні не займаюць паўлекцыі. Проста супервыкладчык і звышмужчына, — адзначыла Маша.
— Спадарыня Бунеева, — звярнуўся Каляда да Машы, — я ўжо стаміўся вас перакрыкваць, але ваша балбатанне на першым радзе можна было б не заўважаць, калі б вы не забіралі ўвагу маёй семінарысткі. Гэта я ўспрымаю як асабістую абразу, спадарыня Бунеева. — Міхась Пятровіч лёгка вярнуўся да лекцыі, Маша пачырванела аж да барвовага колеру, але ўсё ж напісала для Улляны: «I памяць на прозвішчы ў яго бездакорная... на жаль...»
9
Было вельмі холадна для восені, але ісці дадому не хацелася. Уля з Машкай крыху пастаялі на ганку, пачакалі, пакуль Надзя і Ліля атрымалі ў гардэробе свае паліто, і ўжо ўчатырох пачалі разважаць, куды б накіравацца. Насупраць факультэта, каля