Ляўша на тэнісным корце
Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
— Табе не здаецца, што людзі такімі рамонтамі гвалцяць сябе, так шмат нязручнага, але моднага. Прасцей жыць так, як прывыклі, — як мага асцярожней сказала я.
— А як мы прывыклі жыць? I ці жыццё гэта? Адны мае знаёмыя жывуць у двухпакаёвай кватэры з трыма дзецьмі. I яны ўжо прывыклі. Так жыць нармальна? Я жыву ў двухпакаёвай кватэры адна, але мне не хапае пакояў, мне яна малая. Мне патрэбны спальня, кабінет. Зрэдку да мяне прыходзяць госці. У кабінет я не магу іх запрасіць: там усе
мае паперы, камп’ютэр, нішто не павінна згубіцца ці сапсавацца. Загадаеш мне весці наведвальнікаў у спальню? Лажыцеся, дарагія госці, зараз калыханку спяваць буду! Так? — раззлавалася Алена.
— Ты мяне не зразумела. Я не пра колькасць квадратных метраў. Я мела на ўвазе, што гэта ўсё смешна выглядае, — я паспрабавала выказаць сваю думку больш карэктна.
— Магчыма, табе збоку лепш відаць. Нашы людзі застануцца нашымі людзьмі ў любой кватэры, з еўрарамонтам ці без. Я ўжо прывыкла, што амаль кожны гаспадар, які мае дарослага сына, нахвальвае мне яго. Вось калі ты заўважыла, сённяшні першы кліент ганарыўся, што ягоны сын дасканала ведае англійскую. Але я, напэўна, не маю права смяяцца, бо іхнія словы сведчаць толькі, што я добрая дзяўчына і яны былі б не супраць мець такую нявестку. Вось таму я буду ўспрымаць усё гэта як камплімент.
Нарэшце мы прыехалі ў офіс кампаніі. «Калі кампанія паважае сябе і сваіх кліентаў, яе офіс і нават будынак, дзе той офіс знаходзіцца, павінны выглядаць ідэальна, калі ж фірма займаецца рамонтам, то офіс і будынак павінны дыхаць свежасцю і ствараць уяўленне, быццам ён зроблены толькі ўчора» — лозунг Сяргея Аляксандравіча Белазёрава. А ён не прывык кідаць словы на вецер, таму здавалася, што будынак узведзены не ўчора, а толькі што. Пакуль Алена дамаўлялася пра нешта сваё, рамонтнае, я вырашыла наведаць Андрэя Вараховіча. Але ён адразу здзівіў мяне, адмовіўшыся гаварыць пра Алу.
— Яна ж была тваёй сяброўкай, Андрэй! — нагадала яму я.
— I не толькі сяброўкай, як ты, вядома, памятаеш! Мне пра гэта і яна кожны дзень напамінала, і нават Алена зрэдку папракае. I вось яна памерла, a мне зноў не даюць пра яе забыць, — Андрэй гаварыў так, што я адчула сябе амаль вінаватай.
— А ці трэба забываць? Даруй, калі я нешта не так сказала. Алена мяне...
— Я ведаю, што яна сама цябе запрасіла. Але гэта было яе ўласнае рашэнне, на прыняцце яго я не ўплываў. Я нават быў супраць, — цвёрда паведаміў хлопец.
— Супраць таго, каб знайсці забойцу? — удакладніла я.
— Зразумей, я не супраць таго, каб вы шукалі забойцу. Але без мяне. Я не магу марнаваць свой час на дарэмныя пошукі і пустыя ўспаміны, — сказаў Андрэй і раскрыў нейкую папку, паказваючы, што не хоча больш размаўляць са мной.
— Канешне, нашто марнаваць час, калі і так ведаеш, хто забойца! — чамусьці раззлавалася я.
— А-а, цяпер іншая размова. Паненку цікавіць маё алібі? У мяне яго няма. Я ехаў на машыне да Алены, таму і ў яе няма алібі. Невядома, ці была яна дома ў час смерці сяброўкі. А вось матыў у мяне, канешне, мог быць. Былая каханка, магла шантажыраваць якімі-небудзь эратычнымі фотаздымкамі ці маімі інтымнымі дзённікамі, але, на жаль, я не вяду дзённікаў і не маю звычкі фатаграфавацца аголеным. Але матыў мог быць і ў Алены: былая каханка яе жаніха дэкларуе на яго свае правы! Гучыць прынадна! Напэўна ж, Алена расказала табе гісторыю сямейных узаемаадносін Алы. Таму яе і сястрычка магла забіць. Тым больш што яна дагэтуль не замужам і не ведае, ці могуць быць у яе дзеці. Тады яна зрабіла аборт, бо будучы бацька перабег да будучай цёткі, Алы, значыць, — цынічна паведаміў Андрэй.
— Як ты можаш... — абурылася я.
— Я ўсё магу. Добрыя настаўнікі былі. Але я не скончыў расказ. Гэтаксама патэнцыяльны забойца той няўдалы будучы бацька. Адна са смехам кінула, а другая не прыняла. I ні туды, і ні сюды. He думаю, што ён забыў, якіх-небудзь сем год прай-
шло. Што такое сем год для сапраўднага мужчыны? I мамаша, якая дзеля выратавання гонару дачку на аборт аддала, нічога не забыла. Можа, не сцярпела голасу сумлення? Яе магла забіць ты, Можа, яна табе калісь канспект перапісаць не дала ці кавалера перахапіла? Можа, яна камусьці на мазоль наступіла, га? Хаця... яна кожнаму, каму магла, наступала. Так можна кожнага чалавека падазраваць! Быў бы чалавек, а матыў знойдзецца, — ён нібыта бесклапотна рассмяяўся.
Я пераказала ўсё Алене і была ўпэўненая, што яна будзе на маім баку, на баку выхаванасці і маралі. Але яна зусім нармальна паставілася да ягонай рэакцыі:
— Зразумей ты яго, яму дрэнна, балюча. Я магу паплакаць — і плакала, а ён саромеецца, — апраўдвала хлопца Алена.
— Ад чаго яму балюча? Ён жа Алу ненавідзіць! I пасля смерці ненавідзіць мацней, чым пры жыцці! Ад чаго балюча?!
— Калі разбіраць фармальна яе словы, паводзіны, яна вымалёўваецца нейкай пачварай, але ж ты не ведала яе так блізка, як я. Ты не ўяўляеш сабе, што такое Ала! Гэта феерверк! Выбух эмоцый, жартаў, гумару! Гэта святло, дзень!
— Ты кажаш, што яна дзень, а ты змагла б жыць, калі б не было ночы? 3 такімі людзьмі добра сустракацца раз на тыдзень, але не кожны дзень!
— Ноч — гэта той, хто яе забіў! I я хачу зірнуць яму ў вочы! — амаль што загадала Алена.
Дурная думка з’явілася ў маёй галаве: зірнуць у вочы, каб падзякаваць? Мне трэба было падумаць, зразумець, што я тут раблю. Імя забойцы нікому не патрэбна, і я ўсім перашкаджаю жыць. Можа, Алена ўжо шкадуе, што паклікала мяне, і ейнае запрашэнне проста было першым поклічам душы, які не быў узважаны розумам. I я тут зусім не патрэбная, бо ўсё неістотна. Істотна толькі тое, што загінуў ча-
лавек, які не карыстаўся асаблівай прыхільнасцю ў знаёмых, сяброў, родных. I ўсё...
I тут мне здалося, што не ўсе вузлы звязваюцца... Нешта не так. Андрэй так падрабязна расказаў пра сястру Алы, Алена ж гаварыла, што Ала не хацела ёй расказваць, саромелася. Можа, яна спачатку расказала Андрэю, а ён не ўхваліў, і яна засаромелася толькі тады? Я ўспомніла наш першы курс. Ала з Аленай пасябравалі раней, чым да іх далучыўся Андрэй. Калі б яна каму і расказала першаму, дык Алене. Ды і не стала б яна расказваць аднаму хлопцу, як насмяялася з другога. Андрэй адразу б зрабіў патрэбныя вывады і кінуў Алу. Праўда, ён яе кінуў, але іхні сяброўскі трохкутнік не разваліўся. I чаму Андрэй не расказаў Алене тую гісторыю ў дэталях? Калі яны жаніх і нявеста, у іх не павінна было быць аніякіх сакрэтаў. Цікава, адкуль ён гэта ведае? Нічога, я дакапаюся, але яшчэ не час казаць яму пра маю здагадку.
Я выйшла на балкон падыхаць свежым уручскім паветрам і паглядзець на Мінск з вышыні птушынага палёту. Было відаць адзін з карпусоў Політэхнічнай акадэміі, выяву якога змяшчалі калісь на канвертах, найсучаснейшы будынак бізнес-цэнтра з люстранымі сценамі, быў бачны праспект Скарыны з рэкламнымі шчытамі. I тут жа побач жыццярадасныя лясы Уручча.
Па ходніку дзеці каталіся на роліках. Маленькія фігуркі ў поўным узбраенні (адзін хлопчык нават у шлеме), здавалася, былі занесены сюды з іншага часу і іншага свету. Лес і вузел кальцавой дарогі жылі кожны ў сваім рытме, да якога мы прывыкаем з першых гадоў жыцця. Канешне, ролікі зараз не дзіва, але фігуры, якія рухаюцца ў іншым тэмпе, прыцягваюць увагу. У іншым тэмпе... Філолагам уласціва любую дробязь павялічваць да памераў сусветнага масштабу, і я падумала, што гэтыя дзеці і жыць будуць у іншым тэмпе, што гэта тое доўгача-
канае новае пакаленне. Я, напэўна б, у сваіх марах зрабіла іх іншапланетнікамі, але банальнае здарэнне прыцягнула маю ўвагу.
Дзяўчынка выгульвала сабаку і кідала палку, каб ён прыносіў. Чарговы раз палка вылецела на тратуар, звалілася перад хлопчыкам у шлеме, той спужаўся, згубіў раўнавагу і бразнуўся на асфальт. Праз секунду пачуўся гучны плач, мне, праўда, здаецца, што яму было не столькі балюча, колькі крыўдна. Спадарства на роліках з’ехалася да свайго «параненага» таварыша, падбегла дзяўчынка з сабакам. I праз некалькі хвілін гармонія была адноўлена. Як я ўжо казала, філолагам уласціва любую праблему ўзводзіць да масштабаў глабальнай катастрофы. I я адразу падумала, што прагрэс можа быць спынены палкай, прыладай працы каменнага веку. Так і ролікі існуюць толькі ў свеце адпрасаванага асфальту, a па-за ім на роліках можна толькі хадзіць як у ботах, не больш. Дзяўчынка ў жоўтым разагналася і саскочыла з бардзюра, і ўсе па чарзе паўтарылі ейны подзвіг. Нехта падаў, але сінякі і драпіны нікога ўжо не цікавілі, пераможаны ўставаў, каб перамагчы, I мае філалагічныя мазгі падумалі: прагрэс не спыніць.
Так захацелася жыць! I так захацелася прыгажосці! I ўвасабленнем прыгажосці, жыцця і прагрэсу быў для мяне Мінск! Я не магу змяніць свой горад, але я магу змяняць яго на Мінск. I недзе ўнутры з’явілася надзея. Месца Алы ўсё яшчэ вакантнае, а я тут, пад бокам. Як падвесці Алену да таго, каб яна ўладкавала мяне ў фірму? Канешне, па прафесіі я — настаўніца, але як жа я ненавіджу сваю працу! Кожны год адно і тое ж: адны і тыя ж класікі, адны і тыя ж крытыкі. Як выкладаць беларускую мову, калі большасць дзяцей упэўнена, што гэта ім не патрэбна, а толькі адбірае час?! Як правіць сачыненні, якія спачатку напісаны на рускай мове, a потым са слоўнікам перакладзены на беларускую?!
Mae сумныя развагі перарваў тэлефонны званок. Гэта была Жанна Кірылаўна Белазёрава, мама Алены. Яна хацела са мной сустрэцца і безапеляцыйным тонам паведаміла, што машына за мной ужо выехала. I ў гэты ж момант па дамафону прыемны мужчынскі голас паведаміў, што за мной прыехалі ад Белазёравай. Супраціўляцца было бессэнсоўна.
Дзіўна, мне чамусьці здавалася, што Алена не такая блізкая са сваёй маці, каб расказваць пра мяне і тым больш паведамляць, дзе я жыву. У Жанны Кірылаўны была цяжкая гіпертанія, і крэўныя бераглі яе нервы шляхам «нічоганерасказвання». He думаю, што хворым на карысць такая інфармацыйная ізаляцыя, і ўпэўнена, што мела яна сваіх «шасцёрак» і ў фірме, і ў доме. Калі меркаваць па расказах Алены, то за кожным членам сям’і цягнуўся шлейф пакаёвак, якія гатовы былі з кожнага парушынкі здзьмуваць. Маленькі Дзімка марнеў у сваім стэрыльным пакоі з бездакорнымі цацкамі і паслужлівымі нянькамі, ачуняў ён толькі, калі кухарчына дачка, ягоная равесніца, прыцягнула пухкага зайца з адарванай лапай. Дзімка пасябраваў з дзяўчынкай, яны разам пяклі нешта з пяску і высмоктвалі сок з кветак канюшыны. Нянькі трацілі прытомнасць, калі Дзімка разам з сяброўкай лавіў жабак і вусеняў. У дзяўчынкі дома быў маленькі сабачка, зразумела, што Дзімка захацеў сабе такога ж. Але Жанна Кірылаўна выразна дала зразумець, што ніякай псіны ў яе доме не будзе, Сяргей Аляксандравіч вагаўся і прапаноўваў пасяліць сабаку ў будцы, адкуль ён не зможа псаваць каштоўную мэблю, але ён адразу змоўк пад цяжкім позіркам сваёй жонкі. I Дзімка пайшоў ва-банк: адмовіўся ад дэсерту і павесіў на шыю паперчыну з надпісам «Хачу сабаку». Дзімкіна выхавацелька-гувернантка захоўвала знешні нейтралітэт, хоць у душы, на думку Алены, падтрымлівала Дзімкава паўстанне.