Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
Міхась Пятровіч як бы незнарок дакрануўся да ўзмакрэлага лба насоўкай:
— Улляна, наша жыццё настолькі ўнармаванае, што для кожнага выпадку, для кожнай сітуацыі існуе набор дзяжурных фраз. Агульныя словы пра надвор’е, пра заробкі, пра палітыку, пра спорт... Мы ведаем, што трэба казаць, калі мы вітаемся і развітваемся. Мы звычайна ведаем, што казаў у пэўнай сітуацыі герой фільма ці кнігі... Усё ўжо недзе было... А вось такое, што адбылося ў нас, я нідзе не бачыў... Дакладней, сітуацыя вельмі прыдатная для
фільмавых хэпі-эндаў, для шчаслівага канца. Але ж насамрэч гэта не канец, нам трэба жыць далей... I таму я не ведаю, што сказаць, каб не прыпадабніцца да гэткага рамантычнага бацькі з галівудскай меладрамы. Але стэрэатып цісне, і я баюся сказаць штосьці недарэчнае...
Улляна згодна ківала галавой, але на бацьку не глядзела.
— Уля, я не ведаю, ці даруеце вы мне калі-небудзь, а вось хто мне ніколі не даруе, дык гэта ваша мама. Я не напрошваюся ў бацькі, Уля, я мушу пагадзіцца, калі вы захочаце пакінуць усё, як ёсць, — раней Міхась Пятровіч мог выпадкова звяртацца да Улі на «ты», а зараз ягонае «вы» было падкрэслена ветлівае.
— Я таксама нічога не ведаю... У мяне няма жадання забіць вас, гэтаксама як і жадання кінуцца вам на шыю, — прамовіла дзяўчына.
Міхась Пятровіч знянацку падскочыў і падышоў да акна, ён рыхтаваў такую грунтоўную прамову, каб Улляна запярэчыла яму, каб прыняла, каб пашкадавала. А яна проста згадзілася.
— У мяне быў час паразважаць... Я ваша дачка толькі генетычна, і я думала, якой я была б, калі б была вашай дачкой і па выхаванню... Я расла б у вашым ценю, я зачытвалася б вашымі кнігамі, кнігамі свайго бацькі, у мяне не было б выбару. А так я захапілася вамі шчыра, я выбрала ваш спецсемінар свядома. Ці ведаеце вы, што такое расчароўвацца ў кумірах?
Міхась Пятровіч павярнуўся ад акна, але Уля не магла разгледзець ягонага твару, бо яе сляпіла сонца.
— Я не ведала вашага ценю. Я вырасла як бы на пустым месцы! — Улляна раптам успомніла Антося і выпадак з вершам. — У мяне ёсць такі прынцып: калі добры чалавек зрабіў мне нешта непрыемнае,
ён праз гэта не губляе сваіх вартасцяў. Раней вы мне падабаліся, і я не хачу вас зараз ненавідзець і не буду, — Улляна змаўчала, што і любіць яго таксама не хоча.
— Улляна, мы ўсе робім памылкі, але не ведаем, чым усё можа скончыцца. Я заўсёды шчыра верыў, што ў мяне ўсё наперадзе, і толькі ў шэсцьдзесят зразумеў, што ўсё ззаду. Я заўсёды думаў, што не дарма пражыў жыццё, бо на маіх кнігах выхоўваліся людзі, бо творамі я ўпісаў сваё імя ў лік беларускіх класікаў. Таму я змірыўся з тым, што гэта мая вяршыня, што імкнуцца да нечага іншага не выпадае. — Каляда раптоўна адчуў сябе зусім старым, непатрэбным, выкінутым на сметнік без права на рэстаўрацыю: — I я не разумею, за якія заслугі я атрымаў такое шчасце. Мне важна ведаць, што вы недзе ёсць. Што за гэты семестр я меў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з вамі.
Улляна ўспомніла разбор яе твораў, размовы і спрэчкі з Ванем на спецсемінары. Яна заўсёды была шчырай і не думала, што ў Каляды двайная цікавасць да яе.
— Улляна, дай Бог вам ніколі не адчуць марнасці ўсяго зробленага вамі. А ў мяне такое было... Найжахлівейшае адчуванне, што я прайшоў міма самага важнага ў жыцці. У мяне няма сям’і, я так і пражыў бабылём, проста думаў, што для мужчыны ніколі не позна. I таму я кожны дзень пытаюся, за што гэтае шчасце? I я пачаў верыць у сваю місію, у наканаванасць. Значыць, да вашага таленту нехта там, на небе, захацеў далучыць мой досвед. I... і я вас раскрытыкаваў, Улляна. У сваіх заўвагах я чапляўся нават да дробязяў... I вы з гонарам вытрымалі іспыт, вы не кінулі пісаць... вы па-алімпійску раззлаваліся... гэта заўжды на карысць...
Улляне было не зусім прыемна гэта слухаць.
— Улляна, дома я глядзеў на свае кнігі, на свае творы... I думаў, а які ж з іх лепшы? I я зразумеў, —
Каляда падышоў да Улляны. Яна падняла галаву, каб было зручна глядзець на яго. — Уллянка, мае лепшыя творы — гэта вашыя лепшыя творы, мая лепшая кніга — гэта вашая кніга, тая, што некалі выйдзе, — ён гаварыў так усхвалявана, што Улляна адчула, як падпадае пад ўплыў яго эмоцый.
Улляна апусціла вочы ў сшытак. Каляда стаяў у яе за спінай, ён паклаў ёй руку на плячо, і дзяўчына сцялася, а па яе твары каціліся непаслухмяныя слёзы. Каляда асцярожна пацалаваў дачку ў макаўку, у гэты самы момант на парозе ўзнікла лабарантка, ад абурэння твар яе стаў бурачкова-абражаным, і яна падумала: «Ну, усё, трэба сказаць дэкану!»
СМЕРЦЬ НА РОЛІКАХ
Ёсць сяброўкі, з якімі дзелішся сваімі радасцямі, каб яны задушыліся ад зайздрасці. Ці сама прыдумляеш нешта экстравагантнае, каб твая «лепшая» сяброўка адчула сваю нягегласць, няздатнасць і развіла ў сябе комплекс непаўнацэннасці, нават калі яна Міс Сусвету. Так сябравалі Алена Белазёрава і Ала Агалецкая.
Ёсць сяброўкі, з якімі дзелішся сваім патаемным, сваімі расчараваннямі, сяброўкі, якія ўмеюць выслухоўваць і спачуваць. Перад імі не трэба іграць ролі і прымерваць маскі, трэба проста заставацца сабой. Так сябравалі Алена Белазёрава і я. He, я зусім не «камізэлька», каб у мяне плакацца. Але часам так трэба мець чалавека, які выслухае. Найчасцей і не патрэбна ніякая парада — толькі выслухайце. Людзі звярнуліся са сваімі споведзямі Да царквы, а вось Алена не саромелася турбаваць мяне.
Дробныя праблемы яна перажывала ціха і самастойна. Але зрэдку тэлефанавала мне, каб проста паскардзіцца на жыццё, часам без аніякай канкрэтыкі. У дзеях, але без асобаў. Ды ў яе чарговае тэлефанаванне за рыданнямі не было чутно голасу. Загінула Ала Агалецкая. Лепшая сяброўка. Разам з ёю зніклі і двукоссі.
Ала ўсё жыццё стварала некаму праблемы і, хоць грэх так казаць, нават загінуць не змагла, каб не падкінуць клопату. Усё адбылося каля ўвахода на Цэнтральны рынак будматэрыялаў. Час, калі ўжо ніхто не працаваў, Ала выбрала для катання на роліках. Па версіі міліцыі яна спатыкнулася, упала і
ўдарылася галавой аб бардзюр. Ці то бардзюр быў такі моцны, ці то Аліна галава занадта слабой...
Ды не ў гэтым справа. Само месца было нейкае заклятае: то самым неверагодным чынам машыны сутыкнуцца, то грузавічок са шпалерамі перакуліцца, упрыгожыўшы вуліцугазсй’аўскім серпантынам, то стомлены кіроўца пераедзе дзядзьку з унітазам. I таму зусім недарэчнай і непрымальнай для міліцыі была версія грамадзянкі Белазёравай. Алена была ўпэўненая, што ніякая гэта не выпадковасць, а наўмыснае забойства. Бо хоць у Алы і былі ролікі, але яна на іх ніколі не каталася. Дакладней, праехала толькі адзін раз і ўпала адзін раз, але так, што з тыдзень ляжала ў ложку, потым усё па мануальных тэрапеўтах бегала, і тыя дактары ролікі ёй увогуле забаранілі. На думку Алены, Ала, якая так сачыла за сваёй знешнасцю і сваім здароўем, не магла рызыкаваць правесці жыццё ў інвалідным крэсле. Для Алы самым галоўным была яна сама.
Урэшце, можна было забыцца на сваю хворую спіну і катацца, нахіляючыся наперад, падаць у выпадку чаго на калені і рукі. Ды Ала была апранута ў белыя джынсы за 200$, у свае любімыя белыя джынсы, якія ёй так пасавалі і якія яна берагла на самыя важныя сустрэчы. Яна была без аніякіх накаленнікаў-налакотнікаў. Але самае галоўнае — яна так і не паспела навучыцца катацца на роліках і не змагла б самастойна прыехаць на іх да рынку па такой дрэннай дарозе. Яна хутчэй бы прыйшла туды ў сваім абутку і ўжо на месцы надзела б ролікі. Нідзе побач не была знойдзена торбачка з абуткам, хоць, праўда, яе белыя басаножкі на высачэзных абцасах зніклі з кватэры.
На думку Алены, яе сяброўка прыйшла на спатканне з некім, і гэты нехта яе забіў. Алена не ведала, пры чым тут ролікі, але адчувала, што смерць Алы Агалецкай не была выпадковай. А раптам ёй за нешта адпомсцілі і ўсё гэта неяк звязана з яе пра-
цай у фірме? А можа, небяспека падсцерагае і іншых яе калег? Алена не збіралася пакідаць гэтую справу на міліцыю, чые супрацоўнікі паведамілі, што праверылі ўсе версіі, і параілі чакаць, пакуль будуць знойдзены новыя факты. Алена не збіралася чакаць, таму яна патэлефанавала мне:
— Прыязджай хутчэй у Мінск, калі ласка. Я цябе вельмі прашу!
— Хочаш, каб я дапамагла табе знайсці забойцу?
— У цябе сапраўдны нюх на такія справы. Ніколі не забуду, як ты вылічыла тую, што крала на фізры нашыя грошы і пальчаткі. А памятаеш, як у мяне прапаў канспект, а ты знайшла, хто яго прыхватызаваў? У цябе Божы дар, а ў мяне няма такіх схільнасцяў. Да таго ж, у мяне шмат кліентаў, ды яшчэ кліенты Алы дадаліся...
— Дзе будзе жыць Шэрлак Холмс?
— Калі не баішся, то ў кватэры Алы. Думаю, што там зручней будзе ва ўсім разабрацца. I ты не будзеш залежаць ад майго графіка.
Ала працавала ў фірме «РамСервіс» (назва расшыфроўвалася як «Рамонтны сервіс»). Уладальнікам фірмы быў Сяргей Аляксандравіч Белазёраў, бацька Алены. Калі ён пачынаў свой бізнес, канкурэнтаў у яго амаль не было. А калі яны з’явіліся, «РамСервіс» стаў такім гігантам, што ніякія супернікі яго не хвалявалі.
Сяргей Аляксандравіч марыў пакінуць фірму дзецям. Але дачка Алена захапілася літаратурай і пайшла на філалагічны факультэт. Малога ж Дзімку цацкі, натуральна, цікавілі больш, чым бацькава фірма. Ды мара бацькі, разбітая, здавалася, на кавалкі, ажыла з попелу і цыгарэтнага дыму. Алена, патусаваўшыся па розных літаб’яднаннях і рэдакцыях, хутка пераканалася, што ёсць больш таленавітыя за яе людзі, а роля школьнай настаўніцы яе не прываблівала. I яна прыйшла ў «РамСервіс»,
прыцягнуўшы туды за кампанію лепшую сяброўку Алу і лепшага сябра Андрэя Вараховіча.
Філалагічная адукацыя ім прыдалася. «Валадары словам» маглі ўгаварыць кліента на што заўгодна. Яны распрацавалі новую канцэпцыю фірмы: супердарагія еўрарамонты і звыштанныя нееўрарамонты. Канкурэнты маглі адпачываць! Ала кіравала рэкламай і прасоўвала ў народ фразачкі тыпу: «Мы робім старыя кватэры новымі», ці «Хай суседзі паміраюць ад зайздрасці», або «Паглядзі на свой дом паіншаму». А для занадта адукаваных прапаноўваўся «экспартны варыянт»: «We make your flat better». Нават пяцікласнік мог перакласці , што «Мы робім вашу кватэру лепшай».
Рэклама ў газетах мільгала ці не кожны дзень: