Ляўша на тэнісным корце  Аксана Бязлепкіна

Ляўша на тэнісным корце

Аксана Бязлепкіна
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 352с.
Мінск 2002
75.37 МБ
вае бензапілой дзірку ў дзвярах і акуратненька так залазіць у тваю кватэру альбо ты сама адчыніш злодзеям дзверы, націскаеш на кнопку — і праз хвіліну два гэткіх жа прыгажуна ва уніформе ля тваіх ног.
— А дзе гэтая кнопка? — зацікаўлена запытала я.
— Ляжыць на падваконні. Можаш пакласці ля тэлефона і ісці з ёй кожны раз адчыняць дзверы. На вось табе код, будзеш зараз кватэру пад ахову здаваць. Я яшчэ не паведаміла ім, што Ала загінула, можаш называць яе прозвішча, Агалецкая. Трэба так казаць: «Бусел-357, Агалецкая, пробная здача кватэры». Яна адкажа, што правярае, праз секунду паведаміць, што ўсё нармальна, назаве свой нумар, напрыклад, дваццаць трэці, і ты выходзіш з кватэры. I яшчэ наконт кнопкі. Будзе табе сумна, націскаеш кнопку, яны прыязджаюць, а ты ім кажаш: «Хлопцы, паміраю з нудоты. Можа, пасядзім за кавай ці гарбаткай?» А яны ахвотна пагодзяцца, паздымаюць бранявыя свае камізэлькі ды штонікі, таксама бранявыя. I з аўтаматамі на голае цела будуць піць з табой каву, — засмяялася Алена. — Ну што, размарылася? Збірайся, на трэніроўку паедзем. I вазьмі рэчы для саўны.
Гэта былі не спецыялізаваныя корты для тэнісу, а вялікі спартыўны комплекс, дзе былі корты, залы для футбола і баскетбола, пакоі з трэнажорамі, памяшканні для гімнастыкі і басейны. Звычайна Алена іграла з Алай, пасля яе смерці яна ні разу не выбіралася на корт. Яна вучылася іграць некалькі месяцаў і ўзроўню Уімблдона яшчэ не дасягнула, канешне, але пра мой узровень лепей памаўчаць.
Калі мне далі ракетку, я здзівілася:
— Такая лёгкая! Мне здавалася, яна павінна быць цяжэйшай!
— Паглядзім, што будзе праз паўгадзіны, — загадкава ўсміхнулася Алена.
Ужо праз пяць хвілін я не магла падняць руку ад стомы, і, здавалася, нішто не зможа прымусіць мяне іграць далей, ды сорамна было прызнацца, і, гвалтуючы сябе, я іграла. Але ўсё ж праз паўгадзіны я здалася: страшэнныя мазалі на далоні і пальцах не дазвалялі ўжо трымаць ракетку. Наступнай раніцай я высветліла, што з-за мазаля на вялікім пальцы апрананне джынсаў суправаджаецца страшэнным болем. Алена пасмяялася і зрабіла камплімент:
— Ты яшчэ доўга пратрымалася! — I яна сціпла прамаўчала пра колькасць неадбітых мною мячоў.
Разам з намі ў саўну пайшла адна з сябровак Алы і Алены — Каця, якая папрасіла клікаць яе Кэці. Мы распрануліся, закруцілі ў ручнікі валасы, ды мы з Аленай узялі яшчэ ручнікі, каб падсцяліць. Кэці сабралася сядзець на дошках голым азадкам:
— Як уяўлю, што тут да мяне сядзелі хлопцыфутбалісты, жыць хочацца!
Але гарачыня была такая, што ёй прыйшлося сядзець на ўласных шортах, каб не пякло. Яшчэ яна не зняла залаты ланцужок, калі ж ён амаль адразу нагрэўся, і скура вакол яго пачырванела, Кэці з лямантам кінулася з парылкі. Праз якую хвіліну выйшлі і мы. Кэці ўжо выжлукціла амаль палову нашай мінералкі і сядзела, намазваючы на твар нейкі крэм. Я ўвогуле ніякіх крэмаў, акрамя крэму для рук, не прызнаю і лічу гэтую справу інтымнай. Ну, можна намазацца пры сяброўцы, але ж мяне яна першы раз бачыць! Мы зноў пайшлі ў парылку. Пякло нешта ў носе, хацелася часцей міргаць і дыхаць праз рот. Нашыя целы пакрываліся потам, Кэці расцірала сябе рукамі і несупынна гаварыла, але яе ніхто не слухаў. Здавалася, час спыніўся...
Калі мы ўжо апраналіся, Кэці выцягнула пакет з яблыкамі і сказала:
— Усё адно ж адразу на свежае паветра нельга. Трэба крыху пасядзець, дык пасядзім з яблыкамі!
Раптам на калідоры, за дзвярамі, пачуліся крокі. Кэці прыслухалася:
— Аленка, не забылася, як нас мінулы раз футбалісты выганялі? Алена памятае, а вось для цябе ўсё спачатку раскажу, — фамільярна звярнулася яна да мяне. — Ала папрасіла дырэктара даць ёй корт на іншы час, свабодных кортаў не было, і дырэктар загадаў прыбраць вароты з футбольнага поля і нацягнуць сетку. А футбалістаў, час якіх заняла Ала, перасунулі на гадзіну пазней. А ў іх жа таксама час — грошы, яны бізнесоўцы, усёй фірмай у футбол гуляюць. Яны вар’яцелі ад бездапаможнасці, нічога не дабіўшыся ад дырэктара, і вырашылі сварыцца з самой Алай. Яны прыйшлі... I ўбачылі Алу! У іх ад яе прыгажосці языкі паадсыхалі. I мазгоў хапіла толькі на тое, каб сказаць, што яны рады аддаць свой час такой прыгажуні.
Калі яны апрытомнелі, то запэўнілі: «Захочаце заняць наш час у саўне — не дазволім, будзем парыцца разам». Дык яны, гады, кожны раз з трэніроўкі прыходзяць крыху раней, каб крыкнуць: «Дзяўчаты, выходзьце!» Так усё жартам, жартам, a як успомню, якія яны былі раз’юшаныя, яны яе забіць былі гатовыя! Вой, дзяўчаты, даруйце... Ох я дурная, язык як памяло... Даруйце...
Божа мой, нават нейкіх спартоўцаў-бізнесоўцоў, якіх яна ніколі не бачыла, Ала здолела давесці да таго, што яны праглі яе смерці. Як можна пасля гэтага дзівіцца, што пра яе не хочуць гаварыць сябры, што ад яе адмовілася сям’я.
Ды гэта толькі пры жыцці ў Алы як бы і не было родзічаў, а не паспела памерці — па яе кватэру прыехала сястра. He, я яе не асуджаю. Ёй бы самой такое і ў страшным сне не ўбачылася б: прыехаць да сястры, якая разбіла ёй усё жыццё. Але маці, іхняя ўладарная маці, загадала малодшай дачцэ даведацца, ці не маюць родныя якіх-небудзь правоў на кватэру Алы. Правоў яны не мелі.
Як бы там ні было, у мяне з’явілася магчымасць пагаварыць з Таццянай Агалецкай.
— Я нічога не страціла з яе смерцю, бо ўжо нічога не мела. Зусім нічога. Hi сястры, ні каханага чалавека, ні маці, бо яна пазбавіла мяне самага дарагога, што я магла мець. Вы, напэўна, не ведаеце, у мяне магло быць дзіця. Ад чалавека, якога я кахала. А я проста цацка ў матчыных руках, бязвольная амёба. Я нават узненавідзець Ігара не змагла. Сапраўднае каханне можна разбіць, але чарапкі застануцца назаўжды.
— Я спрабую знайсці яе забойцу... — толькі пачала я.
— He знойдзеце! — Таццяна перапыніла мяне так рэзка, што аж сама спужалася ўласнай нахабнасці.
— ???
— Калі ён не пакінуў ніякіх слядоў, то вы яго не знойдзеце. Вы даведаецеся, хто ён, толькі ў тым выпадку, калі ён сам раскажа. Чакайце... — Мне падалося, што ў яе вачах бліснуў агеньчык зларадства.
— I буду чакаць, я не з міліцыі, справу за даўнасцю дзён не закрыю. Мне ўжо для сябе трэба ведаць, хто забіў Алу, — я ўжо крыху раззлавалася.
— А вы эгаістка. Ала таксама была эгаісткай, — Таня прамовіла гэта з нейкім невыносным сумам.
— He раўняйце нас, калі ласка! — абурылася я.
— Нават калі гэта было наўмыснае забойства, не шукайце злачынцу. Гэта ж як яна яго дапякла! — раптам не стрымалася Таня.
— Хто забіў раз, можа забіць і яшчэ, — тонам дасведчанага следчага запярэчыла я.
— Так можа зрабіць толькі маньяк! I не з-за беспакаранасці, а таму, што ён маньяк. А нармальны чалавек будзе ўсё жыццё жыць з гэтым цяжарам, усё жыццё пакутваць, усё жыццё памятаць пра гэта. Ён ужо ніколі не будзе шчаслівы. Бо ў найшчаслі-
вейшыя моманты свайго жыцця ён будзе ўспамінаць, што ён — забойца, — задумліва вымавіла Таня.
— Вы так... з веданнем справы...—асцярожна кінула я.
— Я Алу забіла. Даўно забіла. У той самы дзень, калі яна забрала майго Ігара. I пахавала я яе ў той дзень, калі зразумела, што яна гэта проста так зрабіла, каб руку набіць, папрактыкавацца. О-о, вы не ўяўляеце, колькі разоў я забівала яе ў думках! Ігару сумленне не дазволіла да мяне вярнуцца, а я прыняла б яго... я сама б да яго пабегла... калі б не маці! Яна, як Ала, жорсткая, мэтанакіраваная, ламае чужыя жыцці без аніякіх пакут сумлення, — цвёрда, як завучанае, прамовіла Таня.
— Можа б, вы якую версію прапанавалі? — са слабой надзеяй запытала я.
— Вы не зразумелі? Я вам сказала, што трэба чакаць, пакуль ён сам прызнаецца. Гэта мог быць хто заўгодна! Кожны, хто яе ведаў! — у эмацыянальным парыве Таня трэсла рукой перад маім носам.
— Ну, калі так, то, можа б, вы дапамаглі мне сустрэцца з Ігарам? — папрасіла я.
— Вы думаеце... Гэта не мог быць Ігар! He... Толькі не ён! — На яе твары адбілася спачатку задуменне, потым страх.
— Я на яго і не думала. Я разумею, вам хацелася б ведаць, што ён пакутуе гэтак жа, як і вы, што ён усё памятае і не дараваў Але, ды я не думаю, што праз столькі год... Самі разумееце... Мне трэба з ім толькі сустрэцца, пагаварыць пра Алу, — супакоіла я Таню.
— Канешне, прабачце. Відавочна, гэта не ён. Столькі год прайшло...—яна дарма спрабавала схаваць сваю нервовасць.
— Запрасіце яго ў Мінск, калі ласка.
— У гэтым няма патрэбы. Ён даўно жыве ў Мінску. Калі Ала яго кінула, ён паехаў за ёй. Ці
то прасіць вярнуцца да яго, ці то адпомсціць. Ён займаецца бізнесам, у яго крама, гандлюе іспанскай пліткай.
— А вы добра інфармаваны, — з лёгкай іроніяй сказала я.
— Так атрымалася, — сціпла адказала Таня.
Мне здаецца, што гэта ўжо не каханне, а нейкае паталагічнае пачуццё, нейкая незразумелая ўпартасць. Нашто прымушаць сябе бясконца перажываць усё гэта? Відавочна, што кожны сам выбірае, мабыць, Таццяне падабаецца штодня калупацца ў сваім параненым сэрцы.
Мы дамовіліся, што праз тыдзень я сустрэнуся з Ігарам. А за гэты час я планавала з’ездзіць у родныя мясціны Алы, мне падалося, што Жанна Кірылаўна хоча мне нешта паведаміць, але такім чынам, каб я сама знайшла гэтае «нешта».
I я выправілася ў падарожжа. У вагоне насупраць мяне сядзеў вясёлы дзядзька, але мне зусім не хацелася з кімсьці размаўляць. Як толькі цягнік крануўся, дзядзька расклаў сваю торбачку на ўвесь стол, патыхнула катлетамі, якія ён прапанаваў і мне. Але я ў спёку асабліва рэагую на пахі, таму адмовілася і пачала абмахвацца білетам, абы толькі адагнаць гэты смурод ад свайго носа. Праз хвілін дзесяць дзядзька выцягнуў цыгарэты і пайшоў паліць. Калі ён вярнуўся, вакол яго ўсё было насычана гэтым невыносным пахам. Правадніца забрала мой білет, таму я дастала з заплечніка тонкую кніжачку. Дзядзька як бы чакаў магчымасці загаварыць, таму, дыхнуўшы на мяне, спытаў:
— А гэта што за ксёнжка?
— «Людзі на балоце»! — злосна адказала я. Дзядзька відавочна не меў уяўлення пра сапраўдны памер гэтага твора, але па інтанацыі зразумеў, што я здзекуюся з яго. Пяць хвілін ён цярпеў маўчанне і паглядаў у акно. Потым не вытрымаў і дастаў бутэльку піва. Я зразумела, што калі вакол мяне пач-
не віраваць пах піва, перастраўленага дзядзькавым арганізмам, я запэцкаю купэ змесцівам свайго страўніка.