Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
— Бо ён галодны, — клапатліва падказала Маша.
— А чаму ён галодны? Ён жа будзе думаць пра ежу, а не пра вершы. Хай бы спачатку пад’еў. A то сядзіць галодны мужчына, смокча дохлы скрылік лімона і чытае вершы! Але тут узнікае другое пытанне. Філфакаўскія гейшы — гэта, відаць, студэнткі-японкі, замежныя студэнткі. Якая далікатная сітуацыя... I на якой мове яны пісалі яму вер-
шы? Па-японску? Значыць, герой ведае японскую мову! Але навошта нармальнаму, сярэднестатыстычнаму чалавеку ведаць японскую мову, га? I зараз становіцца зразумелым, што ён шпіён і спецыяльна рыхтаваўся да нейкага задання, таму і мову ведае. I значыць, ён чытае зусім не вершы, а сакрэтныя дакументы. Вяртаемся да пачатку твора... Са скрылікам лімона... Відаць, данясенне напісана на спецыяльнай паперы спецыяльным атрамантам. I калі выціснуць некалькі кропелек лімоннага соку на паперу, то іерогліфы праясняюцца!
— А чаму ён сядзіць дома? — Вані было цікава, ці здолее Уля выкруціцца.
— Дома? Дамашні арышт! Альбо проста хаваецца! 3 твора нельга сказаць больш дакладна, — працягвала вярзці бязглуздзіцу Улляна.
— А гармоны? — улезла ў размову Машка.
— Там і гармоны былі? Ну, вядома ж... Як японкі перадавалі паперы? Яны ўдавалі, нібыта ў іх віруюць гармоны, — і яны пішуць любоўныя лісты! Ну і код ідзе адпаведны: зброя шыфруецца праз часткі цела, назвы дзяржаў — праз імёны, яўкі — праз месцы спатканняў і г. д., — з ходу выдумляла Уля.
Яе развагі былі гвалтоўна перапынены Ваневым выгукам:
— Гэта твая валасня? — Ваня зняў са світэра доўгую светлую валасінку і паглядзеў на Машку.
Машка выхапіла валасіну, стрэсла яе на падлогу і падазрона спытала:
— Як гэта ты каля мяне цёрся, што я нават не заўважыла?
— Я ім пра літаратуру, пра высокае, пра духоўнае, а яны валоссе падзяліць не могуць! Няўдзячныя! — абурылася Улляна. — Усё, я іду дамоў.
— Уля, — спыніў яе хлопец, — я заўтра, мабыць, не пайду на спецсемінар, буду сядзець у чыталцы. Сустрэнемся каля кафедры, раскажаш, што ён гаварыў.
18
Міхась Пятровіч выцягнуў з шуфлядкі Улляніны творы і сеў насупраць дзяўчыны. Лабарантка кафедры выключыла камп’ютэр, падфарбавала вусны і ціхенька выйшла.
— Улляна, вы ўжо самі зразумелі, што пісаць — гэта праца. I цяжкая праца. Калі вы хочаце выдаць кніжку... — Міхась Пятровіч выпрабавальна паглядзеў на дачку, — то вы павінны папрацаваць над вашымі творамі. Мала толькі напісаць! I было б добра, калі б вы ўлічылі мае заўвагі. — Пачнём з назваў, — Міхась Пятровіч насунуў на нос акуляры,— яны альбо банальныя, альбо запазычаныя, напрыклад: «Ідылія». Гэта яшчэ ў Дуніна-Марцінкевіча было. «Дзень святога Валянціна»... Альбо выклікаюць занадта... ммм., асацыяцыі... «Стогны моцнага мужчыны...» ці «Экстрэмальнае каханне». Улляна, у вашых творах няма ні стогнаў моцнага мужчыны, ні экстрэмальнага кахання!
— Я хачу прывабіць чытача! — Улляна нарэшце ачомалася і пачала тлумачыць сваю пазіцыю.
— Чым прывабіць? Што ты ведаеш пра моцных мужчын і экстрэмальнае каханне? Ды хаця б проста пра каханне? — пачула Улляна, і ёй падалося, што яна стаіць аголеная перад натоўпам, яна нават не заўважыла, як Міхась Пятровіч выпадкова, ад лішку эмоцый, сказаў ёй «ты». — Улляна, чым можна здзівіць чытача ў 19 год? Калі завабліваць чытача пустымі назвамі, ён расчаруецца і больш не будзе рэагаваць на вашае прозвішча.
— А для гэтага ён павінен будзе маё прозвішча запомніць! — парыравала дзяўчына. — I кожны раз ён будзе спадзявацца, што я ўсё ж апраўдаю назву.
— Улляна, праз пяць гадоў рабіце, што вам захочацца. Але першыя спробы павінны быць больш традыцыйнымі, стрыманымі. Калі вашыя першыя творы будуць асацыявацца з нейкімі ніжэйшымі
інстынктамі, то пасля вам прыйдзецца ўвесь час даводзіць, што вы ўсё ж сур’ёзны пісьменнік, — засцерагаў Міхась Пятровіч.
— Значыць, вы не сумняваецеся, што я стану сур’ёзным пісьменнікам? — Улляна заўважыла, што ён назваў яе не пісьменніцай, а пісьменнікам, так гучала болып годна.
Міхась Пятровіч прапусціў пытанне міма вушэй:
— Я не магу сказаць, што вы непісьменная, вы хутчэй няўважлівая. Ну што гэта за назва «Ноч на бігудзях»? Слова «бігудзі» не скланяецца, — заўважыў прафесар.
— Я гэта ведаю... Але можна ж курсівам вылучыць... каб было зразумела, што гэта спецыяльна, — апраўдвалася Улляна.
— Можа, яшчэ чырвоным вылучыць? I ў дужках напісаць, што аўтару так больш падабаецца? — з’едліва прамовіў Міхась Пятровіч і паглядзеў на Улю паверх акуляраў.
— He трэба, — скрозь зубы выціснула Улляна, зразумеўшы, што не адолее яго.
— Так, значыць, тут вы са мной пагаджаецеся, — задаволена прамовіў Каляда. — Ідзем далей. Я вам пазначыў, якія інтымныя сцэны можна выкінуць без шкоды для сюжэта. I навошта так падрабязна распісваць? Дзякуй Богу, вы не апісваеце самога працэсу, але навошта такія дробязі? Хто што сказаў, куды сеў, як падумаў...
— У фільмах усё занадта прыгожа, — Улляна ад бездапаможнасці сціскала пад сталом кулакі, — я, канешне, не ведаю, але шчыра веру, што не можа ўсё быць так ідэальна.
— I вы лічыце, што тут у вас павінна ў самы адказны момант зваліцца з шафы гітара? — з іроніяй пацікавіўся Міхась Пятровіч.
— Уявіце, што ў нейкай пары такое адбылося. У людзей стрэс. Магчыма, што яны перад чарговым... эээ... Наступным разам яны будуць правяраць, ці
няма дзе побач гітары. I тут яны чытаюць мой твор, і аказваецца, што не яны адны трапілі ў такую сітуацыю! — горача тлумачыла Уля.
— Карацей кажучы, вы сваімі творамі хочаце лячыць людзей ад розных фобій. Ухваляю і падтрымліваю, але ж пісьменнік не доктар, у яго крыху іншыя функцыі. Некалькі сцэн усё ж трэба выкінуць. У вас зашмат дыялогаў, вы не апісваеце сваіх герояў... Я разумею, што часам можа быць неістотна, які чалавек з выгляду, але ў вас гэта проста хранічная хвароба.
— А як трэба? Дзяўчына падышла да хлопца, чытач чакае дзеяння, а я пачынаю апісваць прычоску, адзенне, ногі, чаравікі, дзядулю і бабулю на старым сямейным фотаздымку, да якіх дзяўчына вельмі падобная. Пасля прыгадваю бабуліна каханне ў дванаццаць год... Наш дынамічны час патрабуе дынамічных твораў! Я пішу так, каб з маіх твораў нічога нельга было выкінуць! Нават інтымную сцэну! Міхась Пятровіч, калі мы з сяброўкай чытаем нешта па праграме і спяшаемся, напрыклад, да практычных, то сядзім над кнігай і гартаем лісты з пэўным рытмам, каб паспець кінуць адзін позірк на левую старонку і адзін на правую! Бывае, што гераіня зацяжарыла, а мы не ведаем, ад каго, і гартаем назад. Дык вось я хачу, каб у маіх творах нельга было беспакарана прапусціць столькі старонак!
— Пішыце тэлеграмы. Бо толькі ў іх нельга прапусціць нават адно слова, каб не сказіць сэнс, — усміхнуўся куточкамі вуснаў Міхась Пятровіч. — Нашто тады пісаць, калі вы хочаце канстатаваць факты? Мы ўсе пішам пра аднолькавыя рэчы і з’явы, ёсць нават меркаванне, што насамрэч існуе толькі тры тэмы, а ўсё астатняе — іх варыяцыі. I мы адрозніваемся спосабам апісання! Стаіць на стале чарнільніца, — Каляда паказаў рукой на неіснуючую чарнільніцу. — I вы са сваім бліц-метадам напішаце, што яна стаяла, поўная ці пустая, замежнай вы-
творчасці ці айчыннай, і, магчыма... ну, што вы можаце яшчэ ведаць пра чарнільніцу? — не патрабуючы адказу, спытаў выкладчык. — А чалавек з большым лексіконам, з большым досведам, майстра, апіша яе на васьмі старонках...
— А хто будзе чытаць гэтыя восем старонак? — ускінулася Улляна. — Вы, пара спецыялістаў, пара фанатаў, і ўсё! Бо я не буду! Гэта ж сапраўдны здзек!
— Гэта вам заданне — апісаць чарнільніцу на васьмі старонках, не больш і не менш! — уладарна прагучаў голас Міхася Пятровіча.
— Я напішу, што чарнільніца была люстраная, і апішу інтымную сцэну, якая будзе адлюстроўвацца на яе паверхні! — узбунтавалася Улляна.
— Пачытаю з вялікім задавальненнем. — Улі здавалася, што яна малое і капрызнае дзіця, а Міхась Пятровіч як дарослы глядзіць на яе зверху ўніз. — А цяпер, Улляна, мы падышлі да саміх сюжэтаў... Вы тут пішаце пра студэнтаў. Калі выкладчыкі пачытаюць вашыя творы, яны не захочуць ісці на працу! Брыдота! — не стрымаўся ў азарце Міхась Пятровіч.
— Дзе там брыдота? — Уля зазірнула ў падсунутыя выкладчыкам лісты. — Няпраўда, яны нічога дрэннага не робяць, тут жа толькі дыялогі!
— У чытачоў ствараецца меркаванне, што яны сексуальна заклапочаныя, вы свядома так робіце? — здзекліва запытаўся Міхась Пятровіч.
— Я пішу праўду, — змененым ад крыўды голасам адказала Улляна. — Значыць, мы сексуальна заклапочаныя, але мы нікому не робім нічога дрэннага! Нашыя словы і жарты не пераходзяць у дзеянне.
— Чорт з імі са студэнтамі, Уля, тут вы ўсё ж не выйшлі за межы стэрэатыпаў. А вось вашыя выкладчыкі... за што вы нас не любіце? Няўжо я такі прымітыўны, як, напрыклад... тут у вас недзе было... — Міхась Пятровіч пачаў шукаць у тэксце.
— Я... я не хацела... I чаму прымітыўны?.. Я не думала пра гэта... — Уля нават разгубілася і засмучана разважала ўслых. — А з другога боку... усё натуральна... мне толькі 19 год, і ў думкі выкладчыкаў я даю самае разумнае, што я магу прыдумаць у свае гады, і, мабыць, дзевятнаццацігадовы выкладчык выглядае смешна... Міхась Пятровіч, але вы павінны ведаць, што я паважаю ўсіх выкладчыкаў, амаль без выключэння! Паважаю, бо ведаю іх як добрых спецыялістаў... яны могуць быць якімі заўгодна людзьмі, але для мяне яны найперш прафесіяналы... — Уля спатыкнулася аб пранізліва-іранічны позірк Каляды. — Божа мой, я адчуваю сябе ідыёткай! Вы заганяеце мяне ў кут, і што б я зараз ні гаварыла, гэта выглядае абсалютным глупствам.
— Глупства не можа быць абсалютным, яно альбо ёсць, альбо яго няма, — стомлена заўважыў Міхась Пятровіч. — Улляна, вы павінны адчуваць слова, — выкладчык асцярожна выцягнуў перад сабой руку, нібыта ў яго на далоні ляжала безабароннае слова. — Вы павінны адчуваць сваю місію. Вы як бог-дэміург, у якога ў руках гліна для стварэння Адама. I з вашых рук можа выйсці чалавек, a можа і пачвара нейкая. Вы павінны бачыць слова наскрозь, адчуваць яго патэнцыял, ведаць, як яно гучыць, выглядае, пахне, якое яно на смак і навобмацак. Бо калі гэтага няма, то і пісьменніка таксама няма, — Міхась Пятровіч нават не глядзеў на Улляну, ён думаў услых.