Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
He шкадуючы, лупіць ракеткай, Выяўляючы моцу сваю.
Пралятаю удала над сеткай, Зноў аб струны ракеткі пяю.
Дадаць крыху лёгкай распусты... Голага цела... ног ... жаночых... Так хочацца спаць... Верш нейкі атрымліваецца, нібы п’яны прыйшоў на тэнісны турнір, і галаву яго кідае то ўправа, то ўлева. To пазногці тэнісісткі, то ножкі суддзі.
Запаліла суддзя цыгарэту
I паклала нагу на нагу, Выяўляючы цэламу свету, Што я болей лятаць не магу.
А зараз крыху садызму... Мабыць, якая-небудзь з каханак Рэмбо прывязвала яго да ложка. Як у фільмах.
Зноў ляжыць пада мною пляцоўка, Ды пасланы я неяк не так, Я патрапіў у дзеўчыну лоўка.
(Мабыць, з тыдзень не сыдзе сіняк!)
Пасля Улляна напісала пару слупкоў пра тое, як тэнісістка перамагла, але раззлавалася на мячык за той сіняк. Трэба зноў крыху вар’яцтва, бо нешта зусім мала тут ад сімвалізму. Куды ж кінуць позірк для большай неверагоднасці? Улляна ўзяла хрэстаматыю і перачытала некалькі вершаў Рэмбо. Та-ак, а зараз пачуцці «сімвала»:
Ў столі вокны закратаваныя,
I сціскае паветра грудзі.
Тэнісістка, хоць котка драная, — Пераможцаў ніхто не судзіць.
Ну, ужо відно фініш. Якую-небудзь брыдоту пра мячык напісаць... Лятаў, лятаў і далятаўся.
Абадрана мая «пазалота»,
Скура луснула, я — не для спорту.
I мяне падфутболілі ботам.
Будуць іншыя лётаць над кортам.
Ну і як гэтае глупства расшыфраваць? Улляна перачытала верш і зразумела, што не такое гэта глупства, як яна чакала. «Значыць, не сімвалізм», — падумала дзяўчына. Ну, а што тады? Трэба паспрабаваць расшыфраваць. Та-ак, шматзначны? Цьмяны сэнс? Ну, сэнс не вельмі цьмяны, тут Рэмбо, канешне, перамагае, але я затое без допінгу. Лёс тэніснага мячыка — гэта...
1.	Лёс генія, выбітнай асобы любога гіолу. Спачатку лётаеш акрылены, а пасля хрусь — і ты нікому не патрэбны.
2.	Эвалюцыя цывілізацыі. Спачатку цікавы ўсім, а пазней толькі археолагам.
3.	Лёс бібліятэчнай кніжкі. Як у нас кажуць, пайшла кніга па руках, як жанчына. Ну, а зараз, як тэнісны мячык...
6.	Лёс мужчыны ў жаночым калектыве, або хлопец на філфаку. Дзяўчаты выцягнуць усе жыццёвыя сокі і выкінуць на сметнік.
7.	Свой варыянт.
Хачу спаць...
16
Уля чакала Машку на першым паверсе. Аддрукаваны верш ляжаў у сярэдзіне сшытка, Улляна думала, аддаваць яго ці не. Хацела параіцца з Машкай, але не паспела. Насустрач ішоў Антось уласнай персонай. Ён прыпыніўся пагаманіць з нейкімі хлопцамі. Аддаваць верш ці не? Напэўна, ён не настолькі сімвалічны... ці сімвалісцкі... Як жа правільна сказаць... лепш скажу: у рэчышчы сімвалізму... Антось ідзе.
— Добры дзень, Антось Генадзевіч, — Улляна спыніла выкладчыка, які накіроўваўся да расклаДУ-
— Добры дзень, — Антось, канешне ж, не памятаў яе імя.
— Я напісала сімвалісцкі верш, — ад хвалявання Уля зусім забыла, як трэба сказаць, але адчула, што ўжыла не тое слова. Яна выцягнула ліст са сшытка і працягнула Антосю.
— Мне зараз прачытаць? — ён неяк спужана спытаў.
— He, калі ласка, можна да наступнай пары, — спакойна сказала Улляна.
— Добра, я прачытаю, — ён паклаў ліст у папку і пайшоў да раскладу.
Да Улляны падышла Машка і запытальна кіўнула на Антося, маўляў, пра што ты з ім размаўляла? Улляна чамусьці не захацела прызнавацца. Усё адно на практычных Антось сам усё скажа. Антось і сказаў. Толькі не перад Улінай групай, а перад Ваневай.
Ваня падышоў да Улляны на перапынку:
— Гэта не ты Антосю верш напісала? Сімвалічны?
— Я. А ён вам сказаў? — здзівілася дзяўчына.
— Ён сказаў «адна студэнтка», але мы ведаем, што калі «адна», то гэта ты, Хто яшчэ? — усміхнуўся Ваня.
— I што ён вам сказаў? — пацікавілася Уля.
— Што не разбіраешся ты ў сімвалізме... I мы, вядома ж, — дадаў Ваня, баючыся пакрыўдзіць дзяўчыну.
— Ён вам ... верш чытаў? — удаючы абыякавасць, спытала Улляна.
— He... Мабыць, ты якуюсь парнаграфію напісала... Я ж ведаю, якія ты вершы пішаш.
— А больш ён нічога пра верш не сказаў?
— He. Толькі доўга тлумачыў тэрміны, каб мы не блыталі. сімвалісцкі і сімвалічны. Проста запужаў усіх, — паскардзіўся Ваня.
«Сімвалісцкі і сімвалічны, гэта ж я памылілася, не мог мяне адразу выправіць, трэба было праз другую групу перадаць. Што ж, добры ён псіхолаг, ведаў, што не паспее сказаць, як данясуць», — пакрыўдзілася Улляна.
— Уля, — асцярожна звярнуўся да дзяўчыны Ваня, — я хацеў табе сказаць... Я цябе разумею... і... я заўсёды на тваім баку...
— Навошта ты гэта гаворыш? — Уля была непрыемна здзіўлена ягоным спачуваннем.
— Табе лепей было б не ведаць, што ён... за спінай... I мне непрыемна, што гэта я табе расказаў... Але я ведаю нашых дзевак: і данясуць, і сваё прыплятуць! Я не люблю Антося, за тое, што ён падабаецца табе, — цяпер Ваня мог сабе дазволіць празмерную шчырасць. — I я хацеў бы пазлараднічаць, але чамусьці не атрымліваецца... Дурны ён, твой Антось... I ўсё ж, Уллянка, як будзеш ствараць свой фан-клуб — свісні, запішуся першы!
— Дзякуй, усё нармальна, — запэўніла Ваню Улляна, хоць было жахліва шкада сябе, але яна загадала: «Плакаць будзеш дома, трымайся, Уллянка».
Дзяўчына пайшла ў аўдыторыю, села на сваё месца і пачала бязмэтна гартаць канспект. Побач села Алеся з другой групы:
— Улляна, гэта не ты Антосю вершык напісала?
— Я, — нахабна адказала Уля і зразумела, што вымушана будзе прайсці праз пекла.
— He атрымаўся ў цябе сімвалічны верш, — павучальна прамовіла Алеся, — Антосік сказаў, што ты не разумееш існасці сімвалізму...
«Ды пайшоў ён, гэты Антось», — падумала Улляна, але ўголас нічога не сказала.
— Ну і пачаў нас правяраць. А што мы... Як ён сам сказаў: «Пачыталі Малармэ — і ножкамі наперад». А нашто ты яму верш пісала? Каб падлабуніцца? — дапытвалася Алеся.
— Я з ім паспрачалася. Добра, што проста так, a не на сто баксаў. А то б ён усё адно перамог! — Улляна раптам успомніла Ваневы словы пра тое, што дзеўкі нахлусяць, і дзеля чысціні эксперыменту спытала:
— А ён вам верш зачытваў?
— Так, некалькі радкоў... Я ўжо і забылася, пра што яны былі, — залівала Алеся.
«Малайчына, Ваня, што папярэдзіў», — падумала Улляна і заглыбілася ў чытанне канспекта. Алеся здзіўлена на яе паглядзела, гмыкнула і ўстала.
Пасля заняткаў Ваня, Пашка, Ліля і Маша стаялі на калідоры і размаўлялі, Улляна выйшла з аўдыторыі і прайшла міма.
— Уля-я! — памкнуўся за ёй Пашка, але Ваня спыніў таго за світэр.
— He чапай, у яе быў цяжкі дзень, — Ваня ведаў, што Улляна павінна перажыць і перадумаць усё на самоце, без дарадчыкаў.
Улляна ішла да метро, вакол было столькі людзей, столькі шуму. Вясёлая кампанія выйшла з «Іспанскага кутка», нехта з іх п’яна прапанаваў Улі далучыцца, але ёй было не да знаёмстваў. Дзяўчыне здавалася, што яна ідзе між манекенаў, для якіх недасяжныя яе пакуты і боль. «Якое глупства, нейкі верш», — Улляна падняла галаву ад ходніка і
паглядзела на людзей, але ўсё зноў змяшалася ў халодную масу.
Улляна спускалася ў метро, ногі самі намацвалі прыступкі. Па нейкай шчаслівай выпадковасці яна ні з кім не сутыкнулася. Яна дастала праязны, каб паказаць яго кантралёрцы, ля турнікета стаяў маленькі мужычок, падобны да пацука, і вылоўліваў пасажыраў-ільготнікаў, каб прыдзірліва праверыць іх дакументы, а студэнтаў прымушаў паказваць студэнцкія білеты. Стварылася маленькая чарга, Уля стаяла і нерухома трымала ў руцэ праязны. «Пацук» глянуў на яе і не спыніў.
У вагоне натоўп прыціснуў Улю да дзвярэй, яна прытуліла лоб да халоднага шкла. У чэраве метрапалітэна беглі бясконцыя правады, Уля цьмяна адлюстроўвалася ў шкле. «Чаму ён так зрабіў?.. Я ж зусім не хацела, каб ён за ручку адвёў мяне ў куток і ўсё раскрытыкаваў шэптам... Хай бы сказаў тое самае, але ў маёй групе... Нашто так? Ён што, мяне баіцца?.. Адна студэнтка... нейкая студэнтка... Ужо назваў бы прозвішча, склерознік, я ж напісала на лісце...» — Улляна безуважна глядзела перад сабой.
Жанчына, якая стаяла побач, нарэшце не вытрымала і спытала:
— Што з вамі?
— Усё нармальна, — удзячна зірнула на яе Уля. «Які ж ён мярзотнік... Усе хлопцы зараз такія... Ваня на сустрэчу не прыйшоў, Антось з вершам... Ну як тут можна сабе знайсці блізкага чалавека? Ты яму сваю душу, а ён цябе перад натоўпам людзей зганьбіць...» — думкі Улляны пайшлі ў зусім іншым накірунку. «Няма побач нікога вартага... Можна пісаць абвестку ў газеты... Аддам свой гонар у добрыя рукі... 0, толькі ў вашыя рукі... магу я свой гонар аддаць... Стоп, гэта ж верш... не, думаць зусім не хочацца... Ну чаму ён так зрабіў?» — з надрывам думала Улляна.
Яна яшчэ трымалася, пакуль ішла ад метро да свайго дома, але з ліфта яна выйшла рыдаючы.
Мама нават спужалася:
— Уля, што здарылася? Уля!
— Гэта Антось, — сказала Уля, і мама перапужалася яшчэ болей.
— Што ён зрабіў? Уля, не маўчы! — мама за плечы трэсла дачку, якая аж заходзілася ў рыданнях.
Уля з большага расказала пра верш і Антося.
— Ну, што ты галосіш, суседзі падумаюць, што я цябе тут забіваю! — мама злавала, што праз гэткую дробязь Уля так яе напужала. — Так, уставай, здымай боты... Божа мой, ну не раві так, нібыта цябе рэжуць... Уля, ты проста даўно не плакала...
— Мама, тады я пайду паплачу, так? — Уля выцерла рукавом слёзы і высмаркалася ў скамечаную насоўку.
Яна зайшла ў свой пакой і закрыла нагой дзверы. Святло не ўключала. Сумка паляцела на крэсла, Уля кінулася на ложак, слёзы цяклі несупыннымі ручаямі. Хацелася рыдаць гучна, на ўвесь свет, але ж панельны дом і суседзі... Уля моцна прыкусіла падушку. Плач пераходзіў у выццё. Пра Антося неяк не думалася.
Нарэшце слёзы скончыліся, Улляна выцерла мокрыя шчокі, слёзы дацяклі нават да шыі. Яна здзіўлена памацала волкую падушку. Слёз ужо не было, але плечы самі трэсліся, і дыханне было перарывістае, нібы Уля працягвала плакаць. Мама зайшла ў пакой, села побач і прытуліла Улляну да сябе:
— Хадзем вячэраць, дачушка.
— Навошта ён так, мама? — змененым ад плачу голасам спытала Улляна.
— He ведаю. Можа, проста не палічыў гэта за такую важную справу? — мама не бачыла тут вялікай праблемы, вартай такой буры эмоцый.
— Мамачка, я ўжо ўсё перадумала... Ён жа мяне бачыў перад практычнымі ў другой групе, верш ён
прачытаў быў, бо расказваў жа на занятках... Я ўспамінаю яго твар, калі ён міма ішоў... Ён ухмыльнуўся... ці мне зараз ужо здаецца... Я ўжо нават напрыдумляла, што як малады выкладчык ён хацеў пахваліцца, маўляў, я так сваіх студэнтаў правакую, што яны нават вершы мне пішуць... хай сабе і не сімвалічныя... ці, можа, я паводзіла сябе нахабна... і ён вырашыў аднавіць гармонію ў Сусвеце... — горача выкладала свае гіпотэзы Улляна. — Ніяк не магу ўдала закахацца... Кожны раз памыляюся... Я так дрэнна думаю пра Антося, але калі адкінуць гісторыю з маім вершам, то ён бездакорны выкладчык, апантаны сваім імпрэсіянізмам і добразычлівы да студэнтаў... Я сама ўсё псую... Я ўсё жыццё марыла сустрэць разумнага, нават звышразумнага мужчыну, суперадукаванага, але я ніколі не думала, што можа быць такая прорва між намі...