Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
— Адкуль ты пра ўсё гэта ведаеш? — Улляна была ўражана.
— Сашка Тарасевіч дыпломную піша, міжволі набярэшся, — раскрыў таямніцу Ваня.
— Дык ты, можа, усё гэта чытаў? — усё яшчэ ў захапленні спытала Уля.
— Што чытаў, што ў руках трымаў, па-рознаму... — не прызнаўся Ваня.
— А з беларускіх нікога няма? Дык я буду! — не засмуцілася дзяўчына.
— Спачатку навучыся пісаць традыцыйна, каб пасля было чым абараняцца. Маўляў, умею пісаць па-ўсялякаму. I ўсё ж, мне здаецца, што ранавата для нас уся гэтая нелінейнасць. Нават я не магу прызвычаіцца і Міларада Павіча чытаю, як надрукавана. А пасля толькі спрабую чытаць у адваротным кірунку і гляджу, ці не распадзецца сюжэт... Гэта ўсё цікава, але... У кожным разе, глядзі сама, Уля, — відаць было, што сам Ваня з задавальненнем пачытаў бы такі яе твор, але быў неўпэўнены, ці ўхваляць гэтую спробу іншыя.
— А каго баяцца? Міхась Пятровіч абатрэ пот з ілба, ліхаманкава пагартае старонкі, але са спецсемінара не пагоніць, так? Астатніх жа я не ведаю! — жэстыкулюючы і спяшаючыся выкласці свае думкі, Улляна выглядала трохі смешна.
— Пачакай крыху, Уллянка, a то гракнешся на пустым месцы. Трэба спачатку імя зрабіць, аўтарытэцік такі-сякі, падтрымачка, а пасля хоць рэвалюцыю рабі, — клапатліва падказваў Ваня.
— А пасля мне будзе сорак год, муж, дзеці, сабака... Мне не тое што рэвалюцыі, эвалюцыі не захочацца. Дайце спакойна дажыць... А пакуль у мяне ёсць жаданне і сілы, я павінна пісаць, — Улляну апанавала вера ва ўласную запатрабванасць.
— Пакуль ёсць сілы графаманіць па пяць старонак у дзень. Пакуль ёсць жаданне ўтрапёна гаварыць пра сваю ролю ў гісторыі літаратуры... 3 ча-
сам ачмурэнне нейтралізуецца побытам і штодзённымі клопатамі. I гэта ўжо будзе не Улляна, — Ваня паглядзеў на Улю з такім замілаваннем, такой закаханасцю, што яна скурай адчула сваю непаўторнасць.
— Ну, мяне нават побыт не сапсуе, — ганарліва прамовіла яна.
— Гэта ты сапсуеш любы побыт і атруціш жыццё любому мужу, — не вытрымаў Ваня такой дэманстрацыі маніі велічы.
— Я выхавана так, каб ашчаслівіць любога мужа. Так што без наездаў! I наконт каментароў... Можна ж узяць нашу п’еску для тэатрыка абсурду і дапісаць каментары, — жартам прапанавала Улляна. — Вось ты ў нас у п’есе асоба другога плана, і як толькі ты там з’яўляешся, мы робім спасылачку, дзе на сем старонак расказваем, як ты не прыйшоў на сустрэчу са мной. Там, дзе ёсць Антось, зноў спасылачка і ўстаўляецца гісторыя з вершам... сімвалічным. Там, дзе храп, спасылка пра шкоднасць храпу. Спадзяюся, ты за мной запісваў, бо я яшчэ раз усё гэта не паўтару.
— Сачыняеш ты хутка. Віртуоз імправізацый! А літаратура, Уля, гэта праца з потам і крывёй. Гэта боязь чыстага ліста. Гэта страх напісаць горш за папярэднія свае творы, — Ваня гаварыў ментарскім тонам агульнавядомыя рэчы.
— Ваня, я не пішу, я вяжу карункі, я пляту павуцінне, дзе нічога нельга змяніць, — запярэчыла дзяўчына, — у мае дыялогі немагчыма дапісаць ніводную фразу, бо яна адразу будзе лішняй. Я чапляю сказ за сказ. I я не баюся чыстага ліста. Я пішу адразу на камп’ютэры, і ўвесь час гляджу, а колькі ж засталося да канца старонкі. I мне няма чаго баяцца напісаць горшы твор, бо я яшчэ амаль нічога не напісала, — Улляна лёгка перайшла ад маніі велічы да комплексу непаўнацэннасці. — Гэта хвароба лаўрэатаў розных прэмій, а мая творчасць увогуле ... нефарматны і некандыцыйны тавар... Для мяне не будзе прэмій, так што я магу спаць спакойна!
— Можа, табе лепш пісаць ад рукі? A то ў цябе пальцы блямкаюць па клавіятуры хутчэй, чым думкі ў галаву прыходзяць. А пасля маркоцішся, што твае творы як паветраныя палацы... у тым сэнсе, што паветраныя, — іранізаваў Ваня.
— Ёсць тры спосабы пісання: ад рукі, на машынцы і на камп’ютэры. Ад рукі... ты можаш змяняць толькі што напісанае, але знешні выгляд не для чужых вачэй... На машынцы — чыста і разборліва, але нельга змяніць нешта адразу, трэба выцягнуць ліст і ад рукі дапісаць... А камп’ютэр! Чыста і адразу ўсё выправіць можна! Самы лепшы варыянт! — зацята абаранялася Улляна.
— Але любы твор можа ні за што загінуць у нетрах камп’ютэра. I ўсё ж пішы хоць зрэдку ад рукі, як кажуць, на трактар спадзявайся, а каня не прадавай, — Ваня верыў, што ягонае слова нечага варта для Улляны.
— Ты мяне ўжо са сваімі парадамі... Звернемся лепей да тваіх твораў. Ох, я табе навышукваю, — Улляна пацёрла рукі. — Ваня, ты ж сам не з вёскі, так?
Ваня кіўнуў і ўмомант занепакоіўся.
— А вось у цябе апавяданне пра вёску. I герояў завуць Мануйла і Гурэй. Хлопцам дваццаць год! Ты свайго сына так назавеш? Мануйла! А дзеўка Палута! Імя нічога, але ж... Ты хоць адну дзяўчыну з такім імем ведаеш? — адкрыта насміхалася Улляна.
— Гэта ўсё несур’ёзна! Калі хочаш, імя можна змяніць! — Ваня паблажліва слухаў яе заўвагі.
— А я, напрыклад, не магу змяняць імёны героям, яны ж як людзі! Дакладней, яны і ёсць людзі! I праблема насамрэч не ў імёнах, а ў тым, што ты імкнешся быць такім беларусам-язычнікам, якіх ужо і не засталося. Дзякуй Богу! Мануйла! — зноў паўтарыла Улляна. — А што такое гуртажытакЧ
— Інтэрнат, — здзівіўся Ваня на такое простае пытанне. — Нармальнае беларускае слова. Жыць
гуртам! Во, я ўспомніў яшчэ адну заўвагу да твайго апавядання «Стогны моцнага мужчыны». Ты ўжываеш там слова шырынка. У беларускай мове яно з’явілася пад уплывам рускай, па-беларуску лепш сказаць прарэх, прарэха ці крэсла!
— Немагчыма! — не пагадзілася Улляна, — які жах! Выбачай, але паглядзі на свае джынсы. Гэта ў цябе прарэха? Прарэха — гэта ж дзірка!
— Па сутнасці, гэта і ёсць дзірка, але з «маланкай», — разважыў Ваня.
— Ніколі не пагаджуся! А крэсла! Крэсла — гэта ў штанах-галіфэ! Гэтакая скураная ўстаўка між ног, каб не працёрлася, калі на кані сядзець! — выбухала эмоцыямі Улляна. — Трэба адшукаць нейкае слова, яно ж ёсць, буду шукаць, жыцця не пашкадую! — засмяялася Уля. — А ў цябе тут нейкі маршалак! Ну, раней маршалкі былі, а зараз хто маршалак?
— Тамада! — Ваня падзівіўся нездагадлівасці Улляны.
— У мяне ёсць унікальная па свайму значэнню магчымасць спытаць гэта ў цябе самога, а што рабіць тваім чытачам? Пісаць лісты? — абуралася Улляна за чытачоў. — Ты ж мог дзе-небудзь растлумачыць натуральна і цішком, каб ніхто не здагадаўся, што гэта тлумачэнне.
— Я што, кожнае слова павінен тлумачыць? — завёўся Ваня.
— Кожнае не трэба, досыць цераз адно, — Улляна злавіла Ванеў незадаволены позірк. — Ну, сюжэты традыцыйныя, тут не падкапаешся. Такое адчуванне, што табе сто гадоў і ты вось пішаш. Куды ты схаваў сваю маладосць? Ты ж такі жартаўнік, пасля многіх тваіх рэплік ад смеху перахоплівае ўнутры і няма чым дыхаць! Я не ўбачыла гэта ў творах! Дык дзе ты сапраўдны: у апавяданні ці ў кампаніі? Ты не павінен раздвойвацца!
— Улічу, выпраўлюся! — Вані было прыемна, што ягоны талент забаўніка высока ацэнены такім жорсткім крытыкам, як Улляна.
— I вось ты паспрабаваў пісаць інтымную сцэну, — сказала Уля шэптам і азірнулася, ці не слухае хто іх размову.
Мужчына, што задышліва чытаў кнігу, ніяк не рэагаваў на несупынны шэпт, астатнія сядзелі досыць далёка ад іх.
— Твае героі — распуснікі, але я думаю, што ім трэба даць медалі за пакуты, — Улляна адшукала ў тэксце апісанне інтымнай сцэны.
— За што медалі? За якія пакуты? — Ваня адчуў прыхаваны здзек.
— За секс на стале! — загучна прашаптала Улляна, і нейкая жанчына перастала шапацець газетай і прыслухалася. — Ваня, гэта ж нязручна і нават балюча!
— Адкуль ты ведаеш? — Ваня раўніва зірнуў на Улляну.
— Я нядаўна сядзела на падлозе, і раптам захацелася легчы, і я паспрабавала расцягнуцца дыванком. На секунду, бо нават проста ляжаць на цвёрдым балюча. А ўяві, як на стале! — горача шаптала Уля.
— Гэта зноў твая тэорыя «Як напісаць, не ведаючы»? Як і пра аблізванне? — Твар хлопца пайшоў пунцовымі плямамі.
— Ну, вядома ж, бо ўсё ведаць немагчыма. Але ўявіць сітуацыю заўсёды можна. Стол у цябе невялікі, значыць, ногі будуць звісаць. Яны цягнуць уніз, і цела ненатуральна выгінаецца, у гэтым мала прыемнага. Тут і без хлопца напакутуешся, — разважала дзяўчына.
— Уля, усё няправільна. Ты разлічваеш на свой рост. А такіх доўгіх дзяўчат мала. Мая гераіня невысокая, — знайшоўся Ваня.
— Ты можаш яе ўяўляць хоць высокай, хоць малой, але пакуль гэта нідзе не занатавана, я не веру тваім уяўленням, а маю свае, — Улляна лёгка запярэчыла і дадала з задаволенасцю міліцыянера, які злавіў злачынцу. — Дапішы таксама, што яна гімнастка, бо так, як ты апісаў... Ну як тут магла апынуцца яе нага, — Уля ткнула пальцам у сказ. — А як сюды дацягнулася яе рука? У яе рукі, як у арангутанга? Я табе зараз намалюю, што ў цябе атрымалася, — яна вырвала са сшытка ліст і накідала алоўкам Ваневых герояў.
— Ну, праўда, — быў вымушаны пагадзіцца Ваня, — я не заўважыў.
— Таму што ты пачаў пісаць адразу нейкія вычварэнні. А досведу ў напісанні такіх сцэн няма. Напісаў бы, як Мануйла куляўся з Палутай у стозе сена. I ніякіх праблем, — Улляна склала рукі на каленях.
Мужчына, што дыхаў цяжка і гучна, прагна зацягваў паветра і выціскаў яго з сябе. Ён нізка схіляўся над кнігай, узіраючыся ў шчыльныя радкі.
— Калі б я не бачыла, што ён адзін, падумала б, што з жанчынай, — зусім ціха вымавіла Улляна. — Можа, дзеўка якая нябачная, га?
Мужчына ўзяў адну з кніг, другую пакінуў разгорнутай і мітусліва пабег, відаць, рабіць ксеракопію. Улляна ўстала і, не азіраючыся на людзей, падышла да дзядзькавага стала, як да свайго месца, і зазірнула ў кнігу.
Ваня кідаў заклапочаныя позіркі на наведвальнікаў бібліятэкі, якія не заўважалі недарэчнасці сітуацыі. Хлопцу было чамусьці сорамна. Улляне хапіла смеласці нават пагартаць кнігу туды-сюды. Ваня азірнуўся на дзверы, праз якія павінен быў вярнуцца тэмпераментны дзядзька. Улляна не спяшалася адыходзіць ад стала, яна прагледзела назвы кніг, што былі стосікам складзеныя каля вялізнага сшыт-
ка, і падалася ўжо да Вані, калі дзядзька забег у залу, абдымаючы кнігу і лісты ксеракопій.
Улляна села побач з Ванем і цёпла падзьмула на вуха вымаўленымі словамі:
— Так узбуджальна дзейнічае! Армія Краёва, 1939 год. Ён гісторык, Ваня. Ой, мы на лекцыю спазняемся! — Уля выпадкова паглядзела на гадзіннік і пачала паспешліва збіраць рэчы.