Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
— Калі яна выглядала, як Ала, то нічога дзіўнага, — не ўтрымалася я, каб не згадаць пра Алкіну прыгажосць, ды Алена зрабіла выгляд, што не пачула.
— Такім чынам, Алу выхоўваў няродны бацька. Таму ў яе прозвішча, імя і імя па айчыму, а не па бацьку. Яшчэ ў яе ёсць сястра Таня, маладзейшая на год ці два. Ды яны ніколі асабліва не сябравалі. Больш таго, Ала адбіла ў яе хлопца. I не таму, што сама закахалася, а проста так, дзеля гульні. Адбіла, каб адбіць, дзеля жарту. Разбіла жыццё і хлопцу, і сястры, бо каханне там было, асабліва з Таццянінага боку. Я дакладна гэтую гісторыю не ведаю, выцягнула з Алы па кавалачках. Але мне здаецца, што яна разумела, што нарабіла, і раскайвалася.
— А ці не магла нянавісць успыхнуць з новай сілай? Ды і хлопец той, мабыць, не забыў нічога? —
я задала «дзіцячае» пытанне, адкуль жа Алена магла ведаць пра рэакцыю таго хлопца.
— Такія гісторыі здараюцца. Гэта жыццё, і забойства тут нічога не зменіць, — па-філасофску зазначыла Аленка.
— А калі б яна твайго Андрэя адбіла? — напэўна, занадта жорстка спытала я.
— Ты што, забылася, гэта я ў яе Андрэя адбіла. Ну, не глядзі так! He адбівала, ён сам адбіўся. Калі б яна... Гэта была б сітуацыя, якая не залежыць ад мяне. Я паставілася б па-філасофску: не яна, дык іншая. Значыць, нешта не так было ў нашых адносінах, — Алена прамовіла гэта, і яе вочы неяк востра бліснулі.
— Ну, проста па нотах разыграла, — зазначыла я.
— He ўсё так проста: калі жывеш побач з Алай, чакаеш гэтага кожны дзень. Ды калі б што і здарылася, я не стала б нікога забіваць, магчыма таму я лічу, што іншыя таксама не забілі б з-за кахання. А родная сястра дакладна б гэтага рабіць не стала. Адбыўся звычайны «разрыў дыпламатычных адносінаў». Маці стала на бок малодшай дачкі, айчым, канешне, таксама. Слухай, у мяне праз паўгадзіны кліент, хочаш, давай са мной?
Алена так упэўнена кіравала сваім джыпам, што здавалася: яны створаны адзін для аднаго. Прыгожы і дагледжаны джып «гранд-чэрокі» і ягоная гаспадыня, нельга сказаць, што прыгажуня! Але гэтаксама як у ейны джып былі ўкладзеныя ідэі і праца лепшых майстроў аўтамабільнай індустрыі, так і да Алены дакрануліся рукі лепшых касметолагаў, візажыстаў, цырульнікаў. Калі з Алены яны зрабілі цукерку, то можаце сабе ўявіць, якім незямным цудам выходзіла ад іх Ала.
Джып быў чорны, як жартавала Алена, для таго, каб пасаваць ўладальніцы (заўсёды што-небудзь
з яе адзення ці абутку было чорным). Але летам у ім было так спякотна! I, напэўна, я не змагла схаваць свае думкі на гэты конт. Алена засмяялася:
— Памятаеш анекдот пра двух «новых» рускіх, якія парыліся ў машыне, удаючы, што там ёсць кандыцыянер? Дык мы з табой — «новыя» беларусы, a гэта лепей, чым «новыя» рускія, таму мы маем канды-цы-я-нер!
Астатнюю частку дарогі я мужна пакутвала ад «фінскай зімы».
«Мы з табой — «новыя» беларусы. Мы з табой! Яна нават не адчула, якую недарэчнасць сказала. Яны з Алай былі «новымі» беларусамі. Яна жыве і не ведае, што недзе людзі могуць жыць горш, а могуць не жыць, а існаваць. Яна сказала так і адчувала так не таму, што дрэнная ці сапсаваная грашыма, не, яна — наіўная! Але як лёгка быць наіўнай, калі ты багатая. I на нейкі момант я ёй пазайздросціла, але толькі на нейкі момант. Абсалютна шчаслівых людзей не бывае. Усё залежыць ад таго, як чалавек ставіцца да жыцця: нехта мужна прымае жахлівыя ўдары лёсу, а нехта застрэліцца з-за няўдалай формы носа ці новай зморшчынкі.
Кожнае шчасце мае неад’емны дадатак — страх не ўтрымаць яго. Вось ёсць у Алены джып. Дык калі яны не разам, яна толькі і думае, ці яго не ўгналі, ці не папсавалі ад зайздрасці, ці колы цэлыя. Шчасце шчасцем, але ж клопату колькі: і тэхагляд прайсці, і на зіму шукаць нейкія новыя сродкі ад карозіі, не кажучы ўжо пра якаснае паліва і нейкае рэдкае машыннае масла.
— Алена, адкуль у Алы кватэра? — з цікавасцю спытала я.
— Падарунак фірмы. Калі бацька прыняў на працу мяне, Алу і Андрэя, то купіў двухпакаёўкі кожнаму з нас, — сціпла патлумачыла Алена, выварочваючы руль джыпа пад чарговым светлафорам.
— Ну тады я разумею, чаму Ала з табой не сварылася, — я паспрабавала пакпіць.
— Калі б яна са мной пасварылася, то кватэру б не адабралі. Іншая справа, калі б яна пакінула фірму, тады канешне... — сумна ўсміхнулася Алена.
— А яна, канешне, пакінула б фірму, калі б пасварылася з табой, ці не так? — сказала я з непрыхаванай іроніяй.
...Рамонт у кватэры блізіўся да завяршэння. Гаспадар паспрабаваў сварыцца з-за шчыліны пад дзвярыма, што вялі на кухню. Алена запісала скаргу ў нататнік і ўпэўнена пачала тлумачыць, як будзе выпраўлены дэфект:
— Знізу наб’юць планку такога ж колеру. Нават вы не заўважыце, дзе была праблема, не кажучы ўжо пра гасцей. Можа, ёсць якіясьці іншыя пытанні?
Злосці ў гаспадара паменела. Наколькі я зразумела, Алена ніколі не спрачалася з кліентамі, на яе немагчыма было пакрыўдзіцца, бо яна не давала падстаў для гэтага.
— Я чуў, нешта пераблыталі з праводкай. I ўспальні нельга будзе павесіць нармальную люстру на два выключальнікі? — ветліва спытаў гаспадар кватэры.
— Так, праблема сапраўды была, але ўсё ўжо выпраўлена. О, і бойлер павесілі, — Алена перавяла гаворку на прыемную тэму.
— Павесіць павесілі, але ім жа яшчэ і карыстацца трэба, а інструкцыя на англійскай, — ахвотна падтрымаў размову гаспадар.
— Дык у вас ёсць стымул вывучыць мову, — пажартавала Алена. — А калі сур’ёзна, то ўсё цяжка толькі на першы погляд. Калі адключаць гарачую ваду, перакрываеце вентыль гарачай вады, адкрываеце гэтыя два на самім бойлеры, ставіце патрэбную тэмпературу, але лепш на пазнаку «е», рэжым эканоміі, і вада награваецца, і энергіі няшмат спа-
жываецца. Можаце не запамінаць, мы вам зробім пераклад інструкцыі.
— Ну, дзякуй вам, Аленачка. He прымушаеце на старасці тлуміць мазгі. Замежныя мовы — гэта для маладых. Вось сын мой дасканала па-англійску шпрэхае...
Я не хацела перашкаджаць такім «інтымным» адносінам і прайшлася па кватэры. Калі б не гэтыя сцены, было б добрае футбольнае поле. Кухня, сталовая і зала былі адным вялікім пакоем, рамонт, здаецца, завершаны, бо пачалі прывозіць мэблю. Крэсламі вылучылі залу, а кухню ад сталовай адмяжоўвала стойка бара. Відаць, гаспадары вельмі спяшаліся засяліцца. Колькасць пакояў не паддавалася пералічэнню, бо была зроблена перапланіроўка з улікам запатрабаванняў сям’і гаспадара: кожны з чатырох дзяцей жадаў мець асобны пакой і да кожнага такога пакойчыка зрабілі прыбіральню, яшчэ была зроблена саўна і адведзены пакой пад трэнажорную залу. А каб прыбраць у такой кватэры, трэба альбо мець некалькі жонак, альбо наняць пакаёўку.
Шпалераў не было, замест іх на ўсіх сценах было нейкае рэчыва кшталту пабелкі. Канешне, яно мела назву, але я не спецыяліст, каб ведаць такія дакладнасці, ды нават маё неспрактыкаванае вока заўважыла, што кожнае дакрананне да сцяны пакідае адбітак. Калі ягоныя дзеці арганізуюць вечарынку альбо проста паспрачаюцца між сабой з біццём талерак, то прыйдзецца рабіць новы рамонт. Але што зробіш, відаць, гэта мода. Як нашчадак савецкага пралетарыяту я не разумела сутнасці еўрарамонту, бо цяжка жыць у палацы, дзе вакол стэрыльная чысціня і салонная прыгажосць. Мне бачылася ва ўсім нязручнасць і чамусьці здавалася, што ў еўрарамонту няма душы.
— У еўрарамонту ёсць душа, калі яго крыху недарабіць, — смяялася Алена, калі мы ўжо зноў ся-
дзелі ў машыне. — Калісьці, яшчэ пры Але, быў цікавы выпадак. Да нас звярнуўся малады мужчына, якому зусім не трэба было рабіць рамонт у кватэры. Ён прасіў — ты будзеш смяяцца — паставіць налічнікі на ўваходныя дзверы. Кватэра належала ягонай нявесце, а рамонт рабіла нейкая шарашкіна кантора. Усё зрабілі добра, і заставаліся толькі гэтыя налічнікі, гаспадары ж, акрыленыя завяршэннем рамонту (лічы, год пакутвалі), выплацілі ўсе грошы. Рабочыя хуценька пакінулі кватэру, на сотавы іхняга кіраўніка нельга было дазваніцца. Бацька дзяўчыны сказаў, што ён нікога шукаць больш не будзе, хай гэтую дробязь выпраўляе будучы зяць. He ведаю, ці паўплывалі бацькавы словы на дачку, але будучы зяць быў тэрмінова знойдзены. Разумны хлопец — звярнуўся да нас. Вясёлая была гісторыя. I вясельная, бо я з Андрэем была запрошана на іхняе вяселле ў якасці ганаровых гасцей. — I прабач, зараз яшчэ адзін кліент, на паўгадзінкі прыблізна.
У голых цагляных сценах пяціпакаёвай кватэры нас чакалі высокі мужчына з вільготнымі вуснамі і ягоная пазбаўленая права голасу жонка. Рамонт яшчэ не пачынаўся, трэба было спачатку скласці праект, вырашыць, якія сцены знесці, якія — узвесці. Кухня і гасцёўня былі адзіным пакоем — разумная прапанова архітэктараў, калі каму трэба — няхай падзеляць сцяной. 3 гэтага пытання Алена і пачала:
— Кухню будзем адасабляць?
— Мы думаем, што не, — адказаў мужчына, але было відаць, што меркаванне жонкі не ўлічвалася.
— Чаму? — наіўна запытала Алена, відаць, вырашыўшы дапамагчы няшчаснай жанчыне.
— Ну... — ён не ведаў, што адказаць. Сорамна прызнавацца, што бяжыш услед за модай. Але іншага адказу не было. Алена перахапіла ініцыятыву:
— Па-першае, гэта нязручна. Усе пахі ад смажанага і варанага будуць насычаць вашу мэблю. Зга-
дзіцеся, мала прыемнага, калі ад фатэля пахне кухняй, — Алена бесклапотна рассмяялася, за ёй — я і жонка. Кліент вымушаны быў падтрымаць агульны смех.
— Па-другое, — Алена паглядзела на мужчыну такім позіркам, нібы яна зараз паведаміць страшэнную таямніцу, — гэта ўжо не модна. Самі ведаеце, якая ў нас бюракратыя: калі было модна рабіць кухню і залу адным пакоем, — будавалі асобна, а зараз наадварот. I наша фірма існуе якраз для таго, каб зрабіць вашу кватэру максімальна сучаснай, — Алена паглядзела на гаспадара, — і камфортнай, — цяпер Алена зірнула на гаспадыню, якая была ў захапленні ад рэакцыі мужа на сціплую прамову Алены. Ён стаяў абяззброены, але задаволены сабой: здолеў з мноства фірм выбраць, здаецца, лепшую.
Пасля кароткіх інтэлігентных спрэчак усё было збольшага вырашана: тут сцену зруйнуюць, там падоўжаць, вокны бяруць гэтай фірмы, а дзверы — той і гэтак далей, да бясконцасці. Пад канец мужчына ўжо проста згаджаўся з усімі Аленчынымі прапановамі.
Можа, я, канешне, нечага не разумею, але па мне: атрымаў кватэру — клей шпалеры, а не выдумляй сабе лабірынтаў. Відаць, усе думкі былі напісаны на маім твары, бо Алена, не адрываючы позірку ад дарогі, запытальна матлянула галавой, маўляў, што не так?