Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
Робім рамонпг за тры тыдні «Ніхто, толькі мы: Працуем без выхадных
Створым новы імідж вашага дома».
I ўсё ж самай лепшай і дзейснай рэкламай была сама Ала, з яе кідкай знешнасцю і выключнай абыходлівасцю. Кожны мужчына, нават жанаты, не супраць таго, каб адчуць сябе сапраўдным прадстаўніком моцнага полу. У Алы не было таннага какецтва, яна магла зірнуць у вочы — і рабіць з кліентам што заўгодна. Алена расказвала пра адзін выпадак, калі ў офіс уварваўся раз’юшаны мужчына. Гэта быў дужа прыдзірлівы кліент, бо заўважыў, што ў прэйскуранце цэн паклейка шпалераў 2$ за метр квадратны, адкуль жа тады ўзялася 1000$ на непрадбачаныя расходы?! Ён са злосці ледзь не забіў сакратарку, і тут з’явілася Ала. Кліент шчэ крыху пасупраціўляўся, потым палагаднеў, а затым папрасіў, каб адказнай за рамонт была Ала. I па кожнаму, нават самаму дробязнаму, пытанню ён прыбягаў раіцца з Алай. Часам здавалася, што ён спецыяльна выдумляе праблемы, каб сустрэцца з ёй. Быў нават
выпадак, калі ягоная закаханасць дапамагла выратаваць гонар фірмы. Гэты вар’ят купіў для ванны ўвагнутую плітку. Нашыя майстры ніяк не маглі роўна прымайстраваць разетку. Па ўсіх правілах трэба было ледзь ці не ў плане распісаць, дзе будзе гэтая разетка і як размеркаваць плітку, каб усё было бездакорна. Зараз нашыя спецыялісты з такой вытанчанай пліткай не лапухнуцца, а тады толькі Ала нас і выратавала сваімі ўгаворамі.
Галоўная мэта любой рамонтнай фірмы — выцягнуць паболей грошай з кліента. I розніца між фірмамі ў тым, што адна ўсё ж робіць добры рамонт, другая — такі-сякі, а трэцяя — уцякае з авансам. Ала была інструментам па выцягванню грошай. Мужчыны не шкадавалі сваіх кашалькоў, абы толькі Ала ў іх не расчаравалася. Для тых, хто усё ж жмотнічаў, у яе быў прыхаваны «позірк зневажальны» і «позірк пагардлівы». Розніцу між імі ведала толькі Ала і тыя, хто іх атрымліваў. Так што бацька Алены не пашкадаваў, што ўзяў Алу: яна несла фірме залатыя яйкі.
А вось Андрэй Вараховіч быў хлопец як хлопец, калі не лічыць, што ўзялі яго сюды як патэнцыяльнага зяця. Праўда, на першым годзе вучобы на філфаку Андрэй заляцаўся да Алы. Хлопцы, як пчолы, злятаюцца на болып яркую кветку, але Андрэй хутка зарыентаваўся, што ў гэтай кветкі атрутны нектар. Да таго ж, Ала не мінчанка, а ў яе сяброўкі Алены, акрамя ўсіх яе вартасцяў, антэна сотавага тырчыць з кішэні заплечніка.
Мяне здзіўляла, як можна сябраваць, падзяліўшы хлопца. А ў гады студэнцтва яны былі як адно цэлае: разам уцякалі з лекцый, сядзелі ў чыталцы ці сталоўцы. Але ў рэшце рэшт маральныя пакуты Алы акупіліся добрай кар’ерай, нядрэннымі перспектывамі (якія, на жаль, ёй не спатрэбіліся) і вось гэтай кватэрай, якую я зараз аглядала.
Усё дыхала свежасцю і навізной нядаўняга рамонту. Шафы з сістэмай рассоўных дзвярэй. Рыча-
говыя краны ў ванным пакоі. Вокны-шклопакеты. Галагенавыя лямпачкі ў пластыкавай столі. Шоўкаграфія шпалераў. Дзе можа ўзяць 27-гадовая пані грошы на такі рамонт? I паркет у яе быў не ламінатны, а дубовы!
Цяжка, трапіўшы ў такую прыгажосць, у такую сучаснасць, не разгубіцца. Ну, не ўмею я карыстацца такім кранам! Гэта потым я зразумела, што рычажок падняць трэба. Але пытацца ў Алены я саромелася: навалілася на мяне нешта невымоўнае, невытлумачальнае. Я магу, канешне, спытаць, як і чым карыстацца, але гэта тое самае, як хтось з мінулага стагоддзя спытае ў мяне, як карыстацца унітазам. Вось нашто патрэбны тыя мігцелкі ў кутах пакояў? Потым я ўжо вылічыла, што яны рэагуюць на мае рухі, і спачатку падумала, што гэта якая-небудзь мініяцюрная відэакамера шчыруе. Таму першыя два дні пераапраналася ў ванным пакоі (там гэтых віжоў не было) альбо рухалася так павольна, каб гэтыя апараты «не заўважалі» мяне. Праз пэўны час я зразумела, што гэта толькі сенсары руху, але навошта яны, я так і не даўмелася.
Усё яшчэ дыхала прысутнасцю Алы: і пеньюар на спінцы стула, і кніжка з закладкай, і прыгожыя басаножкі на высокіх абцасах, якія мне закарцела прымерыць, але здавалася: зараз з’явіцца Ала і здзівіцца, што я прымерваю ейны абутак. Без прымхаў не абышлося. Як доўга я мучылася, перш чым заснула на яе ложку — стыльным і зручным ложку замежнай вытворчасці. Мэблю Ала вышуквала, відаць, у лепшых салонах. Спачатку мне падалося, што ложак — драўляны, але аказалася, што гэта метал «пад дрэва». Матрацы, як рамкай, былі абкружаныя металічнай прыступкай, на якую Ала дзеля павелічэння экзотыкі ставіла бакал са сваім, бачна, улюбёным іспанскім віном Ribera del Ruecas, бутэлька якраз стаяла на тумбачцы.
Ноч была вусцішная. Паркет вяртаў мне мае крокі рэзкімі, узрывальнымі гукамі. Здавалася, нехта ходзіць па кватэры. Ала? У вокны біўся вецер, бо дом стаяў на ўскрайку мікрараёна.
Нягледзячы на шклопакеты і металічныя дзверы, па кватэры гулялі скразнякі, мабыць, гэта яны прынеслі аднекуль пах цыгарэт. Мне ўжо не было чым дыхаць, я адчыніла акно — і цыгарэтамі пацягнула мацней. Напэўна, нехта курыў на калектыўным балконе альбо ў тамбуры, але ніякія рацыянальныя тлумачэнні не маглі вярнуць мне спакой. Раніцай я ледзь не памерла са страху: у замку нехта калупаўся. Я ўжо збіралася набраць 02, як пачула за дзвярыма голас Алены:
— Адчыні, гэта я. Па звычцы свае ключы дастала. Як можна так доўга спаць, ну скажы?
За сняданкам Алена расказвала:
— Яе забіў чалавек, які дрэнна яе ведаў, але ведаў настолькі, каб яна паспела яму сказаць, што ўмее катацца на роліках. Разумееш, у яе была ... слабасць ці... хвароба... як бы сказаць... Карацей, яна хлусіла ва ўсім. Я гэта не адразу зразумела, a пасля ўжо было позна, бо мы былі ўжо вельмі блізкімі сяброўкамі. Альбо быць з ёй, альбо адной. Немагчыма ж не сябраваць ні з кім. А потым я прывыкла. Чалавек да ўсяго прывыкае. He, яна не хлусіла кліентам, дакладней, спадзяюся, што не хлусіла. Ведаеш, я шчэ хвалююся, каб яе гібель не была неяк звязана з нашай фірмай. Але ўвогуле, мне здаецца, яна сваімі прыдумкамі ўпрыгожвала сваё ўласнае жыццё. I нават мая прысутнасць не магла яе стрымаць. Мабыць, ёй нечага не хапала ў жыцці? He ведаю.
О, гэта мне было знаёма яшчэ з універсітэцкіх часоў. Эх, Ала, Ала! Яна кожны дзень грала розныя ролі. I ўсё было б добра, калі б яна мела выключную памяць. А без гэтага штодзённыя змены амплуа проста смяшылі. To яна хвалілася, што ў яе дома пад-
вясная столь з галагенавымі лямпачкамі (яна была з маленечкага гарадка, дзе прыбіральня не на двары лічылася шыкам), і на падколку дзяўчат, ці паляпшае такая столь гукаізаляцыю, адказвала ўпэўнена: «Так!» Але калі на наступны дзень нехта пачаў скардзіцца, што чуваць кожнае слова суседзяў зверху, Ала адразу склала ладную гісторыю пра тое, як яе суседка перад сексам здымае бранзалеты, і чуваць, як яны коцяцца па падлозе. I рэха жарсці таксама чуваць. Ніхто, вядома ж, не здолеў бы расказаць больш пікантную гісторыю.
— Карацей, ты хочаш сказаць, што яна некаму нахлусіла, як яна часта і добра катаецца на роліках. I гэты «нехта» скарыстаў ілжывую інфармацыю?
— Так, таму гэта не блізкія сябры і не члены яе сям’і.
— Альбо нехта з іх скарыстаў яе хваравітую ілжывасць.
— Я не падумала нават пра такое! Ну, тады кола патэнцыяльных злачынцаў разрастаецца, але і канкрэтызуецца.
— А чаму ты ўвогуле думаеш, што ролікі на яе надзеў забойца? Калі яму ўжо так трэба было яе забіць, дастаткова проста пераехаць машынай. Мільёны людзей так гінуць. А можа, ён нешта хацеў гэтым сказаць? Ці нейкі маньяк. Які атрымоўвае асалоду ад казытання нерваў, бо трэба ж час, каб надзець ролікі. А без практыкі ўвогуле не насунеш. Хаця...пры чым тут практыка? Ведаеш, як робяць у кіношных дэтэктывах? Яны апрацоўваюць спачатку спадкаемцаў, потым калег, потым сяброў, а вінаваты заўсёды звязаны з любоўнай лініяй. Ты мяне разумееш? Ці быў у яе хлопец?
Алена чамусьці пачырванела, збянтэжылася і спалохана сказала:
— He... не думаю... Хоць розных прыгод хапала...
— Пачакай, на дверцы шафы вісіць галыптук! — спыніла я яе.
— Ага, і ты таксама купілася?! Вось табе найсвяжэйшы прыклад таго, што яна вытварала з людзьмі. Гэты гальштук купляла я, ён такі ... блакітны, пад колер шпалераў. А ў ванным стаяць сродкі для галення і дзве зубныя шчоткі. Калі б яна была жывая, я ўпэўнена: яна прадэманстравала б і што-небудзь з мужчынскай адзежы ці бялізны. Гэта ж Ала!!! — з незразумелым захапленнем вымавіла Алена.
— Яна імітавала ў кватэры мужчынскую прысутнасць? — жахнулася я.
— Ну што ты дзівішся, незнаёмых гэта ўражвала, — з іранічнай усмешкай адказала Аленка.
— Незнаёмых? — канчаткова перапужалася я.
— Лепш сказаць: не блізкіх сяброў. Ёсць такія мужчыны, якіх болып цікавяць несвабодныя жанчыны. I Але падабаліся менавіта такія мужчыны. Яна была майстра кінуць «неасцярожны» афарызм. Кшталту: «У літаратуры мяне раздражняе тэорыя, а ў сэксе — практыка». Усе смяяліся, і толькі Андрэй крыўдзіўся, — з сумнай усмешкай распавяла Алена.
— А ён чаго? — асцярожна спытала я, памятаючы пра цесныя стасункі Алы і Андрэя ў студэнцкія гады.
— He ведаю, можа, абурэнне за мужчын, а можа, у іх на першым курсе было што-небудзь. У інтэрнаце ж жылі, — сказала Алена з лёгкай крыўдай.
— Ой, не трэба толькі казаць, што ў інтэрнаце панавалі блуд і распуста, — зараз пакрыўдзілася ўжо я.
— Прабач, прабач, — спешна прамовіла Алена.
— Ну, тады пойдзем па накатаным і зашмальцаваным кінасцэнарыстамі раскладзе. Спадкаемцы! Якая ў яе была сям’я? — мне падалося, што пачынаю пераймаць інтанацыю сапраўдных дэтэктываў.
— Бацькі, сястра... Але яна з усімі пасварылася і ніколі іх не наведвала, як і яны яе. Падазраваць іх не мае сэнсу: яны атручвалі адно аднаму жыццё, але хто з нас не перашкаджае жыць крэўным, га? Няма і матэрыяльнага інтарэсу: яны жывуць дастаткова заможна, — Алена распавядала, гледзячы ў столь, нібы там было нешта напісана, як урок адказвала.
— Чым больш маеш, тым болып хочацца! — я прыпляла да месца чужы афарызм.
— Магчыма, твая праўда... Мог быць у іх ... не матыў, а так — праблема. Увогуле па гісторыі яе сям’і можна фільм здымаць. Шматсерыйны. I, на жаль, без happy end’a. Яе родны бацька — алкаголік. Прычым з маладосці. А маці была такая моцная і рызыкоўная жанчына, што, хоць цяжарная была, але кінула яго. I ўсё яшчэ цяжарная недзе надыбала свайго цяперашняга мужа, — Алена гаварыла з такім захапленнем, што маці Алы здавалася ледзь ці не гераіняй.