Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
— Як слушна сказала Улляна, — Антось паглядзеў на Улю, якая ад гэтага позірку пачырванела, — дэкаданс — гэта не мастацкі метад, не накірунак у літаратуры, гэта светаадчуванне, светаўспрыняцце. Заўсёды майма гэта на ўвазе! Як слушна заўважыла Улляна, дэкаданс характарызуецца найперш песімізмам, агідай да жыцця, безнадзейнасцю...
Антось Генадзевіч яшчэ раз пералічыў усе характарыстыкі дэкадансу, перад кожнай з іх называючы імя Улляны. Дзяўчына стамілася чырванець і па-
дазрона назірала за бясконцымі паўторамі. Антось так закахана гаварыў пра дэкаданс, што занадта позна заўважыў стрыманыя смяшкі, ён спахапіўся і, разважаючы пра містыку ў дэкадансе, Улляну ўжо не згадаў.
— Хто хоча расказаць пра майго любімага Гюісманса? — Антось такім чынам санкцыянаваў пераход ад агульнага пытання да канкрэтнага.
— Пра каго? — гучным шэптам перапытаў у Старасты Пашка.
— Пра Гюіс-сманс-са, — незадаволена прашыпела Стараста.
— Гэта, дзе мужык з чарапашкай... ну... і кнігі перабірае?.. — з цяжкасцю ўспамінаў Пашка.
— Абсалютна з вамі згодны, — з’едліва прамовіў Антось. — Мужык з чарапашкай, якая не вытрымала здзекаў і памерла. А мужык тымчасам рабіў «еўрарамонт» і перабіраў сваю шыкоўную бібліятэку. Але гэта такая кароткая анатацыя. Хто-небудзь можа расказаць пра раман «Наадварот» больш падрабязна, каб я канчаткова не расчараваўся ў вашай групе?
Стараста прыняла агонь на сябе і распавяла ўсім, як Гюісманс сваім імпрэсіяністычным звышсуб’ектыўным раманам «Наадварот» «паклаў пачатак разбурэнню раманнага жанру на ўсіх ягоных узроўнях (тэматычным, сюжэтна-фабульным, прасторава-часавым і вобразным) і наблізіў яго да лірычнай паэзіі».
— I каб я не забыўся... што датычыць уласна паэзіі... На наступны раз пачытайце Арцюра Рэмбо, — Антось зазірнуў у свае нататкі.
— He блытаць з Рэмба! — выгукнуў Пашка.
— I калі паспеем, то й Малармэ... — Антось праігнараваў гэты няўдалы жарт, пабудаваны на прымітыўнай асацыяцыі. — «Дар паэмы», «Папоўдне Фаўна», «Прыйдучае дзіва» і яшчэ колькі твораў.
Усе зашабуршэлі, зашапталіся: ніхто не ведаў, як правільна запісаць назву «Папоўне фаўна» ці «Па поўне фаўна» і што яна абазначае. Антось прычыны шуму не зразумеў і, каб зноў авалодаць аўдыторыяй, пажартаваў:
— Пачытайце нябожчыка Рэмбо. Дзякуй Богу, хэлоўін ужо мінуў, а то б ён да вас і прыйшоў.
— А вось гэтага не трэба, — з дэманстратыўнай заклапочанасцю адгукнуўся Пашка. — Ён жа быў гомікам!
— Але ўяві, якія б ты мемуары напісаў. «Рэмбо і Паша Васілевіч». Французскія выдавецтвы з рукамі адарвалі б, — падкузьміла хлопца Уля.
— А я і так магу напісаць! Без Рэмбо! — пачаў выхваляцца Пашка.
— Праблематыка знаёмая? — спачувальна запытала Машка.
— Яшчэ адно такое правакацыйнае пытанне — і я напішу бестселер «Маша Бунеева і Рэмба». А ў Галівудзе зробяць фільм. У галоўнай ролі сама Маша Бунеева, таму міжволі атрымаецца фільм жахаў, — Пашка зымітаваў пастаўлены голас прафесійнага дыктара.
Усе глянулі на Машу, на яе шыракаваты нос, дзе як на выставе дэманстраваліся ўсе віды і падвіды прышчыкаў і чорных кропачак. Дзяўчына сумелася і кінула на Пашу пагардлівы, поўны нянавісці позірк.
— Вось бачыце, як дзявочае асяроддзе заядае хлопцаў, на прыгожыя манеры і кампліменты не хапае сіл, — Антось быў відавочна на баку Пашкі.
«Мабыць, сам быў адзіным хлопцам у групе, і дзеўкі зацюкалі», — падумала Улляна.
— Заданне я вам даў. Та-ак... Колькі ў нас часу яшчэ? Дваццаць хвілін. Выдатна! А зараз аналіз вашых падрадковых перакладаў зраблю, унікальная магчымасць атрымаць пяцёрку на халяву, — паабяцаў Антось.
— Нічога сабе халява! За кожным словам у слоўнік лазіў! — паскардзіўся Пашка. — Я ж з англійскай ведаю толькі алфавіт... і то не да канца.
Антось паскуб бародку прывычным жэстам, зірнуў на гадзіннік і запрасіў жадаючых выказацца. Улляна падняла руку. Антось запрашальна кіўнуў, глянуў У свой спіс і папрасіў:
— Нагадайце мне, калі ласка, сваё імя.
Група замерла, усе паднялі галовы: каб не запомніць такое рэдкае імя, трэба прыкласці неслабыя намаганні. Антось пстрыкнуў колькі разоў асадкай і шчыра прызнаўся:
— Мужчыны заўсёды блытаюць прозвішчы, імёны, асабліва жаночыя. Ну, склероз у мяне на імёны, склероз. Твары запамінаю добра, а імёны ну ніяк. Недаравальны недахоп для выкладчыка, так?
«Не, браток, гэта клініка», — спагадліва падумаў Пашка, але, зразумела ж, прыхільнага стаўлення да Антося не змяніў.
Улляна перад чытаннем перакладу мусіла некаторыя пытанні патлумачыць:
— Я ведаю, што самы вядомы імпрэсіянісцкі верш Уайльда — гэта ... я дакладна не ўпэўнена, як чытаецца... назва французская ... «Impression du matin»? Я пераклала яго, але ён мне не падабаецца.
— Нават так? — непадробна здзівіўся Антось. — Што ж, гэта таксама праяўленне імпрэсіянізму. Суб’ектыўныя ўражанні чытача.
— Таму я пачытаю «Symphony in yellow». «Сімфонія ў жоўтым», — пераклала Уля для тых, хто англійскай не ведаў. — I... я не рабіла падрадковік. У мяне атрымаўся сапраўдны, наколькі магчыма, пераклад. He хвалюйцеся, я памер захавала, рыфму... У яго рыфмуюцца першы — чацвёрты, другі — трэці... I ў мяне тое самае, — хвалюючыся, Улляна забыла, як называецца такая рыфма. — Я ўсё захавала... што ў яго ў першым радку, тое і ў мяне. Напрыклад, у яго an omnibus across the bridge, y мяне
якісьці омнібус праз мост. Вось, бачыце, — мітусліва апраўдвалася Улляна. — Я толькі ў апошнім радку нахлусіла, бо не ведаю, як гэта можна ўвогуле перакласці.
— Калі ласка, калі ласка, мы вас слухаем, — запрасіў Антось. — Толькі прачытайце спачатку арыгінал.
«Фініш», — падумала Улляна, якая, выпісваючы пераклады незнаёмых слоў, зусім не звяртала ўвагі на транскрыпцыю. Спадзеючыся, што Антось ведае толькі французскую, Улляна прачытала верш так, што якасць была аддадзена ў ахвяру хуткасці. Антось быў знаёмы з англійскай настолькі блізка, што здолеў зразумець нават невыразнае чытанне студэнткі.
Якісьці омнібус праз мост
Поўз, нібы жоўты матылёк. Прахожы прывідны здалёк, Як мошка, што ляціць наўпрост.
Улляна чытала, зрэдку пазіраючы на Антося, які стаяў ля дошкі і ўважліва прыслухоўваўся да кожнага слова.
Якіясь баржы з сенам жоўтым
Ішлі ад прьістані кудысь. Туман тугі замазаў высь, Вісеў, як жоўты гальштук, потым.
Улляна сабрала ўсю сваю пільнасць, бо ведала, што чытанне наступнага чатырохрадкоўя вымагае пэўных артыкуляцыйных высілкаў не толькі ў арыгінале, але і ў перакладзе.
Лісты жаўцець пачалі нейк.
I з Тэмплскіх вязаў лісце спала.
I зелень Тэмзы цьмяна грала Пра свой хваліста-жоўтьі век.
Заставалася толькі «прыплесці» да аналізу аповед пра значэнне колераў і іх адценняў у імпрэсія-
нізме, пра суб’ектыўнасць асацыяцый, пра імкненне перадаць уражанне праз штрыхі, асобныя адчуванні і г. д. і г. д., аж да таго моманту, пакуль не прагучаў выратавальны званок.
— Антось проста супер! — дзяўчаты пачалі заўсёднае абмеркаванне маладога выкладчыка.
— А вас на яго так адразу і пацягнула! — абурыўся Ваня, найбольш пільна віжуючы за рэакцыяй Улляны.
— А мяне зараз на ўсіх цягнуць будзе, вось толькі пад’ем, — засмяялася Уля і куснула абаранак.
— Перад маімі вачыма проста так і стаіць карціна: Гусь, Уллянка, а за яе спінай Антосік. Ну, і дубальтоўка ягоная тырчыць, — Пашка нават рукамі паказаў, дзе, хто і як стаіць.
— У яго «дубальтоўка», кажаш, тырчыць? — пакрыўдзіўся Ваня.
— Пра што ты падумаў, Гусь? Сапраўдная дубальтоўка! 45-га калібру... ці якога там яны калібру? Я за свае грошы яму куплю дубальтоўку, каб ён ад дзевак нашых адбіваўся, — пажартаваў Пашка.
— Сякеру яму купі! — прапанаваў Ваня.
— Можна і сякеру, — засмяялася Машка, — сякерай ён будзе адбіваць хлопцаў ад студэнтак, а «дубальтоўкай»... адмыслова карыстаючыся... «адбіваць» саміх студэнтак, — Машка падміргнула Улляне, якая мройна ўсміхнулася.
— Цудоўненька, вучыліся-вучыліся, і тут прыйшоў нейкі Антось, імпрэсіяніст... — Ваню слоў не хапала, каб выказаць усе свае пачуцці, — дык гэта пра вас Максім Багдановіч пісаў: «Сярод дубоў філфакаўскай зямлі...» Нешта там... «Жыццёвая іх сіла ўзбудзілася і буйна... галасіла», — наўмысна блытана прадэкламаваў Ваня.
Маша рассмяялася гучна і ўсхліпваючы, але ўсё адно штучна:
— Ваня, ты проста раўнуеш! У вашай групе Антось практычныя вядзе?
— Ну і што? — злосна спытаў Ваня, шкадуючы, што не здолеў схаваць свае пачуцці і зараз дае ўсім падставы для сяброўскіх і таму жорсткіх кпінаў.
— Я думаю, што ў вашай групе ён такі ж, як і ў нашай. Ты ж не можаш не бачыць, які ён! Ды калі б той жа Гюісманс ведаў, як Антось пра яго гаворыць, як Антось увогуле гаворыць пра імпрэсіянізм, ён ажыў бы, каб прыйсці і па-мужчынску паціснуць Антосю руку, — Машка сказала б і болей, але ў гэты момант Ліля піхнула яе, бо па калідоры ішоў Антось.
Ён адразу заўважыў, як адна дзяўчына таўханула другую і як усе замоўклі. Антось Генадзевіч усміхнуўся куточкамі вуснаў, зразумеўшы, хто галоўны герой іх гутаркі. Калі Крылько праходзіў міма, Ліля апусціла вочы, Машка пачырванела, а Ваня зірнуў на яго з выклікам, але па выгляду выкладчыка было відаць, што ніякія выклікі яму не страшныя. Калі ж Антось Генадзевіч прайшоў, усе паглядзелі яму ўслед: адна яго штаніна зачапілася за «маланку» ботаў і выглядала нібы падкасаная.
— Ну, ідзіце свайму імпрэсіяністу штаны папраўце! — Ваня сеў на падваконне побач з Уллянай.
— Дарма ты так пра яго, — ціха сказала Улляна. — Ён бог у імпрэсіянізме, а я заўсёды паважала людзей, асабліва мужчын, якія нешта ведаюць дасканала.
— Ведаюць нешта дасканала? — перапытаў Ваня. — Я вось нядаўна глядзеў анонс фільма. Стаяць два мужыкі з аўтаматамі, і морды ў іх расфарбаваныя чорнымі рыскамі. Адзін пытаецца: «Чаму яны выбралі нас забіць яго?» Другі адказвае: «Бо мы лепшыя!» Імі таксама трэба захапляцца?
— Любая станоўчая якасць, узведзеная ў абсалют, пераўтвараецца ў антыякасць, — Улляна глядзела на падлогу перад сабой. — Абсалютная дабрыня становіцца мяккацеласцю, не чалавек ужо, а нейкая ануча. Абсалютная прыгажосць выглядае штуч-
най. Абсалютны-абсалютны геній насамрэч будзе вар’ятам.
— Вось я і кажу, што ваш Антосік Крылько вар’ят, — Ваня прычапіўся да Уллянінага слова.
— Ваня, — Улляна закусіла губу, думаючы, сказаць ці не сказаць. — Ты не разумееш. Ён такі... я сказала б, незямны, калі б гэта слова не было такім банальным... Ён ідэальны! I я не ўяўляю, як можна з ім хаця б пацалавацца. Разумееш? Хачу ўявіць і не магу! Ён недатыкальны, да яго ніякі бруд не прыстае! — Улляна абарвала сваю думку, і ўсе маўчалі, бо адчулі, што гэтыя словы былі не проста адказам, а нечым большым.