• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

    Ляўша на тэнісным корце

    Аксана Бязлепкіна

    Выдавец: Беларускі кнігазбор
    Памер: 352с.
    Мінск 2002
    75.37 МБ
    — Ну што?
    — Залік... — толькі і здолела прашаптаць я, яшчэ не верачы самой сабе, мяне запоўніла нейкая млявасць і абыякавасць.
    — Залік?!?! — мае аднагрупнікі аслупянелі.
    — Людзі, яна сёння добрая!!! — пачаў працаваць студэнцкі тэлеграф.
    Я ішла па вуліцы, сэрца, якое некалькі хвілін таму абрывалася, зараз калацілася ад шчасця, сапраўднага студэнцкага шчасця! He, яна не Сальеры! Яна Моцарт! Яна таксама Моцарт! Моцарт і Моцарт!!! Яна падумала і зразумела мяне! Зразумела!!! Моцарт і Моцарт! — крычала сэрца.
    УЛЛЯНА,
    АЛЬБО НАРАДЗІ Ў САБЕ ГЕЙШУ
    1
    Лекцыя скончылася. Празвінеў званок, як бальзам на сэрцы стомленых філфакаўцаў. Шоргат замкоў перакрываўся ляпаннем крэслаў, усе загаманілі. Высачэзны сівы выкладчык усміхнуўся: студэнты ёсць студэнты, нават калі яны ўжо трэцякурснікі. Калі ўключаеш святло, прусакі разбягаюцца ва ўсе бакі, так і студэнты: прагучаў званок — і ўсе падскокваюць, нехта нават не можа дачакацца, пакуль усе па чарзе пройдуць, перакідае ногі праз стол і вось ужо выбягае з аўдыторыі.
    Выкладчык не спяшаючыся склаў свае паперы і накіраваўся да выхада, калі яго спыніла студэнтка, якая, як ён адразу ўспомніў, усю лекцыю не зводзіла з яго вачэй. Дзяўчына была амаль роўнага з ім росту, яе густыя каштанавыя валасы былі сцягнуты ў хвост, доўгая майка і шырокія джынсы хавалі фігуру. Усё гэта за секунду Міхась Пятровіч заўважыў спрактыкаваным позіркам старога лавеласа.
    Паводле першага ўражання дзяўчына была абсалютна абыякавая да сваёй знешнасці. А вочы з цёмнымі кароткімі, як падстрыжанымі, вейкамі былі такімі шчырымі, што ён паверыў, калі яна сказала: «Міхась Пятровіч, вы — мой любімы пісьменнік! Я ў захапленні ад кожнага вашага твора... ды што твора... ад кожнага вашага сказа! У мяне адчуванне, нібы гэта я сама ўсё напісала. Вы здагадваецеся пра самыя патаемныя чытацкія жаданні. Можа, я, канешне, не ўмею хваліць, як трэба, але я шчыра! Прабачце, што затрымала вас!»
    Міхась Пятровіч перакінуў папку з правай рукі ў левую, паклаў свабодную руку дзяўчыне на плячо і запытаў:
    — Вы яшчэ не выбралі спецсемінар? Прыходзьце ў мой. Я на лекцыях буду запрашаць, але вас агітую ўжо зараз. I... калі я правільна ўсё зразумеў, то вы і самі нешта пішаце, не толькі чытаеце?
    Дзяўчына набрала паветра, нібы хацела нешта сказаць, але замест адказу проста кіўнула. Міхась Пятровіч зноў перакінуў папку з адной рукі ў другую і прапанаваў:
    — Можаце мне даць пачытаць.
    Дзяўчына падзякавала і паабяцала прынесці свае творы. Міхась Пятровіч паблажліва ўсміхнуўся на развітанне. Калі ён знік на лесвіцы, Улляна падкінула заплечнік угору і з крыкам «йй-ее-ссс!» пабегла да другой лесвіцы. У калідоры яна ледзь не збіла з ног маленькую жанчыну, якая ціха сказала ёй услед: «Шалёная...»
    2
    Улляна сядзела перад камп’ютэрам у абдымку з клавіятурай, закінуўшы ногі на стол, калі мама вярнулася са службы (яна працавала карэктаркай у рэкламнай газеце). Ірына Сяргееўна зайшла ў пакой, пацалавала дачку ў макаўку і прашаптала: « Ах ты мой парсючок любіменькі!» Улляна кінула клавіятуру і павярнулася да мамы:
    — Калі я парсючок, то хто ты?
    Мама села на ложак, уважліва паглядзела на дачку і з сумнай усмешкай адказала:
    — He ведаю, напэўна, вялікі парсючок!
    Дачка села побач, яны абняліся і доўга так сядзелі. Праз Улляніна плячо мама глядзела ў акно, раптам яе погляд упаў на крэсла, дзе ляжалі чорная доўгая майка і пацёртыя джынсы.
    — Трэба табе нешта новае купіць, — сказала мама, вызваляючыся з даччыных абдымкаў.
    Улляна ўстала, прайшлася па пакойчыку і незадаволена адказала:
    — Ты ж сама заўсёда гаварыла, што галоўнае — розум, а не знешнасць, зручнасць, а не прыгажосць!
    — А я сказала, што хачу купіць нешта прыгожае? — засмяялася мама.
    — 1: 0 на тваю карысць! — неахвотна ўсміхнулася Улляна.
    Мама пайшла ў свой пакой пераапранацца і адтуль пракрычала:
    — Было што-небудзь цікавае ва універсітэце?
    — А вось і не скажу, — Улляна зайшла ў мамін пакой, легла на ложак і ўзяла з тумбачкі мамін фотаздымак у рамцы. Маме там было дваццаць тры гады, яна была такой прыгожай і такой маладой. У дваццаць два яна пазнаёмілася з Улляніным бацькам, але неўзабаве ён загінуў у аўтакатастрофе, нават не пабачыўшы дачкі. Ён быў сіратой, таму ва Улляны не было ні бабулі, ні дзядулі, і ўвогуле ніякай радні з боку таты, і не было татавых фотаздымкаў, ён, відаць, не любіў фатаграфавацца. Улляна ведала, што бацькі не былі жанатыя, і страшэнна шкадавала, што яны не паспелі ўзяць шлюб: калі б яны пажаніліся, то, магчыма, былі б фотаздымкі з загса. А так нічога, зусім нічога, нават пахаваны ён у агульнай магіле, бо многа людзей загінула ў той аварыі. Калі гэта і была звычайная легенда для пазашлюбных дзяцей, то вельмі прафесійная. Улляна паставіла рамку на месца, павярнулася на спіну і залажыла рукі за галаву. Мама села побач і паказытала ёй жывот. Улляна засмяялася і скурчылася, як вожык:
    — Добра, раскажу, толькі не чапай. Я нарэшце выбрала спецсемінар. Пайду да Міхася Пятровіча.
    Мама ведала па аповедах дачкі ўсіх выкладчыкаў і ўсіх аднакурснікаў. Улляна так цікава расказвала і так смешна перадражнівала іх, што мама магла б пазнаць кожнага, пра каго дачка расказвала.
    — Да Міхася Пятровіча? Гэта той, які пісьменнік? Ну, можа, яно і правільна! Ты ведаеш, я заўсёды хацела, каб ты пісала. Твой тата, калі б застаўся жывы, стаў бы таленавітым журналістам.
    — Мама, а тата вельмі абрадаваўся, калі даведаўся, што ў вас буду я? — у тысячны раз спыталася Улляна, каб пачуць звыклы адказ:
    — Канешне, Уля. Ну ўсё, хопіць успамінаў, пойдзем вячэраць.
    Улляна скацілася з ложка на падлогу, крыху паляжала, потым салодка пацягнулася і ўстала.
    3
    Спецсемінары паставілі на панядзелак. Улляна падышла да аўдыторыі, якая была пазначана ў раскладзе. Там яшчэ йшлі заняткі, і пад дзвярыма сядзеў Ваня Новік, Улін аднакурснік, хлапчына вельмі худы і вельмі высокі. Толькі ў адрозненне ад Улляны ён свайго росту саромеўся і ўвесь час уціскаў шыю ў плечы, за што з першага курса меў мянушку Гусь. Ён супраціўляўся такому найменню, маўляў, у беларускай мове слова гусь жаночага роду. Аднакурснікі адказвалі: «Тым горш для цябе, Гусь».
    Улляна, мабыць, была адна з тых нямногіх, хто не дражніў Ваню Гусём ці, дакладней, Гусяй, бо ён быў адзіным хлопцам з курса, вышэйшым за яе. Астатнія аднакурснікі былі Улляне па плячо і ніжэй, таму толькі з Ванем ёй было камфортна, да таго ж і хлопец ён быў цікавы. Яшчэ на першым курсе ён абвясціў, што будзе пісьменнікам. I не абы-якім, a геніяльным. Калі ў яго пыталіся, што ён ужо напісаў, Новік адказваў: «Пакуль нічога. Але дарэмна смеяцеся, Анарэ дэ Бальзак у маладосці таксама быў упэўнены ў сваёй геніяльнасці, нават нічога не напісаўшы. Так што яшчэ за аўтографамі будзеце бегаць». I вось гэты самы Ваня сядзеў пад дзвярыма і чакаў. Уля спачатку прайшла міма, потым вярнулася і спыталася:
    — Ваня, ты да Міхася Пятровіча ў спецсемінар запісаўся?
    — Па-першае, заві мяне цяпер Янка, па-беларуску так будзе правільней. Па-другое, да каго яшчэ я мог пайсці? Ён жа дыназаўр, мастадонт. Мне ўжо расказалі: Каляда — стары халасцяк, дзяцей няма, а ўзрост такі, што хочацца падзяліцца сваімі ведамі. I тут у яго пад рукой студэнт, таленавіты хлапчына, гатовы слухаць і запамінаць.
    Улляна засмяялася, прысела побач і іранічна спыталася:
    — А калі раптам побач апынецца студэнтка, таленавітая дзяўчына, гатовая слухаць і запамінаць? Што тады?
    — Ніводнага шансу, Уля, мужчынская салідарнасць! — Ваня нібыта канстатаваў факт. Ён заўсёды быў такім побач з Уллянай, упэўнены, смелы, сапраўдны мужчына, як яму здавалася, за якім, як за каменнай сцяной. А Улляне здавалася, што яму самому патрэбна каменная сцяна. Уля падыгрывала яму, слухала яго з адкрытым ротам і раз-пораз асцярожна давала яму парады наконт ягонай творчасці.
    — Як твой раман пра сэнс жыцця? — звыкла пацікавілася Уля. — Пішаш?
    — Цяжка ідзе! — Ваня выцер з ілба ўяўны пот. Ды я і не ўпэўнены, ці зразумее грамадства такую задуму. Я іду наперадзе свайго часу.
    — А інтымныя сцэны там будуць? — Улляна радавалася, што на калідоры не гарыць святло і Ваня не бачыць іранічны выраз яе твару.
    — А ты думаеш, трэба, каб былі інтымныя сцэны? — разгублена спытаўся Ваня.
    — Вядома ж! — выгукнула Уля.
    — Ведаеш, я не ўпэўнены... Уля, а можа, як-небудзь без іх абысціся? — Ваня амаль што заікаўся.
    I тут Уля зразумела, чаму Ваня не можа пісаць пра інтымныя адносіны. Канешне, праз недахоп досведу ў такіх справах.
    — Янка, я разумею, што ў цябе пакуль што невялікі вопыт, табе толькі 20 год, але ў наш час нават трынаццацігадовыя дзеці ўжо ўсё ведаюць пра секс, не думаю, што ты ведаеш менш. — Уля нават расхвалявалася, ці дастаткова яна дыпламатычная. — Пісьменнікі таму і становяцца пісьменнікамі, што яны могуць вольна апісваць нават тое, што яны не перажылі.
    Званок з пары прагучаў як выратаванне. 3 аўдыторыі ламануўся надушаны парфумай натоўп на высокіх абцасах і ў кароткіх спаднічках. Ды Ваня на аголеныя ножкі ніколі не рэагаваў.
    Хлопец закінуў заплечнік у аўдыторыю і збег. «Так мне і трэба! Спужала бедалагу!» — падумала са смехам Улляна. Праз дзесяць хвілін празвінеў званок, потым у дзверы ціхенька пастукалі, і ў праёме з’явілася калматая Ванева галава. Калі ён убачыў, што Міхась Пятровіч яшчэ не прыйшоў, то стаў за кафедру і з пафасам спытаўся:
    — Падзяліцца з вамі вопытам, спадарыня Улляна? Ці не падзяліцца?
    Усё гэта было прамоўлена з характэрнай інтанацыяй Каляды. Улляна так і паехала са смеху. Ваня любіў такіх удзячных слухачоў і яшчэ больш уваходзіў у ролю. Раптам у аўдыторыю зайшоў Міхась Пятровіч. Парачка застыла, нібы злоўленая на месцы злачынства. Уля павольна закрыла рот, а Ваня адступіў ад кафедры, прашаптаў «прабачце!» і сеў побач з дзяўчынай. Міхась Пятровіч, здавалася, нічога не пачуў, бо сваім звычайным голасам пажартаваў: «Бачу, вы без мяне не сумуеце!» Ён дастаў з папкі паперу і працягнуў студэнтам:
    — Напішыце прозвішча, імя і імя па бацьку, a таксама курс і групу.
    Ваня не па-джэнтльменску першым ухапіў ліст і хуценька запісаўся туды сваёй нечытэльнай вяззю. Улін почырк таксама меў прыкметы геніяльнасці, але яна, маючы адвечныя праблемы з імем, намага-