Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Хочаш з ім пацалавацца? — нервова спытаў Ваня. — У чым праблема? Падыходзіш да яго і кажаш: «Хачу з вамі пацалавацца!» А ён спытае: «А нічога йіншага вы не хочаце?»
— Хачу, — не крыўдуючы, усміхнулася Улляна, — хачу Антося Крылька. Задаволены? Смешна, але... Я зараз не ведаю, як можна кахаць мужчыну, які не ведае, што такое імпрэсіянізм! I сімвалізм!
— I натуралізм! — дадала Ліля.
— I новая драма! — падхапіла Машка.
14
Малармэ, гэты незразумелы Малармэ... Як дайсці да такіх вышынь? Як дасягнуць гэтага ўзроўню? Антосевага ўзроўню, не Малармэ, канешне ж.
Антось зайшоў у аўдыторыю, сэрца Улляны закалацілася. Яна адчувала больш, чым змагла стрываць: Антосевы крокі рэхам адбіваліся ў яе свядомасці, ягоны позірк забіваў, ягоная ўсмешка паглынала. Антось, Антось... самы лепшы...
— Ну як, спадабалася «Прыйдучае дзіва» і йіншыя творы Малармэ? — Антось глянуў на Улляну і паскуб бародку правай рукой, бляск заручальнага пярсцёнка асляпіў дзяўчыну.
— Ааа-ааа-ыыы, — Улляна прачнулася ад уласных рыданняў, слёзы сцякалі на падушку і нават зацякалі ў вушы. — Гэта я столькі наплакала? — уголас спытала сама сябе Уля.
— Уллянка, ты плачаш? — спытала мама праз дзверы. — Можна, я зайду?
— Мама, мне прысніўся жахлівы сон! Мама, гэта ж не можа быць... Каму сказаць... Я закахалася ў выкладчыка! — істэрычна засмяялася Уля, размазваючы па шчоках гарачыя ручаінкі.
Мама збялела, але ў цемры гэта было зусім незаўважна:
— У выкладчыка? У Міхася Пятровіча?
— Што ты, мама! Ха-ха! He, што ты! — слёзы адразу высахлі. — Гэта Антось... замежная літаратура... імпрэсіянізм...
— Спі, Уллянка, — з палёгкай выдыхнула мама. — Заўтра пагаворым пра твайго Антося... Дабранач, дачушка.
— Угу, — адказала Уля, засынаючы.
Ва універсітэт Улляна проста ляцела, было страшэнна цікава, ці будзе на руцэ Антося пярсцёнак. Трэба ж неяк патлумачыць сон, але вельмі не хацелася, каб ён спраўдзіўся. Улляна ледзь дачакалася лекцыі Антося Генадзевіча.
Крылько ўвайшоў у аўдыторыю, кіўнуў, каб студэнты сядалі. Усё было як звычайна, і толькі забінтаваная правая рука зусім не пасавала да ягонай шляхетнай знешнасці.
— Мой кот Багрым можа загрызці любога сабаку. Выгадаваў вось на сваю дурную галаву, — растлумачыў Антось «раненне». — А што гэта вас так мала? Нейкае дзяржаўнае свята?
— Субота, — выгукнуў Пашка.
— Гэта нейкі асаблівы дзень для вашага курса? — спытаў Антось, дастаючы з папкі аркуш паперы. — Калі ласка, запішыце ўсіх прысутных.
Ён пачаў лекцыю, аркуш пераходзіў ад студэнта да студэнта, Ліля Кішкайла запісалася і перадала ліст далей, абмінуўшы Улляну.
— А я? — зашаптала Уля.
— Я цябе запісала, — запэўніла сяброўку Ліля.
Аркуш пайшоў далей, перыядычна чуўся шэпт і сцішаны смех, але ўсё гэта не перашкаджала лекцыі. Калі аркуш нарэшце дайшоў да Вані, хлопец напісаў: «Янка Новік, 2 гр.», і раптам ягоны позірк наткнуўся на іншы запіс: «Улляна Крылько, 1 гр.». Невядома, як бы паставіўся Антось Крылько да гэткага недарэчнага жарту, але Улляне Гаманковай гэткая слава без карысці. Ваня параўнаў почыркі і адразу вылічыў злачынцу — Лілька! У дзяўчыны, што сядзела перад ім, Ваня папрасіў карэктар, тлуста замазаў прозвішча выкладчыка і з любоўю напісаў друкаванымі літарамі Улляніна.
Антось зазірнуў у аркуш, пералічыў прысутных і параўнаў з колькасцю запісаных. Дзіўна, але лічбы сышліся, хоць звычайна многія намагаліся выратаваць адсутнага сябра.
— Улляна, ваша прозвішча Гаманкова? — спытаў Антось, узяўшы ў руку асадку.
Уля кіўнула, і ўсе зарагаталі. Лілька доўга не магла супакоіцца, у яе нават слёзы пацяклі ад задавальнення.
— Я не бачу, што тут смешнага. Проста незразумела, гэта літара Г ці Т.
Смех адразу сціх, Лілька падняла на Антося вочы, ці не здзекуецца ён. Уля ўвогуле не разумела ні прычыны смеху, ні прычыны такога калектыўнага здзіўлення. I толькі Ваня адчуваў сябе рыцарам, які выратаваў гонар сваёй каханай ад сусветнай ганьбы.
Пасля пары ўсе разыходзіліся па спецсемінарах, Уля з Ванем накіраваліся разам на кафедру да Міхася Пятровіча, бо аўдыторый не хапала і студэнты мусілі займацца ў нязвыклых умовах.
— Ваня, у мяне горла баліць, — паскардзілася Уля, — я марозіва ўчора з’ела... Гаварыць не магу... ты пагаворыш на спецсемінары?
— Няўжо праўда? Гаварыць не можаш? — Ваня не стрымліваў недарэчнай радасці, нават на каханне сваё забыўся. — Ты ж мне слова сказаць не даеш, і я да Міхася нашага хаджу, проста каб пасядзець.
— Я табе прыпомню... Я ж і пісаць, аказваецца, не магу... калі горла баліць... Сяджу на сярэдзіне твора, — прахрыпела Улляна непрыемным шэптам.
Міхась Пятровіч запрасіў семінарыстаў сесці, Ваню не цярпелася папярэдзіць пра Уліну хваробу:
— Можна, Улляна сёння гаварыць не будзе, у яе горла баліць.
Міхась Пятровіч заклапочана зірнуў на дзяўчыну, але ўголас пажартаваў:
— Ну, Янка Леанідавіч, вы ў нас сёння саліст. А мы з Уллянай — удзячная аўдыторыя.
Абгаварыўшы розныя нюансы Ваневай курсавой, прафесар і студэнт перайшлі да агульных пытанняў. Хлопец не вытрымаў і расказаў, што ён думае пра стан беларускай літаратуры.
— Міхась Пятровіч, спадзяюся, я магу крыху адарвацца ад гісторыі развіцця нашай літаратуры, — аптымістычна прамовіў Ваня. Улляна ж ведала, што Каляда ніколі ў жыцці не дазволіць гаварыць пра мову і літаратуру асобна ад жахлівай і несправядлівай гісторыі. — У мяне тут такая алегорыя. Уявім, што беларуская літаратура — гэта дзяўчына, а чытач — вядома ж, хлопец... He, усё ж тут будзе крыху гісторыі... — Ваня на секунду задумаўся. — Калі хлопец кахаў гэтую дзяўчыну... і чакаў яе, а яна проста жыла і нічога не рабіла, каб зацікавіць, завабіць...
Міхась Пятровіч паспрабаваў перапыніць Ваню і забараніць назаўжды такія занадта неверагодныя параўнанні.
— Выслухайце мяне, калі ласка! — хлопец ўвайшоў у азарт. — У мяне ўсё разлічана! У кожнай дзяўчыны ёсць натуральныя вабнасці, у кожнай літаратуры ёсць свае вартасці. Але дзяўчаты ўсё ж фарбуюцца... Калі толькі не лічыць нашай Уллянкі... Але гэта так... па-за сістэмай... дык вось, дзяўчаты прыкладаюць намаганні, каб падабацца, яны думаюць пра хлопцаў ці не ўвесь свабодны час.
— I несвабодны таксама, — прахрыпела Уля.
— Вось бачыце! Беларуская літаратура... маецца на ўвазе... пісьменнікі... павінны былі ўвесь час думаць пра чытача, завабліваць, запрашаць, вычварацца, калі трэба!
Міхась Пятровіч зразумеў, што студэнта стрымліваць бессэнсоўна.
— Але раптам, — Ваня ўжыўся ў ролю, — хлопец кідае дзяўчыну! Знаходзіць сабе іншую! Калі хочаце, рускамоўную... Але гэта дробязі, галоўнае, што наша застаецца адна, самотная. Можа, канешне, хто і з’явіцца ў яе, але не факт! I яна ссівее адна, змарнее, ссохне. А хлопец-чытач з іншай дзяўчынай-літаратурай народзяць сабе нашчадкаў і ў іх будуць жыць вечна!
Міхась Пятровіч праз экскурсы ў гісторыю і звароты да выбітных твораў айчыннай літаратуры пачаў выпраўляць Ваню, а Уля раптам зразумела, што ўсё, пра што казаў Ваня, гэта не пра літаратуру і чытача, а пра яе і Ваню, маўляў, не ацэніш маё каханне, застанешся адна. Але чаму адна? Ёсць жа яшчэ Антось! Нават неістотна, чый ён, галоўнае, што ён існуе! А калі вярнуцца да літаратуры... можа, Ваня і мае рацыю... Боль у горле трохі сціх, і Уля сказала ўголас:
— А я, напэўна, магу пагадзіцца з Ванем... Толькі Ваневу сістэму трэба крыху ўдасканаліць. Мала сказаць, што дзяўчына-літаратура не сачыла за сабой... Больш рэалістычна будзе, калі яна адмовіцца ад інтымных зносінаў з хлопцам-чытачом... Філасоф-
скія развагі ў цёмную ноч дзе-небудзь на сене (літаратура ж — дзеўка вясковая) гэта ўсё цудоўна, але толькі для высокаадукаваных хлопцаў, для самадастатковых хлопцаў, якія не кінуцца гвалціць дзеўку, як толькі будзе магчымасць! Для элітнага, як вы сказалі, чытача! А наш хлопец-чытач — дзяцюк вясковы, і ўсіх гэтых сантыментаў мала, каб яго ўтрымаць! I гэта не прыніжэнне нашага чытача! Я сама такі ж чытач, хачу жыцця і кахання нават у філасофскіх раманах. Любую ідэю можна закласці так у галаву, што чытач і не зразумее, што адбылося, нават самую складаную ідэю можна растлумачыць дванаццацігадоваму дзіцёнку! Навошта штучная складанасць? Я, магчыма, яшчэ дарасту да класічнага занудства, бо я гэтага хачу... У нас такая сітуацыя... У нас не чытач гвалціць літаратуру, a літаратура — чытача!
— А нашто гвалціць? Можна ж дамовіцца! — пажартаваў Ваня.
— I я пра тое! Міхась Пятровіч, чытаць доўгіядоўгія апісанні прыроды — гэта такі стрэс у маім узросце, — прызналася Улляна.
— Як усё заблытана, — павольна прамовіў Міхась Пятровіч. — Вы на кожным занятку раскрываецеся з новых бакоў... нечаканых... I не магу сказаць, што мне гэта падабаецца... Але вы яшчэ не безнадзейныя... Будзем лячыць...
— Ведаеце, усе кнігі падзяляюцца для мяне на тры групы, — сказала Уля. — Па-першае, кнігі, якія я пачынаю чытаць і дачытваю, па-другое, кнігі, якія я пачынаю чытаць, але працягваць мне ўжо не хочацца. I па-трэцяе, кнігі, якія я пачынаю чытаць, працягваць не хочацца, але цікава, чым усё скончыцца. Таму я й кажу, што галоўнае — сюжэт! Бо калі чытачу не спадабаецца мой стыль, мая мова, ён хаця б пагартае, не адкладзе ўбок! I я мушу яго зацікаўліваць! Чым? Усім, чым магу! Трэба пазбавіць
беларускую літаратуру цнатлівасці! — выгукнула Уля.
— Улляна, вашыя развагі галаслоўныя! У мяне адчуванне, што вы не сочыце за літаратурным працэсам... Выходзяць новыя кніжкі... Вы чытаеце часопісы?.. Пра цнатлівасць гаворка ўжо не ідзе! — Міхась Пятровіч, выйшаўшы з ролі бацькі, зноў стаў выкладчыкам.
— Міхась Пятровіч, можна быць мільянерам, a мець псіхалогію жабрака і зносіць хлеб з самых дарагіх рэстаранаў, — Улляна зацята спрачалася з прафесарам. — Можна быць апошняй брудэркай з псіхалогіяй святой і ... наадварот.
— Наадварот? — перапытаў Ваня. — Гэта ты што, пра сябе?
— А хоць бы і пра сябе! Калі я прачытаю інтымную сцэну ў творы, я не бягу лаяць пісьменніка на рагу вуліцы! Пад кульгавыя сталы падкладаюць Біблію! Гэта Караль Іжыкоўскі сказаў. He люблю, калі старэйшыя кажуць, што сучасная моладзь — дрэнная! — зрывала голас Улляна.
— А пры чым моладзь да літаратуры? — засмяяўся Ваня.
— Усё звязана! Героям у творах нічога не дазваляецца, і тое самае моладзі! Усе павінны быць святымі! А тады нецікава жыць! Вось я пішу пра студэнтаў. Сціплыя і правільныя мяне зусім не займаюць. Апісваць шлюхаватых дзевак і фрывольныя размовы вельмі цікава, хоць сярод маіх блізкіх знаёмых няма такіх дзяўчат. Наколькі я ведаю, няма, — удакладніла Уля.