Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
— Дык, можа, ты ім зайздросціш? Хто перашкаджае? — з’едліва запытаў Ваня.
— He ў зайздрасці праблема... Я, напрыклад, не магу пафарбаваць валасы ў зялёны колер... Я буду адчуваць, што гэта не маё, мне будзе некамфортна... I брудэркі з мяне не атрымаецца. Для мужчын — шэршэ ля фам... А для мяне — шукай Мужчыну...
He ведаю, як гэта будзе па-французску... — сказала Уля і паглядзела на Ваню.
— У Антося спытаеш, як гэта будзе па-французску... — па-свойму зразумеў яе хлопец.
Міхась Пятровіч адчуў, што між яго студэнтамі ёсць нейкія адносіны, большыя за звычайнае сяброўства. I невядомая яму раней рэўнасць, бацькоўская рэўнасць, апякла яго, а хворае сэрца шалёна калацілася і ад гэтай рэўнасці, і ад таго, што Каляда адчуў сваю аддаленасць ад дачкі, сваё бяссілле, немагчымасць уплываць на дзяўчыну, і стала шкада і сябе, і Улляну, недасведчынае дзяўчо з упартасцю трохгадовага дзіцяці.
15
— Я вось думаю, як гэта — прысвяціць сваё жыццё імпрэсіянізму? — паціснула плячыма Ліля.
— Хочаш да Антося далучыцца? — клапатліва пацікавілася Машка.
— He, я не да таго кажу... Вось мы вучым: увага да меладычнасці верша! Гэта ж было заўсёды! Пакажыце мне такога паэта, якога не цікавіць, як гучыць ягоны верш! — злавала Ліля.
— Зараз столькі розных вычварэнцаў... Ліля, на кожнае правіла можна знайсці выключэнне, — вытрымана паправіў яе Ваня. — Кажуць, што ўсе дзяўчаты хочуць замуж, але, напэўна ж, ёсць выключэнні, — Ваня паглядзеў на Улю.
— А чаму на мяне ківаеш? — жартоўна абурылася Уля. — Думаеш, я замуж не хачу? Ну, сёння не хачу, а заўтра — хто ведае. Глупства выходзіць замуж толькі таму, што ўсе выходзяць! Чароўнае жыццё — буцвець каля некаханага чалавека! Хочацца прыдбаць самага лепшага!
— Антося? — пакпіў Ваня.
— Бог не можа ажаніцца! — з найгранай тугой прамовіла Улляна.
— Можна толькі прытуліцца, пакахацца і забыцца, але толькі не жаніцца, — экспромтам выдаў Ваня.
— Прафесійны вершаплёт! — засмяялася Ліля. — I заўважце, якая ўвага да меладычнасці верша! Пейзаж душы, акумуляцыя перажыванняў, га? Найтанчэйшыя нюансы і паўтоны!
— Я так бачу, ты можаш адшукаць імпрэсіянізм нават у фразе выкладчыка «сядайце!». Перажыванні скандэнсаваліся і выліліся, так? — здзекліва ўдакладніў Ваня.
— Народ, у нас сёння практычныя па сімвалізму, а я і з імпрэсіянізмам на «вы». Уля, ты ж усё ведаеш, растлумач, — папрасіла Ліля.
— Няма праблемы. Імпрэсіянізм па-французску «ўражанне». Уяві, стаю я на калідоры, міма мяне ідзе Антось. Ён мінае мяне, і я ўдыхаю зрушанае ім паветра. У маёй галаве ствараецца ўражанне, то-бок «імпрэсьён», і я пішу верш. Бачыш, усё проста, — Уля паспрабавала «самую складаную ідэю растлумачыць дванаццацігадоваму дзіцёнку».
— А змест верша, Лілька, залежыць ад таго, што канкрэтна Уллянка здолела ўнюхаць! — паіранізаваў Ваня. — «Old Spice» ці пах зношаных шкарпэтак. I... даруйце маю недасведчанасць, багі носяць шкарпэткі?
— Ну, пра шкарпэткі я зразумела, — усміхнулася Лілька. — Эх, дзеўкі, скончу філфак — пайду працаваць гейшай.
— А чаму менавіта гейшай? — здзівіўся Васілевіч.
— Наша адукацыя ідэальная менавіта для гэтай прафесіі. I не глядзі так, гейша ж не прастытутка. Гейша — гэта занадта адукаваная жанчына. Яна можа пагаварыць і з такім, як Пашка, пра глупства рознае, і з такім, як Антось, пра імпрэсіянізм. Ну, каб спадабацца Пашку, не трэба быць звышразумнай, хопіць кароткай спаднічкі. Антось — гэта зусім іншае, даруйце, йіншае. У кожнай жанчыне павін-
на быць нешта ад гейшы: майстэрства падабраць ключ да кожнага мужчыны, майстэрства падабацца і захапляцца, майстэрства гаварыць і слухаць! Карацей, фемінізм незваротна састарэў, і зараз у нас новы лозунг — нарадзі ў сабе гейшу!
— Хто ў нас самая лепшая гейша? Хто можа напісаць верш пад уражаннем ад Антосевай закасанай калашыны, га? Улляна!!! — выкрыкнуў Пашка.
— Я ўсё магу, толькі папрасі, — задышліва прамовіла Уля, выгнуўшы спіну і павольна праводзячы языком па вуснах.
— Ну, яшчэ раз так языком зрабі, Антосю б ты спадабалася, — пад’юдзіў Ваня.
— Ваня, а пра што гейша павінна гаварыць з табой? — спытала Улляна, набліжаючыся да хлопца.
— Я дам ёй спіс тэм, на якія я гаварыць не хачу. Пункт першы: імпрэсіянізм. Пункт другі: сімвалізм. He, я ёй увогуле ўвесь свой канспект па Антосю аддам... Хай чытае і абмінае! — зрыфмаваў зноў Ваня.
— А гейша здымае парык, Антось так працуе даўно, ён скажа табе «незалік» й паправіць сваё кімано, — з трыумфам прадэкламаваў Пашка.
— Хто гэта хоча ўбачыць мяне ў кімано? — Антось Генадзевіч падышоў занадта незаўважна. — Упершыню сустракаю ў хлопцаў такія сексуальныя фантазіі, — Антось паглядзеў на Пашку, імя якога ён, вядома ж, не памятаў. — Але фантазіі ў вас правільныя.
Усе здзіўлена паглядзелі на выкладчыка.
— Фантазіі правільныя, асабліва там, дзе пра «незалік», — Антось застаўся задаволены зніякавелымі тварамі студэнтаў і пайшоў далей па калідоры.
Пашка зусім пералякаўся:
— Ну, што мне, не ісці на яго? Зараз жа выкліча, а я гэтага хворага Рэмбо не чытаў... так, паглядзеў толькі... Ох, дзеўкі, ён жа мяне зараз як апошнюю гейшу...
...Антось сядзеў і перабіраў паперы, група ж моўчкі чакала. Выкладчык на хвіліну задумаўся, ён гладзіў левай рукой бародку, а правую, забінтаваную, паклаў на папку.
— Ну, мой склероз... Я пакінуў ваш спіс дома... Прадыктуйце, калі ласка, прозвішчы адсутных, — Антось ужо прывык спісваць усе свае ўчынкі на ўяўны склероз.
— Мы вас паб’ём, калі вы яшчэ раз спіс забудзеце, — асмелілася пажартаваць Стараста, але трох чалавек назвала.
— Калі ласка, біце, а я раскажу вось гэтым тром чалавекам, што вы іх выдалі, хоць маглі і не рабіць гэтага. Я ж не магу праверыць, — Антось падтрымаў гульню. — Ну, што, пачыталі дзядулю Рэмбо? Спадабаўся?
— Калі вы самі чыталі яго вершы, як вы можаце пытацца, ці спадабаўся? Гэта ж вар’яцтва! Алкаголь, наркотыкі, нетрадыцыйны секс... А мы павінны чытаць ягонае ... не магу нават вершамі назваць... — ужо не жартавала Стараста.
Антось не пагадзіўся:
— Вы не так разумееце... Існуе дзве рэальнасці. Адна нас акружае, мы можам дакранацца да рэчаў, бачыць, чуць, мы спасцігаем яе праз нашыя пачуцці... I сімвалісты грэбавалі ёю... Другая рэальнасць схавана ад нас, і пасрэднікі між гэтымі рэальнасцямі — сімвалісты. Арцюр Рэмбо меркаваў, што яго мэта — сягнуць у невядомае, пачуць нячутае, убачыць дагэтуль не бачанае... I кожны паэт сягаў у другую рэальнасць, як мог. Калі гэтаму спрыяла гомасексуальная сувязь, што ж.... Алкаголь, наркотыкі — усё гэта было дзеля мастацтва...
— Вы ўхваляеце ўжыванне наркотыкаў дзеля мастацтва? — здзіўлена спытала Улляна. — Мабыць, не выпадае казаць пра другую рэальнасць... Ну, не ведаю... У кожным разе ... гэтыя вершы — запісаныя галюцынацыі. Ці не так? Але, напэўна, можна
паспрабаваць напісаць верш без такіх шкодных стымулятараў.
— Паспрабуйце! — прапанаваў Антось.
— Мне дастаткова не выспацца, каб усё перад вачыма плыло... Альбо моцна прагаладацца... Мабыць, я змагу так напісаць! — пацвердзіла Улляна.
— Напэўна, толькі студэнтам філфака ўласціва такая вера ва ўласную ўсемагутнасць, — чамусьці з крыўдай прамовіў Антось. — Упэўненыя ў сваёй геніяльнасці!
— Ну, добра, я не буду пісаць такі верш, — згадзілася Уля.
— Ну, што вы так адразу, напішыце, — падахвоціў Антось.
Тут Улляне цішком перадалі запіску ад Пашкі: «Я ўсё магу, толькі папрасі», ён нагадаў размову пра гейш. Што было далей на занятках, Улляна не слухала, яна абдумвала будучы верш. I толькі недзе ў падсвядомасці адгукалася: «Сімвал павінен быць шматзначным, ён мае цьмяны, туманны сэнс, не паддаецца аднаварыянтнай дэшыфроўцы...»
На перапынку Ваня спытаў Пашку:
— Ну што, выклікаў цябе?
— He, мужчынская салідарнасць! Будзем спадзявацца, і на заліку таксама. Антось — нармальны мужык, — самаўпэўнена прамовіў Пашка.
— У мяне заўтра па ім практычныя. Што вы праходзілі, падрабязна пытаўся? — пацікавіўся Ваня.
— На, калі хочаш, мой канспект, — прапанавала Ліля, — у канцы там вершыкі Малармэ. Разумееш, што такое сімвалізм? Пачытай верш «Дар паэмы». Ідзе такі больш-менш нармальны верш і раптам «О, пальмы» і далей, нібыта ніякіх пальмаў не было. Антось гэтымі пальмамі асабліва захапляўся. Ён нам казаў пра абавязковасць інтэлектуальных высілкаў...
— Гэта Поль Валеры казаў, а не Антось, — паправіла сяброўку Маша.
— Але чым выціскаць з сябе гэтыя высілкі, пачытай, тут у мяне збоку з крытыкі выпісана... I не спрабуй сам дадумацца, не атрымаецца, сто пудоў, — папярэдзіла Ліля.
На апошняй лекцыі Уля пачала пісаць верш для Антося: натхненне не задушыш, нават калі яно перашкаджае запісваць лекцыю. У сімвалы чамусьці прасіўся тэнісны мячык. Такі непрыемна жоўты, ён вельмі пасаваў да галюцынацыі. Хацелася навярзці рознай лухты, нагрувасціць, наблытаць і аддаць Антосю. Рука сама напісала ў сшытку «Тэнісны мячык».
Адпраўлялі мяне ў падарожжа, I з атрутнай сваёй жаўцізной Пралятаў я над кортам прыгожа, Абы гол быў любою цаной.
Што ж, пачатак ёсць, далей можна ўжо і дома дапісаць, галоўнае, добра пачаць.
Дома прыйшлося спачатку пад’есці і толькі пасля можна было зачыніцца ў пакоі і пісаць. Крыху дадаць «глюкаў», таго, што не з’явіцца ў галаве нармальнага чалавека.
I пражэктараў цьмяныя вочы
Ненавідзелі ціха мяне.
Футарал ад ракеткі крочыў
Ці то ў марах, ці то у сне.
Захацелася яркага вобраза, нейкай дэталі незвычайнай, ужо пляваць на сімвалізм, Улляна пісала верш, перамагаючы сябе. Верш, які яна не напісала б, калі б не Антось. Здавалася, што трэба зламаць логіку і сябе, а зрабіць гэта немагчыма. Улляна проста пісала, ці атрымаецца сімвалізм, ці не, ужо не мела значэння.
Абадраны быў лак на пазногцях Тэнісісткі, якая мяне
Аб падлогу так жорстка малоціць, Я, адбіўшыся, споўз па сцяне.
Класна, лак на пазногцях. Абадраны. Нармальны чалавек не зверне ўвагі... Каго цікавіць, якія пазногці ў тэнісісткі? Глупства. Мячык не можа спаўзці па сцяне, ён павінен адляцець, але ў трызненнях аўтара-вар’ята мячык можа нават польку таньчыць.
Улляна не памятала, ці звярталі сімвалісты ўвагу на меладычнасць верша, але аднекуль узялася неадольная прага рытмічнасці, якая будзе выклікаць ледзь ці не пафаснасць... Божа, якое глупства лезе ў галаву... зараз разумею, чаму Рэмбо кінуў пісаць вершы ў дваццаць год. Ну, пачаў у шаснаццаць, кінуў у дваццаць, і стаў сусветна знакамітым... Але не зайздрошчу... Наркотыкі... Лепей быць сціплай беларускай студэнткай, чым геніяльным французскім паэтам, сексуальным вычварэнцам.