Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
20
Міхась Пятровіч выцер лоб і пачаў лекцыю. Ён марна спадзяваўся, што студэнты не заўважаюць, як ягоная галава пакрываецца непрыемнай вільгаццю, як кроплі поту насычаюць валасы і мкнуцца сцячы па сківіцы. Сонечнае святло ўрывалася праз акно і асвятляла профіль выкладчыка са спатнелым ілбом і скроняй. Але талент не здароўе, з узростам яго не меншае, таму гэтая лекцыя, як і іншыя, заварожвала.
Улляна, якая, сгорбіўшыся, пісала канспект, раптам выпрасталася і сціснула рукой рот. Машка заклапочана спытала:
— Табе блага?
У адказ Улляна моўчкі хітнула галавой. «Не трэба было есці гэты чортавы торт», — падумала дзяўчына, а Машка вінавата апусціла галаву. На перапынку Ваня ў гонар свайго дня нараджэння прынёс маленькі торцік. Ён ведаў, што Уля да яго ў інтэрнат не прыйдзе, бо... Ай, у яе заўжды шмат адгаворак, то далёка жыве, то не п’е, то не хоча бачыць ягоных сяброў, якія не ведаюць меры... Менавіта таму торт быў прынесены ва універсітэт, дзе ўсе гэтыя прычыны адпадалі самі сабой. Улляна глянула на тлусты слой крэму і, хоць было вельмі няёмка, паспрабавала зноў адмовіцца, маўляў, пасля будзе млосна. Усе засмяяліся, бо ніхто не паверыў, што Улляна не любіць салодкага. Ваня разгублена трымаў кавалак торта на папяровай сурвэтцы, Пашка
недаверліва разглядаў Улю, а Машка ўшчыкнула яе за бок і падміргнула, і Улляна мужна з’ела кавалачак. Але зараз змест лекцыі адступаў перад тым танга, што адбывалася ў страўніку.
Машка паслужліва прапанавала:
— Можа, табе лепш выйсці? Хочаш, я правяду?
Улляна знакам адмовілася, перачакала крыху, падхапілася — добра, што сядзела з краю — і выбегла з аўдыторыі. Лілька адразу перадала запіску Машы, каб высветліць падрабязнасці. А Пашка нясціпла рагатнуў і крыкнуў Вані на ўсю аўдыторыю:
— Віншую, Гусь! На хрэсьбіны паклічаш?
Ванеў твар пайшоў плямамі, хлопец апусціў галаву, але і на галёрцы немагчыма было схавацца ад пранізлівага позірку Міхася Пятровіча. Маршчыністай рукой з доўгімі пальцамі выкладчык правёў па валасах, але лоб зноў узмакрэў. Вечарам ён доўга сядзеў у старым фатэлі з газетай у руках...
У маладосці Міхась Пятровіч ніколі не марыў пра дзяцей, ён нават баяўся, што якая-небудзь з ягоных жанчын прынясе ў яго кватэру белы канверт, перавязаны ружовай альбо блакітнай стужкай, і аднойчы зразумеў, што позна ўжо, што ў старасці яго будуць атачаць паліцы, застаўленыя шматлікімі выданнямі ягоных кніг. I ён ужо не памятаў, што сам адмовіўся ад гэткага шчасця, калі Ірына зацяжарыла. Ён быў упэўнены, што дваццаць год розніцы — важкая прычына для разрыву, каб не ламаць лёс ні сабе, ні гэтай легкадумнай студэнтцы, а калі ўжо ён, сталы мужчына, не наважыўся мець дзіця, то і нейкая студэнтка не асмеліцца падпарадкавацца свайму мацярынскаму інстынкту.
«Божа мой, няўжо ўсё паўтараецца!!! Мая дачка! Мая! I гэты Ваня!» — трывожна круцілася ў галаве. Ён яшчэ не прывык да ролі бацькі, а тут можа і дзедам стаць. Яна народзіць! Міхась Пятровіч раптам зразумеў, што ён нічога не можа змяніць ці па-
раіць дачцэ ды Ірыне. Ён проста не мае права ўмешвацца ў жыццё дарагога яму чалавека. Вось яна, неадольная дыстанцыя! Каляда не мог вінаваціць Ірыну ў тым, што яна недагледзела дачку.
Гэта ён сам яе недагледзеў. Міхась Пятровіч успомніў, што аднойчы бачыў Улляну і Ваню ў двухсэнсоўнай сітуацыі. Уля, відаць, забрала Ванеў канспект, і хлопец круціўся вакол яе, намагаючыся адабраць. Нахабніца завяла рукі за спіну, а Ваня, цягнучыся за сшыткам, абняў яе. Яны застылі, Улляна крыху павярнула галаву набок, і немагчыма было яе не пацалаваць, і Ваня памкнуўся да яе вуснаў. Міхась Пятровіч ішоў да іх як заварожаны і бачыў, што літаральна ў міліметры ад яе вуснаў Ваня спыніўся, недаверліва ўсміхнуўся і выняў канспект з Уліных млявых рук. Міхась Пятровіч ніяк не мог паверыць, што гэты няўпэўнены ў сабе хлопец зрабіў яго дзедам.
На сямейнай нарадзе ён быў бы лішнім, і Каляда, відаць, здаўся б на волю лёсу, калі б не адно здарэнне. На наступны спецсемінар Улляна прыйшла без Вані. Яна папярэдзіла, што яны будуць наведваць заняткі па чарзе, каб не сустракацца. Міхась Пятровіч дакрануўся да ўзмакрэлага лба.
Уллянін твар быў незвычайна белы, рысы твару расплывістыя, як бы хто намаляваў бездакорны малюнак, які хутка абрыдзеў, і ў нервовым прыпадку аўтар паспрабаваў сцерці вочы, нос, вусны...
Улляна зусім не слухала выкладчыка, так хацелася спаць, што ўсё вакол плыло, і гукі гучалі амаль што рэхам. He трэба больш пісаць па начах... Усё так заблытана... Яна піша ноччу, бо піша пра Ваню. Як можна было так недарэчна пасварыцца! Зараз яна можа апісваць сардэчныя пакуты з уласнага досведу. Бясконцыя думкі, мары і трызненні... Ён жа ніколі, ніколі не падыдзе першым! Ён будзе пакутаваць, ягонае сэрца будзе сціскацца, калі ён
будзе бачыць Улляну, ён будзе пільна сачыць за кожным яе крокам, але ніколі не здыме маску абыякавасці. Ён так баіцца, каб з яго не насмяяліся, што гатовы аддаць сябе на вечныя пакуты. Ён так баіцца, што Улляна выпадкова словам ці позіркам зняважыць яго... Лілька пачала да Вані заляцацца і папрасіла пры ўсіх ва Улляны дазволу. Улляна смехам згадзілася, а Ваня ўскіпеў. Ён схапіў яе за руку і адцягнуў убок. Намагаючыся не крычаць, ён выдушыў з сябе:
— Хочаш, каб я з ёй быў? Для цябе — усё, што заўгодна!
— Я не разумею, чаму ты крыўдуеш? — прашаптала Уля, азірнуўшыся на прыціхлую кампанію. — Ваня, мы жартуем! Ніхто не можа цябе, ці мяне, ці таго ж Пашку некаму аддаць! — гаварыла Улляна і бачыла, што Ваня не супакойваецца, а наадварот, кожнае слова яе апраўдання робіць Улю яшчэ больш вінаватай. — Пачакай, а між намі нешта было? Даруй, я не заўважыла! Ты мяне кахаеш? Ці я цябе кахаю? — Улляна разумела, што нельга так гаварыць, але ўжо не магла стрымацца.
— Думаеш, ты такая адна? Ды я толькі свісну — паўфілфака ў чаргу пашнуруецца! — Ваня кінуў на Улляну зневажальны позірк.
— Калі ты мяне да ложка не давёў, то моцна сумняюся, што паўфілфака давядзеш! Хуткасць і сексапільнасць — гэта не пра цябе!
Яны разумелі, што нагаварылі адно аднаму рознага глупства, што ўсё няпраўда і што яны кахаюць па-сапраўднаму. Але як можна дараваць такія, хай сабе і хлуслівыя, словы? Няўжо можна яшчэ нешта аднавіць? Улляна штоночы ўспамінала, як ён не прыйшоў на сустрэчу, як ён... Што ён мітуслівы, наіўны, няўпэўнены да самаўпэўненасці, як ён залежыць ад меркаванняў Пашкі... Яна прымушала сябе верыць у тое, што ён дрэнны і слабы, што яна
ва ўсім лепшая за яго... Ну няўжо можна такога кахаць! Ну чаму немагчыма вытруціць з сябе гэтае непатрэбнае каханне, якое звязвае, не дае дыхаць вольна?
...Ваня стагнаў у сне, але ніхто з хлопцаў яму пра гэта не гаварыў, бо нарэшце яны зразумелі, што найдрабнейшая недалікатнасць можа ўсё парушыць. Што менавіта парушыць, ніхто не ведаў, але ўсе міжволі хваляваліся.
Эгаістка, чортава эгаістка, пыхлівая, індычка надзьмутая... Яна геній?.. графаманка недабітая... Да ложку яе не давёў... давядзеш такую... А ноччу снілася, як Улляна падыходзіць да Ваневага ложка, адхінае коўдру і садзіцца на край. Яе пальцы пяшчотна дакранаюцца да Ваневых валасоў і пераходзяць на парослае свежым шчаціннем падбароддзе. Яна схіляецца і лёгенька — не, не цалуе — толькі прытуляецца да ягоных вуснаў. I Ваня прачынаўся ад таго, што падымаўся насустрач гэтаму прывіднаму пацалунку і зграбаў коўдру ў абдымках, якія прызначаліся Улляне. Кожны дзень ён угаворваў сябе, што яна нявартая нават сяброўства, а яна ўпарта штоночы прыходзіла ў снах.
I памірыцца ўжо немагчыма. He засталося ніводнай агульнай тэмы. Усе творы абмеркаваныя, а калі трэба перапісаць канспект, Лілька прапаноўвае свой, усё, пра што можна было б спытаць ва Улляны, можна спытаць і ў іншых. А калі падысці менавіта да яе, яна адразу зразумее, што ён саступіў, што ён прагне міру. I на спецсемінар зараз ходзяць паасобку, можна, вядома ж, прысунуцца без чаргі, але Улляна збяжыць, гэта дакладна.
Ваня перажываў ўсё ўнутры, нікому не спавядаючыся і ад усіх хаваючы сваё гора. Улляна ж пісала пра свае пакуты і пра свой невычэрпны боль. Бяссонныя ночы перад камп’ютэрам выціскалі ўсе фарбы з яе твару, сінечу пад вачыма ўжо ўбачылі ўсе.
Уля ліхаманкава аблізвала сухія вусны і не заўважала зменаў у люстэрку. А ў Міхася Пятровіча cappa сціскалася ад думкі: «Гэта ж таксікоз!»
На наступны спецсемінар Ваня прынёс уступ і палову асноўнай часткі курсавой. Міхась Пятровіч зрабіў некалькі дробных заўваг, выслухаў далейшыя планы па напісанню работы. Але калі зазваніў званок і Ваня ўжо сабраў лісты і паклаў у папку, Міхась Пятровіч нечакана падышоў да дзвярэй кафедры і замкнуў на замок. Ваня здзіўлена азірнуўся.
... 3 кафедры ён выйшаў на «аўтапілоце», ціхенька прычыніў дзверы і пайшоў, амаль не паднімаючы ног, шархочучы па старым паркеце. «Гэта немагчыма!» — думка запоўніла ўсю свядомасць. Трымаючыся за парэнчы, Ваня спусціўся па сходах і адстаяў чаргу ў гардэроб. Ён абы-як насунуў паліто і, не зашпіліўшы яго, выйшаў з факультэта і накіраваўся да таксафона. А перад вачыма стаяў Каляда, які выціраў насоўкай недарэчную слязу. Вані й самому хацелася тады заплакаць, стрымлівала толькі прафесійнасць і падрыхтаванасць, якія адчуваліся ў аповедзе Міхася Пятровіча.
— Добры дзень, Улляну можна? — спытаў Ваня, выдыхнуўшы ў марознае паветра клубок пары, які адразу ж знік.
— Гэта я, — халодна адказала дзяўчына, відавочна пазнаўшы Ваню.
— Мне трэба з табой пагаварыць! — папрасіў Ваня, да болю прыціскаючы трубку да вуха.
— Зараз? — здзівілася Улляна. — Мне трэба да заўтра напісаць рэферат, заўтра і раскажаш, спадзяюся, твая размова ноч пратрывае? — сказала Улляна зусім не тое, што хацелася сказаць.
— Заўтра я магу і перадумаць! — Ваня паспрабаваў папужаць яе.
— Значыць, гэта не вельмі важна! — сказала Улляна і паклала трубку.
Яна адразу ж падняла яе, але, вядома ж, было позна. «Ідыётка, якая ідыётка!» — Улляна не стрымлівала слёзы, якія ўмомант пакаціліся ўніз, каб кропелькамі павіснуць на падбароддзі. «Ідыётка, якая ідыётка!» — падумаў Ваня і выцягнуў з заплечніка нататнік, дзе быў запісаны Улін адрас.
Улляна не столькі ўбачыла ў дзвярное «вочка», колькі адчула, што за дзярыма стаіць Ваня. Яна апранулася, крыкнула маме, што хутка будзе і выйшла з хлопцам да Свіслачы, якая цякла ля яе дома.